Перайсьці да зьместу

Гальская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гальская мова
Ужываецца ў сучасных Францыі, Нямеччыне, Аўстрыі, Вугоршчыне, Швайцарыі
Рэгіён Галія
Колькасьць карыстальнікаў
  • 0 чал.
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў
Дапаможная мова ў
Рэгулюецца
Пісьмо лацінскае пісьмо
Коды мовы

Га́льская мова — адна з вымерлых моваў, у мінулым распаўсюджаная на пэўных тэрыторыях сучасных Францыі, Швайцарыі, Нямеччыны, Аўстрыі й Вугоршчыны прыкладна да канца эпохі існаваньня Рымскай імпэрыі[1]. У генэтычным дачыненьні прадстаўляла сабою адну з моваў кельцкае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, належачы да астраўнога арэалу першых.

Сярод іншага, лічыцца, што гальская мова прадстаўленая ў выглядзе пісьмовых помнікаў, выкананых на тэрыторыі Бэльгіі й паўночнай Італіі[2].

Гальская мова вымерла прыкладна ў V стагодзьдзі н. э., будучы выцесьненай за тым часам народнай лацінай і раньнімі германскімі мовамі.

Мова гістарычна была зьвязаная з геаграфічна вялікай сукупнасьцю іншых шматлікіх кельцкіх дыялектаў і моваў. Значна менш засьведчаныя кельцкія ідыёмы, напрыклад, лепантыйская й галяцкая мова, якія намінальна лічацца асобнымі мовамі, верагодна маглі зьяўляцца дыялектамі гальскае мовы або прынамсі блізкімі да яе мовамі, аргумэнты на карысьць чаго сучасныя лінгвісты й гісторыкі адшукваюць у сьведчаньнях такіх старажытных аўтараў як Геранім Стрыдонскі, Люкіян з Самасаты і г.д.[3][4]

Аналягічна апісаньням гістарычнага разьвіцьця іншых шматлікіх вымерлых моваў, гісторыя гальскае мовы падзяляецца на некалькі ўмоўных этапаў, кожны зь якіх характарызуецца сукупнасьцю падзеяў агульнага характару ў эвалюцыянаваньні пісьмовасьці, сацыялінгвістычнага стану й лінгвістычных паказчыкаў мовы.

Раньнегальская мова

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як мяркуецца, прыкладна ў часы Бронзавага веку адбыўся распад пракельцкае мовы на шэраг дыялектаў, сярод якіх вылучыліся кантынэнтальныя кельцкія мовы, што ўключылі ў сябе гальскую й кельтыбэрскую мовы[5].

Найранейшымі пісьмовымі помнікамі гальскае мовы можна лічыць надпісы старажытнаіталійскім пісьмом на лепантыйскім дыялекце, які знаходзіліся на тэрыторыі колішняе Цызальпінскае Галіі (паўночны захад Італіі) і звычайна датуюцца як надпісы, зробленыя не раней за VI ст. да н.э.

Першыя пісьмовыя фіксацыі на ўласна гальскай мове ў яе вузкім азначэньні зьяўляюцца надпісы грэцкім альфабэтам, выкананыя прыкладна ў пэрыяд між І і ІІІ стагодзьдзямі н.э. Гэтыя помнікі пісьмовасьці знойдзеныя перадусім у дэльце Роны, дзе на месцы сучаснага Марсэлю з VII ст. да н.э. існавала старажытнагрэцкая калёнія Масалія, пры гэтым ужо ў сярэдзіне І ст. да н.э. паводле згадак Цэзара адно з бліжэйшых кельцкіх плямёнаў, гельвэтаў, мелі дакумэнты грэцкім альфабэтам. Гэты ж альфабэт, паводле Цэзара, меў ужытак сярод кельцкіх друідаў пры вядзеньні гаспадаркі й гандлю, аднак пры тым пісьмовасьць наогул не выкарыстоўвалася пры рэлігійнай дзейнасьці друідаў, веды якіх перадаваліся вусным шляхам.

Па заваёве Галіі Рымскай імпэрыяй пачынаецца паступовы працэс інтэграцыі галаў у лацінскую культуру, што адлюстравалася й на пісьмовасьці гальскае мовы. Значна пазьней у параўнаньні з помнікамі грэцкім альфабэтам, пры рымскім панаваньні гальская мова вядомая дзякуючы тэкстам лацінскім альфабэтам, гэтыя тэксты ў асноўным знойдзеныя ў цэнтральнай частцы сучаснае Францыі[6]. Пазьней лаціна была ўспрынятая гальскай арыстакратыяй з мэтаю атрыманьня раду дзяржаўных прывілеяў[7][8][9][10]. На поўдні Галіі з І ст. да н.э. пачало адзначацца распаўсюджваньне трылінгвізму[11].

Раньнія згадкі гэтага пэрыяду ў асноўным апісваюць цяжкасьці з успрыманьнем галамі лаціны або старажытнагрэцкае мовы (прыкладна IV ст. н.э.), у той час як зь сярэдзіны гэтага ж стагодзьдзя паўстаюць згадваньні пра выцісканеньне лацінскай мовай гальскай або кельцкай мовы.

