Перайсьці да зьместу

Малдова

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Малдова
па-румынску: Moldova
Сьцяг Герб
Дзяржаўны гімн
Гімн Малдовы
Дата заснаваньня: 27 жніўня 1991[1]
Афіцыйная мова: румынская мова[1][2]
Сталіца: Кішынёў
Форма кіраваньня: парлямэнцкая рэспубліка
прэзыдэнт Малдовы: Мая Санду
прэм’ер-міністар Малдовы[d]: Дорын Рэчан[d][3]
Заканадаўчы орган: Парлямэнт Малдовы
Плошча:
  • 33 843,5 км²[4]
Насельніцтва:
  • 2 603 813 чал. (2022)
Валюта: малдоўскі лей
СУП (2021)
па ППЗ: 36,89 млрд $
па ППЗ на душу насельніцтва: 14 257 $
намінальны: 12,40 млрд $
намінальны на душу насельніцтва: 4 791 $
Індэкс дэмакратыі: 5,78[5]
Каэфіцыент Джыні: 26[6]
ІРЧП: 0,767[7]
Часавы пас: UTC+2
Аўтамабільны знак: MD
Бок аўтамабільнага руху: праваруч
Дамэн верхняга ўзроўню: .md
Тэлефонны код: +373
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
moldova.md (рум.)​ (анг.)​ (рас.)

Рэспу́бліка Малдова (па-румынску: Republica Moldova) — сухаземная краіна ва Ўсходняй Эўропе, якая ня мае выхаду да мора. Мяжуе з Румыніяй на захадзе і Ўкраінай на поўначы, усходзе і поўдні. У межах Малдовы, на ўсходнім беразе ракі Днестар, вылучаецца Прыднястроўская Малдаўская Рэспубліка — не прызнанае сьветам дзяржаўнае ўтварэньне, незалежнасьць якога была абвешчаная 25 жніўня 1991 году. Сталіцай і найбуйнейшым горадам Малдовы ёсьць Кішынёў. Большая частка тэрыторыі Малдовы ўваходзіла ў склад Малдаўскага княства з XIV стагодзьдзя па 1812 год, калі была захопленая Расейскай імпэрыяй і пераўтвораная ў Бэсарабію. У 1856 годзе Паўднёвая Бэсарабія была вернутая Малдаўскаму княству, якое праз тры гады аб’ядналася з Валахіяй і ўтварыла Румынію, але ў 1878 годзе расейскае панаваньне над усім рэгіёнам было адноўленае. Па Расейскай рэвалюцыі 1917 году Бэсарабія ненадоўга стала аўтаномнай дзяржавай, а потым атрымала незалежнасьць і аб’ядналася з Румыніяй. Гэтае рашэньне аспрэчвалася Савецкай Расеяй, якая ў 1924 годзе стварыла ў складзе Украінскай ССР Малдаўскую аўтаномную рэспубліку на часткова населеных малдаванамі тэрыторыях на ўсход ад Бэсарабіі. У 1940 годзе ў выніку складаньня пакту Молатава-Рыбэнтропа Румынія была вымушаная саступіць Савецкаму Саюзу Бэсарабію і Паўночную Букавіну, што прывяло да стварэньня Малдаўскай ССР. Па скасаваньню СССР рэспубліка атрымала незалежнасьць і атрымала назву Малдова[8].

Малдова ёсьць парлямэнцкай рэспублікай з прэзыдэнтам на чале дзяржавы і прэм’ер-міністрам у якасці кіраўніка ўраду. Край ёсьць сябрам у Арганізацыі Аб’яднаных Нацыяў, Радзе Эўропы, Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, Арганізацыі бясьпекі і супрацы ў Эўропе, Арганізацыі дэмакратыі і эканамічнага разьвіцьця, Садружнасьці незалежных дзяржаваў, Арганізацыі чарнаморскай эканамічнай супрацы.

Праз памяншэньне прамысловай і сельскагаспадарчай вытворчасьці па распадзе Савецкага Саюза сэктар паслуг значна вырас і стаў дамінаваць у эканоміцы Малдовы, складаючы больш за 60% СУП краіны. Малдова ёсьць адной з самых бедных краінаў Эўропы, маючы пры гэтым найгоршы паказчык індэксу чалавечага разьвіцьця ў Эўропе. Праз такое становішча краіна пакутуе ад скарачэньня насельнітва праз міграцыю ў іншыя краіны Эўропы. Малдова адрозьніваецца значнай этнакультурнай разнастайнасьцю. Большая частка вернікаў (каля 93% насельніцтва, па зьвестках перапісу 2004 году) вызнаюць праваслаўе.

