Перайсьці да зьместу

Картаген

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Руіны Картагену

Картаген (па-старажытнагрэцку: Καρχηδών Karkhēdōn, па-лацінску: Carthago або Karthago ад фінікійскага Qart-ḥadašt — «новае места») — старажытны горад паўночнай Афрыкі, які існаваў на тэрыторыі сёньняшняга Тунісу ў Тунэзіі. У старажытныя часы Картаген быў сталіцай аднайменнай марской і гандлёвай імпэрыі. Жыхароў Картагену называлі пунамі. Пасьля заняпаду імпэрыі Картаген ператварыўся ў рымскі горад. Сёньня Картаген зьяўляецца адным з прадмесьцяў Тунісу. Месца, на якім у 1979 годзе праводзіліся археалягічныя раскопкі, унесена ў сьпіс Сусьветнай спадчыны і штогод прываблівае да сябе шматлікіх турыстаў.

Картаген ляжыць на ўзьбярэжжы Міжземнага мора ў адлегласьці 10 кілямэтраў на захадзе ад сёньняшняга Тунісу на поўначы Тунэзіі. Дзякуючы свайму прыдатнаму геаграфічнаму месцазнаходжаньню на Сыцылійскай пратоцы Картаген меў магчымасьць моцнага кантролю над марскім гандлем паміж заходнім і ўсходнім, а таксама паміж паўднёвым і заходнім Міжземным морам. Гэта было самай важнай перадумовай далейшай эканамічнай і ваеннай перавагі гораду і яго дамінантнай ролі ў Міжземнамор’і, а таксама значна далей за ягонымі межамі. Картаген ляжаў на скрыжаваньні важнейшых фінікійскіх гандлёвых шляхоў паміж Левантэ і Гібральтарам. Картаген таксама меў выхад да Тырэнскага мора праз Сыцылію.

Сам горад ляжыць на паўвысьпе, якая на захадзе абмежаваная Туніскае затокай, на поўначы — лягунай Сэбкет Арыяна і на поўдні — Туніскім морам, — стратэгічна надзвычай прыдатнае месцазнаходжаньне, якое дазваляла пры неабходнасьці пасьпяхова вытрымліваць абарону з сушы ў выпадку вайны альбо іншай пагрозы. Пагорак Бірза быў цэнтрам пунічнага, а потым таксама і рымскага Картагену. На поўначы, але ўжо за гарадзкой сьцяной, знаходзіўся рэгіён Магара, які выкарыстоўваўся жыхарамі Картагену ў сельскагаспадарчых мэтах.

Картагенская імпэрыя ў III ст. да н. э.

Картаген быў заснаваны ў 8 ці 9 стагодзьдзі да н. э. фінікійскімі каляністамі з гораду Цір. Пасьля заняпаду фінікійскага ўплыву ў Заходнім Міжземнамор’і Картаген паступова падпарадкоўвае сабе былыя фінікійскія калёніі. Да III стагодзьдзя да н. э. горад становіцца найбуйнейшае дзяржавай з залежнымі тэрыторыямі на поўдні Гішпаніі, поўначы Афрыкі, на Сыцыліі, Сардыніі, Корсыцы.

Пасьля некалькіх войнаў супраць Рыму (пунічныя войны) згубіў свае заваёвы ды быў зруйнаваны ў 146 годзе да н. э. Юліюс Цэзар прапанаваў заснаваць на ягоным месцы калёнію. Пасьля заваёвы Паўночнае Афрыкі імпэратарам Бізантыі Юстыніянам, Картаген стаў сталіцай Картагенскага экзархату. Горад канчаткова згубіў сваё значэньне пасьля заваёвы арабамі.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Картагенсховішча мультымэдыйных матэрыялаў