Пазьнейшыя сацыяльныя пераўтварэньні, такія як прыгоннае права і прыцягненьне лацінскамоўнага насельніцтва да сельскіх формаў вядзеньня гаспадаркі спрычыніліся да значнага зьмяненьня моўнае карціны, з чым зьвязваецца працэс выміраньня гальскае мовы. Праз наяўнасьць кельцкіх запазычваньняў у дыялектах францускай, нямецкай ды італьянскай моваў Альпійскага рэгіёну некаторыя дасьледчыкі высоўвалі гіпотэзы, што вызначаныя гаворкі гальскае мовы захоўваліся на тэрыторыі сучаснае Швайцарыі цягам V стагодзьдзя н. э.[12][13].

Пісьмовыя помнікі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Узор гальскае мовы старажытнагрэцкім запісам.
Лярзацкая таблічка.

Цягам усяго пэрыяду дасьледаваньняў мовы, а таксама гісторыі прылеглых рэгіёнаў на тэрыторыі сучаснае Францыі (за выключэньнем Аквітаніі) і паўночнай Італіі было знойдзена больш за 760 надпісаў, якія ў той ці іншай ступені ўтрымлівалі гальскамоўныя лексэмы або сказы[14]. Гэтыя надпісы ўключаюць у сябе кароткія прысьвячэньні, эпітафіі (надмагільныя надпісы), заявы ды іншыя формы выражэньня зносінаў у грамадзтве, аднак разам з гэтым захавалася некаторая колькасьць помнікаў пісьмовасьці магічнага або рэлігійнага зьместу[15]. Сярод іншых узораў пісьмовасьці адзначаецца г.зв. Каляндар з Каліньі, які зьяўляецца бронзавай пласьцінай зь пералікам назваў месяцаў на працягу пяцігадовага пэрыяду і ўказаньнем дзён, дзе яны пазначаныя як дрэнныя й добрыя.

Вялікая колькасьць надпісаў зьмяшчаюць некалькі словаў (часта ў выглядзе ўласных назваў), многія зь іх фрагмэнтарныя[16][17]. Падобныя надпісы дазваляюць кельтолягам атрымаць уяўленьне адносна марфалёгіі гальскае мовы і надаюць зьвесткі пра ўжываньне асабістых і міталягічных імёнаў у асяродзьдзі галаў; будова граматычных асноваў сказаў надае разуменьне датычна выкарыстанага стылю мовы (паэтычны або больш фармальны). Галіны дзейнасьці, якія згадваліся ў гэтых пісьмовых помніках, даюць падставу меркаваць пра выкарыстаньне мовы ва ўсіх плястох грамадзтва. Пераважная колькасьць захаваных гальскіх тэкстаў указвае на асаблівую блізкасьць мовы да брыцкіх моваў — адной з групы кельцкіх моваў[4].

Іншымі крыніцамі лексычнага фонду гальскае мовы сталі працы лацінскіх і старажытнагрэцкіх аўтараў, у якіх маглі зьмяшчацца ўзгадваньні гальскіх словаў, асабістых імёнаў, этнонімаў, тапонімаў[6].

Вядомы г.зв. Эндліхераў глясары, які захаваўся ў рукапісе пэрыяду ІХ стагодзьдзя, у якім утрымліваецца невялікі гальска-лацінскі слоўнік. Апрача іншага, гальскія надпісы сустракаюцца таксама на манэтах (напрыклад, надпісы грэцкім альфабэтам на манэтах, адшуканых у Швайцарыі).

Найдаўжэйшым зь вядомых гальскіх тэкстаў зьяўляецца г. зв. Лярзацкая таблічка, знойдзеная ў 1983 годзе ў мястэчку Л’Асьпітале-дзю-Лярзак (поўдзень Францыі). Тэкст прадстаўляе сабою сказы, выкананыя на двух бакох таблічкі лацінскім курсівам, у якім зьмяшчаюцца праклёны ў адрас некаторае групы жанчын, верагодна, групы вядзьмарак-канкурэнтак; тым ня менш, даекладны сэнс надпісу застаецца незразумелым[18][19]. Іншым важным помнікам пісьмовасьці зьяўляецца сьвінцовая таблічка з Шамалье, якая таксама выкананая лацінскім курсівам зьмяшчае тэкст рэлігійнага характару (імаверна, праклён або зварот да боства з імем Мапонас). У 1897 годзе на ўсходзе Францыі, ля мястэчка Калінь, быў знойдзены г. зв. Каляндар з Каліньі. Гэты каляндар зьяўляецца задакумэнтаванай спробай супастаўленьня аднаго году (у памерах календару — 2,5 сучасных каляндарных гадоў) з 13 месяцамі, ён складаецца з гальскіх назваў месяцаў і рымскіх лічэбнікаў, што робіць больш лёгкім працэс аднаўленьня гальскае лексыкі.

