Нурыстанскія мовы
Нурыстанская група | |
Народнасьць | нурыстанцы |
---|---|
Арэал | усход Аўганістану, паўночны захад Пакістану |
Лінгвістычная клясыфікацыя | Індаэўрапейская сям'я
|
Склад |
паўднёвакафірская,
паўночнакафірская падгрупы
|
Колькасьць носьбітаў | каля 130 тыс. |
Нурыста́нскія мовы (таксама кафі́рскія) — адна з трох групаў моваў індаіранскае галіны індаэўрапейскае моўнае сям’і, разам з індаарыйскай ды іранскай групамі ўтварае індаіранскую галіну моваў[1][2][3]. На нурыстанскіх мовах размаўляе каля 130 тыс чал., якія жывуць галоўным чынам на ўсходзе Аўганістану (аднайменная правінцыя Нурыстан і суседняя правінцыя Кунар) і ў некалькіх суседніх далінах паўночна-заходняга Пакістану (акруга Чытрал правінцыі Хайбэр-Пахтунхва).
Адзначаюцца запазычаньні не-індаэўрапейскага паходжаньня з геаграфічна блізкае мовы бурушаскі. Значная частка носьбітаў нурыстанскіх моваў зьяўляюцца білінгвамі або мультылінгвамі, валодаючы пушту або пушту й дары — мясцовымі лінгва-франка й дзяржаўнымі мовамі Аўганістану, якія аказваюць на нурыстанскія мовы значны адстратны ўплыў.
Клясыфікацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да нурыстанскіх моваў традыцыйна прынята залічваць ад чатырох да шасьці моваў. Усе яны, як правіла, маюць адносна невялікую колькасьць носьбітаў, кожныя зь якой жывуць у асобнай ізаляванай даліне Гіндукушу — мясцовай горнай сыстэмы. Колькасьць моваў можа хістацца ў залежнасьці ад інтэрпрэтацыі будзь-якой з моваў як дыялекту ці наадварот. Усе мовы нурыстанскай групы падзяляюцца на дзьве падгрупы:
- Паўднёвакафірская:
- Ашкун (або ашкуну). Распаўсюджаная ў некалькіх раёнах Нурыстану, мае колькасьць носьбітаў каля 40 тыс чал., зь якіх прыкладна 4000 аднамоўныя[4];
- Каці (або камката-віры). Распаўсюджаная ў Аўганістане й Пакістане, распадаецца на параўнальна вялікую колькасьць дыялектаў. Колькасьць носьбітаў — каля 18 700 чалавек з 110 тыс чал. этнасу[5];
- Трэгамі — носьбіты пражываюць у некалькіх мясцовасьцях Нурыстану, агулам налічваючы 3 500 чалавек з 3 500 этнасу, зь якіх 700 чалавек аднамоўныя[6];
- Вайгалі (або калаша-ала) — мова, распаўсюджаная на паўднёвым усходзе Нурыстану, а таксама ў правінцыі Кунар. Колькасьць носьбітаў — 11 500 чалавек з 11 500 этнасу, зь іх блізу 2 300 чалавек аднамоўныя[7];
- Зэміякі. Часам лічыцца дыялектам вайгалі, колькасьць носьбітаў — каля пяці соцень чалавек[8].
- Паўночнакафірская:
- Прасун (або васі-вары). Носьбіты пражываюць у некалькіх далінах Нурыстану, колькасьць носьбітаў — 8000 чалавек з 8000 этнасу[9]. Дэманструе больш адрозныя й архаічныя рысы ў параўнаньні зь іншымі нурыстанскімі.
У літаратуры мовы ды іх дыялекты звычайна называюцца паводле назваў мясцовасьцяў, рэк або далінаў, якія часта маюцца ва ўжытку ў суседзяў нурыстанцаў — пуштунаў. Пры гэтым носьбіты нурыстанскіх моваў называюць сябе перадусім пляменнымі назвамі, якія не заўсёды супадаюць з назвамі моваў. Мовы, што распаўсюдзіліся з уласнай лякальнай даліны, распадаюцца на адпаведныя дыялекты (так, напрыклад, вылучылася мова трэгамі). Значную экспансію зьведала мова каці, якая пашырылася ў некалькіх далінах на поўначы Нурыстану і, верагодна, істотна скараціла арэал мовы прасун. За цяперашнім часам каці — вядучая нурыстанская мова, мясцовая мова міжнацыяльнае камунікацыі, выкарыстоўваецца для некаторых радыёперадачаў Нурыстану. Нягледзячы на тое, што Парун (Прасун) быў рэлігійным цэнтрам паўночнага Нурыстану ў часы язычніцтва, а па прыняцьці ісламу збольшага захоўвае гэтую ролю, прасунцы звычайна вучаць мову каці, але не наадварот.
