Верхненямецкія мовы
верхненямецкая група | |
Народнасьць | немцы, габрэі, цымбры |
---|---|
Арэал | Заходняя Эўропа |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям’я
|
Склад |
сярэдненямецкія дыялекты,
ідыш, верхнефранконскі дыялект, паўднёванямецкія дыялекты |
|
Ве́рхненяме́цкія мовы (таксама ве́рхненяме́цкія дыяле́кты) — падгрупа нямецкіх дыялектаў у складзе заходнегерманскай групы германскай галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная на поўдзень ад ізаглёсаў Бэнрата й Юрдынгена ў такіх рэгіёнах і краінах як цэнтральная й паўднёвая Нямеччына, Аўстрыя, Ліхтэнштайн, Швайцарыя, Люксэмбург, а таксама ў сумежных частках Бэльгіі, Нідэрляндаў, Францыі, Італіі, Польшчы і ў дыяспары.
Верхненямецкія мовы перадусім адзначаюцца наяўнасьцю г. зв. верхненямецкага перасоўваньня зычных, што адрозьнівае іх ад іншых дыялектаў і моваў, што традыцыйна лічацца нямецкімі дыялектамі — ніжненямецкіх і ніжнефранконскіх.
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У тэрміналягічным дачыненьні тэрмін верхненямецкія мовы перш за ўсё адносіцца да дыялектаў, на аснове якіх узьніклі літаратурная нямецкая мова, люксэмбурская мова й ідыш. Гэтыя дыялекты распаўсюджаныя ў цэнтральнай узвышанай частцы Нямеччыны, ейных альпійскіх раёнах, а таксама ў Аўстрыі, Ліхтэнштайне, Люксэмбургу і нямецкамоўных рэгіёнах Швайцарыі. У цэлым тэрмін верхненямецкія мовы падразумявае супрацьпастаўленьне ніжненямецкім дыялектам, распаўсюджаным на Паўночна-Нямецкай нізіне.
У шырэйшым значэньні верхненямецкія дыялекты падзяляюцца на тры групы дыялектаў: паўднёванямецкія — аўстрыйскі й швайцарскі дыялекты, сярэдненямецкія (распаўсюджаныя па ўсёй цэнтральнай Нямеччыне, а таксама ў Люксэмбургу, дзе гэтыя дыялекты маюць стандартызаваную норму — люксэмбурскую мову) і верхнефранконскі дыялект, які ў асноўным спалучае рысы першых дзьвюх дыялектных групаў[1].
Верхненямецкія дыялекты ў асноўным адрозьніваюцца ад іншых заходнегерманскіх моваў і дыялектаў у перасоўваньні шэрагу зычных гукаў (г.зв. верхненямецкае перасоўваньне зычных), якое адбылося прыблізна ў VI ст. н. э. Пасьля гэтых зьменаў у пэўнай ступені зьмянілася вымаўленьне зычных /p/, /t/, /k/, а таксама (часткова) /b/, /d/, /g/. Так, зычны /p/ у пачатку словаў або ў сярэдзіне слова пасьля /m, n, l, r/ падвоіўся або пераўтварыўся ў /pf/; /t/ перайшоў у /ts/, /k/ — у /kx/. У выпадку, калі /p/ стаіць у канчатковай пазыцыі і пасьля галоснага, ён пераўтварыўся ў /f/, адпаведна з гэтым /t/ перайшло ў /s/, /k/ — у /x/. У сярэдзіне словаў між галоснымі гэтыя зычныя перайшлі ў сьпіранты пасьля кароткіх і ў падвоеныя пасьля доўгіх. Гэтыя фанэтычныя рысы, у прыватнасьці, адрозьніваюць верхненямецкія дыялекты ад ніжненямецкіх, дзе гэтыя зычныя захаваліся на ўзор іных заходнегерманскіх[2]. У найбольш паўднёвых гаворках верхнеалеманскіх дыялектаў гэтыя зьмены пайшлі ў бок большых інавацыяў (напрыклад, [k] > [k͡x]).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Адасабленьне старажытнаверхненямецкай мовы зь іншых германскіх дыялектаў распачалося блізу ў VI ст. н. э., у ХІІІ ст. швабскі дыялект і ўсходнефранконскія дыялекты сярэдневерхненямецкае мовы сталі асноўнымі мовамі двара і паэзіі, зазнаўшы росквіт пры паўднёванямецкай дынастыі Гагеншаўфэнаў. Пад сучасным тэрмінам верхненямецкія дыялекты сталі ўзгадвацца ў XV ст. Зь сярэдзіны XI ст. па XIV ст. вылучаецца сярэдневерхненямецкі пэрыяд, падчас якога ажыцьцяўлялася складаньне граматыкі й лексыкі. Прыкладна ў сярэдзіне XVII ст. адлічваецца новаверхненямецкі пэрыяд, які лічыцца сучасным этапам у разьвіцьці гэтых дыялектаў. Для гэтага пэрыяду таксама характэрнае павелічэньне лексычнай базы і ўнармаваньне артаграфічных нормаў.