Ля мястэчка Міё (паўднёвая Францыя) быў знойдзены комплекс керамічных вырабаў, які лічыцца адной з найважнейшых крыніцаў для аднаўленьня гальскіх лічэбнікаў. Да цяперашняга часу захаваліся надпісы, зьдзейсьненыя ганчарамі лацінскім курсівам, дзе падаецца пералік парадкавых лічэбнікаў ад аднаго да дзесяці. Ніжэй прыведзеная трансьлітарацыя гэтых лічэбнікаў, іх пераклад на беларускую мову й кагнаты (этымалягічныя адпаведнікі) зь іншых кельцкіх моваў для параўнаньня.

  • cintus, cintuxos «першы» (вал. cynt «перад», cyntaf «першы»; брэт. kent «сьпераду», kentañ «першы»; корнск. kynsa «першы»; ст.-ірл. céta, ірл. céad «першы»);
  • allos «другі» (валійск. ail, брэт. eil, ст.-ірл. aile, ірл. eile «іншы»);
  • tritios «трэці» (валійск. trydydd, брэт. trede, ст.-ірл. treide);
  • petuarios «чацьверты» (валійск. pedwerydd, брэт. pevare);
  • pinpetos «пяты» (валійск. pumed, брэт. pempet, ст.-ірл. cóiced);
  • suexos «шосты» (валійск. chweched, брэт. c’hwec’hved, ст.-ірл. seissed). Гальскі запіс, мажліва, зьяўляецца памылковым, правільны — suextos;
  • sextametos «сёмы» (валійск. seithfed, брэт. seizhved, ст.-ірл. sechtmad);
  • oxtumetos «восьмы» (валійск. wythfed, брэт. eizhved, ст.-ірл. ochtmad);
  • nametos «дзявяты» (валійск. nawfed, брэт. naved, ст.-ірл. nómad);
  • decametos, decometos «дзясяты» (кельтыбэр. dekametam, валійск. degfed, брэт. degvet, ст.-ірл. dechmad).

Іншыя гальскія лічэбнікі фіксаваліся ў лацінскіх запісах, пры гэтым яны набывалі лацінскія марфэмы (напрыклад, *petrudecametos «чатырнаццаты», запісана як petrudecameto, дзе прысутнічае лацінскі давальна-аблятыўны канчатак адзіночнага ліку; *triconts, запісана як tricontis, дзе ёсьць лацінскі канчатак аблятыву адзіночнага ліку). Лацінізаваныя формы сустракаюцца ў фразе decamnoctiacis Granni («сьвята Грануса дзесяці начэй»), падобны надпіс сустракаецца ў Календары з Каліньі (trinox[...] Samoni «сьвята трох начэй [сьвята?] у месяц самоніёс»). Шэраг акалічнасьцяў, зьвязаных зь лічэбнікамі ў гальскай мове, надае падставы высоўваць некаторым лінгвістам гіпотэзы пра большую блізкасьць гальскае мовы да лаціны ў параўнаньні зь іншымі кельцкімі мовамі.

Асаблівым чынам вылучаюцца корпусы тэкстаў, знойдзеных на гальскіх прасьліцах. Гэтыя тэксты звычайна складаюцца з зычаньняў жаніхоў сваім нявестам або сымбалічным выразам (напрыклад, geneta imi / daga uimpi «я маладая дзяўчына, добрая [і] прыгожая»). Адзначаюцца таксама прысьвячэньне (ΔΟΒΝΟΡΗΔΟ ΓΟΒΑΝΟ ΒΡΕΝΟΔΩΡ ΝΑΝΤΑΡΩΡ, Dobnorēdo gobano brenodōr nantarōr) кельцкаму богу кавальскае справы Габанусу, знойдзенае ля Бэрну, і меч, адшуканы на паўночным захадзе Швайцарыі, ня лязе якога, верагодна, указанае імя каваля (KORICIOC, Korisos). Разам з гэтым, артэфакты з Швайцарыі адзначаюцца статуяй боства й мядзьведзя, якая ўтрымлівае лацінскі надпіс ARTIONI LIVINIA SABILLINA, дзе Artiū — назва кельцкага бога-мядзьведзя.

На тэрыторыі былой Галіі, засноўваючыся на фанэтычных крытэрах, вылучаюць тры дыялектныя групы: паўднёва-ўсходнюю, усходнюю і, мажліва, паўночна-ўсходнюю. Паўднёва-ўсходняя група захоўвала аўсьляўтнае m (гл. ніжэй), усходняй было ўласьціва спарадычнае захаваньне лябіявэлярнага qu. Надпісы на мове галятаў не захаваліся, але галяцкаму маўленьню, на думку расейскага дасьледчыка А. Каралёва, была характэрная страта сананту -w- у інтэрвакальнай пазыцыі.

Гальская мова гістарычна мела вялікі арэал (гл. вышэй) і, зыходзячы з гэтага, вялікую дыялектную разнастайнасьць, аднак маленькі аб’ём фактычнага матэрыялу не надае магчымасьці для пэўных высноваў адносна дыялекталёгіі мовы[4].

