Перайсьці да зьместу

Індаарыйскія мовы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
індаарыйская група
індыйская
Народнасьць індаарыйскія народы
Арэал Паўднёвая Азія
Лінгвістычная клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Склад
галіна пагары, паўночназаходняя, заходняя, цэнтральная, усходняя, паўднёвая галіны
(2-4 галіны традыцыйна лічацца дыялектамі гіндзі)
Колькасьць носьбітаў каля 1,5 млрд чал.
ISO 639-5: inc

Індаарыйскія мовы на мапе Індастану ды іншых рэгіёнаў Паўднёвай Азіі

І́ндаары́йскія мовы (таксама вядомыя як інды́йскія) — найбольш распаўсюджаная група моваў на індыйскім субкантынэнце, якая прадстаўляе зь сябе групу ў складзе індаіранскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і.

Носьбіты індаарыйскіх моваў утвараюць каля паловы носьбітаў усіх індаэўрапейскіх моваў, налічваючы 1,5 млрд чал. з 3 млрд чал., а таксама больш за палову сучасна прызнаных індаэўрапейскіх моваў.

Найбуйнейшымі паводле колькасьці носьбітаў мовамі сярод індаарыйскае групы зьяўляюцца мова гіндустані (гіндзі і ўрду, якія часам лічацца адзінай мовай, 240 млн носьбітаў разам), бэнгальская мова (каля 230 млн чал.), мовы панджабі (каля 110 млн чал.)[1], маратгі (каля 70 млн чал.), гуджараці (каля 45 млн чал.), бгаджпуры (каля 40 млн чал.), орыя (каля 30 млн чал.), сіндгі (каля 20 млн чал.), сынгальская мова (каля 16 млн чал.), нэпальская мова (каля 14 млн чал.), чытагонская мова (каля 14 млн чал.) і асамская мова (каля 13 млн чал.). Носьбіты гэтых моваў складаюць большасьць з усіх носьбітаў індаарыйскіх моваў, налічваючы 900 млн чал.

Індыйскі субкантынэнт

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Схематычна гісторыя індаарыйскіх моваў на прасторы індыйскага субкантынэнту выглядае наступным чынам:

  • Старажытнаіндыйская мова (прыблізна 1500—300 г. да н.э.)
  • Сярэднеіндаарыйскі пэрыяд альбо мова пракрыт (пракрыты, 300 г. да н.э. — 1500 г. н.э.)
  • Раньні сучаснаіндаарыйскі пэрыяд (XVIXVIII стагодзьдзі)
    • Раньняя дакгіні (пісьмовая мова, 1580 гг.)
    • Аддзяленьне кгарыболі (1620-я гг.)
    • Аддзяленьне ўрду (1670-я гг.).

Старажытнаіндаарыйскі пэрыяд

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найранейшыя сьведчаньні пра сучасную групу індаарыйскіх моваў зьвязаныя з існаваньнем вэдыйскае мовы, якая выкарыстоўвалася ў старажытных індыйскіх рэлігійных тэкстах і стала прамовай (мовай-продкам) усіх сучасных індаарыйскіх моваў. Тагачасны індаарыйскі субстрат (параўнальны з узростам Рыгвэды) адзначаецца ў мове мітані — мове кіроўчае дынастыі Мэсапатаміі, якая існавала ў XVI—XIII ст. да н.э. Тым ня менш, адзіным доказам існаваньня падобнага субстрату зьяўляюцца толькі некалькі ўласных імёнаў і спэцыялізаваныя запазычаньні.

Прыкладна ў IV ст. да н.э. вэдычны санскрыт быў стандартызаваны і кадыфікаваны індыйскім лінгвістам таго часу Паніні, які заклаў літаратурную мову, вядомую як клясычны санскрыт.

