Перайсьці да зьместу

Стараславянская мова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Старажытнамакедонская мова»)
Стараславянская мова
словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ
Ужываецца ў краінах Усходняй Эўропы
Рэгіён Усходняя Эўропа
Клясыфікацыя Індаэўрапейская сям'я
Афіцыйны статус
Афіцыйная мова ў ў некаторых сярэднявечных краінах Усходняй Эўропы (як кніжная)
Рэгулюецца
Статус: 6b Пад пагрозай[d][1]
Пісьмо стараславянская кірыліца[d] і глаголіца
Коды мовы
ISO 639-1 cu
ISO 639-2(Б) chu
ISO 639-2(Т) chu

Ста́раславя́нская мова (саманазва: словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ, літаральна — «славянская мова», трансьл. slověnĭskŭ językŭ) — першая пісьмовая мова славянаў, заснаваная, як мяркуюць, у асноўным на дыялектах тагачасных славянаў, што жылі на тэрыторыі Грэцкай Македоніі. Стандартызацыя мовы прыпісваецца бізантыйскім грэцкім місіянэрам Кірылу і Мятоду, якія пасьля стандартызацыі мовы пачалі выкарыстоўваць яе для перакладу Бібліі ды іншых грэцкіх літургічных дакумэнтаў з мэтаю наступнай за гэтым хрысьціянізацыі славянаў[2].

Мова адыграла заўважную ролю ў гісторыі ўсіх сучасных славянскіх моваў і паслужыла асноваю ды ўзорам для разьвіцьця пазьнейшых традыцыяў царкоўнаславянскае мовы, якую шэраг праваслаўных і каталіцкіх цэркваў дагэтуль выкарыстоўваюць у літургіі. Стараславянская мова зьяўляецца найстарэйшай пісьмова засьведчанай з усіх славянскіх моваў і, такім чынам, аказвае вялікую карысьць для рэканструкцыі праславянскае мовы — агульнай мовы-продку ўсіх славянскіх моваў, якая не зьяўляецца пісьмова задакумэнтаванай. У сваю чаргу, стараславянскую мову ня варта блытаць з праславянскай мовай: дыялекты, што леглі ў аснову стараславянскай мовы, узьніклі пасьля распаду праславянскай мовы.

Стараславянская мова ўзьнікла як стандартызаваная мова для мэтаў місіі двух апосталаў у Вялікую Маравію ў 863 годзе. Для гэтае мэты Кірыл і Мятод пачалі ажыцьцяўляць пераклады рэлігійнай літаратуры на новую мову, заснаваную, як мяркуе большасьць дасьледчыкаў, на тагачасных дыялектах радзімы асьветнікаў — гораду Тэсалёнікі, што на поўначы Грэцыі (заваяванай на той час славянамі)[3]. У рамках падрыхтоўкі да місіі была створаная новая азбука — глаголіца, якой сталі запісвацца пераклады асноўных малітоўных і літургічных кніг (пры гэтым Эвангельле было перакладзена прыкладна ў гэты ж пэрыяд, але невядома наконт дачыненьня да гэтага Кірылы й Мятода). Мова й яе альфабэт вывучаліся ў Вялікамараўскай Акадэміі і выкарыстоўваліся для царкоўных і адміністрацыйных патрэбаў у 863885 гадох. Тэксты гэтага пэрыяду ўтрымліваюць рысы тагачасных славянскіх дыялектаў Вялікае Маравіі. У 885 годзе мова ў краіне была забароненая Папам Рымскім. Вучні апосталаў, будучы выгнанымі з краіны, у 886 годзе прынесьлі глаголіцу ў Баўгарыю.