Вайсквод Драгаш на паляваньні працы румынскага мастака Канстантына Лекі.

Тэрыторыя сучаснай Малдовы была часткаю валоданьняў розных пляменных зьвязаў, як то гета-дакі, готы, анты і дзяржаўных утварэньняў. У пачатку X стагодзьдзя тэрыторыя сучаснае Малдовы ўвайшла ў склад Кіеўскай Русі, якая пашыралася да Чорнага мора. Больш за тры стагодзьдзі, ажно да мангольскага нашэсьця ў 1240 годзе, гэтая тэрыторыя заставалася кіеўскім памежжам, у асноўным населеным раньнеўсходнеславянскімі плямёнамі, якія цярпелі ад нашэсьцяў печанегаў. Рэгіён пэрыядычна знаходзіўся альбо пад непасрэдным кіраваньнем Галіцкага княства, альбо ў сфэры ягонага ўплыву. У XI стагодзьдзі вікінг на імя Радфос быў, магчыма, забіты ў гэтым раёне блякумэнамі, якія здрадзілі яму[9]. У 1164 годзе будучы бізантыйскі імпэратар Андронік I Камнін пры спробе дабрацца да Галіцкага княства быў узяты ў палон да валахаў, магчыма, у раёне сучаснае Малдовы.

З другой паловы XIV стагодзьдзя рэгіён знаходзіўся ў складзе Малдаўскага княства, якое пачало сваю гісторыю з моманту прыбыцьця ў рэгіён валаскага вайскавода Драгаша. Ён прысягнуў на вернасьць вугорскаму каралю, стаўшы ягоным васалам. Незалежнасьць Малдовскага княства настала, калі Багдан I, іншы валаскі вайскавод, які пасварыўся з вугорскім каралём, перайшоў у 1359 годзе Карпаты і ўзяў пад кантроль Малдавію, вырваўшы рэгіён у Вугоршчыны. Малдаўскае княства даходзіла да Карпатаў на захадзе, межавала з Днястром на ўсходзе і Дунаем і Чорным морам на поўдні. Ягоная тэрыторыя ўключала сучасную тэрыторыю Рэспублікі Малдова, восем усходніх паветаў Румыніі, а таксама частку Чарнавіцкай вобласьці і Буджака сучаснай Украіны.

За гэты час у Малдаўскае княства неаднаразова ўрываліся крымскія татары, а пачынаючы з XV стагодзьдзя яшчэ і туркі-асманы. У 1538 годзе княства стала плаціць даніну Асманскай імпэрыі, але захавала нутраную і частковую вонкавую аўтаномію[10]. Тым ня менш, Рэч Паспалітая працягвала аказваць моцны ўплыў на Малдову як праз нацыянальную палітыку, гэтак і на мясцовым узроўні праз сумесныя шлюбы паміж малдаўскай і польскай шляхтамі. Калі ў траўні 1600 году Міхаіл Храбры адхіліў Ерэмію Магілу ад малдаўскага пасаду, перамогшы ў бітве пры Бакэў, ненадоўга аб’яднаўшы пад сваёй уладай Малдавію, Валахію і Трансыльванію, польскае войска на чале зь Янам Замойскім выгнала валахаў з малдаўскае дзяржавы. Замойскі аднавіў на троне Ерэмію Магілу, які паставіў краіну пад васальную залежнасьць Рэчы Паспалітай. У 1621 годзе Малдова канчаткова вярнулася пад асманскую васальнасьць.

Польскі гісторык XVI стагодзьдзя Леанарда Гарэцкі, кажучы аб Малдове і малдаванах, адзначаў:

«Вера і абрады малдаванаў вельмі блізкія да царквы грэцкай і армянскай; сьвятары ў іх ажэньваюцца. Малдаване асабіста славяцца коньніцай, нават бяднейшыя зь іх маюць верхавых коней, здольных для паходаў і бітваў. Падобна вугорцам, яны ўзброены шчытом, шлемам і дзідой.»

Сароцкая фартэцыя была пабудаваная ў часы Стафана Вялікага.