Уплыў на сучасныя мовы

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Шэраг лінгвістаў высоўвае гіпотэзы пра існаваньне пэўнае колькасьці гальскага субстрату, які прасочваецца ў лексыцы сучаснае францускае мовы.

Паводле П.-І. Лямбэрта ды М. Офарда блізу 150—180 лексэмаў францускае мовы галінаў сялянскай або паўсядзённай дзейнасьці маюць гальскую этымалёгію[20][21].

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй прыведзеныя аднавімыя зьвесткі датычна гальскае фанэтыкі й фаналёгіі. У сучаснай лінгвістыцы для дасьледаваньняў у гэтай галіне выкарыстоўваюцца зьвесткі пісьмовых помнікаў гальскае мовы, а таксама параўнальны матэрыял іншых індаэўрапейскіх моваў, перадусім кельцкіх.

  • Галосныя:

Для старых формаў гальскае мовы быў уласьцівы шэраг дыфтонгаў, якія цягам часу мелі тэндэнцыю да спрашчэньня й манафтангізацыі. Напрыклад, адбыўся пераход дыфтонгаў ai, oi > ī, ei > ē, пры гэтым апошні пераход, магчыма, мог адбыцца раней за ўсё. Дыфтонг eu супаў з ou, пасьля чаго адбылася ягоная манафтангізацыя ў ō (напрыклад, PIE *teutā > touta > tōta «племя»). Адбываўся працэс скарачэньня доўгіх дыфтонгаў у кароткія, пасьля чаго адбывалася спрашчэньне да доўгіх галосных. У выпадку, калі атрыманы доўгі галосны знаходзіўся ў пазыцыі перад насавым зычным у канцы складу, гэты галосны скарачаўся. Вядомы пераход ненаціскнога i > e.

Кожны манафтонг меў падоўжаны аналяг (гл. ніжэй табліцу).

Для гальскае мовы рэканструюецца наступны лад галосных гукаў:

Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
Верхняга
ўздыму
i iː u uː
Сярэдняга
ўздыму
e eː o oː
Ніжняга
ўздыму
a aː
  • Зычныя:

Лічыцца, што гальскай мове гістарычна быў уласьцівы рад асыміляцыяў зычных. Адбыліся пераходу тыпу ln > ll, выбухны + s > ss, насавы + вэлярны > /ng/ + вэлярны. Іншы ўзор асыміляцыі ў гальскай мове праяўляецца ў наяўнасьці [x], які зьяўляўся аляфонам /k/ у пазыцыі перад /t/.

Змычныя зычныя ў гальскай мове мелі толькі «слабы» (lenis) характар у адрозьненьне ад лаціны, дзе адрозьніваліся звонкія змычныя з слабой рэалізацыяй (lenis) і глухія змычныя з «моцнай» рэалізацыяй (fortis). Гэта прыводзіла да блытаніны на пісьме пры выкарыстаньні лацінскага пісьма з прычыны таго, што ў лацінскай мове існавала традыцыя адрозьненьня падобных зычных, якая пераносілася на гальскую мову, дзе гэтае заканамернасьці не існавала: Glanum замест Clanum, vergobretos замест vercobreto, Britannia замест Pritannia і г.д.[22]

Зычны *kʷ праіндаэўрапейскае мовы ў гальскай мове, як і амаль ва ўсіх кантынэнтальных кельцкіх мовах, перайшоў у [p]. У такіх кельцкіх мовах, як гайдэльскія й кельтыбэрская мовы, *kʷ захаваўся ў першапачатковым выглядзе або ў выглядзе [k]. Гэтае супрацьпастаўленьне ўнутры кельцкіх моваў пакладзенае ў аснову іншае ўнутранае клясыфікацыі кельцкіх моваў, згодна зь якой кельцкая галіна моваў падзяляецца не на астраўныя й кантынэнтальныя, а на P-мовы й Q-мовы (гл. у артыкуле кельцкія мовы). Напрыклад, PIE *h₁eḱwos «конь» у гальскай мове перайшло ў epos, старажытнабрэтонскай — eb, у той час як у старажытнаірляндзкай — ech, сучаснай ірляндзкай і гэльскайeach, мэнскайegh; гальскаму mapos «сын» і валійскаму map, mab супрацьпастаўленыя агамічна-ірляндзкае *maqqos ды сучаснае ірляндзкае mac[23]. Разам з тым, заўважаецца наяўнасьць у гальскай мове рэфлексаў старога *kʷ, што можа тлумачыцца як дыялектным характарам, так і архаічнасьцю пісьмовых помнікаў, дзе засьведчаная гэтая форма[24].

Пракельцкі звонкі лябіявэлярны *gʷ (які паходзіць ад PIE *gʷʰ) у гальскай мове спрасьціўся да w (напрыклад, *gʷediūmi > uediiumi «я малюся»), тады як у ірляндзкай і валійскай захоўваюцца рэфлексы пракельцкае мовы (ірл. guidhim, валійск. gweddi «маліцца»).