У Баўгарыі мова пачала выкладацца паводле дзьвюх кніжных школаў: Прэслаўскай і Охрыдзкай[4][5][6]. Глаголіца першапачаткова выкарыстоўвалася ў абедзьвюх школах, але ў Прэслаўскай неўзабаве была вынайдзеная кірыліца, дзе яна прыйшла на замену глаголіцы. Тагачасныя тэксты, напісаныя ў Баўгарыі, маюць характэрныя дыялектныя рысы, уласьцівыя тагачаснаму славянскаму насельніцтву царства. Прыблізна ў гэты ж пэрыяд стараславянская мова пачынае распаўсюджвацца па іншых славянскіх рэгіёнах такіх як Босьнія, Харватыя, Сэрбія, Багемія, Малая Польшча, а таксама княствах Кіеўскае Русі, захаваўшы пры гэтым паўднёваславянскія дыялектныя асаблівасьці. Пазьнейшыя тэксты, напісаныя ў кожнай з гэтых тэрыторыяў, пачалі насычацца рысамі мясцовых славянскіх гаворак той эпохі, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХІ ст. стараславянская мова набыла вялікую колькасьць рэгіянальных варыянтаў. Гэтыя мясцовыя варыянты агулам вядомыя пад імем царкоўнаславянскае мовы[7].

За межамі славянскіх краінаў стараславянская пісьмовая мова выкарыстоўвалася ў якасьці богаслужбовае мовы Румынскае Праваслаўнае Царквы і мовы справаводзтва ў Валахіі і Малдове, але ў XVIXVII стагодзьдзях была замененая мясцовай нацыянальнай мовай — румынскай. Пазьнейшая форма мовы — царкоўнаславянская мова — цягам многіх стагодзьдзяў мела прэстыжны статус сярод усходніх славянаў (асабліва ў Масковіі), выконваючы функцыі, падобныя лаціне ў заходніх славянаў, але маючы перавагу ў выглядзе значна меншага маштабу адрозьненьняў ад народнай мовы. Некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад Баўгарская Праваслаўная Царква, Расейская Праваслаўная Царква, Сэрбская Праваслаўная Царква, Украінская Праваслаўная Царква ды Македонская Праваслаўная Царква дагэтуль выкарыстоўваюць царкоўнаславянскую мову поруч з нацыянальнымі мовамі сваіх дзяржаваў у якасьці моваў набажэнстваў і г. д.

Першапачаткова пісьмовая стараславянская мова выкарыстоўвала для сваіх патрэбаў глаголіцу, але пазьней яна была амаль поўнасьцю выцесьненая кірыліцай, створанай на загад баўгарскага цара Барыса I у ІХ ст.[8]

Лінгвістычная характарыстыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Фанэтыка, фаналёгія

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ніжэй прыведзены гукавы лад, які ў асноўным рэканструюецца для стараславянскай мовы. Гукі прыведзеныя ў спэцыяльнай сыстэме транскрыпцыі (а не IPA). Канкрэтная рэалізацыя кожных з гукаў невядомая з прычыны іх рознага вымаўленьня ў кожным з рэгіёнаў выкарыстаньня мовы.

  • Зычныя:
Лябіяльныя Зубныя Палятальныя Вэлярныя
Выбухныя p b t d k g
Афрыкаты c dz č
Фрыкатывы s z š ž x
Насавыя m n n'
Лятэральныя l l'
Дрыжачыя r r'
Апраксыманты v j
  • Літара щ пазначала розныя гукі, з гэтае прычыны яе гукавае значэньне не ўказанае ў табліцы. У Баўгарыі яна пазначала пасьлядоўнасьць зычных /ʃt/ і праз гэта трансьлітаруецца як št. На захад і поўнач ад краіны літара, імаверна, указвала зычны /c(ː)/ або /tɕ/ на ўзор сучасных македонскай, сэрбскахарвацкай моваў і тарлацкіх дыялектаў;
  • /dz/ паўставала ў раньніх тэкстах, ператварыўшыся пазьней у /z/;
  • Адрозьненьне між цьвёрдымі l, n, r ды іх паляталізаванымі аналягамі l’, n’, r’ на пісьме адлюстроўвалася не заўсёды. У выпадку пазначэньня гэтага адрозьненьня выкарыстоўваўся дыякрытычны знак камора.
  • Галосныя:

Адной зь цікавых асаблівасьцяў стараславянскае мовы было шырокае выкарыстаньне насавых галосных гукаў, якія мова гістарычна ўспадкавала ад больш старажытных формаў славянскага маўленьня. У сучасных славянскіх мовах гэтыя галосныя амаль паўсюдна страчаныя, захаваўшыся толькі ў польскай ды кашубскай мовах, а таксама ў адзінкавых гаворках некаторых заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моваў. Вылучалася наяўнасьць асаблівых звышкароткіх галосных, якія ў сучасных славянскіх мовах паўсюдна страчаныя.

