Перайсьці да зьместу

Сынгальская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сынгальская мова
සිංහල
Ужываецца ў Шры-Ланцы
Рэгіён Паўднёвая Азія
Колькасьць карыстальнікаў
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям’я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў Шры-Ланцы
Статус: 1 дзяржаўная[d][1]
Пісьмо Sinhala[d]
Коды мовы
ISO 639-1 si
ISO 639-2(Б) sin
ISO 639-2(Т) sin
ISO 639-3 sin

Сынга́льская мова (саманазва: සිංහල, трансьл. siṁhala, вымаўл. [ˈsiŋɦələ]) — адна з моваў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, распаўсюджаная перш за ўсё на востраве Шры-Ланка, дзе зьяўляецца нацыянальнай мовай і асноўнай мовай зносінаў сынгалаў, індаарыйскага этнасу, які налічвае каля 16 млн. чал. і складае найбольшую этнічную групу вострава. Дзяржаўная мова Шры-Ланкі, а таксама другая мова іншых этнічных групаў краіны, у гэтай якасьці распаўсюджаная сярод прыкладна 3 млн. чал.[2] Агульная колькасьць носьбітаў — блізу 17 млн. чал.[3]

Сынгальская мова — адна зь нешматлікіх індаарыйскіх моваў, якая мае ўласную нацыянальную сыстэму пісьмовасьці, якая, тым ня менш, як і большасьць індыйскіх пісьмовасьцяў, паходзіць ад пісьмовасьці брагмі.

Генэтычна мова прадстаўляе адну з моваў індаарыйскае групы індаіранскае галіны індаэўрапейскае сям’і моваў, асабліва збліжаючыся сярод індаарыйскіх з геаграфічна блізкай мальдыўскай мовай (або дывэгі), зь якой утварае астраўную падгрупу ў складзе індаарыйскіх моваў.

Ужо ў V ст. да н.э. востраў Шры-Ланка засяляюць пасяленцы з паўночна-заходняй Індыі, маўленьне якіх пазьней палегла ў аснову сынгальскае мовы.

Як лічыцца, тэрмін siṃhāla мае санскрыцкае паходжаньне, гэты ж тэрмін ужо ў сярэднеіндыйскі пэрыяд зазнаў трансфармацыю ў sīhala. На ўзор астатніх індаарыйскіх моваў вылучэньне сынгальскае мовы гістарычна было пакладзенае праз існаваньне асобнага пракрыту, які існаваў на Шры-Ланцы й быў вядомы пад назваю элу. Аналягічна іншым тагачасным індыйскім дыялектам, гэты пракрыт паўстаў у выніку разьвіцьця старажытна- і сярэднеіндыйскіх дыялектаў і пазьней зьведаў разьвіцьцё ў якасьці асобнае мовы. Узьнікненьне гэтага пракрыту зьвязваецца з пранікненьнем на востраў будызму, пасьля чаго з ІІІ—ІІ стагодзьдзяў да н.э. паўстаюць найстарэйшыя зь вядомых пісьмовыя помнікі элу[4]. У сваю чаргу, самыя старыя літаратурныя творы на ўласна сынгальскай мове вядомыя прынамсі з ІХ ст. н.э. Асаблівасьцю гісторыі генэтычнае клясыфікацыі сынгальскае мовы зьяўляецца ўзьнікненьне пракрыту элу на аснове дыялектаў паўночна-заходняй Індыі, на якія пазьнейшы ўплыў аказвалі дыялекты перасяленцаў з усходу Індыі. Сярод захаваных заходніх рысаў у сынгальскай мове найбольш адметнымі зьяўляюцца захаваньне ініцыяльнай /v/ (якая разьвілася ў выбухны /b/ ва ўсходніх), да выключна ўсходніх інавацыяў адносіцца, прыкладам, разьвіцьцё канчатку -e ў мужчынскім родзе адзіночнага ліку назоўнага склону. Сярод лексэмаў — наяўнасьць словаў, што маюць санскрыцкае паходжаньне, але атрымалі сэмантычны зрух у залежнасьці ад усходняга або заходняга паходжаньня (напрыклад, санскр. makṣikā > сынг. mässā «муха», але mäkkā «блыха»).