У 1711 годзе малдаўскі гаспадар Дзьмітры Кантэмір у Ясах прысягнуў на вернасьць Расеі. У выніку няўдалага для Расейскай арміі Пруцкага паходу ён са сваёй сям’ёй і прыдворнымі перасяліўся ў Расею, дзе стаў адным з набліжных да Пятра І. У канцы XVIII стагодзьдзя ў выніку расейска-турэцкай вайны да Расейскай імпэрыі адышло левабярэжжа Днястра, у 1812 — Бэсарабія. У 1858—1861 гадах астатная частка Малдовы і Валахія аб’ядналіся ў дзяржаву, якая пасьля атрымала назву Румынія. У Бэсарабіі ж, якая сталася часткай Расеі, на працягу XIX стагодзьдзя расейскія ўлады заахвочвалі ейную калянізацыю або ейнай часткі румынамі, расейцамі, украінцамі, немцамі, баўгарамі, палякамі і гагавузамі, у першую чаргу ў паўночных і паўднёвых рэгіёнах, які былі вызваленыя ад туркаў і нагайцаў. Уключэньне правінцыі ў мяжу габрэйскай аселасьці таксама дазволіла іміграцыю сюды габрэяў. Доля румынскага насельніцтва паменшылася з прыкладна 86% паводле стану на 1816 год[11] да прыкладна 52% наводле стану на 1905 год[12].

У 1917 годзе была абвешчаная Малдоўская Дэмакратычная Рэспубліка, якая ўжо праз год увайшла ў склад Румыніі. Гэтае зьвяз быў прызнаны большасьцю асноўных дзяржаваў згодна з Бэсарабскім пратаколам, які быў складзены хаўрусьнікамі ў Парыжы ў 1920 годзе, які, аднак, быў ратыфікаваны ня ўсімі ягонымі падпісантамі[13][14]. Новая савецкая ўлада ў Расеі не прызнала румынскае ўлады над Бэсарабіяй, лічачы яе акупаванай расейскай тэрыторыяў[15]. Паўстаньні супраць румынскага панаваньня адбыліся ў 1919 годзе ў Хоціне і Бэндэры, але ў рэшце рэшт былі здушаныя румынскай арміяй. У 1924 годзе на тэрыторыі Ўкраінскай ССР была ўтвораная Малдаўская АССР.

У чэрвені 1940 году ў выніку складаньня пакту Молатава—Рыбэнтропа Румынія была прымушана саступіць Бэсарабію і Паўночную Буковіну СССР. У выніку была ўтворана Малдоўская ССР, у час Другой сусьветнай вайны тэрыторыя якой была занятая нямецкімі і румынскімі войскамі і было ўтворана губэрнатарства Бэсарабія. 24 жніўня 1944 году ў выніку Яска-Кішынёўскай апэрацыі тэрыторыя Бэсарабіі была зноўку занятая савецкімі войскамі.

Георге Гімпу зьмяняе савецкі сьцяг на румынскі на даху малдаўскага парлямэнту 27 красавіка 1990 году.

4 чэрвеня 1991 году быў заснаваны Нацыянальны банк Малдовы. 27 жніўня 1991 абвешчана незалежнасьць Рэспублікі Малдова.

Канфлікт паміж малдаўскімі і прыднястроўскімі ўладамі, распачаты ў 1989 годзе, у 1992 годзе прывёў да ўзброенага проціборства і шматлікіх ахвяраў з абодвух бакоў. Канфлікт атрымалася спыніць дзякуючы ўмяшаньню Расеі і, у прыватнасьці, дзякуючы прысутнасьці на тэрыторыі Прыднястроўя расейскіх узброенных сілаў. У цяперашні час бясьпеку ў зоне канфлікту забясьпечваюць Сумесныя міратворчыя сілы Расеі, Малдовы, Прыднястроўскай Малдоўскай Рэспублікі і вайсковыя назіральнікі ад Украіны. У ходзе шматлікіх перамоваў пры пасярэдніцтве Расеі, Украіны і АБСЭ дасягнуць пагадненьня з нагоды статусу Прыднястроўя пакуль не атрымалася. Адносіны паміж бакамі канфлікту застаюцца напружанымі.