Звычайныя галосныя
Пярэдняга шэрагу
Неагубленыя
Задняга шэрагу
Неагубленыя
Задняга шэрагу
Агубленыя
i y u
ь/ĭ ъ/ŭ
e o
ě a
Насавыя
Пярэдняга шэрагу Задняга шэрагу
ę ǫ
  • Націск у мове не пазначаўся. Ён аднаўляецца дзякуючы зьвесткам сучасных славянскіх моваў і рэканструкцыяў праславянскае мовы;
  • Вымаўленьне яцю (ě) было варыяцыйным у залежнасьці ад рэгіёну. У Баўгарыі ён звычайна ўяўляў сабою галосны ніжняга ўздыму, які рканструюецца як /æ/. На поўнач ад Баўгарыі ягонае вымаўленьне імкнулася да верхняга ўздыму і, такім чынам, пераўтваралася ў /je/ або нават /i/ ў шматлікіх рэгіёнах;
  • Былі звышкароткія галосныя, якія транскрыбуюцца звычайна як ĭ ды ŭ. Гэтыя галосныя былі больш сярэднімі й кароткімі ў адрозьненьне ад іх поўных аналягаў, i ды y/u. Іх зьнікненьне пачалося ў большасьці пазыцыяў у слове і сталі спарадычнымі ўжо найранейшых тэкстах. Мелі тэндэнцыю зьліцьця зь іншымі поўнымі галоснымі, асабліва ĭ з e ды ŭ з o, што, аднак, адрозьнівалася ў залежнасьці ад рэгіёну. ŭ ня варта блытаць з сучасным беларускім лацінскім ŭ, якое пазначае іншы гук — /w/;
  • Дакладная артыкуляцыя насавых галосных невядомая, што тлумачыцца іх зьліцьцём са звычайнымі галоснымі ў розных рэгіёнах. У паўднёваславянскіх мовах ę зьліўся з e або ě, але ў паўднёваславянскіх ëн перайшоў у ja. ǫ агулам зьліўся з u або o, але ў Баўгарыі гэты гук, верагодна, стаў агубленым і зьліўся з ŭ.
  • Фанатактыка:

У стараславянскай мове можна вызначыць некалькі заканамернасьцяў, якія абмяжоўвалі разьмеркаваньне фанэмаў. Гэтыя заканамернасьці ўзьніклі як вынік працэсаў часоў праславянскай мовы такіх як міжскладовы сынгарманізм і правіла адкрытых складоў. Для сьцячэньняў зычных, сьцячэньняў галосных і пасьлядоўнасьцяў галосных ды зычных могуць вызначацца наступныя заканамернасьці[9]:

  • Дзьве суседнія зычныя фанэмы, як правіла, ня маюць аднолькавую артыкуляцыю;
  • Ніводны склад ня сканчваецца на зычную;
  • Кожная лятэральная зычная ўзгадняецца з наступнай паводле аглушэньня або азванчэньня;
  • Вэлярныя зычныя не паўстаюць перад галоснымі пярэдняга шэрагу;
  • Фанэтычна паляталізаваныя зычныя не зьяўляюцца перад пэўнымі галоснымі задняга шэрагу сярэдняга ўздыму;
  • Галосныя задняга шэрагу /y/, /ъ/, а таксама галосныя пярэдняга шэрагу за выняткам /i/ не ўзьнікаюць у пачатку словаў: першыя атрымліваюць пратэтычнае /v/, другія — /j/. Пачатковая /a/ можа атрымаць пратэтычную зычную або не атрымаць яе ўвогуле;
  • Пасьлядоўнасьці галосных засьведчаныя толькі ў адной лексэме (paǫčina «павуціньне»), а таксама ў суфіксах незакончанага трываньня /aa/, /ěa/;
  • На межах марфэмаў могуць узьнікаць наступныя пасьлядоўнасьці галосных: /ai/, /au/, /ao/, /oi/, /ou/, /oo/, /ěi/, /ěo/.
  • Марфафанэмічныя чаргаваньні:

У выніку першай і другой паляталізацыяў вэлярныя зычныя пачалі чаргавацца з зубнымі й палятальнымі. Апрача гэтага, у выніку працэсу, вядомага як ятацыя, вэлярныя й зубныя пачалі чаргавацца з палятальнымі пры словазьмяненьні.

