Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2010 году: розьніца паміж вэрсіямі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Змесціва выдалена Змесціва дададзена
Czalex (гутаркі | унёсак)
д правапіс
Няма апісаньня зьменаў
Радок 12: Радок 12:
|Галасоў выбаршчыкаў1 = 5 130 557
|Галасоў выбаршчыкаў1 = 5 130 557
|Адсотак1 = 79,65%
|Адсотак1 = 79,65%
|Выява2 = [[Файл:Andrei Sannikov 01.jpg|100пкс|Андрэй Саньнікаў]]
|Выява2 = [[Файл:Sannikov1.jpg|100пкс|Андрэй Саньнікаў]]
|Кандыдат2 = Андрэй Саньнікаў
|Кандыдат2 = Андрэй Саньнікаў
|Партыя2 = Незалежны кандыдат
|Партыя2 = Незалежны кандыдат

Вэрсія ад 18:03, 17 верасьня 2011

2006
 Сьцяг Беларусі
Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2010 году
19 сьнежня 2010
Аляксандар Лукашэнка Андрэй Саньнікаў
Кандыдат Аляксандар Лукашэнка Андрэй Саньнікаў
Партыя Незалежны кандыдат Незалежны кандыдат
Галасоў выбаршчыкаў 5 130 557 156 419
Адсотак 79,65% 2,43%

Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі 2010 году — чацьвертыя прэзыдэнцкія выбары з часу атрыманьня незалежнасьці ў 1991 годзе. Адбыліся 19 сьнежня 2010 году. Дата правядзеньня была абраная 14 верасьня на сэсіі Палаты прадстаўнікоў 108 дэпутатамі адзінагалосна[1].

У выбарах удзельнічала найбольшая колькасьць кандыдатаў за ўсю іхнюю гісторыю: дзесяць чалавек. Паводле афіцыйных зьвестак, перамогу ў першым туры атрымаў Аляксандар Лукашэнка.

Перадвыбарчае становішча

Выбары адбыліся паводле двойчы зьмененай пасродкам рэфэрэндумаў Канстытуцыі 1994 году. У выніку першага ў 1996 годзе адбылося пашырэньне паўнамоцтваў прэзыдэнта й ператварэньне парлямэнта ў дзьвюхпалатны. У выніку другога ў 2004-ым зьнялі абмежаваньне на колькасьць прэзыдэнцкіх тэрмінаў. Ад часу ўвядзеньня ў 1994 годзе пасаду прэзыдэнта Беларусі займаў Аляксандар Лукашэнка. Лад прэзыдэнцкай рэспублікі даваў яму права на:

  1. роспуск абедзьвюх палатаў парлямэнту;
  2. выданьне дэкрэтаў, якія маюць сілу закона;
  3. прызначньне 6 з 12 судзьдзяў, улучна з старшынёю, ды здыманьне ўсіх судзьдзяў Канстытуцыйнага суду;
  4. прызначэньне ды здыманьне ўсіх судзьдзяў астатніх судоў Беларусі, у тым ліку Вярхоўнага.

Большасьць зь 15 ўлічаных партыяў падтрымлівалі Лукашэнку. Апазыцыя дзейнаму прэзыдэнту ня мела ніводнага прадстаўніка ў складзе абедзьвюх палатаў парлямэнту. Свабода сходаў ды выказ меркаваньняў абмяжоўваліся ўжо больш за дзесяцігодзьдзе. Урад таксама абмяжоўваў дзейнасьць апазыцыйных партыяў ды грамадзкіх аб’яднаньняў. Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь касавала ўлік грамадзкіх аб'яднаньняў, што не адпавядалі патрабаваньню артыкула 272 Грамадзянскага кодэксу аб наяўнасьці юрыдычнага адрасу ў нежылым будынку. Артыкул 193 Крымінальнага кодэксу (КК) прадугледжваў зьняволеньне да 2 год за ўдзел у мерапрыемствах няўлічаных грамадзкіх рухаў.

Прававыя ўмовы

Прэзыдэнт абіраўся на 5 год. Для правядзеньня правамоцных выбараў у адзін тур патрабаваўся ўдзел 50% улучаных у сьпісы выбаршчыкаў ды набор адным з вылучэнцаў больш, як паловы пададзеных галасоў. Унесеныя 4 студзеня 2010 году ў Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь (ВК) папраўкі прадугледжвалі:

  1. паведамленьне вылучэнцамі аб ладжаньні сходаў за 2 дні да правядзеньня;
  2. перадачу абмеркаваньняў між вылучэнцамі праз урадавыя сродкі масавай інфармацыі;
  3. стварэньне прыватных перадвыбарных фондаў;
  4. складаньне пратаколу па сканчэньні кожнага зь 5 дзён датэрміновага галасаваньня;
  5. прынамсі 30% месцаў ва ўчастковых (УВК) ды тэрытарыяльных выбарчых камісіях (ТВК) для прадстаўнікоў партыяў ды грамадзкіх аб'яднаньняў;
  6. аспрэчаньне пастановаў УВК і ТВК у судзе адпаведнага ўзроўню.

