Цэнтральная выбарчая камісія Рэспублікі Беларусь
Каардынаты: 53°53′45″ пн. ш. 27°32′42″ у. д. / 53.89583° пн. ш. 27.545° у. д.
Цэнтральная выбарчая камісія Беларусі | |
Абрэвіятура | ЦВК РБ |
---|---|
Папярэднік | Цэнтральная камісія па выбарах народных дэпутатаў Беларускай ССР |
Дата ўтварэньня | 25 жніўня 1991 (33 гады таму) |
Тып | выканаўчая |
Юрыдычны статус | дзяржаўная ўстанова |
Мэта | правядзеньне выбараў |
Штаб-кватэра | Маскоўскі раён, Савецкая вул., д. 11[1] |
Месцазнаходжаньне | Менск |
Дзейнічае ў рэгіёнах | Беларусь |
Афіцыйныя мовы | беларуская, расейская |
Старшыня | Ігар Карпенка |
Намесьнік | Вадзім Іпатаў(ru) |
Сакратарка | Алена Дмухайла[2] |
Асноўныя асобы | Галіна Мкртычан, Натальля Арахоўская[3] |
Матчына кампанія | Усебеларускі народны сход |
Бюджэт | 46,3 мільярдаў рублёў[4] (2010 год; 15,5 мільёнаў $[5]) |
Колькасьць супрацоўнікаў | 7 (2020 год)[3] |
Сайт | rec.gov.by/by |
Колішняя назва | Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь |
Цэнтра́льная выба́рчая камі́сія Рэспу́блікі Бела́русь — найвышэйшая дзяржаўная ўстанова Рэспублікі Беларусь, якая займаецца правядзеньнем выбараў у Беларусі і кантролем за іх хадой.
Утварэньне і дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Складаецца з 12 асобаў зь ліку грамадзянаў Беларусі, першая палова якіх прызначаецца прэзыдэнтам, а другая — Радаю Рэспублікі. Тэрмін паўнамоцтваў складае 5 год ад вызначэньня 8 чальцоў камісіі, бо пасяджэньні зьяўляюцца правамоцнымі пры наяўнасьці прынамсі 2/3 ад агульнага складу. Са згоды Рады Рэспублікі прэзыдэнт прызначае старшыню камісіі, што ў сваю чаргу прапануе вылучэнцаў на пасады свайго намесьніка й сакратара. Таксама прэзыдэнт можа адзінаасобна здымаць чальцоў камісіі з пасадаў ды вызначае колькасьць яе супрацоўнікаў. Пасяджэньні склікаюцца старшынёю камісіі ды на патрабаваньне траціны іншых чальцоў. Пастановы ўхваляюцца большасьцю галасоў, а пры іх роўнасьці перавагу мае голас старшыні.
На 2020 год апарат Цэнтральнай камісіі ўлучаў 7 супрацоўнікаў у 2 аддзелах: 1) прававой, аналітычнай і мэтадычнай працы — 4; 2) арганізацыйнай, фінансавай працы і міжнароднай супрацы — 3[3].
Паўнамоцтвы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле артыкулу 33 Выбарчага кодэксу ЦВК мае паўнамоцтвы на:
- ладжаньне выбараў ды агульнадзяржаўных рэфэрэндумаў;
- нагляд за выкананьнем заканадаўства аб выбарах, рэфэрэндуме, адкліканьні дэпутата й чальца Рады Рэспублікі;
- тлумачэньне выбарчага заканадаўства;
- зварот да заканадаўцаў з прапановаю аб зьмене й тлумачэньні выбарчага заканадаўства;
- кіраваньне дзейнасьцю выбарчых камісіяў;
- разгляд справаў ніжэйшых камісіяў;
- утварэньне выбарчых акругаў на выбарах у Палату прадстаўнікоў і вызначэньне сярэдняй колькасьці выбарцаў у тых акругах;
- утварэньне ўчасткаў для галасаваньня за мяжою зь іх прыпіскаю на прапанову Міністэрства замежных справаў да выбарчых акругаў у Беларусі;
- улік вылучэнцаў на пасады чальцоў Рады Рэспублікі й прэзыдэнта ды ініцыятыўных групаў па зборы подпісаў за іх вылучэньне ды адкліканьне дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- забесьпячэньне роўных прававых умоваў перадвыбарчай дзейнасьці вылучэнцаў;
- вызначэньне парадку выкарыстаньня сродкаў масавай інфармацыі напярэдадні выбараў;
- вызначэньне й разьмеркаваньне выдаткаў на правядзеньне выбараў, рэфэрэндуму ды адкліканьня дэпутата Палаты прадстаўнікоў;
- нагляд за выдаткоўваньнем на выбары грошай ураду й вылучэнцаў ды апавяшчэньне аб тым Палаты прадстаўнікоў, як і выданьне адпаведнай справаздачы;
- вызначэньне сьпісу выбаршчыкаў, выгляду бюлетэняў ды скрыняў для галасаваньня, пячатак камісіяў ды парадку іх захоўваньня,
- выраб бюлетэняў для прэзыдэнцкіх выбараў ды рэфэрэндуму й забесьпячэньне імі камісіяў вобласьцяў ды Менску;
- прыём паведамленьняў ад урадавых ды грамадзкіх установаў аб ладжаньні выбараў ды рэфэрэндуму;