Падчас існаваньня стандартызаванага літаратурнага варыянту санскрыту ў тагачаснай Індыі працягвалі разьвівацца формы маўленьня народных дыялектаў, вядомыя як пракрыты. Найбольш старажытнымі з засьведчаных формаў пракрытаў зьяўляюцца адпаведна будыйская ды джайнійская кананічныя мовы, вядомыя як палі і магадгі. За сярэднявечным часам пракрыты распаліся на шэраг дыялектаў сярэднеіндаарыйскага пэрыяду. Гэтыя дыялекты вядомыя пад агульным тэрмінам апабгранша (ApabhraṃśaIAST) і ахопліваюць пэрыяд VIХІІІ стагодзьдзяў, зьяўляючыся пераходным зьвеньнем між позьнім сярэднеіндаарыйскім і раньнім новаіндаарыйскім пэрыядамі. Некаторыя гэтыя дыялекты маюць значны адбітак у літаратуры таго часу: так, сярод падобных твораў адзначаецца Сравачакар (930-я гады), які цяпер лічыцца першай кнігай на мове гіндзі.

Сярод іншых этапаў індаарыйскага моўнага разьвіцьця адзначаецца пэрыяд мусульманскіх урваваньняў у Індыю XIIIXVI стагодзьдзяў. Падчас панаваньня ў рэгіёне дынастыі Маголаў досыць уплывовай мовай стала пэрсыдзкая мова, якая, аднак, неўзабаве была выцесьненая мовай гіндустані. Апошняя, у адрозьненьне ад пэрсыдзкай, належыць да індаарыйскіх; гіндустані стала спалучаць у сабе пэрсыдзкія лексычныя элемэнты і мясцовую дыялектную граматыку.

Дзьвюма найбуйнейшымі паводле колькасьці носьбітаў мовамі, утварэньне якіх адсочваецца з пэрыяду апабгранша, зьяўляюцца бэнгальская і гіндзі. Сярод іншых моваў, узьніклых у выніку эвалюцыі апабграншы — гуджараці, маратгі, орыя ды панджабі.

Утварэньне кантынуўму

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Індаарыйскія мовы (ідыёмы) паўночнай Індыі і Пакістану зь лінгвістычнага пункту гледжаньня ўтвараюць дыялектны кантынуўм. Ідыём, які ў Індыі пазначаецца тэрмінам гіндзі, у Індыі зьяўляецца літаратурнай формай гіндзі — размоўнага варыянту гіндустані, распаўсюджанага ў часы Маголаў у навакольлі Дэлі, і які зазнаў уплыў санскрыту. Незважаючы на гэта, тэрмін гіндзі таксама выкарыстоўваецца для пазначэньня індаарыйскіх дыялектаў у Раджастхане й Біхары. Індаарыйскія пракрыты таксама спрычыніліся да ўзьнікненьня такіх моваў як гуджараці, асамская, бэнгальская, орыя, нэпальская, маратгі і панджабі. Гэтыя мовы ня лічацца часткамі або дыялектамі гіндзі, аднак зьяўляюцца часткамі таго ж дыялектнага кантынуўму.

Літаратурныя гіндзі і ўрду

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У гіндзімоўных рэгіёнах цягам доўгага часу да ХІХ ст. прэстыжным дыялектам быў ідыём брадж-бгаша, аднак потым яму на зьмену прыйшоў варыянт гіндустані, заснаваны на кгары-болі. Гэтае становішча працягвалася да 1947 году, калі па падзеле Брытанскай Індыі ўтварыліся дзьве асобныя дзяржавы — Індыя ды Пакістан. У Індыі па здабыцьці незалежнасьці афіцыйнай мовай працягвала заставацца гіндзі, тады як у Пакістане афіцыйнай мовай была абвешчаная ўрду, якая лінгвістычна зьяўляецца адзінай мовай з гіндзі. Гіндзі адлюстроўвае на сабе ўплыў санскрыту, урду — пэрсыдзкай, аднак асноўны граматычны лад застаецца агульным. Большасьць носьбітаў гіндзі ў Індыі і ўрду ў Пакістане адлюстроўваюць своеасаблівы сярэдні варыянт у маўленьні. З прычыны практычнай лінгвістычнай ідэнтычнасьці часта тэрміны гіндзі і ўрду абагульняюцца пад тэрмінам гіндустані, якім падразумяваецца існаваньне адзінае мовы (гл. вышэй).