У нурыстанскіх мовах прасочваецца значнае арэальнае падабенства з дардзкімі й усходнеіранскімі мовамі Гіндукушу, уваходзячы разам зь імі ў цэнтральнаазіяцкі моўны зьвяз (тэрмін моўны зьвяз звычайна пазначае ня мовы адной галіны ці групы, а проста геаграфічна блізкія мовы, якія гістарычна аказалі адна на адну пэўны ўплыў), гэтае падабенства ў значнай ступені падмацоўваецца агульнымі зь імі субстратам. З субстратным пытаньнем непасрэдна зьвязаная праблема клясыфікацыі мовы дамэлі, якая спалучае як нурыстанскія, так і дардзкія рысы; нурыстанскі субстрат таксама маецца ў дардзкай мове калаша.
Асноўныя рысы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Фанэтыка, фаналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для складу галосных характэрная наяўнасьць галосных сярэдняга шэрагу (ы, ɨ, ə). Сярод зычных адсутнічае карэляцыя паводле прыдыхальнасьці, але шырока разьвітая карэляцыя паводле рэтрафлекснасьці (рэтрафлексныя зычныя — зычныя, пры вымаўленьні якіх кончык языка ўздымаецца да цьвёрдага нёба і трохі загінаецца назад). Яна ахоплівае змычныя, афрыкаты, шыпячыя і дрыжачыя. Маюцца адна- й двуфокусныя афрыкаты: c — č, ʒ — ǰ.
Марфалёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Для марфалёгіі ўласьцівыя два роды (мужчынскі ды жаночы, выяўляюцца ў дапасаваньні з азначэньнямі й некаторымі дзеяслоўнымі формамі), два лікі (выражаюцца ў паказчыках ускоснага склону або зборнымі суфіксамі), асаблівая сыстэма зьлічэньня (заснаваная на лічбе 20), асаблівая склонавая сыстэма (ад двух да чатырох склонаў, дапаўняюцца пасьлялогамі), энклітычныя займеньнікі (у прасуне — у прэпазыцыі), спалучэньне флектыўных і аналітычных формаў у дзеяслове, разьвітая сыстэма прэвэрбаў ды іншых прыслоўных часьціцаў з функцыяй прасторавай арыентацыі ў горнай мясцовасьці.
Сынтаксіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Большасьць нурыстанскіх моваў, як і пераважная частка індаіранскіх, маюць у сказе парадак словаў паводле схемы SOV (дзейнік-дапаўненьне-выказьнік). Апрача гэтага, сынтаксісу характэрны эргатыўны або эргатывавідны тып сказу зь пераходным дзеясловам у мінулым часе (акрамя старажытнага імпэрфэкту), і намінатыўны — у цяперашнім часе, як у непераходных ва ўсіх часох.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Упершыню нурыстанскія мовы былі апісаныя ў дасьледчай літаратуры напрыканцы ХІХ ст. Раней рэгіён распаўсюджаньня нурыстанскіх моваў быў вядомы як Кафірыстан (літаральна «краіна няверных»), што было зьвязана з прыняцьцем нурыстанцамі ісламу толькі ў канцы ХІХ ст. у адрозьненьне ад іх суседзяў пуштунаў. Дзякуючы найменьню Кафірыстан мовы, распаўсюджаныя ў рэгіёне, згадваліся ў навуковай літаратуры як кафірскія, але гэты тэрмін саступіў тэрміну нурыстанскія, паколькі па зварачэньні рэгіёну ў іслам ён атрымаў назоў Нурыстан (літаральна «краіна сьвету, веры»).
Нурыстанцы (нурыстанскія народы) здаўна ня мелі агульнае саманазвы з прычыны існаваньня ў асяродзьдзі гэтых народаў архаічнай пляменнай структуры. Агульная самасьвядомасьць засноўвалася на рэлігійных язычніцкіх хаўрусах, а па ўзрастаньні ціску суседніх ісламскіх народаў — дадаткова й на супрацьпастаўленьні сябе мусульманам як ворагам і аб’ектам набегаў.