- нагляд за забесьпячэньнем камісіяў памяшканьнямі, транспартам ды сувязьзю;
- стварэньне агульнага сьпісу выбаршчыкаў для некалькіх адначасных выбараў ды рэфэрэндуму;
- улік абраных дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і чальцоў Рады Рэспублікі, выданьне іх сьпісаў ды скліканьне першых іх пасяджэньняў;
- падвядзеньне вынікаў выбараў і рэфэрэндумаў;
- выдачу абранаму прэзыдэнту й чальцам Рады Рэспублікі пасьведчаньняў аб выбраньні;
- прызначэньне выбараў дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў замест выбылых;
- разгляд скаргаў на пастановы выбарчых камісіяў;
- разгляд зваротаў грамадзянаў ды ўстановаў наконт выбараў, рэфэрэндуму, адкліканьня дэпутатаў ды чальцоў Рады Рэспублікі;
- абагульненьне ўжытку выбарчага заканадаўства;
- стварэньне дапаможных установаў для правядзеньня выбараў ды рэфэрэндуму;
- вызначэньне ўзнагародаў для супрацоўнікаў выбарчых камісіяў;
- ажыцьцяўленьне сувязяў з выбарчымі ўстановамі іншых дзяржаваў ды адпаведнымі міжнароднымі арганізацыямі[6].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле 83-га Канстытуцыі Беларусі 1994 году, «Вярхоўны Савет Рэспублікі Беларусь утварае Цэнтральную камісію па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 82-м артыкулам «першае пасяджэньне Вярхоўнага Савета склікаецца Цэнтральнай камісіяй Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў не пазьней чым праз 30 дзён пасьля выбараў»[7]. Пасьля рэфэрэндуму ў Беларусі 1996 году ў Канстытуцыю ўнесьлі зьмяненьні і дапаўненьні, паводле якіх «прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь: 1) прызначае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) са згоды Савета Рэспублікі прызначае на пасаду старшыню Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 3) вызваляе ад пасады старшыню і сябраў Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». Згодна з 93-м артыкулам зьмененай Канстытуцыі «першая пасьля выбараў сэсія палатаў Парлямэнта склікаецца Цэнтральнай камісіяй па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў». У адпаведнасьці з 98-м артыкулам «Савет Рэспублікі: 1) дае згоду на прызначэньне прэзыдэнтам старшыні Цэнтральнай камісіі па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў; 2) выбірае 6 сябраў Цэнтральнай камісіі Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў»[8].
У 1998 годзе Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў стала сябрам Асацыяцыі арганізатараў выбараў краінаў Цэнтральнай і Ўсходняй Эўропы (ААВКЦУЭ)[9]. Паводле 26-га артыкула Выбарчага кодэксу Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 году № 370-З, «Цэнтральная камісія зьяўляецца дзяржаўным органам, які арганізуе ў межах сваіх паўнамоцтваў падрыхтоўку і правядзеньне выбараў прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь, дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў, сябраў Савета Рэспублікі, дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў, рэспубліканскіх рэфэрэндумаў. Цэнтральная камісія вырашае пытаньні, зьвязаныя з арганізацыяй адкліканьня дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў і сябраў Савета Рэспублікі. Цэнтральная камісія ўзначальвае сыстэму дзейных у пэрыяд падрыхтоўкі і правядзеньня выбараў і рэспубліканскіх рэфэрэндумаў выбарчых камісіяў і камісіяў па рэфэрэндуме»[10]. 14 кастрычніка 2013 году Цэнтральная камісія стала адной з заснавальніцаў Сусьветнай асацыяцыі выбарчых органаў (САВО)[9].
Паводле рэфэрэндуму 2022 году, Цэнтральная камісія па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў Рэспублікі Беларусь атрымала назву Цэнтральная выбарчая камісія (ЦВК). Паводле 71-га артыкула Канстытуцыі Беларусі, ЦВК атрымала паўнамоцтвы ладзіць выбары дэлегатаў Усебеларускага народнага сходу, Пры гэтым, старшыня і сябры Цэнтральнай выбарчай камісіі мелі выбірацца на 5 гадоў і вызваляцца ад пасады Ўсебеларускім народным сходам[11].