У 1994 годзе ў краіне была прынятая канстытуцыя, дзеючая да гэтага часу. На парлямэнцкіх выбарах, якія адбыліся ў красавіку 2009 году, 49,48% галасоў атрымала Камуністычная партыя. Наступнымі за ёй былі Лібэральная партыя (13,14%), Лібэральна-дэмакратычная партыя (12,43%) і альянс «Наша Малдова» (9,77%). Спрэчныя вынікі гэтых выбараў выклікалі пратэсты і антыўрадавыя беспарадкі[16][17][18]. У жніўні 2009 году чатыры малдаўскія партыі, як то Лібэральна-дэмакратычная партыя, Лібэральная партыя, Дэмакратычная партыя і альянс «Наша Малдова», дамовіліся аб стварэньні Альянсу за эўрапейскую інтэграцыю, такім чынам, адсунуўшы камуністаў у апазыцыю. 28 жніўня 2009 году гэтая кааліцыя абрала Міхая Гімпу на пасаду новага сьпікера парлямэнту на галасаваньні, якое было байкатаванае камуністычнымі дэпутатамі. Уладзімер Варонін, які на той час быў прэзыдэнтам Малдовы з 2001 году, у выніку падаў у адстаўку 11 верасьня 2009 году, але парлямэнт не здолеў абраць новага прэзыдэнта. Як выканаўца абавязкаў прэзыдэнта Міхай Гімпу стварыў адмысловую камісію па канстытуцыйнай рэформе дзеля складаньня новай рэдакцыі канстытуцыі. Пасьля таго, як канстытуцыйны рэфэрэндум, накіраваны на зацьвярджэньне рэформы, праваліўся ў верасьні 2010 году[19], парлямэнт быў зноўку распушчаны, а новыя парлямэнцкія выбары былі прызначаныя на 28 лістапада 2010 году[20]. 30 сьнежня 2010 году Марыян Лупу быў абраны сьпікерам парлямэнта і выконваючым абавязкі прэзыдэнта краіны[21]. Пасьля таго, як Альянс за эўрапейскую інтэграцыю атрымаў вотум недаверу, 30 траўня 2013 году была сфармавана Праэўрапейская кааліцыя.

Файл:03.12.2020 Ședința plenară a Parlamentului (50675139932).jpg
Паседжаньне ў малдаўскім парлямэнце.

У 2014 годзе ў краіне адбыўся банкаўскі крызіс, калі праз махлярства быў скрадзены 1 млрд даляраў Ілянам Шорам. Вялікія маштабы махлярства ў параўнаньні з памерам эканомікі Малдовы прывялі да расчараваньня ў праэўрапейскіх сілах і павялічылі прыязнасьць жыхароў да прарасейскай Партыі сацыялістаў[22]. У 2015 годзе Шор быў яшчэ на волі, пасьля пэрыяду хатняга арышту. Пасьля пэрыяду палітычнай нестабільнасьці і масавых грамадзкіх пратэстаў у студзені 2016 года ўрад ачоліў Павал Філіп[23]. Аднак новы ўрад, як меркавалася, знаходзіўся пад уплывам бізнэсоўца Ўладзімера Плахатнюка, а маштабы карупцыі не зьмяншаліся. На прэзыдэнцкіх выбарах у сьнежні 2016 году новым прэзыдэнтам рэспублікі быў абраны сацыяліст і прарасейскі палітык Ігар Дадон[24].

У 2019 годзе з 7 па 15 чэрвеня ўрад Малдовы перажыў пэрыяд дваеўладзьдзя. Гэтак 7 чэрвеня канстытуцыйны суд, які, як мяркуецца, кантраляваўся ў той час Уладзімерам Плахатнюком[25] з Дэмакратычнай партыі, абвесьціў, што часова адхіліў ад улады дзейнага прэзыдэнта Ігара Дадона празь ягоную няздольнасць сфармаваць урад. Тым ня менш, сацыялісты нечакана ўтварылі кааліцыю з праэўрапейскай плятформай ACUM Platforma DA și PAS, дзякуючы чаму Дадон захаваў пасаду, а прэм’ер-міністрам сталася прадстаўніца плятформы Мая Санду. Дэмакратычная партыя, фактычна, была адхіленая ад улады. На прэзыдэнцкіх выбарах у лістападзе 2020 году кандыдатка ад праэўрапейскай партыі Мая Санду была абраная новым прэзыдэнтам рэспублікі, перамогшы дзейнага прарасейскага прэзыдэнта Ігара Дадона і, такім чынам, сталася першай жанчынай, абранай на пасаду прэзыдэнта краіны[26]. Парлямэнт, дзе дамінавалі прарасейскія сацыялісты, ня прыняў аніводнага кандыдата ў прэм’ер-міністры, прапанаванага новым прэзыдэнтам[27]. 28 красавіка 2021 году Санду распусьціла парлямэнт рэспублікі пасьля таго, як канстытуцыйны суд адмяніў надзвычайнае становішча ў Малдове, якое было выкліканае пандэміяй каронавіруса[28]. Пазачарговыя парлямэнцкія выбары, якія адбыліся 11 ліпеня 2021 году, прывялі да пераканаўчай перамогі праэўрапейскай Партыі дзеяньня і салідарнасьці[29].