З IVV па VIII стагодзьдзе н.э. вылучаецца старажытнасынгальскі пэрыяд, пасьля якога да ХІІІ ст. сьледуе сярэднесынгальскі пэрыяд. У ХІІІ ст. складзеная граматыка мовы, прытрымліваньне якой захоўвалася да ХІХ ст., пасьля чаго пачынаецца фармаваньне новае літаратурнае нормы на аснове размоўнае мовы[5].

Гісторыя саманазвы мовы адзначаецца яе асаблівым народным успрыманьнем, у выніку чаго нарадзілася народная этымалёгія, якая выводзіць слова siṃhāla да выразу «леў-захопнік» або «крывавы леў». У прыватнасьці, паводле гэтых жа народных паданьняў у назьве мовы вылучаецца корань lā- — «захоп».

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй прыведзенае апісаньне гукавага ладу сынгальскае мовы.

Сынгальскай мове ўласьцівы шэраг фаналягічных зьменаў, якія спрычыніліся да істотнага адрозьненьня сынгальскае мовы ў параўнаньні з індаарыйскімі мовамі Індастану. Старажытныя рысы падобнага роду ўключаюць у сябе страту прыдыханьня як крытэру супрацьпастаўленьня выбухных (санскр. khādati, гіндзі khānā, але сынг. kanavā «есьці»), скарачэньне першапачаткова доўгіх галосных (у сучаснай сынгальскай фаналёгіі прысутныя доўгія галосныя, аднак іх паходжаньне зьвязанае з запазычаньнямі з санскрыту або элізіяй (выпадзеньнем) інтэрвакальных зычных ці складанымі словамі), спрашчэньне сьцячэньняў зычных і падвойных зычных у падвойныя й адзінарныя зычныя адпаведна (санскр. viṣṭā > пракр. viṭṭa > сынг. viṭa «час»), спрашчэньне сярэднеіндыйскай j у /d/ (санскр. jāla > däla «сетка»). Дравідыйскі ўплыў спрычыніўся да паўстаньня супрацьпастаўленьня доўгіх і кароткіх e, o, а таксама страты прыдыханьня зычных.

  • Зычныя:

Ніжэй прыведзены лад зычных у сынгальскай мове.

Асаблівасьцю сучаснае сынгальскае фаналёгіі зьяўляецца існаваньне г.зв. прэназалізаваных зычных, якія прадстаўляюць сабою звонкія выбухныя, перад якімі дадаюцца блізкія паводле артыкуляцыі насавыя зычныя.

Лябіяльныя Зубныя/
Альвэалярныя
Рэтрафлексныя Палятальныя Вэлярныя Глётальныя
Насавыя m ɳ ɲ ŋ
Выбухныя глухія p ʈ k
звонкія b ɖ ɡ
прэназалізаваныя ᵐb ⁿ̪d̪ ᶯɖ ᵑɡ
Фрыкатывы (f) s (ʃ) h
Ратычныя r
Апраксыманты ʋ l j
  • Галосныя:

Ніжэй прыведзены лад галосных у сынгальскай мове. Прадстаўленае колькаснае супрацьпастаўленьне ўсіх галосных, тэндэнцыя да сынгарманізму[5].

Пярэдняга
шэрагу
Сярэдняга
шэрагу
Задняга
шэрагу
доўгія кароткія доўгія кароткія доўгія кароткія
Верхняга
ўздыму
i u
Сярэдняга
ўздыму
e (ə) o
Ніжняга
ўздыму
æː æ a

Марфалягічна сынгальская мова адрозьнівае склон, лік, пэўнасьць і адушаўлёнасьць назоўнікаў, у дзеясловаў — спражэньне, асобу, лік, род, пры гэтым апошнія тры рысы не адрозьніваюцца ў размоўнай мове, а таксама лад, пераходнасьць і стан[5]; прыметнік, у адрозьненьне ад назоўнікаў, не адрозьніваецца паводле роду, ліку й склону. Увогуле, марфалёгія сынгальскае мовы праяўляе імкненьне да аглютынацыі й новае флексіі[5].

