Перайсьці да зьместу

Гісторыя Чарнаўчыцаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Палац Радзівілаў. Праект, XVIII ст.

Чарнаўчыцы — даўняе магдэбурскае места гістарычнай Берасьцейшчыны, колішняя сталіца графства.

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Упершыню Чарнаўчыцы ўпамінаюцца ў XV ст. як сяло ў Берасьцейскім павеце Троцкага, пазьней Падляскага ваяводзтва; уладаньне Невера Ваўчкевіча. У 1421 годзе тут заснавалі касьцёл. У 2-й палове XV ст. Ваўчкевічы зьмянялі свае ўладаньні на валынскія вёскі Івашкі Ільлініча. У пачатку XVI ст. Юры Ільлініч сабраў у ваколіцах Берасьця вялікія ўладаньні, цэнтар якіх знаходзіўся ў Чарнаўчыцах. Пад 1521 годам паселішча ўпамінаецца як мястэчка. Згодна з адміністрацыйна-тэрытарыяльнай рэформай (1565—1566) Чарнаўчыцы разам зь Берасьцейскім паветам увайшлі ў склад новаўтворанага Берасьцейскага ваяводзтва.

Юры Ільлініч не пакінуў нашчадкаў, але ўсынавіў Мікалая Радзівіла «Сіротку», якому запісаў у 1566 годзе частку сваіх уладаньняў. Чарнаўчыцы сталі рэзыдэнцыяй Радзівілаў, цэнтрам графства, у склад якога ўваходзіла каля 400 вёсак. У мястэчку ўзьвялі замак-палац, а ў 1585—1595 гадах — Траецкі касьцёл, помнік архітэктуры з элемэнтамі готыкі і рэнэсансу і рысамі абарончага дойлідзтва. Празь Берасьце і Чарнаўчыцы праходзіў вялікі гасьцінец зь Любліна да Вільні, які ўпамінаецца пад 1609 годам. Таксама празь мястэчка пралягала дарога НясьвіжБерасьце і далей на Кодань і Ўладаву. У 1671 годзе Радзівілы збудавалі аднапавярховы палац зь вялізнымі сенямі, у якія магла заехаць шасьціконная карэта. Пры двары знаходзіліся сад і зьвярынец.

У 1718 годзе кароль і вялікі князь Аўгуст Моцны надаў Чарнаўчыцам Магдэбурскае права і герб (выгляд геральдычнага сымбалю страчаны). У 1733 годзе ў мястэчку збудавалі драўляную Пятніцкую царкву. У 1777 годзе тут дзейнічаў вадзяны млын, які меў 11 вадзяных колаў. У XVIII ст. места належала натуралісту Марціну Радзівілу. У Чарнаўчыцах ён праводзіў фізычныя і хімічныя досьледы, спрабаваў адкрыць філязофскі камень. Геранім Радзівіл абвясьціў сваяка вар’ятам і забраў у апеку ягоны маёнтак. З 1778 году ў мястэчку жыў і служыў як сьвятар у мясцовай рыма-каталіцкай парафіі былы езуіт, паэт, перакладнік, пэдагог Фабіян Саковіч.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У выніку трэцяга падзелу Рэчы Паспалітай (1795) Чарнаўчыцы апынуліся ў складзе Расейскай імпэрыі. Статус паселішча панізілі да мястэчка. Маёнтак перайшоў да Грабоўскіх. Па задушэньні вызвольнага паўстаньня ў 1831 годзе царскія ўлады арыштавалі мясцовага ксяндза.

У 1862 годзе з мэтаю маскалізацыі краю расейскія ўлады адкрылі народную вучэльню, у 1867 годзе перарабілі касьцёл у царкву Маскоўскага патрыярхату. На 1876 год у Чарнаўчыцах меліся вуліцы Берасьцейская, Камянецкая, Кобрынская; пляц Рынак, Прадмесьце.

Да восені 1875 году ў Чарнаўчыцах жыла Марыя Ганна з князёў Радзівілаў Баяроўская — удава графа Аляксандра Бнінскага, кашталяна і сэнатара Царства Польскае, міністра замежных справаў у час паўстаньня 1830—31 гг.. Яна была ўнучкай Марціна Радзівіла, які быў нашчадкам Мікалая Крыштапа Радзівіла Чорнага.[1] Графіня памерла ў Чарнаўчыцах 15 кастрычніка 1875 году ва ўзросьце 83 гадоў і была пахаваная ў Берасьці на каталіцкіх могілках.

На 1886 год у Чарнаўчыцах 71 двор, 2 праваслаўныя царквы, юдэйскі малітоўны дом, сынагога, крамы, шавецкая майстэрня, 2 карчмы, рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы. 3 1887 году ў мястэчку меўся фэльчар і прыёмны пакой на 1 ложак. У 1892 годзе пачаў працаваць крышталёва-шкляны завод. Згодна з вынікамі перапісу (1897) — 140 двароў, 2 царквы, сынагога, народная вучэльня, царкоўна-прыходзкая школа, прыёмны пакой, хлебазапасны магазын, 13 крамаў, 3 карчмы, рэгулярна праводзіліся 3 кірмашы. На 1905 год — дзейнічала мяшчанская ўправа, працаваў пакой сельскага лекара, прызыўны ўчастак воінскай павіннасьці і ўчастак судова-міравой акругі. У пачатку XX ст. — 144 жылыя дамы, 140 дваровых месцаў; насельніцтва займалася рамяством і дробным пасярэдніцтвам, працавалі 4 кравецкія, 7 шавецкіх майстэрняў і 6 кузьняў.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Чарнаўчыцы абвяшчаліся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі яны ўвайшлі ў склад Беларускай ССР, у Берасьцейскі павет («падраён») Баранавіцкага раёну[2]. Паводле Рыскай мірнай дамовы (1921) Чарнаўчыцы апынуліся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Турлянскай гміне Берасьцейскага павету Палескага ваяводзтва. На 30 верасьня 1921 году ў мястэчку быў 101 дом. За польскім часам тут дзейнічалі аддзяленьні стралецкага зьвязу (1933—1935) і «Таварыства жыдоўскіх школаў».

У 1939 годзе Чарнаўчыцы ўвайшлі ў БССР, дзе сталі цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1940 год тут было 200 двароў, адкрылася 7-гадовая школа. У 1987 годзе колішняя праваслаўная царква (Кіеўская, галіцкая і ўсяе Русі мітраполія) Сьвятой Параскевы Пятніцы пацярпела ад пажару, аднак у часе аднаўленьня Беларускі экзархат Маскоўскага патрыярхату істотна перабудаваў будынак: над ім замест барокавай банькі зьявіўся пазалочаны купал-цыбуліна. На 1997 год у вёсцы было 865 двароў, на 2003 год — 884. 11 сакавіка 2011 году адбылося афіцыйнае зацьвярджэньне гербу і сьцяга Чарнаўчыцаў[3].