Артыкул 4 ВК пазбаўляў права голасу й выбраньня асобаў у дасудовым зьняволеньні. Паводле артыкула 60 ВК раней судзімым грамадзянам забаранялася вылучацца ў прэзыдэнты. УВК не абавязваліся падлічваць галасы ўслых ды паказваць бюлетэні назіральнікам. ВК не вымагаў выданьня папярэдніх ды канчатковых вынікаў выбараў з разьбіўкаю да ўчасткаў.

Падрыхтоўка

Запрашэньне на выбары

Выбары ладзілі выбарчыя камісіі: цэнтральная (ЦВК), 155 тэрытарыяльных і 6390 ўчастковых. 45 выбарчых участкаў працавала пры дыпляматычных прадстаўніцтвах Беларусі за мяжой.

ЦВК працавала на сталай аснове ды складалася з 12 асобаў, першую палову зь якіх прызначыў Лукашэнка, другую — ускосна абіраемы Савет Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў камісіі складаў 5 год ды ў тагачасным складзе сканчаўся ў 2012 годзе, аднак прэзыдэнт мог распусьціць яе датэрмінова. На пасяджэньні 9 лістапада ЦВК выказала падтрымку дзейнаму прэзыдэнту ды падчас выбараў бараніла ягоныя зацікаўленасьці[2]. Кожнаму ўлічанаму вылучэнцу далі права прызначыць свайго прадстаўніка з дарадчым голасам для ўдзелу ў пасяджэньнях ЦВК. Ім дазвалялася знаёміцца з дакумэнтамі камісіі. Пастановы аб тэхнічных баках падрыхтоўкі выбараў на сайце ЦВК не публікаваліся.

Пры прызначэньні складу ТВК мясцовыя ўлады вылучылі:

  1. 44% месцаў прадстаўнікам грамадзкіх аб’яднаньняў;
  2. 6% — прадстаўнікам партыяў.

З 781 вылучэнца ад пралукашэнкаўскіх згуртаваньняў у склад ТВК дапусьцілі 729 (93%). З 72 апазыцыйных — 14 (20%), якія склалі 0,7% ад агульнай колькасьці чальцоў ТВК. Чыноўнікі складалі большасьць у ТВК ды кіравалі іх працаю. З 25'492 вылучэнцаў ад пралукашэнкаўскіх згуртаваньняў у склад УВК дапусьцілі 23'689 (93%). З 1'073 вылучэнцаў ад апазыцыйных — 183 (17%), якія склалі 0,26% ад агульнай колькасьці чальцоў УВК.

Улік выбаршчыкаў

Зводнага сьпісу выбаршчыкаў на ўзроўні вышэйшым за ўчастак не існавала, як і папярэджаньня шматразовых уліку выбаршчыкаў ды галасаваньня. УВК выдалі сьпісы выбаршчыкаў 3 сьнежня.

Улік вылучэнцаў

Правам вылучэньня на пасаду прэзыдэнта валодалі старэйшыя за 35 год грамадзяне, якія стала пражывалі ў краіне прынамсі 10 год перад выбарамі. Вылучэньне праводзілася ініцыятыўнымі групамі колькасьцю ня менш як у 100 выбаршчыкаў шляхам збору 100 тысячаў подпісаў. Партыям не дазвалялася мець вылучэнцаў. ТВК не дазвалялі назіраньня за праверкаю сапраўднасьці пададзеных за вылучэнцаў подпісаў, якую праводзілі цягам 10 дзён. ЦВК адмовіла ва ўліку Уладзімеру Правальскаму на падставе колькасьці несапраўдных подпісаў. 18 лістапада ўлік прайшлі 10 вылучэнцаў.