Палітычная сыстэма

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Малдова зьяўляецца ўнітарнай парлямэнцкай дэмакратычнай рэспублікай. Галава дзяржавы, прэзыдэнт Малдовы абіраецца парлямэнтам Малдовы на чатырохгадовы тэрмін. Прэзыдэнт абіраецца парлямэнтам з 2001 року, пасьля таго, як у 1999 быў праведзены канстытуцыйны рэфэрэндум. Заканадаўчым органам ёсьць парлямэнт Малдовы, складаецца з 101 дэпутата, якія абіраюцца па прапарцыянальнай выбарчай сыстэме на чатырохгадовы тэрмін.

Адміністрацыйны падзел

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Малдовы

Малдова ёсьць падзеленая на 32 раёны, 3 муніцыпалітэты і 2 аўтаномныя вобласьці, да апошніх зь якіх уваходзяць Гагавузія і Прыднястроўе[30]. Канчатковы статус Прыднястроўя аспрэчваецца, бо цэнтральная ўлада не кантралюе гэтую тэрыторыю. Дзесяць гарадоў, да ліку якіх адносяцца адміністрацыйныя цэнтры дзьвюх аўтаномных тэрыторыяў Камрат і Тыраспаль, таксама маюць статус муніцыпалітэтаў.

У Малдове маюцца 66 гарадоў, у тым ліку 13 з статусам муніцыпалітэту і 916 камунаў. Яшчэ 700 вёсак занадта малыя, каб мець асобную адміністрацыю, і адміністрацыйна ўваходзяць у склад гарадоў альбо камунаў. Такім чынам, у агульнай складанасьці ў Малдове налічваюцца 1682 населеныя пункты, два зь якіх ёсьць незаселенымі.

Замежная палітыка

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Па здабыцьці незалежнасьці замежная палітыка Малдовы была распрацаваная з улікам наладжваньня дачыненьняў зь іншымі эўрапейскімі краінамі, нэўтралітэту і інтэграцыі ў Эўрапейскі Зьвяз. У 1995 годзе краіна была прынята ў Раду Эўропы. Рэлігійныя лідэры гуляюць пэўную ролю ў фармаваньні замежнай палітыкі краіны. У 2005 годзе Малдова і ЭЗ распрацавалі плян дзеяньняў, накіраваны на паляпшэньне супрацы паміж двума суседнімі краінамі, Румыніяй і Ўкраінай. Пасьля роспуску Савецкага Саюза расейскі ўрад часта выкарыстоўваў свае сувязі з Расейскай праваслаўнай царквой, каб блякаваць і перашкаджаць інтэграцыі былых савецкіх дзяржаваў, як то Малдова, на Захад[31].

Малдова ўрачыста склала Ўгоду асацыяцыі з Эўрапейскім Зьвязам у Брусэлі 27 чэрвеня 2014 году. Складаньне сталася мажлівым пасьля парафаваньня пагадненьня ў Вільні ў лістападзе 2013 году[32]. Экс-прэзыдэнт Румыніі Траян Бэсэску заявіў, што Румынія прыкладае ўсе намаганьні, каб Малдова ўступіла ў ЭЗ як мага хутчэй. Таксама ён дадаў, што аб’яднаньне Малдовы з Румыніяй ёсьць наступным нацыянальным праектам для Румыніі, бо больш за 75% насельніцтва Малдовы гаворыць па-румынску[33]. 3 сакавіка 2022 году Малдова падала заяўку на далучэньне да Эўрапейскага Зьвязу[34].

Дачыненьні зь Беларусьсю

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Асноўны артыкул: Беларуска-малдоўскія дачыненьні

19 лістапада 1992 году ўрады Беларусі і Малдовы зацьвердзілі Пратакол аб усталяваньні дыпляматычных адносін. 21 сьнежня 1992 году заключылі Дамову аб адносінах сяброўства і супрацы, якая набыла моц 10 жніўня 1994 году. 16 чэрвеня 1993 году ўрады Беларусі і Малдовы заключылі Пагадненьне аб вольным гандлі, што набыло моц 7 сьнежня 1994 году. 15 верасьня 1993 году ў Менску адчынілі Амбасаду Малдовы ў Беларусі. 3 траўня 1995 году адчынілі Амбасаду Беларусі ў Малдове. 15 траўня 1995 году 1-ы амбасадар Беларусі ў Малдове Мікалай Грынёў уручыў даверчыя граматы малдоўскаму прэзыдэнту Мірчу Снэгуру.