Чаргаваньні вэлярных
першапачатковыя /k/ /g/ /x/ /sk/ /zg/ /sx/
па першай паляталізацыі й ятацыі /č/ /ž/ /š/ /št/ /žd/ /š/
па другой паляталізацыі /c/ /dz/ /s/ /sc/, /st/ /zd/ /sc/
Чаргаваньні іншых зычных
першапачатковыя /b/ /p/ /sp/ /d/ /zd/ /t/ /st/ /z/ /s/ /l/ /sl/ /m/ /n/ /sn/ /zn/ /r/ /tr/ /dr/
па ятацыі /bl'/ /pl'/ /žd/ /žd/ /št/ /št/ /ž/ /š/ /l'/ /šl'/ /ml'/ /n'/ /šn'/ /žn'/ /r'/ /štr'/ /ždr'/

У некаторых формах чаргаваньне /c/ з /č/ ды /dz/ з /ž/ адбывалася ў лексэмах, у якіх адсутнічалі адпаведныя ім вэлярныя. Зубныя пары вэлярных рэгулярна паўставалі перад /ě/, /i/ ў скланеньні й загадным ладзе, трохі радзей — у розных формах пасьля /i/, /ę/, /ь/, /rь/. Палятальныя аналягі вэлярных зьяўляліся перад галоснымі пярэдняга шэрагу ва ўсіх іншых формах у пазыцыях, калі не зьяўляўся зубны аналяг, а таксама ў розных пазыцыях словазьмяненьня й словаўтварэньня (гл. ніжэй)[10].

У выніку ранейшых чаргаваньняў кароткіх і доўгіх галосных у праіндаэўрапейскую, прабалта-славянскую ды праславянскую эпохі і пераўтварэньня галосных у галосныя пярэдняга шэрагу перад паляталізаванымі зычнымі ў стараславянскай мове былі наступныя чаргаваньні (зь вядомых):

/ь/ : /i/; /ъ/ : /y/ : /u/; /e/ : /ě/ : /i/; /o/ : /a/; /o/ : /e/; /ě/ : /a/; /ъ/ : /ь/; /y/ : /i/; /ě/ : /i/; /y/ : /ę/[10].

Часам адбывалася чаргаваньне ∅ (нуль гуку), якое ўзьнікала ў выніку спарадычнае страты слабога еру (назва гуку), што пазьней адбылося амаль ва ўсіх тагачасных славянскіх дыялектах. Фанэтычнае значэньне вакалізаванага моцнага еру залежыць ад дыялекту.

Марфалёгія, сынтаксіс

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Як і праіндаэўрапейская мова, стараславянская мова мела яскрава выражаную флектыўную марфалёгію. Зьмяняльныя формы падзяляліся на імя й дзеясловы, імя, у сваю чаргу, уключала назоўнікі, прыметнікі й займеньнікі. Скланеньне лічэбнікаў адбывалася на ўзор прыметнікавага або займеньнікавага скланеньняў, да таго ж, лічэбнікі 1—4 мелі адрозьненьне паводле граматычнага роду.

Імя адрозьнівалася паводле граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, парны, множны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны, мясцовы). Назоўнік адрозьніваўся таксама паводле пяці граматычных клясаў: з o/jo-коранем, a/ja-коранем, i-коранем, u-коранем і зычным коранем. Формы ўсіх флектыўных парадыгмаў звычайна алюстроўваюць марфафанэмічныя чаргаваньні. Пераход галосных у галосныя пярэдняга шэрагу пасьля палятальнымі й j стварыла дзьве падвойныя флектыўныя клясы — o : jo, a : ja, тады як паляталізацыя ўнутры кораню стала ў сваім родзе сынхроннай (параўн. адз. л. Н. с. vlьkъ «воўк» > адз. л. К. с. vlьče, адз. л. М. с. vlьcě). Прадуктыўныя клясы мелі выгляд o/jo, a/ja ды i-каранёў. Некаторыя ўзоры падобных парадыгмаў прыведзеныя ніжэй:

Адзіночны Парны Множны
Глёса Тып кораню Н.с. К.с. В.с. Р.с. М.с. Д.с. Т.с. Н.с./К.с./В.с. Р.с./М.с. Д.с./Т.с. Н.с./К.с. В.с. Р.с. М.с. Д.с. Т.с.
«места» o м.р. gradъ grade gradъ grada gradě gradu gradomь grada gradu gradoma gradi grady gradъ graděxъ gradomъ grady
«нож» jo м.р. nožь nožu nožь noža noži nožu nožemь noža nožu nožema noži nožę nožь nožixъ nožemъ noži
«воўк» o м.р. vlьkъ vlьče vlьkъ vlьka vlьcě vlьku vlьkomь vlьka vlьku vlьkoma vlьci vlьky vlьkъ vlьcěxъ vlьkomъ vlьky
«віно» o н.р. vino vino vino vina vině vinu vinomь vině vinu vinoma vina vina vinъ viněxъ vinomъ viny
«поле» jo н.р. polje polje polje polja polji polju poljemь polji polju poljema polja polja poljь poljixъ poljemъ polji
«жанчына» a ж.р. žena ženo ženǫ ženy ženě ženě ženojǫ ženě ženu ženama ženy ženy ženъ ženaxъ ženamъ ženami
«душа» ja ж.р. duša duše dušǫ dušę duši duši dušejǫ duši dušu dušama dušę dušę dušь dušaxъ dušamъ dušami
«рука» a ж.р. rǫka rǫko rǫkǫ rǫky rǫcě rǫcě rǫkojǫ rǫcě rǫku rǫkama rǫky rǫky rǫkъ rǫkaxъ rǫkamъ rǫkami
«косьць» i ж.р. kostь kosti kostь kosti kosti kosti kostьjǫ kosti kostьju kostьma kosti kosti kostьjь kostьxъ kostъmъ kostъmi
«дом» u м.р. domъ domu domъ/-a domu domu domovi domъmь domy domovu domъma domove domy domovъ domъxъ domъmъ domъmi

Прыметнікі мужчынскага й ніякага роду скланяліся паводле тыпу o/jo, жаночага — a/ja. Прыметнік мог мець кароткую (няпэўную) і поўную (пэўную) формы, апошняя ўтваралася шляхам даданьня да няпэўнай формы суфіксу анафарычнага займеньніка трэцяй асобы. Сынтэтычнае словаўтварэньне выяўлялася ў цяперашнім, няскончаным часох і аорысьце (від часу), у той час як скончаны час, плюсквампэрфэкт, будучы й умоўны часы й лады ўтвараліся дзякуючы аб’яднаньню дапаможных дзеясловаў зь дзеепрыметнікамі або сынтэтычнымі часавымі формамі. Ніжэй прыведзены ўзор падобных зьменаў на прыкладзе дзеяслову vesti («весьці»).

Асоба, лік Цяперашні Асыгматычны аорыст Сыгматычны аорыст Новы аорыст Няскончаны Загадны
1 ас. адз. л. vedǫ vedъ věsъ vedoxъ veděaxъ
2 ас. адз. л. vedeši vede vede vede veděaše vedi
3 ас. адз. л. vedetъ vede vede vede veděaše vedi
1 ас. п. л. vedevě vedově věsově vedoxově veděaxově veděvě
2 ас. п. л. vedeta vedeta věsta vedosta veděašeta veděta
3 ас. п. л. vedete vedete věste vedoste veděašete
1 ас. мн. л. vedemъ vedomъ věsomъ vedoxomъ veděaxomъ veděmъ
2 ас. мн. л. vedete vedete věste vedoste veděašete veděte
3 ас. мн. л. vedǫtъ vedǫ věsę vedošę veděaxǫ