Прэтэндэнт Пасада Ініцыятыўная група Подпісы за вылучэньне, тыс.
Колькасьць, чал.[3] Кіраўнік Здадзена[4] Прынята[5]
Дзьмітры Вус[6] Дырэктар ТДА «Трывіюм» 1354 Уладзімер Калганаў[3] 110 753 104 102
Рыгор Кастусёў Намесьнік генэральнага дырэктара ТАА «Асьвейская будаўнічая кампанія» 1306 Аляксей Янукевіч[3] 107 083 100 870
Аляксандар Лукашэнка Прэзыдэнт Беларусі 8403 Аляксандар Радзькоў[3] 1 113 014 1 110 149
Алесь Міхалевіч Юрысконсульт ПУП «Агенцтва перакладаў і юрыдычных паслуг Міхалевіча» 1795 Юрась Меляшкевіч[7] 120 531 111 699
Уладзімер Някляеў Выканаўчы дырэктар грамадзкага аб’яднаньня «Клопат» 3271 Андрэй Дзьмітрыеў[3] 193 829 180 073
Яраслаў Раманчук Выканаўчы дырэктар аналітычнага цэнтру «Стратэгія» 1461 Анатоль Паўлаў[3] 128 699 123 206
Віталь Рымашэўскі Намесьнік старшыні РГА «Хрысьціянская дзелавая ініцыятыва» 1700 Павал Севярынец[8] 105 318 102 817
Андрэй Саньнікаў Палітычны аглядальнік газэты «Народная воля» 2003 Уладзімер Кобец[9] 150 168 142 023
Мікалай Статкевіч Пэнсіянэр 1547 Мікалай Статкевіч[10] 117 989 111 159
Віктар Цярэшчанка Старшыня Савету Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва 1301 Уладзімер Гурын[11] 122 520 109 012
Выбылыя ўдзельнікі
Прэтэндэнт Ініцыятыўная група Падстава
Колькасьць, чал. Кіраўнік
Пётар Барысаў 110 Сьвятлана Супрун Адмовіўся ад удзелу ў выбарах на карысьць Віталя Рымашэўскага[12]
Сяргей Гайдукевіч 10 443 Анатоль Хішчанка Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[13]
Юры Глушакоў 244 Дзьмітры Кучук
Ільля Дабратвор 1 Ільля Дабратвор Недастатковая колькасьць чальцоў ініцыятыўнай групы; узрост < 35 гадоў[14]
Сяргей Іваноў 129 Екацярына Целеш Не здаваў подпісы[15]
Іван Кулікоў 107 Валер Лемешаў Не здаваў подпісы[15]
Уладзімер Правальскі 187 Алег Правальскі
Сяргей Рыжоў 123 Данііл Гітцовіч Адмовіўся ад удзелу ў выбарах[16]
Натальля Старыкава 30 Сяргей Кротаў Недастатковая колькасьць чальцоў ініцыятыўнай групы[14]

Перадвыбарчае агітаваньне

Усе вылучэнцы ладзілі сходы, сустрэчы з выбаршчыкамі ды абходы дамоў. Кастусёў, Някляеў, Раманчук, Саньнікаў і Статкевіч сутыкаліся з адмовамі друкарняў прымаць замовы на выданьне ўлётак па прычыне ціску з боку Камітэту дзяржаўнае бясьпекі. Агітавальнікі за Някляева, Раманчука, Рымашэўскага й Саньнікава падвяргаліся перасьледу з боку міліцыі. 24 лістапада ў Менску падчас распаўсюду ўлётак быў зьбіты агітавальнік Саньнікава. 8 сьнежня міліцыя канфіскавала ўлёткі Статкевіча. Цягам агітаваньня ЦВК вынесла папярэджаньні Рымашэўскаму й Статкевічу, Генэральная пракутарура — Някляеву, Саньнікаву, Раманчуку, Рымашэўскаму й Статкевічу. Найбольш агітацыйных мерапрыемстваў правялі Някляеў і Саннікаў.

Асноўным перадвыбарчым мерапрыемствам стаўся 4-ы Ўсебеларускі народны сход з удзелам Лукашэнкі. Яго дэлегаты атрымалі за ўдзел бытавую тэхніку. Па-за сталіцаю агітаваньне за Лукашэнку праводзілася аб’яднаньнем «Белая Русь», што выкарыстоўвала будынкі мясцовых органаў улады ў якасьці выбарчых штабоў. Супрацоўнікі Адміністрацыі прэзыдэнта ўваходзілі ў склад мясцовых агітавальных камандаў Лукашэнкі. Кіраўнікі ідэалягічных аддзелаў урадавых прадпрыемстваў у Гарадзенскай, Магілёўскай і Менскай абласьцях схілялі супрацоўнікаў да наведваньня агітацыйных мерапрыемстваў Лукашэнкі ў абмен на аплачаны непрацоўны час, як і да датэрміновага галасаваньня за яго.

Значныя сродкі ў свае перадвыбарчыя фонды ад грамадзянаў і юрыдычных асобаў прыцягнулі Лукашэнка, Някляеў і Саньнікаў. Кожны вылучэнец таксама атрымаў на друк улётак па 2300 «базавых адзінак» грошай (каля 19 500 эўра). Артыкул 48 ВК абмяжоўваў асабістыя выдаткі вылучэнцаў на перадвыбарчыя мерапрыемствы 50 «базавымі адзінкамі» (прыблізна 420€), паступленьні ад грамадзянаў — 10-цю (прыблізна 85€), ад юрыдычных асобаў — 30-цю (прыблізна 255€). Выдаткі вылучэнца са сродкаў асабістага перадвыбарчага фонду не маглі перавышаць 3000 «базавых адзінак» (прыблізна 25 300 €).