  • Назоўнік:

Сынгальскі назоўнік можа зьмяняцца паводле склону, маючы мажлівасьць атрымліваць формы назоўнага, роднага, давальнага, вінавальнага склонаў і аблятыву, больш рэдкае выкарыстаньне маюць таксама іншыя склоны, у прыватнасьці, творны. Некаторыя выразы або словы маюць тэндэнцыю да граматыкалізацыі (атрыманьня рысаў марфалягічнага маркеру) і выступаюць у якасьці склонавых паказчыкаў (напрыклад, /atiŋ/ «з рукою», які можа выступаць у якасьці маркеру творнага склону адносна адушаўлёнага назоўніку, /laᵑgə/ — «побач», маркер мясцовага склону для адушаўлёнага назоўніку). Пры зьмяненьні паводле склонаў доўгія ненаціскныя галосныя фанэмы часта могуць мець тэндэнцыю да скарачэньня. Напрыклад:

адз.л., адушаўлёны адз.л., неадушаўлёны мн.л., адушаўлёны мн.л., неадушаўлёны
Н.с. miniha(ː) potə minissu pot
В.с. miniha(ː)və potə minissu(nvə) pot
Т.с. miniha(ː) atiŋ poteŋ minissu(n) atiŋ potvəliṃ
Д.с. miniha(ː)ʈə potəʈə minissu(ṃ)ʈə potvələʈə
Аблятыў miniha(ː)geṃ poteŋ minissu(n)geṃ potvaliṃ
Р.с. miniha(ː)ge(ː) pote(ː) minissu(ṃ)ge(ː) potvələ
М.с. miniha(ː) laᵑgə pote(ː) minissu(n) laᵑgə potvələ
К.с. miniho(ː) - minissuneː -
Пераклад чалавек кніга людзі кнігі

Маркіраваньне ліку адрозьніваецца ў залежнасьці ад адушаўлёнасьці назоўнікаў. Так, адушаўлёныя назоўнікі множнага ліку маюць паказчык у выглядзе -o(ː), спалучэньня тыпу ССu (дзе СС — падоўжаная зычная) або -la(ː), большая частка неадушаўлёных назоўнікаў у множным ліку зазнаюць дысьфіксацыю (скарачэньне асновы ці кораню). Запазычваньні ангельскага паходжаньня, як правіла, у адзіночным ліку маюць маркер /ekə/, у той час як у множным ліку будзь-які маркер адсутнічае наогул. Напрыклад:

Адз.л. ammaː deviyaː horaː pothə reddə kanthoːruvə sathiyə bus ekə paːrə
Мн.л. amməla(ː) deviyo(ː) horu poth redi kanthoːru sathi bus paːrəval
Пераклад маці Бог злодзей кніга тканіна служба тыдзень аўтобус вуліца

Акрамя паказчыкаў склону, ліку й адушаўлёнасьці назоўнікі маркіруюцца паводле пэўнасьці, пры гэтым прадстаўлены набор асобных артыкляў для адушаўлёных ды неадушаўлёных назоўнікаў. Адушаўлёны назоўнік пры няпэўнасьці маркіруецца пры дапамозе артыклю -ek, неадушаўлёны — -ak, адсутнасьць артыклю пры абодвух тыпах назоўнікаў указвае на пэўнасьць слова, прытым што ў множным ліку артыклі не выкарыстоўваюцца як для пэўнасьці, так і для няпэўнасьці.

  • Дзеяслоў:

Сынгальскі дзеяслоў адрозьніваецца паводле трох клясаў спражэньня, а таксама асобы, ліку й роду, апошнія зь якіх адрозьніваюцца толькі ў пісьмовай мове. Таксама існуе адрозьненьне паводле ладу й пераходнасьці, мае ролю чаргаваньне галосных[5].

Для сынтаксісу сынгальскае мовы характэрнае левае галінаваньне, што абумоўлівае становішча азначэньня перад азначаемым членам сказу, парадак словаў у сказе звычайна падпарадкоўваецца схеме SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік). З прычыны левага галінаваньня сынгальскае мовы прыназоўнікі адсутнічаюць, функцыю іх маюць пасьлялогі (напрыклад, [pot̪ə yaʈə] «пад кнігай», літаральна — «кнігай пад»). Не прадстаўленыя ў тым ліку й злучнікі, ролю якіх іграюць дзеепрыметнікі або дзеепрыметнікавыя звароты (напрыклад, [pot̪ liənə miniha] «чалавек, які піша кнігі», літаральна — «кнігапішучы чалавек»).