Захавалася даволі маленькая колькасьць пісьмовых помнікаў стараславянскае мовы, большая частка зь іх складзеная ў Першым Баўгарскім Царстве ў пэрыяд ХХІ стагодзьдзяў. Мова гэтых помнікаў мае паўднёваславянскую аснову зь невялікім дадаткам заходнеславянскіх рысаў, атрыманых як вынік місіі Кірылы й Мятода ў Вялікую Маравію — тэрыторыю, дзе цяпер распаўсюджаныя заходнеславянскія мовы. Адзіны добра захаваны рукапіс мараўскага ізводу стараславянскай мовы, г.зв. Кіеўская Фолія, адзначаецца заменай некаторых паўднёваславянскіх лексычных і фанэтычных характарыстык заходнеславянскімі. У рукапісах Другога Баўгарскага Царства колькасьць заходнеславянскіх рысаў павялічваецца.

Стараславянская мова прадстаўляе сабою цікаўнасьць для гістарычных лінгвістаў з прычыны захаваньня ў ёй архаічных рысаў, якія, як лічацца, у мінулым былі агульнымі для маўленьня славянаў. Некаторыя прыклады гэтых асаблівасьцяў:

  • Наяўнасьць звышкароткіх галосных, г.зв. ераў: /ĭ/, /ŭ/;
  • Наяўнасьць насавых галосных: /ɛ̃/, /ɔ̃/;
  • Ненапружаны ніжні ўздым пры артыкуляцыі яцю (/æ/);
  • Палятальныя зычныя /ɲ/ і /ʎ/ (ад праславянскіх *ň, *ľ);
  • Праславянская склонавая сыстэма на аснове каранёвых канчаткаў, уключна з тымі, якія пазьней зьніклі ў задакумэнтаваных мовах (напрыклад, u-корань);
  • Існаваньне асобнага парнага ліку, адрознага ад адзіночнага й множнага (ягоныя сьляды можна напаткаць у беларускай мове ў якасьці словаў, якія не выкарыстоўваюцца ў адзіночным ліку: порткі, нажніцы і г.д.);
  • Існаваньне аорысту, няскончанага часу, праславянскія парадыгмы для дзеепрыметнікаў (аорыст можна сустрэць у славенскай і лужыцкіх мовах).

У стараславянскай мове таксама захоўвалася надзвычай старажытная сыстэма акцэнтуацыі (сыстэма націску), але яна не выяўлялася ў пісьмовых дакумэнтах. Імаверна, гэтая архаічная сыстэма можа прыблізна захоўвацца ў чакаўскім дыялекце сэрбскахарвацкае мовы.

Стараславянская мова мае паўднёваславянскае паходжаньне. Гэта відаць з наступных крытэраў:

  • Фанэтычныя:
  • Пераход ra > /la/ згодна з мэтатэзай плыўных праславянскіх сьцячэньняў *or, *ol;
  • Пераход праславянскага *xě < *xai ў sě;
  • Пераход праславянскіх *kvě, *gvě < *kvai, *gvai ў cv, (d)zv
  • Марфасынтаксічнае выкарыстаньне прыналежнай формы давальнага склону ў асабістых займеньніках і назоўніках: рѫка ти (rǫka ti, «твая рука»), отъпоущенье грѣхомъ (otŭpuštenĭje grěxomŭ, «прабачэньне грахоў»), пэрыфрастычны будучы час з выкарыстаньнем дзеяслову хотѣти (xotěti, «жадаць»), выкарыстаньне параўнальнай формы мьнии (mĭniji, «менш») у значэньні «маладзейшы».
  • Марфасынтаксічнае выкарыстаньне суфіксальных указальных займеньнікаў тъ, та, то (, ta, to «той», «тая», «тое»). У баўгарскай ды македонскай мовах пераўтварыліся ў суфіксальныя пэўныя артыклі.

Акрамя гэтага, стараславянскую мову шэраг рысаў збліжае непасрэдна з адной з паўднёваславянскіх моваў — баўгарскай.