Вяшчаньне

У краіне дзейнічала 77 тэлевізійных станцыяў, 9 інфармацыйных агенцваў і больш за 1300 друкаваных выданьняў. Аднак дзяржава кіравала агульнакраёвымі вяшчальнымі прадпрыемствамі ды сеткамі распаўсюду друкаваных выданьняў. Закон аб СМІ, што набыў моц у лютым 2009 году, абмяжоўваў правы на атрыманьне, захоўваньне й распаўсюд зьвестак. Артыкулы 367 і 368 КК прадугледжвалі зьняволеньне да 5 год за паклёп, зьняслаўленьне ды абразу кіраўніка дзяржавы. Рашэньне ЦВК №82 ад 14 кастрычніка 2010 году аб асьвятленьні выбараў СМІ надавала вылучэнцам па гадзіне бясплатнага этэрнага часу й па 5 друкаваных палосаў (аркуш А3) у 4 агульнакраёвых ды 7 мясцовых газэтах. Упершыню з 1994 году ў прамым этэры між вылучэнцамі, аднак без удзелу Лукашэнкі, праводзілася два абмеркаваньні — адно па тэлебачаньні, другое на радыё.

У час вечаровых навінаў 6 й 7 сьнежня «АНТ», «Першы нацыянальны тэлеканал» і «Сталічнае тэлебачаньне» ў прамым этэры перадавалі трохгадзінны выступ Лукашэнкі на 4-ым Усебеларускім народным сходзе. Зварот Лукашэнкі разьмясьцілі на першай старонцы газэтаў, тады як іншых вылучэнцаў — на ўнутраных старонках, што пярэчыла артыкулу 46 ВК. Рэдактары дамагаліся цэнзуры зваротаў апазыцыйных вылучэнцаў. 22 лістапада Някляеў зьвярнуўся ў ЦВК з нагоды перадузятасьці ўрадавага вяшчаньня на карысьць Лукашэнкі. Аднак ЦВК заявіла, што артыкул 25 Закона аб прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь ад 21 лютага 1995 году дае яму на гэта права.

Скаргі

Да дня выбараў у суды паступіла 105 скаргаў на спосаб утварэньня ЎВК і ТВК мясцовымі органамі ўлады. Суды адхілілі ўсе скаргі без права далейшага абскарджаньня іх пастановаў у вышэйшых судах. Заканадаўства не прадугледжавала абскарджаньне вынікаў выбараў у судзе. Да выбараў ЦВК атрымала 421 скаргу, усе зь якіх адхіліла без належнага юрыдычнага тлумачэньня. Толькі 5 справаў разглядаліся не аднаасобна старшынёю ды сакратаром камісіі. Вярхоўны суд адхіліў скаргу на адмову ЦВК ва ўліку вылучэньня Правальскага.

ЦВК адхіліла без разгляду ўсе скаргі пададзеныя ў дзень выбараў. 22 сьнежня Кастусёў зьвярнуўся ў ЦВК для аспрэчаньня вынікаў выбараў[17]. 24 сьнежня ЦВК адхіліла ягоны зварот. 3 студзеня 2011 году Кастусёў падаў скаргу на адмову ЦВК у Вярхоўны суд, якую той адхіліў 6 студзеня на падставе непадсуднасьці пастановы ЦВК. 10 студзеня Беларускі Хэльсынскі камітэт таксама падаў у Вярхоўны суд пазоў аб аспрэчваньні вынікаў выбараў, які той зноў адхіліў па тоеснай прычыне.

Назіраньне

Закон не прадугледжваў права назіральнікаў на атрыманьне засьведчаных копіяў пратаколаў з вынікамі галасаваньня, як і назіраньня за праверкаю сьпісаў подпісаў ініцыятыўных групаў, перадачаю пратаколаў з УВК у ТВК ды абагульненьнем вынікаў у ТВК. УВК і ТВК улічылі 36'096 мясцовых назіральнікаў. 20'715 (57%) зь іх прадстаўлялі пралукашэнкаўскія аб’яднаньні — Фэдэрацыю прафсаюзаў Беларусі, Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі, «Белую Русь», Беларускае грамадзкае аб'яднаньне ветэранаў і Беларускі саюз жанчынаў. «Праваабаронцы за свабодныя выбары» мелі 600 назіральнікаў. ЦВК акрэдытавала 1031 замежнага назіральніка. 452 (44%) зь іх прыцягнула Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе (АБСЭ). Назіральнікі ад АБСЭ здолелі правесьці назіраньне за апрацоўкаю вынікаў выбараў на 138 (89%) з 155 ТВК[18].

