Алесь Міхалевіч

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Алесь Міхалевіч
Ales Michalevic 05.jpg
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 15 траўня 1975 (44 гады)
Менск, Беларуская ССР, СССР
Партыя: Беларускі Народны Фронт
Сужэнец: Мілана Міхалевіч
Дзеці: Дочкі: Леся (нар. 2000), Алёна (2009)
Бацька: Анатоль Міхалевіч
Адукацыя: Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт (1997)

Але́сь Міхале́віч (Аляксе́й Анато́льевіч Міхалевіч; нарадзіўся 15 траўня 1975 году, Менск) — беларускі грамадзкі й палітычны дзяяч.

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарадзіўся ў Менску ў сям’і навуковых супрацоўнікаў Беларускай Акадэміі навук. Вучыўся ў матэматычнай школе №19 г. Менску, Беларускім гуманітарным ліцэі. Выпускнік юрыдычнага факультэту Беларускага дзяржаўнага ўнівэрсытэту па спэцыяльнасьці «палітоляг-юрыст». Падчас вучобы ва ўнівэрсытэце ўзначальваў Задзіночаньне беларускіх студэнтаў — грамадзкую арганізацыю, якая абараняе правы навучэнцаў беларускіх ВНУ. Стажыраваўся ў Варшаўскім і Оксфардзкім унівэрсытэтах. У 1997 годзе, па сканчэньні ўнівэрсытэту, стварыў ды ачоліў арганізацыю, якая займалася моладзевымі абменамі й турызмам і дзякуючы якой больш за 2000 маладзёнаў здолелі наведаць краіны Заходняй і Цэнтральнай Эўропы.

Ад 2000 году працаваў намесьнікам дырэктара, генэральным дырэктарам СП «Аркадыя», якое спэцыялізавалася на турыстычным бізнэсе. У сувязі з удзелам кіраўніка прадпрыемства ў парлямэнцкіх выбарах 2004 году сама кампанія сталася аб’ектам шматлікіх праверак і інспэкцыяў. Сёмая праверка прывяла Алеся Міхалевіча да рашэньня пакінуць пост генэральнага дырэктара СП «Аркадыя».

Ад 2005 году — антыкрызісны мэнэджар, акрэдытаваны Міністэрствам эканомікі РБ. У 20072008 гг. — юрысконсульт Асацыяцыі інвалідаў вайны ў Аўганістане. З 2008 году — юрыст Беларускага незалежнага прафсаюзу.

Палітычная дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пасьля вылучэньня на пост старшыні партыі БНФ у 2008 годзе і прапановы праграмы па яе рэфармаваньні выключаны з арганізацыі за публічную крытыку кіраўніцтва[1].

Ад 2003 па 2007 гг. — дэпутат Пухавіцкага раённага савету Менскай вобласьці, каардынатар Асамблеі дэпутатаў мясцовых саветаў. У той жа час — выдавец газэты «Рэгіён» (Мар’іна Горка), ініцыятар шэрагу рашэньняў па пашырэньні паўнамоцтваў органаў мясцовага самакіраваньня.

Прэзыдэнцкія выбары 2010 году[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

27 студзеня 2010 году публічна абвясьціў аб пачатку сваёй кампаніі па вылучэньні на пост прэзыдэнта Беларусі ў якасьці незалежнага кандыдата.

27 траўня 2010 году прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы «Беларусь: стратэгія эвалюцыі». Праграма складаецца з трох істотных разьдзелаў: эканамічны рост, эфэктыўная дзяржава і актыўнае грамадзтва[2].

24 жніўня 2010 году ўзначаліў аб’яднаньне «За мадэрнізацыю»[3].

27 верасьня 2010 году Цэнтральнай Выбарчай Камісіяй РБ зарэгістраваная ініцыятыўная група па вылучэньні Міхалевіча ў прэзыдэнты. Колькасьць ініцыятыўнай групы палітыка склала 1795 чалавек[4]. 25 кастрычніка ініцыятыўная група пераадолела мяжу ў 100 000 подпісаў, неабходных для рэгістрацыі кандыдатам у прэзыдэнты[5]. Выніковая колькасьць сабраных подпісаў склала 120 531, зь якіх ЦВК прыняў 111 399[6]. Паводле афіцыйных вынікаў на выбарах 2010 году набраў 1,02% галасоў[7].

Раніцай 20 сьнежня 2011 году арыштаваны па абвінавачаньні ў масавых беспарадках 19 сьнежня[8]. Паводле словаў палітыка, адразу пасьля арышту ад яго запатрабавалі, каб ён выступіў па БТ з тэкстам, які асуждаў іншых кандыдатаў на пасаду прэзыдэнта[9]. Да 19 лютага 2011 году знаходзіўся ў турме сьледчага ізалятара КДБ і некаторы час у СІЗА на вул. Валадарскага[8], зь якіх быў адпушчаны на падпіску пра нявыезд і неразгалошваньне таямніцы сьледзтва.