Выключэньнем зь левага галінаваньня сынгальскае мовы зьяўляюцца сказы, што ўтрымліваюць колькасныя лічэбнікі, якія, будучы азначэньнямі, маюць становішча пасьля азначаемага (напрыклад, [mal hat̪ərə] «чатыры кветкі», літаральна — «кветкі чатыры»).

Аналягічна, напрыклад, беларускай мове пры складаньні сказу ў цяперашнім часе, у сынгальскай мове адсутнічае дзеяслоў-зьвязка (напрыклад, [mamə poːsat̪] «я [ёсьць] багаты» — літаральна, як і ў беларускай, «я багаты»).

Сынгальскі сынтаксіс адлюстроўвае на сабе сьляды ўплыву суседніх дравідыйскіх моваў, у прыватнасьці, тамільскай. Да тыповых дравідыйскіх рысаў, адсутных у іншых індаарыйскіх, адносяцца левае галінаваньне сказу, а таксама выкарыстаньне дзеепрыметнікавага звароту kiyanavā, які мае функцыі злучніку.

Дэйксіс адзначаны наяўнасьцю чатырох розных асноваў для ўказальных назоўнікаў, якія выкарыстоўваюцца пры той ці іншай ступені фізычнае набліжанасьці да апісанага дапаўненьня (me — блізка да апавядальніка, o — блізка да адрасата, arə — блізка да бачнай трэцяй асобы, e — блізка да нябачнай трэцяй асобы).

У залежнасьці ад мажлівасьцяў кантэксту можа апускацца дапаўненьне або нават дзейнік. Напрыклад, выраз [koɦed̪ə ɡie] «куды ісьці» можа мець значэньне наяўнасьці займеньніку той ці іншай асобы («куды я іду», куды ты ідзеш» і г.д.).

Апроч спрадвечнае лексыкі індаарыйскага і, шырэй, індаэўрапейскага паходжаньня лексыка сынгальскае мовы дэманструе наяўнасьць лексэмаў іншамоўнага паходжаньня. Прыкладам, этымалёгія некаторых лексэмаў можа быць растлумачаная ў рамках субстрату вэдыйскае мовы (ня блытаць з індаарыйскай вэдыйскай мовай), носьбіты якой пражывалі да прыбыцьця індаарыяў на Шры-Ланку, пры гэтым уласна вэдыйская мова не захавалася ў поўнай меры да цяперашняга часу і прадстаўляе сабою крэалізаваную мову з элемэнтамі сынгальскай і вэдыйскай моваў[6].

Субстратныя вэдыйскія лексэмы, а таксама лексэмы іншага даіндаарыйскага паходжаньня гістарычна засвоеныя для пазначэньня частак цела або тапонімаў[7][8]. Сыдатсангарава, аўтар найстарэйшае граматыкі сынгальскае мовы, складзенай у ХІІІ ст., прыводзіць пералік словаў, уласьцівых мовам даіндаарыйскага насельніцтва (напрыклад, naramba «бачыць», kolamba «брод, гавань»).

Запазычаная лексыка сынгальскае мовы адносіцца таксама да геаграфічна блізкіх дравідыйскіх моваў, у прыватнасьці, тамільскай; носьбіты апошняй пражываюць на крайнім паўднёвым усходзе Індыі, а таксама на поўначы й усходзе Шры-Ланкі. Каляніяльная гісторыя прывяла да пранікненьня лексэмаў партугальскага, галяндзкага й ангельскага паходжаньня, іншыя культурныя кантакты — малайскага, арабскага й пэрсыдзкага[5].

У сваю чаргу, сынгальская мова аказала ўплыў на фармаваньне сучаснае вэдыйскае мовы — крэольскае мовы карэннага насельніцтва Шры-Ланкі, якая спалучае ўласна вэдыйскія й сынгальскія рысы, а таксама ўзяла ўдзел у фармаваньні іншых крэолаў (маканскі, партугальска-галяндзкі), якія распаўсюджаныя сярод прадстаўнікоў этнасаў, якія здаўна перасяляліся на Шры-Ланку.