Галасаваньне й падлік галасоў

Паводле ЦВК у 5-дзённым датэрміновым галасаваньні брала ўдзел 23,1% выбаршыкаў. ЦВК аднагалосна адхіліла патрабаваньне пяці вылучэнцаў у прэзыдэнты аб допуску назіральнікаў на выбарчыя ўчасткі ўначы для назіраньня разам з прызначанай міліцэйскай аховай. Асобнае абвяшчэньне вынікаў падліку галасоў па перанасной і стацыянарнай скрынях ды скрыні для датэрміновага галасаваньня ажыцьцяўлялася менш як на палове ўчасткаў. ЦВК не апублікавала вынікі выбараў з разьбіўкай па ўчастках.


Вынікі

Паводле ЦВК у выбарах прыняў удзел 6 433 681 выбарнік (90,72%). Паводле афіцыйных зьвестак галасы разьмеркаваліся наступным чынам[19]:

Берасьцейская вобласьць Віцебская вобласьць Гарадзенская вобласьць Гомельская вобласьць Магілёўская вобласьць Менск Менская вобласьць Усяго
Вус 1,07% 0,44% 0,30% 0,33% 0,27% 0,61% 0,28% 0,48%
Кастусёў 1,44% 1,66% 1,03% 2,94% 0,93% 3,49% 1,56% 1,97%
Лукашэнка 81,52% 82,50% 81,37% 82,31% 84,98% 67,64% 80,67% 79,67%
Міхалевіч 1,24% 0,96% 0,85% 0,72% 0,78% 1,43% 1,03% 1,02%
Някляеў 1,57% 1,75% 1,89% 0,91% 1,87% 3,13% 1,20% 1,77%
Раманчук 1,88% 1,57% 2,91% 0,92% 1,47% 3,34% 1,71% 1,97%
Рымашэўскі 1,36% 1,12% 1,26% 0,76%' 0,92% 1,35% 0,90% 1,10%
Саньнікаў 2,74% 3,06% 4,07% 0,98% 2,66% 3,38% 1,50% 2,56%
Статкевіч 1,02% 1,02% 0,94% 0,68% 0,93% 1,69% 0,91% 1,04%
Цярэшчанка 0,48% 1,13% 1,19% 0,65% 1,09% 1,85% 1,13% 1,08%
Супраць усіх 4,83% 4,04% 3,50% 8,12% 3,30% 11,12% 7,90% 6,47%

Каляндар выбараў

15 верасьня 2010 году на пасяджэньні Цэнтарвыбаркаму быў прыняты асноўны пакет дакумэнтаў, якія тычацца правядзеньня прэзыдэнцкіх выбараў[20]. Каляндарны плян па днях расьпісвае кожную фазу хады выбарчай кампаніі.

  • Да 25 верасьня: прадастаўленьне сьпісу сябраў ініцыятыўнай групы па зборы подпісаў за кандыдата ў прэзыдэнты
  • Да 30 верасьня: фармаваньне абласных, гарадзкіх, раённых выбарчых камісіяў; рэгістрацыя ініцыятыўных групаў кандыдатаў
  • Да 4 лістапада: фармаваньне ўчастковых выбарчых камісіяў
  • Да 30 кастрычніка: здача падпісных лістоў
  • Да 9 лістапада: праверка сапраўднасьці подпісаў
  • З 15 па 24 лістапада: рэгістрацыя кандыдатаў
  • З 4 сьнежня: абнародаваньне сьпісаў выбарцаў[21]
  • 1418 сьнежня: датэрміновае галасаваньне[22]
  • 19 сьнежня: галасаваньне

Хада кампаніі

14 верасьня 2010 году на пазачарговай сэсіі Палаты прадстаўнікоў адзінагалосна была прынятая пастанова аб правядзеньні выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь 19 сьнежня 2010 году[23]. Паводле словаў старшыні парлямэнцкай камісіі па дзяржаўным будаўніцтве, мясцовым самакіраваньні і рэглямэнце Васіля Байкова, пры вызначэньні даты выбараў зыходзілі з таго, каб забясьпечыць максымальны ўдзел грамадзянаў у выбарчай кампаніі і «з пачатку наступнага году прыступіць да выкананьня найважнейшых сацыяльна-эканамічных задачаў»[24]. Раней плянаваныя магчымыя даты выбараў у пачатку 2011 году былі адкінутыя, па словах старшыні профільнае камісіі, з прычыны «ня самага зручнага часу як пары́, насычанай сьвецкімі і рэлігійнымі сьвятамі».