Гандлёвы цэнтар у Кішынёве.

Па здабыцьці незалежнасьці краіна страціла вытворчыя сувязі і традыцыйныя рынкі збыту. Да таго ж дзяржаве закрылі доступ да фактычна бясплатных энэргарэсурсаў, а ў дадатак прамыслова разьвіты рэгіён на левым беразе Днястра фактычна аддзяліўся ад краіны. Цяпер 73% СУП краіны ствараецца ў сфэры паслугаў, але гэта аніяк не азначае постіндустрыяльнага характару эканомікі праз заняпад прамысловасьці. Што тычыцца сельскай гаспадаркі, яна, безумоўна, таксама не пазьбегла крызісу, але менавіта аграрная прадукцыя і харчовая прамысловасьць вызначаюць Малдову ў сусьветнай гаспадарцы. Малдову можна назваць адзінай аграрнай дзяржавай на эўрапейскім кантынэнце. СУП на душу насельніцтва ў 2018 складаў 6 тысяч даляраў, што ставіла краіну на апошні радок у Эўропе. Каля 14—15% СУП прыпадаюць на грашовыя пераводы з-за мяжы. Зрэшты, лібэральныя рэформы 1990-х гадоў прывялі і да станоўчых зрухаў, то бок пачаў разьвівацца прыватны бізнэс, СУП краіны даволі стабільна расьце (па 4% у 2016 і 2017 гадах).

Мэта ўраду па інтэграцыі з ЭЗ прывяла да пэўнага рынкавага прагрэсу. У 2013 годзе эканамічны рост у Малдове быў лепшым, чым чакаўся, дзякуючы павелічэньню сельскагаспадарчай вытворчасьці, эканамічнай палітыцы, устляваным урадам Малдовы з 2009 году, а таксама атрыманьню гандлёвых прэфэрэнцыяў ЭЗ, якія зьвязалі малдаўскую прадукцыю з найбуйнейшым у сьвеце рынкам. Малдова склала Ўгоду аб асацыяцыі і Ўгоду аб глыбокім і ўсёабдымным свабодным гандлі з Эўразьвязам улетку 2014 году[35]. Яна таксама атрымала бескаўтоўны візавы рэжым з ЭЗ[36], што ёсьць найбуйнейшым дасягненьнем малдаўскай дыпляматыі з часоў незалежнасьці[37]. Тым ня менш, рост стрымлівалі высокія цэны на расейскі прыродны газ, расейская забарона на імпарт малдаўскага віна, узмоцнены кантроль за мяжой малдаўскай сельскагаспадарчай прадукцыі і вялікая зьнешная запазычанасьць краіны. У доўгатэрміновай пэрспэктыве эканоміка Малдовы застаецца ўразьлівай перад палітычнай нявызначанасьцю, слабым адміністрацыйным патэнцыялам, бюракратычнымі працэдурамі, карупцыяй, ростам коштаў на паліва, ціскам Расеі і сэпаратысцкага рэжыму ў Прыднястроўі[38].

У вінатэцы кампаніі Мілешты Мічы.

У краіне добра наладжаная вінаробная прамысловасьць. Плошча вінаграднікаў складае 147 тысяч га, зь якіх 102,5 тысяч га выкарыстоўваюцца дзеля камэрцыйнай вытворчасьці. Большая частка вытворчасьці віна ў краіне ідзе на экспарт. У многіх сем’ях ёсьць свае рэцэпты і гатункі вінаграду, якія перадаюцца ў спадчыну. У краіне маюцца тры гістарычныя вінаробныя рэгіёны, як то Валул-луй Траян на паўднёвым захадзе краіне, Штэфан-Вода на паўднёвы ўсходзе і Кодру, які месьціцца ў цэнтры краіны. Віна, якія вырабляюцца ў гэтых рэгіёнах, маюць ахоўнае геаграфічнае ўказаньне[8]. Кампанія Мілешты Мічы ёсьць адной з найбуйнейшых вытворцаў віна ў краіне, іхняя вінатэка зьмяшчае амаль 2 мільёны бутэлек віна[39].

Розьніца ў амаль што паўмільён чалавек паміж колькасьцю насельніцтва паводле перапісу (2,998 млн) і паводле бягучага ўліку (3,45 млн) тлумачыцца тым, што перапіс насельніцтва ўлічвае таксама чальцоў сямей, якія часова знаходзяцца за мяжой. Перапіс і бягучы ўлік не закранаюць тэрыторыі самаабвешчанага Прыднястроўя, дзе пражывае каля паўмільёну чалавек.