Пазьней ніжненямецкія дыялекты раньняй часткі Новага часу, а таксама раньнія новаверхненямецкія дыялекты (асабліва ўсходнесярэдненямецкія дыялекты Бібліі Лютэра) паступова леглі ў аснову літаратурнай нямецкай мовы[3].
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Падзел унутры германскіх моваў нярэдка паддаецца цяжкасьцям з прычыны ўтварэньня разнастайнымі дыялектамі ўзамназразумелых дыялектных сукупнасьцяў. Гэта таксама зьяўляецца прычынай цяжкасьцяў пры клясыфікацыі верхненямецкіх дыялектаў адносна іншых заходнегерманскіх.
- Вехрненямецкія дыялекты:
- Сярэдненямецкія дыялекты (у тым ліку літаратурная нямецкая мова):
- Турынска-верхнесаксонскія дыялекты;
- Верхнесаксонскія дыялекты;
- Паўднёвамарскі дыялект;
- Ніжнелужыцкі дыялект (ня блытаць зь ніжнелужыцкай мовай, якая не належыць да германскіх);
- Сылескі;
- Ніжнепрускі (ня блытаць з прускай мовай, якая не належыць да германскіх);
- Заходнесярэдненямецкія дыялекты:
- Верхнефранконскі дыялект:
- Усходнефранконскі дыялект;
- Паўднёвафранконскі дыялект;
- Паўднёванямецкія дыялекты:
- Алеманскі дыялект, уключна зь нямецкімі дыялектамі Швайцарыі:
- Баварскі дыялект, уключна зь нямецкімі дыялектамі Аўстрыі:
- Паўночнабаварскі дыялект;
- Сярэднебаварскі дыялект;
- Паўднёвабаварскі дыялект, уключна з макенскай мовай правінцыі Трэнтына рэгіёну Трэнтына-Альта Адыджэ (Італія);
- Цымбрская мова (паўночны ўсход Італіі);
- Гутэрская мова (Канада, ЗША);
- Ідыш (разьвілася зь сярэдняй формы верхненямецкіх дыялектаў. Лічыцца асобнай мовай з сацыялінгвістычных прычынаў).
- Сярэдненямецкія дыялекты (у тым ліку літаратурная нямецкая мова):
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Schneider, Hansjakob. Hochdeutsch – das kann ich auch. Der Erwerb des Hochdeutschen in der deutschen Schweiz: Eine Einzelfallstudie zur frühen mündlichen Sprachproduktion. — Bern: Peter Lang (Zürcher Germanistische Studien 50), 1998. — ISBN 978-3-906760-59-9
- Lindqvist, Christer. III. Internationales Symposium, Greifswald, 24.–25. — Frankfurt am Main: Peter Lang (Osloer Beiträge zur Germanistik 38), 2002. — ISBN 978-3-631-55505-7
- Harald Wiese. Eine Zeitreise zu den Ursprüngen unserer Sprache. Wie die Indogermanistik unsere Wörter erklärt. — Berlin: Logos Verlag, 2007. — ISBN 78-3-8325-1601-7
- Werner König. dtv-Atlas zur deutschen Sprache. Tafeln und Texte. Mit Mundartkarten. — München: Deutscher Taschenbuchverlag, 1978. — ISBN 3-423-03025-9
- Friedrich Maurer. Nordgermanen und Alemannen: Studien zur germanische und frühdeutschen Sprachgeschichte, Stammes- und Volkskunde. — Strasbourg: Hünenburg, 1942.