Індаарыйскі супэрстрат эпохі Мітані

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Некаторыя ўласныя імёны (у прыватнасьці, тэонімы), а таксама частка тэрміналёгіі, існай у дзяржаве Мітані, праяўляе ўласьцівасьці індаарыйскага супэрстрату, што дае дасьледчыкам падставу меркаваць, што этнічна індаарыйская эліта гэтае дзяржавы навязала сваю культуру мясцоваму не-індаэўрапейскаму насельніцтву. Так, у лексыцы таго пэрыяду адзначаюцца індаарыйскія лічэбнікі (aika, tera, panza, satta, na — «адзін», «тры», «пяць», «сем», «дзевяць» адпаведна) і конегадоўчыя тэрміны (vartana). Слова aika мае асаблівае значэньне, бо яно адрозьніваецца ад індаіранскага або раньнеіранскага aiva[2].

Сярод іншых словаў, адзначаных у пісьмовых сьведчаньнях, адзначаюцца назвы колераў babru, parita, pinkara («карычневы», «шэры», «чырвоны»), а таксама назва сьвята сонцастаяньня (vishuva). Мітанійскае слова «воін» (marya) мае этымалягічную сувязь з санскрыцкім mīḍha[3]. Іншыя мітанійскія імёны як правіла маюць інтэрпрэтацыі ў санскрыце, якія былі растлумачаныя М. Майргофэрам[4]

Цыганская мова як правіла ўключаецца лінгвістамі ў склад цэнтральнае галіны індаарыйскіх моваў[5]. У цыганскай мове амаль некранутым застаўся шэраг асабістых маркераў, а таксама зычных канчаткаў у назоўным склоне, якія зазналі значныя зьмены ў большасьці іншых сучасных індаарыйскіх моваў цэнтральнай Індыі. Тым ня менш, цыганская мова падзяляе вызначаныя асаблівасьці мінулага часу з мовамі паўночназаходняй групы, такімі як мова шына і кашмірская мова. Гэтая акалічнасьць дае дасьледчыкам падставу для высоўваньня гіпотэзаў пра паходжаньне цыганоў з цэнтральнай Індыі і іх наступнай міграцыі на паўночны захад.

У адрозьненьне ад пракрыту й санскрыту, не існуе гістарычных сьведчаньняў цыганскае мовы.

Лінгвістычныя дасьледаваньні цыганскае мовы пачаліся ў ХІХ ст. (Пот, 1845; Міклосіч, 1882-1888). Гэтымі дасьледаваньнямі было даведзена, што цыганская мова адносіцца да новаіндаарыйскіх, з-за чаго міграцыя цыганоў з Індыі не магла адбыцца раней пачатку ХІ ст.

Асноўным аргумэнтам на карысьць міграцыі цыганоў пасьля або падчас пераходу індаарыйскіх моваў у новаіндаарыйскі пэрыяд зьяўляецца страта мовай старой сыстэмы назоўнага склону і пераход яго ў сыстэму супрацьпастаўленьня назоўнага й ускоснага склонаў. Іншы аргумэнт на карысьць гэтае тэорыі — наяўнасьць у цыганскай толькі двух родаў — мужчынскага ды жаночага, што аналягічна некаторым сучасным індаарыйскім мовам і адначасова адрозьніваецца ад старых, дзе родаў было тры (мужчынскі, жаночы, ніякі). Гэта ў сваю чаргу пацьвярджаецца тым фактам, што ніякі род ня страчваўся да самага пераходу ў новаіндаарыйскі пэрыяд. Большасьць словаў ніякага роду пры яго страце перайшло ў мужчынскі, але некаторыя (напрыклад, гіндзі āg і цыганскае jag — «пажар») перайшлі ў жаночы. Паралелі між эвалюцыяй родаў у цыганскай і эвалюцыяй родаў у іншых індаарыйскіх мовах таксама сталі аргумэнтамі на карысьць вышэйпамянёнай тэорыі.

