Перайсьці да зьместу

Кашмірская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Кашмірская мова
कॉशुर, کٲشُر
Ужываецца ў Індыі, Пакістане
Рэгіён Кашмір
Колькасьць карыстальнікаў
  • 6 900 000 чал. (2011)
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Дапаможная мова ў штаце Джаму і Кашмір (Індыя)
Статус: 4 Адукацыйны[d][1]
Пісьмо пэрсыдзкае пісьмо[d][2], дэванагары[d] і шарада[d]
Коды мовы
ISO 639-1 ks
ISO 639-2(Б) kas
ISO 639-2(Т) kas
ISO 639-3 kas

Кашмі́рская мова (саманазва: कॉशुर, کٲشُر, вымаўл. [kəːʃur]) — мова дардзкае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная галоўынм чынам на ўсходзе індыйскага штату Джаму і Кашмір, у кашмірскай даліне[3][4]. Паводле інфармацыі лінгвістычнага даведніку Ethnologue у сьвеце налічваецца каля 7 147 587 носьбітаў мовы, зь іх прынамсі 6 797 587 чал. пражывае ў Індыі[5], блізу 350 000 носьбітаў прадстаўляюць сабою імігрантаў у Пакістане, якія перасяліліся ў краіну пасьля падзелу Брытанскай Індыі[6], пражываючы ў памежных з Індыяй рэгіёнах тэрыторыі Азад Кашмір.

Кашмірская мова знаходзіцца ў пераліку з 23 моваў, прызнаных фэдэральным урадам Індыі, а таксама мае дапаможны статус у штаце Джаму і Кашмір[5].

Кашмірская мова зьяўляецца найбуйнейшай сярод дардзкіх моваў паводле колькасьці носьбітаў і ёсьць адзінай дардзкай мовай, якая мае сталую літаратурную традыцыю[7]. Як лічыцца, традыцыя кашмірскае літаратуры ўзыходзіць прынамсі на сем з паловаю стагодзьдзяў, аднак арыгінальныя тэксты гэтага пэрыяду не захаваныя. Дастаткова надзейна пісьмовая гісторыя кашмірскае мовы прасочваецца цягам трох апошніх стагодзьдзяў.

У пісьмовай кашмірскай мове выкарыстоўваюцца чатыры сыстэмы пісьмовасьці, выкарыстаньне якіх хістаецца ў залежнасьці ад гісторыі пісьма або сацыялінгвістычных фактараў іх выкарыстаньня. Так, у кашмірскай мове вядомыя пісьмо шарада, дэванагары і арабскае пісьмо ў ягонай адаптацыя для мовы ўрду.

З VIII стагодзьдзя н.э. у кашмірскай мове пачынае выкарыстоўвацца пісьмо шарада, якое зьяўляецца вытворным ад традыцыйнага індыйскага пісьма брагмі[8]. З гістарычных прычынаў гэты варыянт запісу пазьней быў выцесьнены больш сучасным пісьмом дэванагары, ужываным для запісу моваў паўночнай Індыі, а таксама мясцовай адаптацыяй арабскага пісьма[9]. Зь пісьмовых моваў, у якіх выкарыстоўваецца арабская пісьмовасьць, кашмірская мова зьяўляецца адной зь нешматлікіх, у якой адлюстроўваецца большая частка інвэнтару галосных фанэмаў[10].

Выкарыстаньне арабскага пісьма або дэванагары часта абумоўліваецца рэлігійнымі адрозьненьнямі ў асяродзьдзі кашмірцаў з прычыны таго, што арабская пісьмовасьць традыцыйна складае значную частку культуры кашмірцаў мусульманскага веравызнаньня. Сярод кашмірцаў іншага веравызнаньня выкарыстоўваюцца дэванагары або шарада, аднак апошняя пісьмовасьць мае выключна літургічную ролю ў прадстаўнікоў сацыяльнай групы камірцаў, г.зв. кашмірскіх пандытаў.

У параўнальна нядаўнія часы ў нефармальнай камунікацыі мае ўжытак таксама лацінскі альфабэт, у прыватнасьці, у сетцы Інтэрнэт[11].

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Гукавы лад кашмірскае мовы мае наступны выгляд.

  • Галосныя:

Для сыстэмы галосных кашмірскае мовы характэрная наяўнасьць разьвітага фаналягічнага сярэдняга шэрагу, пярэднія галосныя часам разглядаюцца як варыянты галосных сярэдняга шэрагу ў пазыцыі пасьля паляталізаваных або палятальных зычных і ёту.

  Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
i ɨ ɨː u
Сярэдняга
ўздыму
e ə əː o
Верхняга
ўздыму
a ɔ ɔː

Супрацьпастаўленьне паводле даўжыні маюць усе галосныя фанэмы. Спалучэньні тыпу Vn (дзе V — галосны) у сярэдзіне слова перад зычным фанэтычна рэалізоўваюцца ў выглядзе насавых галосных, аднак фаналягічная назалізацыя галосных не адзначаецца.

  • Зычныя:

Для сыстэмы зычных у кашмірскай мове характэрнае супрацьпастаўленьне прыдыхальных і непрыдыхальных, якое закранае глухія змычныя ў адрозьненьне ад індаарыйскіх моваў, дзе яны часьцей за ўсё маюцца ў глухіх і звонкіх. Іншай адрознай рысай кашмірскае мовы сярод інвэнтару зычных зьяўляецца існаваньне супрацьпастаўленьняў паводле паляталізацыі й лябіялізацыі, якія ахопліваюць усе зычныя за выняткам палятальных і лябіяльных (якія, адпаведна, ня могуць прымаць палятальную або лябіяльную артыкуляцыі). Прадстаўлена два шэрагі афрыкатаў, зубны й палятальны (часам могуць разглядацца як альвэалярныя і альвэапалятальныя адпаведна).

На ўзор іншых моваў дадзенага арэалу, кансанантная сыстэма кашмірскае мовы мае цэрэбральны шэраг, аднак у адрозьненьне ад бальшыні дардзкіх моваў, ён уключае толькі выбухныя, не ўключаючы афрыкаты й сьвісьцячыя.

  • Склад:

Часьцей за ўсё склад у кашмірскай мове мае выгляд CVC, дзе C — зычны, V — галосны, адзначаюцца таксама склады структуры VC або CV. Склады паводле структуры VCC, CVCC, CCVC, CCVCC (з кансанантнымі групамі) даволі рэдкія за выключэньнем складоў з пачатковымі спалучэньнямі тыпу Cr або са спалучэньнями накшталт nC у пазыцыі пасьля галоснага.

Лябіяльныя Зубныя Альвэалярныя Альвэа-палятальныя Рэтрафлексныя Вэлярныя Увулярныя Глётальныя
Насавыя m n
Выбухныя p b t d ʈ ʈʰ ɖ k ɡ
Афрыкаты t͡s t͡sʰ t͡ʃ t͡ʃʰ d͡ʒ
Фрыкатывы s z ʃ h
Апраксыманты l j w
Ратычныя r

У адрозьненьне ад індаарыйскіх моваў, кашмірскай мове ў асноўным уласьцівы парадак словаў паводле схемы V2 — становішча фінітнага дзеяслову галоўным чынам імкнецца да канца сказу[12]

Адрозьніваюцца два граматычныя рады — мужчынскі ды жаночы.

Кашмірскай мове характэрныя чатыры склоны, два апошніх зьяўляюцца ўскоснымі: назоўны, родны, давальны, эргатыўны[13].

Лексыка кашмірскае мовы мае пераважна дардзкі характар, шматлікія лексэмы маюць сувязі з мовамі ўсходнедардзкае падгрупы, да якой належыць кашмірская мова.

У сувязі з гістарычнай роляй ісламу ў асяродзьдзі кашмірцаў прадстаўленыя таксама араба-пэрсыдзкія запазычваньні, выкарыстаньне якіх зьмяняецца ў залежнасьці ад рэлігійнае прыналежнасьці носьбіта (напрыклад, у індуісцкім асяродзьдзі ў значэньні «агонь» выкарыстоўваецца agun, вытворнае ад санскр. Agni, тады як кашмірцы-мусульмане прымяняюць арабскае запазычваньне nar)[14]. Пэрсызмы ў кашмірскую мову пранікалі з клясычнае новапэрсыдзкае мовы, якая працяглы час мела афіцыйны статус у Кашміры, дзякуючы яе ж пасярэдніцтву моваю засвоеныя арабізмы.

Арабізмы й пэрсызмы складаюць большую частку лексыкі кашмірскае мовы культурнай галіны, іх дзеля павялічваецца дзякуючы пасярэдніцтву мовы ўрду, якая зьяўляецца афіцыйнай мовай у Пакістане й штаце Джаму і Кашмір.

Апрача таго, заўважную дзелю кашмірскае лексыкі складаюць лексэмы індаарыйскага паходжаньня, якія ўспрымаліся з урду і зь невядомай індаарыйскай мовы, блізкай да дыялектаў паўночна-заходняга Панджабу й мовам пагары. Напрыклад, індаарыйскімі запазычваньнямі зьяўляюцца гаспадарчыя тэрміны. Маўленьню кашмірцаў-індуістаў уласьцівая пэўная колькасьць запазычваньняў з санскрыту, галоўным чынам, індуісцкіх рэлігійных тэрмінаў.