Паводле іншага меркаваньня, дата 19 сьнежня нязручная з прычыны таго, што другі тур выбараў у такім выпадку будзе прыпадаць на 26 сьнежня або 2 студзеня[25]. Абодва дні акурат прыпадаюць на «пару́, насычаную сьвецкімі і рэлігійнымі сьвятамі».

16 верасьня:

30 верасьня:

  • Пачаўся збор подпісаў у падтрымку вылучэньня кандыдатаў у прэзыдэнты Беларусі.

18 лістапада:

6 сьнежня: Адбыліся першыя пасьля выбараў 1994 году тэледэбаты ў жывым этэры з удзелам 9 кандыдатаў у прэзыдэнты (акрамя Лукашэнкі).

14—18 сьнежня:

  • У датэрміновым галасаваньні прынялі ўдзел 23,1% выбарцаў[28].

Праваабаронцы заявілі аб масавых парушэньнях падчас выбарчай кампаніі. Сярод найбольш распаўсюджаных правапарушэньняў — прымус да датэрміновага галасаваньня і перашкоды працы незалежных назіральнікаў. Ад назіральнікаў кампаніі «За справядлівыя выбары» ў цэнтральную выбарчую камісію было даслана ля 270 скаргаў. Уладзімер Някляеў і Андрэй Саньнікаў паведамілі, што гатовы прадаставіць замежным назіральнікам доказы фальсыфікацыі прэзідэнцкіх выбараў, і чарговы раз запрасілі сваіх прыхільнікаў сабрацца 19 сьнежня а 20:00 на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.

19 сьнежня:

Галасаваньне ў асноўны дзень выбараў ладзілася з 8 да 20 гадзінаў. Працавалі 6390 выбарчых участкаў, у тым ліку 44 за мяжой[29]. За выбарамі сачылі больш за тысячу міжнародных і звыш 27 тысячаў унутраных назіральнікаў.

Па стане на 14:00 удзел у выбарах прынялі 65,2% выбарцаў, што азначала, што выбары адбыліся.

А 15-й гадзіне па Беларускім тэлебачаньні былі абвешчаныя вынікі экзыт-полу, зладжанага аналітычным цэнтар «EcooM». Паводле ягоных вынікаў, за Лукашэнку прагаласавалі 83% апытаных. Паводле аналягічнага апытаньня расейскага Агенцтва эфэктыўных камунікацыяў «Inside», на 14 гадзінаў за Аляксандра Лукашэнку прагаласавалі 37,8%[30].

У другой палове дня сталі зьяўляцца паведамленьні пра блякаваньне на тэрыторыі Беларусі навінасных сайтаў незалежных СМІ: «Хартыі-97»[31], «Салідарнасьці» (праз ананімайзэры адчыняліся), GMail, сацыяльных сетак Facebook, Twitter і LiveJournal; тэлефонаў журналістаў і праваабаронцаў, якія займаюцца назіраньнем на выбарчых участках[32]. Упершыню былі створаныя сайты-фальшыўкі беларускіх інтэрнэт-СМІ ў дамэне .in[33]. Іхнія IP-адрэсы належаць кампаніі «Белпак»[34].

Падзеі пасьля выбараў

Асноўны артыкул: Падзеі ў Беларусі пасьля прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году

Яшчэ напярэдадні выбараў Някляеў, Рымашэўскі, Саньнікаў ды Статкевіч заклікалі сваіх прыхільнікаў да сходу на Кастрычніцкай плошчы Менску 19 сьнежня. Да яе былі сьцягнутыя ўзмоцненыя сілы міліцыі. Яшчэ да пачатку збору, а палове на восьмую, невядомымі ў чорным быў зьдзейсьнены напад на калёну Ўладзімера Някляева. Падчас зьбіцьця Ўладзімер Някляеў страціў прытомнасьць, яго забрала «хуткая дапамога»[35]. Зь лякарні яго пазьней вывезьлі супрацоўнікі КДБ.