PIE *ds, *dz зьліліся ў афрыкату /ts/ (напрыклад, *neds-samo > neđđamon, параўн. з ірл. nesamh «бліжэйшы», валійск. nesaf «наступны»).

Адбыўся пераход інтэрвакальнага /st/ у афрыкату [ts], інтэрвакальнага /sr/ > [ðr], /str/ > [θr]. У выпадку, калі вэлярны або лябіяльны знаходзіліся ў пазыцыі перад /t/ або /s/, абодва зычныя зьліваліся ў фрыкатыў [χ].

Ніжэй прыведзены рэканструяваны лад зычных гукаў для гальскае мовы:

  Білябіяльныя Альвэалярныя Палятальныя Вэлярныя
Насавыя m n
Выбухныя p  b t  d k  ɡ
Афрыкаты ts
Фрыкатывы s (x)
Апраксыманты j w
Плыўныя r, l
  • Структура складу:

Пісьмовыя помнікі гальскае мовы паказваюць існаваньне наступных складоў: V, CV, VC, CVC, CCVC, CVCC, дзе V — галосны, C — зычны. Імаверна, у абсалютным аўсьляўце ня мог паўставаць шэраг пэўных фанэмаў (у большасьці дыялектаў дапушчальнае фінальнае /n/, але ня /m/, у астатніх — наадварот). Таксама ў аўсьляўце, хутчэй за ўсё, не маглі зьяўляцца лябіяльныя, зубныя змычныя, прыдыхальны /х/, сананты /j, w/. Пра тыпы чаргаваньняў на ўзроўні клясаў марфэмаў у гальскай мове зьвесткі адсутнічаюць[4].

  • Прасодыя:

Як мяркуецца, націск у гальскай мове хутчэй за ўсё быў рознамясцовым, то бок мог падаць на любы склад у слове[24]. У якасьці доказу падобнага характару націску разглядаюць адлюстраваньні тапонімаў і асобных словаў у сучасных дыялектах францускае, аксытанскае й італьянскае моваў[4].

Гальская мова мела некаторыя арэальныя падабенствы ў марфалёгіі з марфалёгіяй лаціны. На думку францускага гісторыка А. Лё гэтая акалічнасьць паскорыла раманізацыю (засваеньне лацінскае мовы й культуры) галаў. Словаўтварэньне зьяўлялася пераважна сынтэтычным[24].

Адносна імя вылучаюцца такія граматычныя паказчыкі, як род, лік, склон. Прыметнік таксама меў параўнальную й пераўзыходную формы параўнаньня. Дзеяслоў мог зьмяняцца паводле часу, стану, асобы й ліку. Усе знаданыя паказчыкі выяўляліся пры дапамозе адпаведных суфіксаў і флексіяў. Словаўтварэньне магло быць суфіксальным, прэфіксальным (прыстаўка) і складальным (аб’яднаньне некалькіх каранёў)[4].

Лічыцца, што ў гальскай мове налічвалася сем або прынамсі шэсьць склонаў[25]. Як і ў лаціне, у гальскай мове існавалі назоўны, родны, давальны, вінавальны, клічны і, мажліва, мясцовы склоны, пры гэтым замест лацінскага аблятыву выкарыстоўваўся творны склон. Эпіграфічныя зьвесткі гальскае мовы паказваюць большую распаўсюджанасьць назоўнага й вінавальнага склонаў, а таксама асноваў на -o- ды -a-, чым астатніх склонаў і асноваў на -i-, -n-, -r-.

У табліцы ніжэй прыведзеныя склонавыя канчаткі той ці іншай асновы слова. Пропусты азначаюць незасьведчанасьць гэтае формы ў пісьмовых помніках.

Склон Адз. л. Мн. л.
ā-аснова o-аснова i-аснова u-аснова r-аснова ā-аснова o-аснова i-аснова u-аснова r-аснова
Н.с. tōtā mapos vātis dorus brātīr tōtas mapoi > mapī vātes doroues brāteres
К.с. tōta mape vāti doru mapūs
В.с. tōtan, tōten
> tōtim
mapon vātin *dorun brāterem tōtās mapūs vātīs doruās brāteras
Р.с. tōtas mapī vātes dorous brāteros tōtanom mapon vātion doruon brāteron
Д.с. tōtai > tōtī mapūi > mapū vāte dorou brāteri tōtabo mapobo *vātibo doruebo brāterebo
Т.с. tōtia mapu mapobi brāterebi
М.с. mape