Пачынаючы з другой паловы ХІХ ст. аказвае ангельская мова.

Дыялекты кашмірскае мовы ў асноўным дасьледаваныя слаба.

У кашмірскай даліне, як правіла, прынята вылучаць тры дыялектныя групы: камразі (поўнач, захад), маразі (поўдзень, усход) і ямразі (у цэнтральнай частцы ўсходу Кашміру, у навакольлях сталіцы штату Срынагар), у аснову літаратурнае мовы пакладзены апошні.

За межамі ўласна Кашміру да кашмірскіх дыялектаў традыцыйна залічваюць дыялект каштавары, распаўсюджаны на поўначы акругі Джаму (усход штату Джаму і Кашмір). Пры наяўнасьці генэтычнае блізкасьці да літаратурнае кашмірскае мовы гэты дыялект мае вялікую колькасьць адрозьненьняў на розных узроўнях мовы, з прычыны чаго ўключэньне гэтага ідыёму ў склад дыялектаў кашмірскае мовы можа быць дыскусійным.

Акрамя гэтага, а крузе Джаму пашыраныя ідыёмы сыраджы й пагулі, якія раней часам разглядаліся як пераходныя зьвеньні ад кашмірскае мовы да бліжэйшых індаарыйскіх дыялектаў. На цяперашні час прадстаўляецца імаверным, што гэтыя ідыёмы ўяўляюць сабою мовы індаарыйскага паходжаньня, якія зьведалі ўплыў кашмірскае мовы.

Шэраг спэцыфічных рысаў у фаналёгіі, сынтаксісе й марфалёгіі характэрны для маўленьня кашмірцаў-індуістаў, што дазваляе яго вылучаць у якасьці асобнага дыялекту кашмірскае мовы.

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ https://books.google.com/books?id=QpjKpK7ywPIC&pg=PP1
  3. ^ Kashmiri language // Encyclopædia Britannica.
  4. ^ S. S. Toshkhani. Kashmiri Language: Roots, Evolution and Affinity. — Kashmiri Overseas Association, Inc. (KOA), 2007.
  5. ^ а б Kashmiri | Ethnologue
  6. ^ Ishtiaq Ahmed. The Kashmir dispute — a cause or a symptom? // Politologen. — Stockholm University, 2002. — С. 37-48.
  7. ^ Grierson, 1919.
  8. ^ Sarada (анг.) Ancient Scripts Праверана 3 чэрвеня 2014 г.
  9. ^ Kashmiri alphabet, pronunciation and language (анг.). Omniglot. Праверана 3 чэрвеня 2014 г.
  10. ^ Daniels & Bright. The World's Writing Systems. — 1996. — С. 753-754.
  11. ^ Ammon, Ulrich; Dittmar, Norbert; Mattheier, Klaus J.; Trudgill, Peter. Sociolinguistics / Soziolinguistik. — Walter de Gruyter, 2006. — 876 с.
  12. ^ Hook (1976:133ff).
  13. ^ Edelman. The Dardic and Nuristani Languages. — 1983.
  14. ^ Keith Brown, Sarah Ogilvie. Concise encyclopedia of languages of the world. — Elsevier, 2008. — 1320 с. — ISBN 978-0-08-087774-7
  • Ashok K Koul. Lexical Borrowings in Kashmiri. — Delhi: Indian Institute of Language Studies, 2008.
  • Edelman D.I. The Dardic and Nuristani languages. — М.: Наука, 1983.
  • Grierson G.A. Vol. I—II // A Manual of the Kashmiri Language. Comprising Grammar, Phrase-Book and Vocabularies. — Oxford: Calendron, 1911.
  • Grierson G.A. Vol. VIII, pt. 2. Specimens of the Dardic or Pishacha Languages (including Kashmiri) // Linguistic Survey of India. — 2nd ed. — Delhi: Motilal Banarasidass, 1968.
  • Hook, Peter E. 37 // Is Kashmiri an SVO language?. — Indian Linguistics, 1976. — С. 133-142.
  • Pushp P.N. Kashmiri literature // Contemporary Indian literature. — New Delhi: 1957.
  • Кашмири // БРЭ. Т.13. М., 2008.
  • Захарьин Б. А., Эдельман Д. И. Язык кашмири. — М.: Наука. Главная редакция восточной литературы, 1971.
  • Эдельман Д. И. Дардские языки. — М.: Наука, 1965.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]