Сынгальская мова вылучаецца існаваньнем двух рэзка адрозных функцыянальных стыляў наддыялектнае мовы: літаратурнай мовы, ужыванай у літаратуры, СМІ і афіцыйных вусных выступах, і размоўнай мовы, якая прымяняецца ў нефармальных абставінах. Лексычныя адрозьненьні заключаюцца перадусім у большай насычанасьці санскрытызмамі літаратурнае мовы, марфалягічныя — у адсутнасьці флектыўных дзеяслоўных формаў у размоўнай. Надзвычай шырокае й даўняе ўжываньне маюць разнастайныя віды слэнгу, выкарыстаньне якіх рэгулюецца сацыяльнымі функцыямі.

Сынгальская мова падразьдзяляецца на дыялекты поўдня, цэнтру, паўночнага цэнтру й паўднёвага ўсходу, праяўляюць высокую ступень узаемназразумеласьці[9]. Уласны дыялект, які больш дарэчна вызначыць у якасьці сацыялекту, маюць чальцы касты родыя, дадзены сацыялект мае большую ступень адрозьненьня ад літаратурнае мовы.

Прыклад дыякрытычнае мадыфікацыі сынгальскіх сымбаляў для зычных фанэмаў.

Сынгальская мова мае ўласную нацыянальную сыстэму пісьма, якая засноўваецца на старажытнаіндыйскім сылябічным пісьме брагмі. Зыходзячы з сылябічнага характара пісьма, як і ў брагмі, кожны сымбаль пазначае гукавую камбінацыю Ca або Cə (дзе C — любы зычны), зьмена галоснага або яго прыбраньне ажыцьцяўляецца пры даданьні дыякрытычнага знака. Літара з даданьнем кожнага дыякрытычнага знака або ягонай адсутнасьцю лічыцца асобным сымбалем, што спараджае вялікую колькасьць камбінацыяў і, адпаведна, сымбаляў у сынгальскай пісьмовасьці. Дыякрытычным знакам таксама можа пазначацца r, дыякрытычны знак для аднаго й таго ж галоснага можа мець розны выгляд у залежнасьці ад літары для зычнай. Тым ня менш, галосныя фанэмы маюць асобныя сымбалі, аднак яны выкарыстоўваюцца толькі ў ініцыяльнай пазыцыі пры адсутнасьці наступнай зычнай.

Поўны склад сымбаляў сынгальскае мовы ўключае 54 знакі, у тым ліку 36 для зычных і 18 для галосных фанэмаў. Зь іх паўсядзённае размоўнае карыстаньне маюць толькі 36 (12 галосных і 24 зычных), астатнія адносяцца да гістарычна страчаных фанэмаў або запазычваньняў з санскрыту ці палі (адна з старажытных індаарыйскіх моваў, літургічная мова будызму напрамку тгеравада). Парадак сымбаляў — зьлева направа, разьмяшчэньне радкоў — гарызантальнае.

  1. ^ а б Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Паводле вынікаў перапісу насельніцтва ў краіне, 2001 г.
  3. ^ Nationalencyklopedin. Världens 100 största språk 2007. — Nationalencyklopedin. — 2007.
  4. ^ Danesh Jain, George Cardona. Indo-Aryan Languages. — Routledge. — С. 847.
  5. ^ а б в г д е Топоров В. Н. Сингальский язык // Лингвистический энциклопедический словарь. — М.: .
  6. ^ Gair 1998, p. 4
  7. ^ Van Driem 2002, p. 230
  8. ^ Indrapala 2007, p. 45
  9. ^ Sinhalese language (анг.). American Language Services. Праверана 26 чэрвеня 2014 г.
  • Gair, James. Sinhala and Other South Asian Languages. — New York: 1998.
  • Gair, James and Paolillo, John C. Sinhala. — München, Newcastle: 1997.
  • Geiger, Wilhelm. A Grammar of the Sinhalese Language. — Colombo: 1938.
  • Karunatillake, W. S. An Introduction to Spoken Sinhala. — Colombo: 1992.
  • Gair, James. Studies in South Asian Linguistics. — New York: Oxford University Press, 1998. — ISBN 0-19-509521-9
  • Van Driem, George. Languages of the Himalayas: An Ethnolinguistic Handbook of the Greater Himalayan Region. — Brill Academic Publishers, 2002. — ISBN 90-04-10390-2
  • Indrapala, Karthigesu. The evolution of an ethnic identity: The Tamils in Sri Lanka C. 300 BCE to C. 1200 CE. — Colombo: Vijitha Yapa, 2007. — ISBN 978-955-1266-72-1

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]