Некаторыя пісьмовыя помнікі розных пэрыядаў існаваньня гальскае мовы дэманструюць фанэтычныя пераўтварэньні, якія закраналі склонавыя канчаткі. Так, канчатак -āi адзіночнага ліку давальнага склону назоўнікаў a-асновы зазнаў пераўтварэньне ў *-ăi й урэшце спрашчэньне да (напрыклад, lāmāi > *lāmăi > lāmī «руцэ»). У граматычным дачыненьні назіралася паступовае выцясьненьне творным склонам давальнага ў множным ліку (для параўнаньня, у сучасных астраўных моваў творны склон поўнасьцю замяніў давальны). У o-асновах разьвіліся займеньнікавы канчатак назоўнага склону множнага ліку -oi й роднага склону адзіночнага ліку замест чаканых -ōs, -os, якія захоўваліся ў кельтыбэрскай мове ў выглядзе -oś, -o. Для a-асноваў засьведчаны старажытны канчатак -as роднага склону адзіночнага ліку, які, аднак, пазьней быў заменены на канчатак -ias на ўзор астраўных кельцкіх моваў. На месцы канчатку роднага склону множнага ліку -a-om паўстаў інавацыйны канчатак -anom. Часткова захваны архаічны канчатак -m, які ў большай частцы кельцкіх моваў супала з -n[26].

Шэраг інавацыяў зьведала таксама дзеяслоўная сыстэма. Прыкладам, праіндаэўрапейскі s-аорыст у гальскай мове быў заменены на t-прэтэрыт, які ўтварыўся шляхам зьліцьця старажытнага імпэрфэктнага канчатку трэйяй асобы адзіночнага ліку -t- з пэрфэктным канчаткам трэйяй асобны адзіночнага ліку -u або -e і наступнай афіксацыяй у формы t-прэтэрыту. Разам з гэтым, s-прэтэрыт быў утвораны празь зьліцьцё -ss (першапачаткова — канчатак трэцяй асобы адзіночнага ліку) ды афіксацыі канчатку -it з канчаткам трэцяй асобай адзіночнага ліку. Займеньнікі трэцяй асобы множнага ліку таксама маркіраваліся даданьнем -s у прэтэрыце.

Большая частка зафіксаваных гальскіх сказаў будавалася паводле схемы SVO — дзейнік-выказьнік-дапаўненьне[26].

Некаторыя сказы не адпавядаюць гэтай схеме, будуючыся паводле схемаў выказьнік-дзейнік-дапаўненьне або дзейнік-дапаўненьне-выказьнік, апошняя схема можа разглядацца як архаізм, які збліжае гальскую мову з досыць архаічнай кельтыбэрскай. Сказы, дзе дзеяслоў меў пачатковую пазыцыю, могуць інтэпрэтавацца як сказы з асаблівым выражэньнем ветлівасьці і да т.п. У выпадках, калі ў ролі дапаўненьня знаходзіўся займеньнік, дапаўненьне заўсёды знаходзілася пасьля дзеяслову; дзеяслоў заўсёды знаходзіўся ў пачатку асновы сказу або ўсяго сказу (правіла Вакернагеля). Дзеяслоў мог стаяць перад часьціцай, якая не выкарыстоўвалася асобна, але выкарыстоўвалася для спрашчэньня сэнсу сказу, аналягічна старажытнаірляндзкай і літаратурнай валійскай[27][28].

Азначэньне магло знаходзіцца перад азначаемым словам (atom deuogdonion «мяжа Бога й людзей»), прыметнік мог сьледаваць пасьля азначаемага назоўніку (toutious namausatis «грамадзянін Німу», літаральна «грамадзянін німскі»).

Даданы сказ знаходзіўся пасьля галоўнага; дзеяслоў даданага сказу меў марфэму -jo, якой адзначаўся даданы характар гэтага сказу (напрыклад, gobedbi dugijonti-jo ucuetin in alisija «кавалям, якія служаць Укуетысу ў Алізіі»). Гэтая ж марфэма дадавалася ў складаназалежных сказах (scrisu-mi-jo uelor «мне шкада, што я плюю»). Рэшткі гэтае сыстэмы знаходзяцца ў астраўных кельцкіх мовах, у кельтыбэрскай гэтую функцыю выконваў флектыўны адносны займеньнік (м.р. адз.л. н.с. ioś, м.р. адз.л. д.с. iomui, ж.р. мн.л. р.с. iaś). Апрача іншага, лінгвісты вылучаюць у гальскай мове г.зв. аб’ектныя займеньнікі, якія маглі выступаць у якасьці інфіксаў, то бок убудоўвацца ўнутры слова. Займеньнікі mi, tu, id маглі выступаць у якасьці клітыкаў — словаў, якія зьяўляюцца самастойнымі граматычна, але залежнымі фаналягічна (як, напрыклад, беларускі прыназоўнік з, зь). Клітыка магла падвойвацца ў выпадку, калі папярэдні назоўнік выражаў неадушаўлёны прадмет, што граматычна зьяўляўся адушаўлёным.

Большая частка лексэмаў зь вядомага гальскага лексычнага фонду маюць кагнаты ў іншых кельцкіх мовах, маецца лексыка, якая вылучае кельцкія мовы зь іншых індаэўрапейскіх. З прычыны архаічнасьці гальскае мовы ёсьць пляст лексэмаў, якія маюць адпаведнікі ў іншых індаэўрапейскіх мовах, але ня маюць іх у кельцкіх[4].