Унутраны падзел індаарыйскіх моваў на асобныя мовы і, адпаведна, іх колькасьць ня можа быць устаноўленая сучаснымі лінгвістычнымі дасьледаваньнямі з прычыны таго, што дыялекты шматлікіх індаарыйскіх моваў часта зьліваюцца адзін з адным. Такім чынам, сучасныя прызнаныя мовы зьяўляюцца хутчэй сацыяльна прызнаным сродкам камунікацыі.

Дачыненьне дардзкіх моваў — групы моваў, распаўсюджаных на паўночным усходзе Пакістану — адносна індаарыйскіх моваў дагэтуль не зьяўляецца дакладна выяўленым. Гэтыя мовы маюць вельмі адрозную ад індаарыйскіх граматычную структуру і часта могуць лічыцца асобнай групай у складзе індаіранскіх моваў, нараўне з індаарыйскай (то бок, не ўваходзячы ў склад індаарыйскай).

Унутраная клясыфікацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дагэтуль не існуе агульнапрызнанае клясыфікацыі сучасных індаарыйскіх моваў. Першыя спробы падобнай клясыфікацыі былі прадпрынятыя ў 1880-х гг. нямецкім лінгвістам А. Ф. Р. Гэрнле. Найвядомымі былі клясыфікацыя англа-ірляндзкага лінгвіста Дж. А. Грырсана ды індыйскага лінгвіста С. К. Чатэрджы (1926).

У аснове першай клясыфікацыі (1920-я), пазьней адрынутай большасьцю дасьледчыкаў, палягае супрацьпастаўленьне зьнешніх (пэрыфэрыйных) моваў і ўнутраных (якія павінныя былі адпавядаць раньняй ды позьняй хвалям міграцыі арыяў у Індыю, якія ішлі з паўночнага захаду). «Зьнешнія» мовы падзяляліся паўночна-заходнія (лагнда, сіндгі), паўднёвыя (маратгі) і ўсходнія (орыя, бігары, бэнгальская, асамская) падгрупы. «Унутраныя» падзяляліся на цэнтральную (заходні гіндзі, панджабі, гуджараці, бгілі, кгандэшы, раджастгані) падгрупу і падгрупу пагары (нэпальская мова, цэнтральная пагары, заходняя пагары). У склад прамежкавае групы ўключаўся ўсходні гіндзі. У выданьні 1931 году быў прадстаўлены значна перапрацаваны варыянт гэтае клясыфікацыі, у асноўным за кошт пераносу ўсіх моваў, апроч заходняй гіндзі, з цэнтральнай у прамежкавую групу. Пры гэтым лінгвістычны партал Ethnologue дагэтуль прымае старую клясыфікацыю Грырсана 1920-х гг.

Пазьней свае варыянты клясыфікацыі былі прапанаваныя Тэрнэрам (1960), Катрэ (1965), Нігамам (1972), Кардонам (1974).

Найбольш абгрунтаваным можна лічыць падзел індаарыйскіх моваў перадусім на астраўную (сінгальская, мальдыўская) і матэрыковую падгаліны. Клясыфікацыі апошняй адрозьніваюцца адна ад адной у асноўным у пытаньні моваў, якія трэба ўключаць у цэнтральную групу.

  • Астраўная (сінгальская) падгаліна:
    • сінгальская, мальдыўская мовы
  • Матэрыковая падгаліна:
    • Цэнтральная група (мінімальны склад):
      • Заходняя гіндзі, урду

У розных клясыфікацыях таксама можа ўключаць усходнюю панджабі, усходнюю гіндзі, фіджыйскую гіндзі, бігарскія мовы, усю заходнюю й паўночную групы

    • Усходняя група:
      • Асама-бэнгальская падгрупа:
        • асамская, бэнгальская мовы, мовы раджбансі, бішнупрыя (бішнупрыя-маніпуры)
      • Орыя
      • Бігарская мова: майтгілі, магагі, бгаджпуры, садры, ангіка
      • Тгару
      • Галбі
      • Усходняя гіндзі
    • Паўночна-заходняя група:
      • «Панджабская зона»:
        • Усходняя панджабі (блізкая гіндзі); лагнда: сірайкі, гіндка, кгетрані; гуджуры; догры; заходняя пагары; думакі
      • Сіндгі
    • Заходняя група:
      • Гуджараці, бгілі, кгандэшы, агірані, паўры, саўраштра, раджастгані (блізкая гіндзі), ламбадзі
    • Паўднёва-заходняя група:
      • Маратгі, канкані
    • Паўночная група:
      • Цэнтральная пагары: кумау́ні, гаргвалі; нэпальская мова (усходняя пагары). Заходняя пагары адносіцца да паўночна-заходняй, гл. вышэй
    • Цыганская група:
    • Пар’я