Усе астатнія вылучэнцы а 20-ай гадзіне за выключэньнем Лукашэнкі далучыліся да сваіх прыхільнікаў на плошчы. Праз гадзіну 5 вылучэнцаў узялі ўдзел у шэсьці да плошчы Незалежнасьці, дзе месьціцца парлямэнт і ЦВК. Там быў зладжаны мітынг і спроба дамагчыся перамоваў з урадам. Міліцыя без разбору зьбівала асобаў, якія спрабавалі ўзламаць дзьверы Дома ўраду, і мірных удзельнікаў шэсьця, што прывяло да нанясеньня некалькім дэманстрантам чэрапна-мазгавых траўмаў ды пакіданьня плошчы большасьцю ўдзельнікаў шэсьця. Каля 5 тысячаў зь іх засталіся разам з Саньнікавым і Рымашэўскім. Апоўначы пасьля спробаў арганізатараў мітынгу выклікаць на перамовы кіраўніцтва сілавых структураў сотні міліцыянтаў разагналі й іх. Яны затрымалі Кастусёва, Міхалевіча, Някляева, Рымашэўскага, Саньнікава, Статкевіча ды Вуса[36][37], кіраўнікоў іх штабоў ды давераных асобаў, некалькі сотняў прыхільнікаў, таксама шэраг журналістаў ды замежных грамадзянаў.

20 сьнежня Лукашэнка паведаміў аб арышце 639 асобаў і пацьвердзіў, што вылучэнцаў у прэзыдэнты дапытвалі ў месцах зьняволеньня КДБ[38]. 29 сьнежня Някляева, Рымашэўскага, Саньнікава й Статкевіча абвінавацілі ў ладжаньні недазволенага грамадзкага мерапрыемства, што паводле артыкула 293 КК прадугледжвала зьняволеньне ад 5 да 15 год. 17 лютага ўдзельніка кампаніі Някляева выраклі на 4 гады зьняволеньня. Большасьць арыштаваных суды выракалі на выплату спагнаньняў да 30 «базавых адзінак» (каля 265 эўра) ды 15-дзённага зьняволеньня. 31 сьнежня Міністэрства замежных справаў паведаміла аб спыне паўнамоцтваў прадстаўніцтва АБСЭ ў Менску па прычыне нежаданьня ўраду іх працягваць. 21 студзеня Лукашэнку прывялі да чацьвёртай прэзыдэнцкай прысягі.