Плоцева-ўзроставая піраміда на 2017 год.

Ужо трэцяе дзесяцігодзьдзе ад распаду СССР насельніцтва Малдовы, як і ў астатніх колішніх краінах СССР ва Ўсходняй Эўропе, стала зьмяншаецца. Перапісу насельніцтва 2014 году налічыў, што колькасьць жыхароў паменьшыла на 11,3% за папярэдні перапіс, які ладзіўся ў 2004 годзе. У 1991 годзе ў Малдаўскай ССР пражывала каля 4,36 млн чалавек, а на сёньня, наяўнае насельніцтва Малдовы і Прыднястроўе агулам не дасягае нават і 3,5 млн чалавек. Асноўнай чыньнікам дэпапуляцыі ёсьць вялікі міграцыйны адток насельніцтва, то бок у 2017 годзе натуральнае зьмяншэньне склала зьмяньшэньне 1 чалавека на 1000 чалавек, а міграцыйнае да 9 чалавек на 1000 чалавек. Зьязджаюць кваліфікаваныя кадры, у першую чаргу, моладзь, бо складаная эканамічная сытуацыя ў краіне не дазваляе ейным жыхарам знайсьці працу. Малдаўская служба інфармацыі і бясьпекі падлічыла, што 600 тысяч да аднаго мільёну малдаўскіх грамадзян, што складае амаль 25% насельніцтва, працуюць за мяжой[40].

Этнічная карта Малдовы на 1989 год.

Этнахаронім «малдаваны» гістарычна адносіўся да жыхароў Малдаўскага княства. Пасьля таго, як княства было падзеленае паміж Расеяй, Румыніяй і Аўстрыяй, менавіта жыхары расейскай Бэсарабіі працягвалі называць сябе малдаванамі, пры гэтым сяляне ў большай ступені, чым адукаваныя мяшканцы. Дасюль малдаване складаюць 75,1% насельніцтва краіны, паводле перапісу насельніцтва 2014 году на кантраляванай Кішынёвам тэрыторыі. Украінцы складалі 6,6% насельніцтва, фармуючы другую паводле велічыні этнічную групу краю. З 2,5% да 7% з часу папярэдняга перапісу павялічылася колькасьць асобаў з румынскай самаідэнтыфікацыяй[41]. Доля расейцаў складала 4,1%. Такім чынам, славянскі субстрат паступова выцясьняецца раманскім. На поўдні краіны ў аўтаномным рэгіёне пражывае цюркамоўны народ гагавузы, якіх у краіне налічвала да 4,6% насельніцтва. Дзьве траціны малдаванаў называюць сваю родную мову малдаўскай, трэцяя частка — румынскай. Расейская мова ёсьць роднай для 9,5%, гагавуская — 4,2%. Малдова традыцыйна ёсьць праваслаўнай краінай, то бок 96,8% насельніцтва называлі сябе праваслаўнымі, яшчэ каля 2% адносяцца да пратэстанцкіх дэнамінацыяў.

Агні Кішынёва ноччу.

Не зважаючы на дэпапуляцыю, Малдова застаецца адной з найбольш густанаселеных дзяржаваў Усходняй Эўропы, у першую чаргу, дзякуючы высокай шчыльнасьці сельскага насельніцтва, раўнамерна размеркаванага на тэрыторыі краіны. Больш за палову насельніцтва краіны дагэтуль складаюць сельскія жыхары, як то крыху больш за 2 млн чалавек, або 57,3%, у гарадзкіх паселішчах пражываюць 1,5 млн чалавек цi 42,7%[42]. Найбуйнейшым горадам ёсьць Кішынёў, дзе налічваецца каля 659 мяшканцаў. Іншымі буйнымі гарадамі ёсьць Тыраспаль (148 тыс. чалавек), Бэлц (144 тыс. чалавек), Бэндэр (93 тыс. чалавек) і Рыбніца (50 тыс. чалавек). Пры гэтым з вышэй пазначаных местах, толькі Бэлць месьціцца на кантраляванай Кішынёвам тэрыторыі, а іншыя гарады належаць на Прыднястроўя.