  • Ненапружаны ніжні ўздым пры артыкуляцыі яцю ([æː]), якая да гэтага часу захоўваецца ў дыялектах Радопскага хрыбта (мяжа Баўгарыі з Грэцыяй);
  • /ʃt/ і /ʒd/ як рэфлексы праславянскіх *ť (< *tj ды *gt, *kt) і *ď (< *dj);
  • Выкарыстаньне прыналежнай формы давальнага склону для асабістых займеньнікаў і назоўнікаў (братъ ми (bratŭ mi, «брат мой»), храмъ молитвѣ (xramŭ molitvě, «храм малітвы»);
  • Выкарыстаньне пэрыфрастычнай аб’яднанай формы будучага часу з удзелам дапаможнага дзеяслову хотѣти (xotěti, «жадаць»): напрыклад, хоштѫ писати — xoštǫ pisati, «я пісацьму».
Праславянская Стараславянская Баўгарская Чэская Македонская Польская Расейская Славацкая Славенская Сэрбскахарвацкая
*dʲ ʒd ʒd z ɟ dz ʑ dz j
*ɡt/kt, *tʲ ʃt ʃt ts c ts ts

Мова была ўпершыню стандартызаваная дзякуючы місіі Кірылы й Мятода ў Вялікую Маравію 863 году. Рукапісы Маравіі лічацца найранейшым ізводам стараславянскай мовы. Ён названы ў гонар свайго паходжаньня, дзяржавы, што існавала ў пэрыяд Х ст. на тэрыторыях сучасных Чэхіі й Славаччыны.

  • Мараўскі ізвод:

У г.зв. Праскіх фрагмэнтах мараўскі ўплыў выяўляўся толькі ў замене /ʃt/ на /ts/ і /ʒd/ на /z/, пра што сьведчыць узор Кіеўскай Фоліі (гл. вышэй). Некаторыя іншыя моўныя асаблівасьці:

  • Блытаніна між вялікім і малым юсамі: замест въсоудъ vъsudъ — въсѫдъ vъsǫdъ;
  • /ts/ з праславянскага *tj, выкарыстаньне /dz/ з *dj, /ʃtʃ/ — з *skj;
  • Выкарыстаньне словаў mьša, cirky, papežь, prěfacija, klepati, piskati і г.д.;
  • Захаваньне старога сьцячэньня зычных /dl/ (напрыклад, modlitvami, параўн. зь бел. «малітвамі»);
  • Выкарыстаньне канчатку -ъmь замест -omь у адзіночным ліку мужчынскім родзе творнага склону, займеньнік čьso.

Першае Баўгарскае Царства

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Стараславянская мова была кадыфікаваная ў Першым Баўгарскім царстве і вывучалася спачатку ў Прэславе (сталіца дзяржавы, 893972 гг.), потым — у Охрыдзе (сталіца 991995, 1015 гг.)[11][12][13]. Гэты варыянт мовы пакуль яшчэ не ўяўляў сабою рэгіянальны дыялект мовы, але быў своеасаблівай прадцечай усходняй падгрупы паўднёваславянскіх моваў, якая, аднак, ня можа быць лякалізаванай[14]. Існаваньне двух асноўных цэнтраў літаратуры царства прывяло да ўзьнікненьня двух ізводаў, баўгарскага й македонскага (ізвод — рэгіянальная вэрсія будзь-якой старой пісьмовай мовы, звычайна тэрмін выкарыстоўваецца адносна славянскіх моваў)[15][16]. Некаторыя лінгвісты, зрэшты, ня робяць адрозьненьняў між двума ізводамі, называючы два ізводы македонска-баўгарскім або проста баўгарскім ізводам[17][18][19].

Некаторыя лінгвісты зьмянялі сваё меркаваньне наконт дадзенага пытаньня: так, амэрыканскі лінгвіст Г. Лунт меркаваў, што адрозьненьні ў першапачатковай стараславянскай мове недастатковыя для сьцьвярджэньня пра існаваньне двух розных ізводаў, македонскага ды баўгарскага. Пазьней ён жа, грунтуючыся палеаграфічных, фаналягічных ды іншых адрозьненьнях, прыйшоў да высновы пра існаваньне двух асобных ізводаў стараславянскай мовы[20].

На думку некаторых дасьледчыкаў разьвіцьцё стараславянскае мовы стала фактарам прадухіленьня асыміляцыі паўднёвых славянаў і фармаваньня асобнай баўгарскай ідэнтычнасьці[21][22].