Nuvola apps kaboodle.svg Вонкавыя відэафайлы
Nuvola apps kaboodle.svg Відэа-інтэрвію Алеся Міхалевіча газэце «Наша Ніва» пра катаваньні ў ізалятары КДБ РБ

Праз тыдзень пасьля выхаду былы кандыдат у прэзыдэнты зрабіў гучную заяву пра катаваньні, якія ажыцьцяўляюцца над вязьнямі ізалятара Камітэта дзяржаўнай бясьпекі, апісваючы некаторыя зь іх у зладжанай з гэтай нагоды прэс-канфэрэнцыі[9]. Алесь Міхалевіч заявіў, што быў адпушчаны толькі пасьля таго, як была дадзена падпіска пра супрацоўніцтва з КДБ[10]. Пасьля агучанай заявы Алесь Міхалевіч падаў заяву пра катаваньні ў КДБ у Генэральную пракуратуру Беларусі і ўпаўнаважанаму ААН па катаваньнях[9].

28 лютага 2011 у адказ на заяву былога кандыдата ў прэзыдэнты начальнік Цэнтру інфармацыі і грамадзкіх сувязяў КДБ Аляксандар Антановіч заявіў, што заява экс-кандыдата ў прэзыдэнты Беларусі Алеся Міхалевіча аб прымяненьні катаваньняў у СІЗА КДБ не адпавядае рэчаіснасьці і гэтым выказваньням нельга верыць[11]:

Па-першае, гэта не адпавядае рэчаіснасьці. Па-другое, таму, што, мякка кажучы, вывальваецца ў інтэрнэце, верыць нельга.

Шанаваньні Алесю Міхалевічу выказалі жонка прэзыдэнта Польшчы Ганна Камароўская[12] і міністар замежных справаў Чэхіі Карал Шварцэнбэрг, які патэлефанаваў былому кандыдату 28 лютага 2011 у другой палове і спытаў пра магчымыя шляхі дапамогі Эўрапейскага Зьвяза, які той можа аказаць вязьням у дадзенай сытуацыі[13].

Асабістае[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Алесь Міхалевіч зь юнацтва захапляецца рок-музыкай («The Beatles», «The Doors», «Deep Purple», «ДДТ», «N.R.M.», «Крама», «Нейра Дзюбель») і гістарычнай літаратурай. Гуляе ў сквош і настольны тэніс. Акрамя родных беларускай і расейскай таксама вольна валодае польскай і ангельскай мовамі, вывучае нямецкую.

Радавы запасу УС РБ (не праходзіў тэрміновую службу з прычыны блізарукасьці сярэдняй ступені).

Жанаты, бацька дзьвюх дачок. Жонка Мілана — настаўнік ангельскай мовы. Дочкі: Леся, 2000 году народжаньня, і Алёна, 2009 году народжаньня.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Анастасія Зелянкова. Алесь Міхалевіч: «Супраць мяне ў Партыі БНФ ужываюцца правераныя камуністычныя мэтады» // Салідарнасьць : газэта. — 13 траўня 2008. — № 61. — С. 6-7.
  2. ^ Сяргей Каралевіч. Алесь Міхалевіч прадставіў тэзісы сваёй перадвыбарнай праграмы // БелаПАН, 27 траўня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  3. ^ Сяргей Пульша. Прэтэндэнт на пасаду прэзыдэнта Беларусі Алесь Міхалевіч узначаліў саюз «За мадэрнізацыю» // БелаПАН, 24 жніўня 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  4. ^ Список членов инициативной группы граждан по выдвижению Михалевича Алексея Анатольевича кандидатом в Президенты Республики Беларусь
  5. ^ Алесь Михалевич собрал 100 тысяч подписей(рас.). TUT.BY (25 кастрычніка 2010). Праверана 1 сакавіка 2011 г.
  6. ^ Сяргей Каралевіч. Кандыдатамі ў прэзыдэнты Беларусі зарэгістраваныя 10 чалавек // БелаПАН, 18 лістапада 2010 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  7. ^ Предварительные сведения о результатах голосования по выборам Президента Республики Беларусь ЦВК РБ
  8. ^ а б Валер Каліноўскі. Алесь Міхалевіч разарваў дамову пра супрацоўніцтва з КДБ // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  9. ^ а б в Валер Каліноўскі. Міхалевіч: «Я зраблю ўсё, каб зьнік канцлягер у цэнтры Менску» // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  10. ^ Алесь Пілецкі. Міхалевіч: Мяне катавалі ў турме КДБ // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  11. ^ КДБ заклікае ня верыць Міхалевічу // Радыё «Свабода», 28 лютага 2011 г. Праверана 11 сакавіка 2014 г.
  12. ^ Мікола Бугай. Жонка прэзыдэнта Польшчы затэлефанавала Мілане Міхалевіч: Перакажыце мужу шанаваньне // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 8. — ISSN 1819-1614.
  13. ^ Мікола Бугай. Міхалевічу затэлефанаваў міністар замежных справаў Чэхіі // Наша Ніва : газэта. — 2 сакавіка 2011. — № 9 (703). — С. 9. — ISSN 1819-1614.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]