Крыніцы і заўвагі

  1. ^ Выбары прэзыдэнта адбудуцца 19 сьнежня. Польскае радыё для замежжа (14 верасьня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  2. ^ Зьміцер Лукашук (18 студзеня 2011) Ярмошына: Я — член каманды прэзыдэнта Рэпартажы. Эўрапейскае радыё для БеларусіПраверана 25 красавіка 2011 г.
  3. ^ а б в г д е Зьвесткі аб уліку ініцыятыўных групаў выбаршчыкаў па вылучэньню кандыдатаў (рас.) (pdf) Прэзыдэнцкія выбары 2010 году. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі БеларусьПраверана 23 красавіка 2011 г.
  4. ^ Зьвесткі аб колькасьці подпісаў выбаршчыкаў у падпісных аркушах, здадзеных у тэрытарыяльныя камісіі (рас.) (pdf) Прэзыдэнцкія выбары 2010 году. Цэнтральная выбарчая камісія БеларусіПраверана 23 красавіка 2011 г.
  5. ^ Зьвесткі аб устанаўленьні колькасьці выбаршчыкаў, якія паставілі подпісы ў падтрымку прапановы аб вылучэньні кандыдатаў (рас.) (pdf) Прэзыдэнцкія выбары 2010 году. ЦВК Беларусі. Праверана 23 красавіка 2011 г.
  6. ^ 19 кандыдатаў просяцца на старт Палітыка. Радыё «Свабода» (24 верасьня 2010). Праверана 24 верасьня 2010 г.
  7. ^ Зьміцер Панкавец (23 верасьня 2010) Кіраўніком ініцыятыўнай групы Міхалевіча стаў Юрась Меляшкевіч. Наша НіваПраверана 23 красавіка 2011 г.
  8. ^ Рымашэўскі зарэгіструе ініцыятыўную групу заўтра (рас.) Палітыка. Беларускі партызан (23 верасьня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  9. ^ Валер Каліноўскі (22 верасьня 2010) Уладзімер Кобец стаў кіраўніком ініцыятыўнай групы Саньнікава Людзі і выбары. Радыё «Свабода»Праверана 23 красавіка 2011 г.
  10. ^ Уладзімер Глод (22 верасьня 2010) У рэзэрве ў Статкевіча — ён сам Палітыка. Радыё «Свабода». Праверана 23 красавіка 2011 г.
  11. ^ Ганна Соўсь (21 верасьня 2010) В.Цярэшчанка: ёсьць людзі, якія павінны павесьці Беларусь наперад Людзі і выбары. Радыё «Свабода». Праверана 23 красавіка 2011 г.
  12. ^ Барысаў зьняў сваю кандыдатуру на карысьць Рымашэўскага Выбары. Telegraf.by (7 кастрычніка 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  13. ^ Гайдукевіч зняўся з выбараў (Абноўлена) Палітыка. Хартыя’97 (8 кастрычніка 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  14. ^ а б ЦВК узялася за ініцыятыўныя групы Палітыка. Радыё «Свабода» (27 верасьня). Праверана 27 верасьня 2010 г.
  15. ^ а б Зьміцер Панкавец (30 кастрычніка 2010) Адзінаццаць кандыдатаў падалі ў выбаркамы больш 100 тысяч подпісаў. Наша Ніва. Праверана 23 красавіка 2011 г.
  16. ^ Сяргей Пульша (21 кастрычніка 2010) Сяргей Рыжоў спыняе свой удзел у выбарчай кампаніі Палітыка. БелаПАНПраверана 23 красавіка 2011 г.
  17. ^ Сяргей Каралевіч (22 сьнежня 2010) Рыгор Кастусёў перадаў у ЦВК скаргу з патрабаваньнем прызнаць вынікі прэзыдэнцкіх выбараў несапраўднымі Палітыка. БелаПАН. Праверана 23 красавіка 2011 г.
  18. ^ Канчатковая справаздача Місіі БДІПЧ па назіраньні за прэзыдэнцкімі выбарамі ў Беларусі 19 сьнежня 2010 г. (pdf). Арганізацыя па бясьпецы й супрацы ў Эўропе (22 лютага 2011). Праверана 25 красавіка 2011 г.
  19. ^ Папярэднія зьвесткі аб выніках галасаваньня (рас.) (pdf) Прэзыдэнцкія выбары 2010 году. ЦВК Беларусі. Праверана 23 красавіка 2011 г.
  20. ^ Зоя Варанцова (16 верасьня 2010) Плацдарм падрыхтаваны Выбары-2010. Звязда, №181 (26789). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  21. ^ Каляндар выбараў. Радыё «Свабода» (14 верасьня 2010). Праверана 18 верасьня 2010 г.
  22. ^ Барацьба за крэсла прэзідэнта Беларусі сярод беспрацоўных абвастраецца (рас.). Інтэрфакс-Захад (24 верасьня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  23. ^ Пастанова Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь «Аб назначэнні выбараў прэзідэнта Рэспублікі Беларусь» №412-П4/У ад 14 верасьня 2010. Звязда, №180 (26788) (15 верасьня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  24. ^ «Аптымальны варыянт». Парляманцкі дзёньнік // «Звязда» №180 (26788) 15 верасьня 2010
  25. ^ Алесь Пілецкі (14 верасьня 2010) Выбары прызначаныя на Міколу. «Наша Ніва». Праверана 19 верасьня 2010 г.
  26. ^ Прэзыдэнцкія выбары ў Беларусі пройдуць «пад каўпаком» міжнародных назіральнікаў (рас.). Беларускае тэлеграфнае агенцтва (16 верасьня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  27. ^ Паведамленьне аб уліку вылучэнцаў (рас.) (pdf) Прэзыдэнцкія выбары 2010 году. Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь. Праверана 23 красавіка 2011 г.
  28. ^ Датэрмінова змусілі 23,1%. Наша Ніва (19 сьнежня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  29. ^ У Беларусі сёння пачаліся прэзідэнцкія выбары Выбары-2010. Афіцыйная бачына Рэспублікі Беларусь (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  30. ^ Экзыт-полы: ЭКООМ - за Лукашэнку 72,3 працэнты, INSIDE - 37,8 (рас.) Палітыка. Радыё «Свабода» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  31. ^ Сайт charter97.org заблокирован (рас.) Палітыка. «Хартыя-97» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  32. ^ У правозащитников и журналистов заблокированы телефоны (рас.) Палітыка. «Хартыя-97» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  33. ^ Созданы фальшивые сайты белорусских интернет-СМИ в домене .in (рас.) Палітыка. «Хартыя-97» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  34. ^ Беларусь у інфармацыйнай аблозе Палітыка. Радыё «Свабода» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  35. ^ Невядомыя ў чорным зьбілі някляеўцаў. Някляева забрала хуткая дапамога Палітыка. Радыё «Свабода» (19 сьнежня 2010). Праверана 25 сьнежня 2010 г.
  36. ^ Плошча 2010 Палітыка. Радыё «Свабода» (19—20 сьнежня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  37. ^ Затрыманыя кандыдаты ў прэзыдэнты Алесь Міхалевіч і Дзьмітры Вус Выбары прэзыдэнта 2010. Праваабарончы цэнтар «Вясна» (20 сьнежня 2010). Праверана 23 красавіка 2011 г.
  38. ^ 20 сьнежня Аляксандр Лукашэнка правёў прэс-канфэрэнцыю для прадстаўнікоў айчынных і замежных СМІ. Прэс-служба прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь (20 сьнежня 2010). Праверана 10 траўня 2011 г.

Вонкавыя спасылкі