Старшыні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Міхаіл Лагір[12] (ад 25 жніўня 1991 да 18 верасьня 1991)
- Сямён Маховікаў (в. а. ад 19 верасьня 1991 да 11 сакавіка 1992)
- Аляксандар Абрамовіч (12 сакавіка 1992 — 31 студзеня 1996)
- Аляксандар Жук (в. а. ад 1 лютага 1996 да 4 верасьня 1996)
- Віктар Ганчар (ад 5 верасьня 1996 да 13 лістапада 1996)
- Лідзія Ярмошына (выканаўца абавязкаў з 14 лістапада 1996-га; 6 сьнежня 1996 — 13 сьнежня 2021)
- Ігар Карпенка (з 13 сьнежня 2021 году)[13]
Склад камісіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]2016 – 2021
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Лідзія Ярмошына, старшыня
- Вадзім Іпатаў(ru), намесьнік старшыні
- Алена Дмухайла, сакратар
- Андрэй Гуржы
- Вольга Дарашэнка
- Сяргей Каліноўскі
- Сьвятлана Кацуба
- Аляксандар Ласякін
- Ігар Плышэўскі
- Марына Рахманава
- Алег Сьліжэўскі
- Ірына Цэлікавец[14].
Міжнародныя санкцыі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]10 красавіка 2006 году па выніках прэзыдэнцкіх выбараў Лідзія Ярмошына была ўлучаная ў Чорны сьпіс Эўразьвязу і ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША па падазрэньні ў падтасоўцы вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў[15][16][17]. У 2007 годзе ў амэрыканскі санкцыйны сьпіс быў дададзены й чалец ЦВК Алег Сьліжэўскі[18].
У лютым 2011 году Ярмошына разам зь іншымі чальцамі ЦВК была зноў унесеная ў чорны сьпіс Эўразьвязу па выніках прэзыдэнцкіх выбараў 2010 году за парушэньні міжнародных выбарчых стандартаў[19][20]. Гэтыя эўрапейскія санкцыі былі зьнятыя 15 лютага 2016 году[21].
2 кастрычніка 2020 году Эўрапейскі Зьвяз увёў санкцыі ў дачыненьні да ўсіх 12 чальцоў камісіі за парушэньні на жнівеньскіх выбарах[22][23]. Восеньню 2020 году Вялікабрытанія[24], Канада[25][26] ды Швайцарыя[27] таксама ўвялі санкцыі супраць усіх чальцоў ЦВК. ЗША ўвялі санкцыі супраць намесьніка старшыні ЦВК Вадзіма Іпатава(ru) й сакратаркі ЦВК Алены Дмухайла 2 кастрычніка 2020 году[28], а 21 чэрвеня 2021 году пашырылі іх на астатніх чальцоў камісіі[29]. Акрамя таго, 23 сьнежня 2020 году ў сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў ЗША трапіла сама Цэнтральная выбарчая камісія як установа, што падрывае дэмакратычныя працэсы або інстытуты ў Беларусі, за кіраўніцтва фальшывымі прэзыдэнцкімі выбарамі 9 жніўня, якія ўключалі мноства парушэньняў, у тым ліку нядопуск кандыдатаў ад апазыцыі(be), адмову ў доступе назіральнікам і засьведчаньне недакладных вынікаў галасаваньня[30][31].
У сакавіку 2022 году Канада ўвяла санкцыі супраць новага кіраўніка ЦВК Ігара Карпенкі[32]. У чэрвені таго ж году Карпенка трапіў пад персанальныя санкцыі ЭЗ[33]; да гэтых санкцый далучылася і Швейцарыя[34].
У сакавіку 2023 году Карпенка і іншых чальцоў беларускага ЦВК, якія ўвайшлі ў склад камісіі пасьля 2020 году, унеслі ў амэрыканскі сьпіс спэцыяльна вызначаных грамадзянаў і заблякаваных асобаў[35].
Крыніцы і заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Кантактная інфармацыя // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Склад камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б в Апарат камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Закон Рэспублікі Беларусь аб рэспубліканскім каштарысе на 2010 год (рас.). Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь (27 сьнежня 2010). Праверана 20 красавіка 2011 г.
- ^ Зьвесткі аб сярэднеўзважаным курсе беларускага рубля да замежных валютаў на валютным рынку Рэспублікі Беларусь за 2010 год. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. — Паводле сярэдняе за 2010 год цаны (2993,74) набыцьця даляра. Праверана 20 красавіка 2011 г.
- ^ А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 лістапада 2019 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ Мечыслаў Грыб. Канстытуцыя 1994 году // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2003 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ А. Лукашэнка. Канстытуцыя 1994 года (са зьмяненьнямі і дапаўненьнямі) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 2004 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ а б Аб камісіі // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ А. Лукашэнка. Выбарчы кодэкс Рэспублікі Беларусь ад 11 лютага 2000 г. № 370-З // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.