На цяперашні час для гальскае мовы вядома некалькі соцень пісьмовых помнікаў, выкананых разнастайнымі відамі лацінскага або грэцкага альфабэту, што тлумачыцца культурным узаемадзеяньнем з народамі Італійскага паўвостраву й старажытнымі грэкамі. На аснове гэтых альфабэтаў вядома прынамсі некалькі артаграфічных сыстэмаў, названых у гонар мясьцінаў, дзе знойдзеныя пісьмовыя помнікі гэтай артаграфіяй.

Узор пісьмовасьці, знойдзены ля швайцарскага гораду Люгана (поўдзень краіны), які выкарыстоўваўся для лепантыйскіх дыялектаў, зьмяшчаў наступныя літары: AEIKLMNOPRSTΘUVXZ. У гэтым альфабэце не адрозьніваюцца звонкія й глухія зычныя: такім чынам, сымбаль P мог пазначаць /b/ або /p/, T — /d/ або /t/, K — /g/ або /k/. Сымбалі U /u/ ды V /w/ адрозьніваліся толькі ў адным з раньніх надпісаў. Іншымі асаблівасьцямі гэтае сыстэмы зьяўляліся Z для пазначэньня афрыкаты /ts/, Θ, верагодна, для /t/, X — /g/[29].

У рымскай правінцыі Нарбонская Галія (паўднёвы ўсход Францыі) меў ужываньне наступны альфабэт, заснаваны на ўсходнегрэцкай форме пісьма: αβγδεζηθικλμνξοπρστυχω, ΑΒΓΔΕΖΗΘΙΚΛΜΝΞΟΠΡΣΤΥΧΩ. У гэтым альфабэце выкарыстоўваліся ўсе грэцкія літары за выняткам псі ды фі, сыгма адрозьнівалася ад звычайнай грэцкай і была падобнай да літары С. Χ выкарыстоўвалася для пазначэньня [x], θ — /ts/, ου — /u, u:, w/, η ды ω — для /e, e:/ і o, o:/ адпаведна, у той час як ι — для абазначэньня кароткага /i/, ει — /i:/.

У той жа час, па ўсіх правінцыях рэгіёну Рымская Галія, які прыкладна адпавядаў тэрыторыі сучаснае Францыі, выкарыстоўваўся лацінскі альфабэт з наступным пералікам літараў: ABCDÐEFGHIKLMNOPQRSTUVXZ, abcdðefghiklmnopqrstuvxz. У гэтым альфабэце часта маглі блытацца сымбалі G, K (асабліва пасьля R). Ð/ð, s і дыграф ds маглі адлюстроўваць /ts/ і/або /dz/. Літара X магла ўжывацца як для пазначэньня спалучэньня /ks/, так і для [x]. Q у напісаньні выкарыстоўвалася рэдка (напрыклад, Sequanni, Equos) і мажліва адлюстроўвала пракельцкае архаічнае *kʷ або, на ўзор лацінскае мовы, зьяўлялася альтэрнатыўнай перадачай спалучэньня -cu- на месцы /kuu/, /kou/ або /kom-u/[30]. Сучасныя лацінскія літары Ð, ð не выкарыстоўваліся ў цяперашнім выглядзе — гэтыя сымбалі зьяўляюцца ўмоўнымі абазначэньнямі для г.зв. гальскага таў, сымбалю, які выглядаў як загалоўная d з гарызантальнай рысай у сярэдзіне ўнутры.