Існуе прынамсі некалькі поглядаў адносна клясыфікацыі нурыстанскіх моваў датычна іншых моваў індаэўрапейскай сям’і. Прыкладам, нурыстанскія мовы могуць лічыцца асобнай групай у складзе індаіранскай галіны моваў, асобнай галіной у складзе індаэўрапейскай сям’і, падгрупай у складзе геаграфічна блізкай дардзкай групы або аднымі з індаіранскімі мовамі з дардзкім уплывам. У прыватнасьці, існуе пэўная тэндэнцыя ў лінгвістыцы, згодна зь якой нурыстанская група можа лічыцца асобнай ад індаіранскай галіны, у сувязі з чым індаіранскія й нурыстанскія мовы ўтвараюць арыйскую галіну.
Зьвесткі пра фармаваньне й разьвіцьцё нурыстанскай групы, што ўключае ў сябе выключна лякальныя мовы, якія ня мелі пісьмовай традыцыі і не разглядаліся старажытнымі аўтарамі з прычыны іх ізаляцыі, не захаваліся. Гісторыя нурыстанскіх моваў можа быць адноўленая толькі на падставе ўнутранага аналізу саміх моваў ды іхніх арэальных сувязяў. Найбольш адметнымі фанэтычнымі рысамі нурыстанскіх моваў зьяўляюцца:
- Супадзеньне арыйскіх шэрагаў прыдыхальных змычных зь непрыдыхальнымі:
- арыйск. *bh, *dh, *gh, *ǰh > нурыст. *b, *d, *g, *ǰ.
- арыйск. *ph, *th, *kh > нурыст. *p, *t, *k.
- Захаваньне змычнай артыкуляцыі ў агульнаарыйскіх афрыкатах *ć, *j́, *j́h (рэфлексах сатэмізацыі індаэўрапейскіх палятальных *ḱ *ǵ *ǵh) зь пераходам іх у аднафокусныя *с, *ʒ (>*z), а таксама *ḱt > *ćt > *ct > *st.
- Адсутнасьць дзеяньня правіла RUKI пасьля *u (захаваньне s), у адрозьненьне ад уласна індаіранскіх моваў, дзе *us > *uš.
Гэтыя прыкметы сьведчаць пра супрацьпастаўленьне нурыстанскіх іншым арыйскім, а таксама пра тое, што продак нурыстанскіх моваў аддзяліўся ад арыйскае сукупнасьці яшчэ да распаду яе на праіранскую ды праіндаарыйскую.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Morgenstierne, G. Irano-Dardica. — Wiesbaden: 1973.
- ^ Morgenstierne, G. Die Stellung der Kafirsprachen. — Irano-Dardica. — Wiesbaden: Reichert, 1975. — С. 327-343.
- ^ Strand, Richard F. 93 // Notes on the Nûristânî and Dardic Languages. — Journal of the American Oriental Society, 1973. — Т. 1. — С. 297-305.
- ^ Ashkun | Ethnologue
- ^ Kati | Ethnologue
- ^ Tregami | Ethnologue
- ^ Waigali | Ethnologue
- ^ А. Л. Грюнберг. Земиаки язык/диалект. — Языки мира: дардские и нуристанские языки. — М.: Индрик, 1999. — С. 123-125.
- ^ Prasuni | Ethnologue
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эдельман Д. И. (отв. ред.) Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М.: 1999.
- Карл Йеттмар. Религии Гиндукуша (пер. зь ням. на рас.). — М.: Наука, 1986. — 524 с.
- Decker, Kendall D. Languages of Chitral. — 1992.
- Morgenstierne, Georg. Report on a Linguistic Mission to Afghanistan. Instituttet for Sammenlignende Kulturforskning, Serie C I-2. — Oslo: 1926.
- Jettmar, Karl. Religions of the Hindu Kush. — 1985. — ISBN 0-85668-163-6
- James P. Mallory. In Search of the Indo-Europeans: Language, Archaeology and Myth. — Thames and Hudson, 1989.
- James P. Mallory & Douglas Q. Adams. Indo-Iranian Languages. — Encyclopedia of Indo-European Culture. — Fitzroy Dearborn, 1997.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Эдельман Д. И. (отв. ред.) Языки мира: Дардские и нуристанские языки. — М.: 1999., старонкі 98—10 на партале philology.ru
- Нарыс пра нурыстанскія мовы з расейскага лінгвістычнага энцыкляпэдычнага слоўніку (рас.)