- ^ А.Лукашэнка. Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь 1994 году (са зьмяненьнямi i дапаўненьнямі, прынятымi на рэспубліканскiх рэфэрэндумах 24 лістапада 1996 г., 17 кастрычніка 2004 г. і 27 лютага 2022 г.) // Нацыянальны прававы партал Беларусі, 15 сакавіка 2022 г. Праверана 23 ліпеня 2022 г.
- ^ Центральная комиссия Республики Беларусь по выборам и проведению республиканских референдумов (рас.) Архіўная копія ад 26 ліпеня 2015 г.
- ^ Лукашэнка прызначыў Карпенку кіраўніком ЦВК // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 13 сьнежня 2021 г. Праверана 13 сьнежня 2021 г.
- ^ Намеснікам старшыні ЦВК абраны Вадзім Іпатаў, сакратаром — Алена Дмухайла (бел.) БелаПАН. Наша Ніва (2016-12-21). Праверана 2021-09-20 г. Архіўная копія ад 2021-09-20 г.
- ^ Лидия Ермошина: история взлёта юристки из Бобруйска (рас.) Наша Ніва. Свободный Регион (2014-03-22). Праверана 2016-09-19 г. Архіўная копія ад 2020-09-20 г.
- ^ Issuance of new Belarus Executive Order; Belarus Designations; Liberia Designation Removal (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2006-06-19). Праверана 2021-09-14 г. Архіўная копія ад 2021-03-02 г.
- ^ Спіс беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у краіны Саюза і ЗША // Згуртаваньне беларусаў сьвету Бацькаўшчына
- ^ Treasury Targets Destabilizing Belarusian Officials (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2007-02-27). Праверана 2021-09-17 г. Архіўная копія ад 2021-09-17 г.
- ^ Beschluss 2011/69/GASP des Rates vom 31. Januar 2011 zur Änderung des Beschlusses 2010/639/GASP des Rates über restriktive Maßnahmen gegen einzelne belarussische Amtsträger (ням.). EUR-Lex(en) (2011-02-02). Праверана 2020-08-21 г.
- ^ Поўны спіс 208 беларускіх чыноўнікаў, якім забаронены ўезд у ЕС (бел.). Наша Ніва (2011-10-11). Архіўная копія ад 2017-10-22 г.
- ^ Денис Лавникевич. (2016-02-15) Батьке простили старые грехи (рас.). Газета.Ru(uk). Праверана 2021-09-10 г.
- ^ Евросоюз ввел санкции против Беларуси (рас.). Новая газета(uk) (2020-10-02). Праверана 2021-09-19 г.
- ^ Хто і якія санкцыі ўвёў супраць уладаў Беларусі. Разьбіраемся (бел.). Радыё Свабода (2021-02-19). Праверана 2021-09-15 г.
- ^ Consolidated List of Financial Sanctions Targets in the UK (анг.). Office of Financial Sanctions Implementation HM Treasury (2021-06-25).
- ^ Backgrounder: Belarus sanctions (анг.). Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2020-09-29). Праверана 2021-09-19 г.
- ^ Belarus sanctions (анг.). Міністэрства міжнародных справаў Канады(en) (2020-10-15). Праверана 2021-09-19 г.
- ^ Searching for subjects of sanctions
- ^ Treasury Sanctions Belarus Officials for Undermining Democracy (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2020-10-02). Праверана 2021-09-19 г.
- ^ Treasury and International Partners Condemn Ongoing Human Rights Abuses and Erosion of Democracy in Belarus (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2021-06-21). Праверана 2021-09-18 г.
- ^ Вікторія Хожаінова. (2020-12-23) США ввели санкції проти білоруської ЦВК, ОМОНу та заступника голови МВС (укр.). UA: Перший(be). Праверана 2021-09-21 г.
- ^ Treasury Sanctions Additional Belarusian Regime Actors for Undermining Democracy (анг.). Міністэрства фінансаў ЗША (2020-12-23). Праверана 2021-09-19 г.
- ^ Regulations Amending the Special Economic Measures (Belarus) Regulations: SOR/2022-49 (анг.) Canada Gazette(en)
- ^ ЕС ввел санкции против Москвы и Минска. В списке основатель "Яндекса" Волож, Алина Кабаева и глава ЦИК Беларуси (рас.) Настоящее время Праверана 2023-01-20 г.
- ^ Searching for subjects of sanctions (анг.) Staatssekretariat für Wirtschaft
- ^ США ввели санкции против БелАЗа и самолета Лукашенко (рас.) РБК(ru) Праверана 2023-03-26 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Звароты грамадзянаў // Цэнтральная камісія Рэспублікі Беларусь па выбарах і правядзеньні рэспубліканскіх рэфэрэндумаў, 2020 г. Праверана 20 чэрвеня 2020 г.