Пазьнейшае выкарыстаньне стараславянскае мовы ў іншых рэгіёнах прывяло да насычэньня мовы мясцовымі рысамі, але шэраг паўднёваславянскіх рысаў захаваўся. Сярод пазьнейшых ізводаў мовы адзначаюцца славенскі, харвацкі, сэрбскі й расейскі ізводы, але яны адносяцца да пазьнейшай формы мовы — царкоўнаславянскай. Практычна ва ўсіх іх адбылася дэназалізацыя юсаў.

Большая частка заходніх лінгвістаў выкарыстоўвае для пазначэньня мовы тэрмін старацаркоўнаславянская мова або скарачэньне OCS, радзей ужываецца тэрмін старабаўгарская мова. У літаратуры Беларусі й СССР выкарыстоўваецца ў асноўным тэрмін стараславянская мова.

  1. ^ Ethnologue (анг.) — 25, 19 — Dallas, Texas: SIL International, 1951. — ISSN 1946-9675
  2. ^ Dmitrij Cizevskij. Comparative History of Slavic Literatures. — Vanderbilt University Press, 2000. — С. 27.
  3. ^ Florin Curta & Paul Stephenson. Southeastern Europe in the Middle Ages, 500-1250. — Cambridge University Press, 2006. — С. 214.
  4. ^ Glanville Price. Encyclopedia of the Languages of Europe. — Wiley, 2000. — С. 42-43. — 520 с.
  5. ^ Ken Parry. The Blackwell Companion to Eastern Christianity. — John Wiley & Sons, 2010. — С. 50-51. — 528 с.
  6. ^ Jan Olof Rosenqvist. Interaction and Isolation in Late Byzantine Culture. — I. B. Tauris, 2004. — С. 58. — 169 с.
  7. ^ B. Gasparov. Speech, Memory, and Meaning: Intertextuality in Everyday Language. — Walter de Gruyter, 2010. — С. 185. — 309 с.
  8. ^ Horace Gray Lunt. Old Church Slavonic Grammar. — Berlin: 2001. — С. 15.
  9. ^ Huntley (1993, стст. 127—128)
  10. ^ а б Huntley (1993, ст. 133)
  11. ^ Alan W. Ertl. Toward an Understanding of Europe: A Political Economic Précis of Continental Integration. — Universal-Publishers, 2008. — С. 436. — 560 с.
  12. ^ Chris Kostov. Contested Ethnic Identity: The Case of Macedonian Immigrants in Toronto, 1900-1996. — Peter Lang, 2010. — С. 50. — 318 с.
  13. ^ Zdenko Zlatar. The Poetics of Slavdom: Part III: Njegoš. — Peter Lang, 2007. — С. 532-533. — 912 с.
  14. ^ Horace Gray Lunt. Old Church Slavonic Grammar. — Walter de Gruyter, 2001. — С. 1. — 264 с.
  15. ^ A. P. Vlasto. The Entry of the Slavs Into Christendom: An Introduction to the Medieval History of the Slavs. — CUP Archive, 1970. — С. 174-176. — 435 с.
  16. ^ Benjamin W. Fortson. Indo-European Language and Culture: An Introduction. — John Wiley & Sons, 2010. — С. 431. — 568 с.
  17. ^ Henrik Birnbaum, Jaan Puhvel. Ancient Indo-European Dialects: Proceedings. — University of California Press, 1966. — С. 154. — 247 с.
  18. ^ Sussex/Cubberley. The Slavic Languages. — Cambridge University Press, 2006. — С. 64-65. — 638 с.
  19. ^ И. И. Калиганов. Размышления о македонском «срезе» палеоболгаристики // Македония — проблемы истории и культуры. — Институт славяноведения, РАН.
  20. ^ Alexander M. Schenker. American contributions to the Tenth International Congress of Slavists. — Slavica. — Sofia: 1988. — С. 47. — ISBN 0-89357-190-3
  21. ^ Иван Микулчиќ. Средновековни градови и тврдини во Македонија. — Скопје: Македонска академија на науките и уметностите. — С. 72.
  22. ^ R. J. Crampton. "R.+J.+Crampton"&hl=bg&source=gbs_navlinks_s A Short History of Modern Bulgaria. — CUP Archive, 1987. — С. 5. — 221 с.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]