Усходняе партнэрства

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Усходняе партнэрства

Усходняе партнэрства — праект Эўразьвязу, скіраваны на паглыбленьне адносінаў Зьвязу з краінамі Ўсходняй Эўропы.

Праект прадугледжвае падпісаньне з гэтамі дзяржавамі на працягу наступных некалькіх год дамоваў пра асацыяцыю, стварэньне зоны свабоднага гандлю і паступовае фармаваньне адзінага рынку па прыкладзе таго, што ўжо існуе ў ЭЗ з такімі краінамі, як Нарвэґія, Ісьляндыя і Ліхтэнштайн.

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2001 годзе ў швэдзкім горадзе Сёдэрчэпінг (вобласьць Усходні Готлянд) Міграцыйная служба Швэцыі заснавала «Сёдэрчэпінскі працэс церазьмежнай супрацы» з урадамі краінаў Балтыі, Беларусі, Польшчы і Ўкраіны. 26 траўня 2008 году на пасяджэньні Рады па галоўных справах і замежных дачыненьнях Эўразьвязу (ЭЗ) ў Брусэлі (Бэльгія) міністры замежных справаў Польшчы і Швэцыі Радаслаў Сікорскі і Карл Більт прапанавалі «Ўсходняе партнэрства» з 3 суседнымі дзяржавамі Ўсходняй Эўропы — Беларусьсю, Малдовай і Ўкраінай — і 3 дзяржавамі Каўказу — Азэрбайджанам, Армэніяй і Грузіяй. 20 сакавіка 2009 году Эўрапейская рада зацьвердзіла Высновы № 7880/09, у якіх вітала заснаваньне «Ўсходняга партнэрства» «з мэтай паскарэньня пераўтварэньняў, заканадаўчага збліжэньня і гаспадарчага задзіночаньня» з Эўрапейскім Зьвязам. У прыкладзенай да Высноваў Дэклярацыі аб «Ўсходнім партнэрстве» згадвалася «Павялічаная фінансавая падтрымка ў рамках прапановы Камісіі на 600 млн эўра да 2013 году». Прадугледжвалася, што «Двухбаковая супраца паводле «Ўсходняга партнэрства» мае забясьпечыць аснову для новых Пагадненьняў аб асацыяцыі між ЭЗ і гэтымі партнэрамі..., улучна з заснаваньнем... прастораў вольнага гандлю». У Дэклярацыі згадвалася, што «Ўсходняе партнэрства» пасадзейнічае мабільнасьці грамадзянаў партнэрскіх краінаў праз візавае спрыяньне і пагадненьні аб рэадмісіі. ЭЗ... мае таксама прадпрыняць паступовыя крокі да поўнага візавага лібэралізаваньня». Урэшце падкрэсьлівалася, што «Ўсходняе партнэрства» мае на мэце ўмацаваньне супрацы ў галіне энэргетычнай бясьпекі між усімі ўдзельнікамі датычна доўгатэрміновых паставак і транзыту энэргіі, у тым ліку празь лепшае рэгуляваньне і энэргаэфэктыўнасьць»[1]. 7 траўня 2009 году ў Празе (Чэхія) прадстаўнікі 27 дзяржаваў ЭЗ і 6 вышэйпамянёных дзяржаваў Усходняй Эўропы і Каўказу падпісалі Сумесную дэклярацыю «Ўсходняга партнэрства». Ад Беларусі Дэклярацыю падпісаў 1-ы намесьнік прэм’ер-міністра Ўладзімер Сямашка, ад Малдовы — міністар замежных справаў Андрэй Стратан, ад Украіны — прэзыдэнт Віктар Юшчанка. Ад дзяржаваў Каўказу падпісалі прэзыдэнты Азэрбайджану, Армэніі і Грузіі Ільхам Аліеў, Сэрж Саргсян і Міхаіл Саакашвілі. 18 з 27 дзяржаваў ЭЗ падпісалі Дэклярацыю ў асобе кіраўніка ўраду. Пагатоў ад Летувы яе падпісаў міністар замежных справаў Вігаўдас Ушацкас. Сярод іншых дакумэнт падпісалі старшыні Эўрапейскага інвэстыцыйнага банку і Эўрапейскага банку рэканструкцыі і разьвіцьця[2].

27 чэрвеня 2014 году ўрады Грузіі, Малдовы і Ўкраіны падпісалі з 28 дзяржавамі Эўразьвязу Пагадненьні аб асацыяцыі. 1 ліпеня 2016 году пагадненьні Грузіі і Малдовы з Эўразьвязам набылі моц. 1 верасьня 2017 году набыло моц Пагадненьне аб асацыяцыі між Украінай і Эўрапейскім зьвязам(be). 24 лістапада 2017 году ўрад Армэніі падпісаў зь дзяржавамі Эўразьвязу Пагадненьне аб усебаковым і пашыраным партнэрстве[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Высновы Эўрапейскай рады № 7880/09 ад 20 сакавіка 2009 году(анг.) // Эўрапейскі зьвяз, 7 траўня 2009 г. Праверана 12 ліпеня 2018 г.
  2. ^ Сумесная дэклярацыя Праскага саміту «Усходняга партнэрства» ад 7 траўня 2009 году // Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў, 7 траўня 2009 г. Праверана 12 ліпеня 2018 г.
  3. ^ Сумесная дэклярацыя Брусэльскага саміту «Усходняга партнэрства» ад 24 лістапада 2017 г. // Эўрапейская служба зьнешніх дзеяньняў, 24 лістапада 2017 г. Праверана 12 ліпеня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Усходняе партнэрствасховішча мультымэдыйных матэрыялаў