  1. ^ Stifter, David. І // Old Celtic Languages: Gaulish. — 2012. — С. 107.
  2. ^ Meid, Wolfgang. Gaulish Inscriptions. — Archaeolingua, 1994.
  3. ^ Javier de Hoz, Eugenio R. Luján, Patrick Sims-Williams (eds.). New Approaches to Celtic Place-Names in Ptolemy’s Geography. — Ediciones Clásicas. — Madrid: 2005. — С. 263.
  4. ^ а б в г д е ё Королёв А. А. Галльский язык // Языки мира: Германские языки. Кельтские языки. — М.: 2000. — С. 424-427.
  5. ^ Forster, Peter; Toth, Alfred. 100 // Toward a phylogenetic chronology of ancient Gaulish, Celtic, and Indo-European. — Proceedings of the National Academy of Sciences of the USA. — 2003 Т. 15. — С. 9079-9084.
  6. ^ а б Pierre-Yves Lambert. La langue gauloise, éditions errance. — 1994.
  7. ^ Bruno Rochette. Language Policies in the Roman Republic and Empire. — A Companion to the Latin Language. — Blackwell, 2011. — С. 550.
  8. ^ Stefan Zimmer. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-Clio, 2006. — С. 961.
  9. ^ Leonard A. Curchin. 116 // Literacy in the Roman Provinces: Qualitative and Quantitative Data from Central Spain. — American Journal of Philology. — 1995 Т. 3. — С. 464.
  10. ^ Richard Miles. Communicating Culture, Identity, and Power. — Experiencing Rome: Culture, Identity and Power in the Roman Empire. — Routledge, 2000. — С. 58-59.
  11. ^ Alex Mullen. Southern Gaul and the Mediterranean: Multilingualism and Multiple Identities in the Iron Age and Roman Periods. — Cambridge University Press, 2013. — С. 269, 300.
  12. ^ Hubschmied, J. U. ІІІ // Sprachliche Zeugen für das späte Aussterben des Gallischen. — Vox Romana. — 1938. — С. 48f.
  13. ^ Bertoldi, V. 46 // Sopravvivenze Galliche nelle Alpi. — Revue Celtique. — 1929. — С. 16-28.
  14. ^ Peter Schrijver. Gaulish / ed. Glanville Price. — Encyclopedia of the Languages of Europe. — Oxford: Blackwell, 1998. — С. 192.
  15. ^ Joseph Eska. Celtic Languages / ed. Roger G. Woodward. — Cambridge Encyclopedia of the World's Ancient Languages. — Cambridge: Cambridge University Press, 2004. — С. 166.
  16. ^ Schmidt, Karl Horst. XXVIII // The Celtic Languages of Continental Europe / Bulletin of the Board of Celtic Studies. — University of Wales Press, 1980.
  17. ^ Lambert, Pierre-Yves. XXXIV // Bulletin of the Board of Celtic Studies. — University of Wales Press, 1987.
  18. ^ Lejeune, Michel; Fleuriot, L.; Lambert, P. Y.; Marichal, R.; Vernhet, A. Le plomb magique du Larzac et les sorcières gauloises. — CNRS, 1985. — ISBN 2-222-03667-4
  19. ^ Le plombe du Larzac (фр.) arbre-celtique.com Праверана 17 траўня 2014 г.
  20. ^ Pierre-Yves Lambert. La langue gauloise. — éditions errance. — 1994. — С. 185.
  21. ^ M. H. Offord. French Words: Past, Present, and Future. — С. 36-37. — 125 с.
  22. ^ Paul Russell. An Introduction to the Celtic Languages. — London: Longman, 1995. — С. 206-207.
  23. ^ Delamarre 2008
  24. ^ а б в Калыгин В. П. Кельтские языки // Языки мира. Германские языки. Кельтские языки. — М.: 2000. — С. 388-391.
  25. ^ Lambert 2003 стст. 51–67.
  26. ^ а б Ярцева В. Н. Кельтские языки // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: 1990. — С. 218-219.
  27. ^ Thurneysen, R. A Grammar of Old Irish. — Dublin Institute for Advanced Studies, 1980.
  28. ^ Williams, Stephen J. Elfennau Gramadeg Cymraeg. — Caerdydd: Gwasg Prifysgol Cymru, 1959.
  29. ^ Lejeune 1971, Solinas 1985
  30. ^ Stifter, David; Helmut Birkhan. 43 // Kelten. Bilder ihrer Kultur. — Die Sprache. — Wien: 1999, 2002-2003 Т. 2. — С. 237-243.
  • Ball, Martin; Fife, James. The Celtic Languages. — Routledge, 1993. — С. 26-63. — ISBN 0-415-01035-7
  • Delamarre, Xavier. Dictionnaire de la langue gauloise. — 2nd ed. — Paris: Editions Errance, 2003.
  • Delamarre, Xavier. Noms de lieux celtiques de l'Europe Ancienne. -500 +500. — Arles: Errance, 2012.
  • Eska, Joseph F.; D. Ellis Evans Continental Celtic / ed. Martin J. Ball. — The Celtic Languages. — London: Routledge, 1993.
  • Koch, John T. Celtic Culture: A Historical Encyclopedia. — ABC-CLIO, 2005. — ISBN 1-85109-440-7
  • Lambert, Pierre-Yves. La langue gauloise. — 2nd ed. — Paris: Editions Errance, 2003.
  • Lejeune, Michel. Lepontica (Monographies linguistiques, 1). — Paris: Société d’edition „les Belles Lettres“, 1971.
  • Meid, Wolfgang. Gaulish Inscriptions. — Archaeolingua, 1994.
  • Recueil des inscriptions gauloises (XLVe supplément à «GALLIA»). ed. Paul-Marie Duval et al. 4 vols. Paris: CNRS, 1985-2002. ISBN 2-271-05844-9
  • Russell, Paul. An Introduction to the Celtic Languages. — London: Longman, 1995.
  • Savignac, Jean-Paul. Dictionnaire français-gaulois. — Paris: Éditions de la Différence, 2004.
  • Savignac, Jean-Paul. Les Gaulois, leurs écrits retrouvés : «Merde à César». — Paris: Éditions de la Différence, 1994.
  • Solinas, Patrizia. 60 // Il celtico in Italia. — Studi Etruschi. — 1995. — С. 311-408.
  • Woodward, Roger G, ed. Celtic Languages. — Cambridge Encyclopedia of the World's Ancient Languages. — Cambridge: Cambridge University Press, 2004.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]