  1. ^ а б в г д е Дэклярацыя аб незалежнасьці Рэспублікі Малдова — 1991.
  2. ^ а б в Hotărârea nr. 36 din 05.12.2013 privind interpretarea articolului 13 alin. (1) din Constituție în corelație cu Preambulul Constituției și Declarația de Independență a Republicii Moldova — 2013.
  3. ^ а б Factbox: Who is new Moldovan Prime Minister Dorin Recean?
  4. ^ https://moldova.md/en/content/geography
  5. ^ а б 2020 Democracy Index
  6. ^ а б https://data.worldbank.org/indicator/SI.POV.GINI
  7. ^ а б Human Development ReportПраграма разьвіцьця ААН, 2022.
  8. ^ а б «„Wine Road“ in Republic of Moldova». Moldova Pitoreasca.
  9. ^ «The Sjönhem Stone». Viking Art.
  10. ^ «Moldova: Early History». Library of Congress.
  11. ^ Nistor, Ion (1921). «Istoria Bassarabiei». Cernăuți.
  12. ^ Solomon, Flavius. «Die Republik Moldau und ihre Minderheiten (Länderlexikon)». Ethnodoc-Datenbank für Minderheitenforschung in Südostosteuropa. — С. 52.
  13. ^ Malbone W. Graham (October 1944). «The Legal Status of the Bukovina and Bessarabia». The American Journal of International Law. American Society of International Law. 38 (4): С. 667—673. doi:10.2307/2192802.
  14. ^ Mitrasca, Marcel (2002). «Moldova: a Romanian province under Russian rule: diplomatic history from the archives of the great powers». Algora Publishing. — С. 13. — ISBN 1-892941-86-4.
  15. ^ Wayne S. Vucinich (1967). «Bessarabia». Collier's Encyclopedia. Crowell Collier and MacMillan Inc. vol. 4. — С. 103.
  16. ^ Fizesan, Carmen (8 April 2009). «Supporting actions for Moldova’s riot». Seven Times.
  17. ^ «The protest initiative group: LDPM is the guilty one for the devastations in the Chișinău downtown». OMG.
  18. ^ «EU flags flying on the Presidency and Parliament, to calm the masses». Unimedia.
  19. ^ «Moldovan referendum appears to flop on low turnout». Reuters.
  20. ^ «Moldova going to third election in two years». BBC News.
  21. ^ «Marian Lupu elected Head of Parliament». All Moldova.
  22. ^ Higgins, Andrew (4 June 2015). «Moldova, Hunting Missing Millions, Finding Only Ash». The New York Times.
  23. ^ «Moldovan prime minister Pavel Filip says 'last chance' to end national crisis». The Guardian.
  24. ^ «Pro-Russia candidate Igor Dodon to win Moldova presidential election» Deutsche Welle.
  25. ^ «Moldova Faces Turmoil as Court Outlaws New Govt». Balkan Insight.
  26. ^ «Moldova election: Pro-EU candidate Maia Sandu wins presidency». BBC News.
  27. ^ «Moldova Parliament Rejects Proposed PM, Bringing Elections Nearer». Balkan Insight.
  28. ^ «Moldovan leader dissolves parliament, sets July elections». France 24.
  29. ^ «President Sandu’s party wins landslide victory in Moldova’s snap election». Intellinews.
  30. ^ «Autorități publice locale». Government of Moldova.
  31. ^ «In Expanding Russian Influence, Faith Combines With Firepower». The New York Times
  32. ^ «Remarks by President Barroso at the signing of the Association Agreements with Georgia, the Republic of Moldova and Ukraine». Europa.eu.
  33. ^ «Băsescu: Următorul proiect de țară al României, unirea cu Basarabia». România Liberă.
  34. ^ «With war on its doorstep, Moldova applies for EU membership». Reuters.
  35. ^ «Association Agreement between the European Union and the European Atomic Energy Community and their Member States, of the one part, and the Republic of Moldova, of the other part». Government of the Republic of Moldova.
  36. ^ «European Union». Еhe European Union.
  37. ^ «Visa liberalisation for Moldova». Council of the European Union.
  38. ^ «Moldova Economy Profile 2014». Index Mundi.
  39. ^ Jones, Louise. «Where in the world is the largest wine cellar?». Winerist.com.
  40. ^ «Understanding Migration. Emigration from Moldova». The College of Liberal Arts at the University of Texas at Austin
  41. ^ «Молдова спустя 3 года обнародовала итоги переписи населения. Румын 7%». Realist.Online.
  42. ^ «Предварительная численность постоянного населения Республики Молдова на 1 января 2017 года». Нацыянальнае бюро статыстыкі Малдовы.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]