У той жа час раджастгані, заходняя і ўсходняя гіндзі, а таксамаб бігары могуць уключацца ў г.зв. «Пояс гіндзі».

  1. ^ språk: Tabell: Världens-100-största-språk-2010 // Nationalencyclopedin. — NE.se.
  2. ^ Paul Thieme. The 'Aryan' Gods of the Mitanni Treaties. — JAOS 80, 1960. — С. 301-317.
  3. ^ M. Mayrhofer. II // Etymologisches Wörterbuch des Altindoarischen. — Heidelberg: 1986-2000. — С. 358.
  4. ^ M. Mayrhofer. І, II // Etymologisches Wörterbuch des Altindoarischen. — Heidelberg: 1986-2000. — С. 780, 182, 189, 378, 553, 134, 540, 696, 209, 735, 209, 735, 686, 736.
  5. ^ Гл. напрыклад інфармацыю паводле Ethnologue.
  • John Beames. 3 // A comparative grammar of the modern Aryan languages of India: to wit, Hindi, Panjabi, Sindhi, Gujarati, Marathi, Oriya, and Bangali. — Londinii: Trübner, 1872-1879.
  • Cardona, George; Jain, Dhanesh, eds. The Indo-Aryan Languages. — Routledge, 2007. — С. 1333. — ISBN 978-0-415-77294-5
  • Madhav Deshpande. Sociolinguistic attitudes in India: An historical reconstruction. — Ann Arbor: Karoma Publishers, 1979.
  • Chakrabarti, Byomkes. A comparative study of Santali and Bengali. — Calcutta: K.P. Bagchi & Co, 1994. — ISBN 81-7074-128-9
  • Erdosy, George. The Indo-Aryans of ancient South Asia: Language, material culture and ethnicity. — Berlin: Walter de Gruyter, 1995. — ISBN 3-11-014447-6
  • Kobayashi, Masato; George Cardona. Historical phonology of old Indo-Aryan consonants. — Tokyo: Research Institute for Languages and Cultures of Asia and Africa, Tokyo University of Foreign Studies, 2004. — ISBN 4-87297-894-3
  • Masica, Colin. The Indo-Aryan Languages. — Cambridge: Cambridge University Press, 1991. — ISBN 978-0-521-29944-2
  • Misra, Satya Swarup. Fresh light on Indo-European classification and chronology. — Varanasi: Ashutosh Prakashan Sansthan, 1980.
  • Misra, Satya Swarup. 1-2 // The Old-Indo-Aryan, a historical & comparative grammar. — Varanasi: Ashutosh Prakashan Sansthan, 1991-1993.
  • Sen, Sukumar. Syntactic studies of Indo-Aryan languages. — Tokyo: Institute for the Study of Languages and Foreign Cultures of Asia and Africa, Tokyo University of Foreign Studies, 1995.
  • Vacek, Jaroslav. The sibilants in Old Indo-Aryan: A contribution to the history of a linguistic area. — Prague: Charles University, 1976.
  • Елизаренкова Т. Я. Исследования по диахронической фонологии индоарийских языков. — М.: 1974.
  • Зограф Г. А. Морфологический строй новых индоарийских языков. — М.: 1976.
  • Bailey T. G. Studies in North Indian languages. — London: 1938.
  • Bloch J. Indo-Aryan from the Vedas to modern times. — P.: 1965.
  • Grierson, George A. On the Modern Indo-Aryan Vernaculars. — Delhi: 1931-1933.
  • Jain, Dhanesh; Cardona, George. The Indo-Aryan languages. — London: Routledge, 2003. — ISBN 0-7007-1130-9

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]