Узьяднаньне Нямеччыны

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Заходняя Нямеччына Усходняя Нямеччына
Заходняя Нямеччына
Усходняя Нямеччына

Узьядна́ньне Няме́ччыны (па-нямецку: Deutsche Wiedervereinigung) — злучэньне Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі (НДР) і Фэдэратыўнай рэспублікі Нямеччыны (ФРН) у 1990 року ў адзіную Нямеччыну. Бэрлін таксама быў злучаны ў адзін горад і стаў сталіцай аб’яднанай дзяржавы. 3 кастрычніка з нагоды сканчэньня аб’яднаньня сьвяткуецца як Дзень нямецкага адзінства (ням. Tag der deutschen Einheit)[1].

Заняпад усходненямецкага ўраду пачаўся ў траўні 1989 року пасьля таго, як Вугоршчына першай зь дзяржаваў сацыялістычнага блёку зьняла Жалезную заслону, адкрыўшы мяжу з Аўстрыяй. Празь яе ў Заходнюю Нямеччыну пачаўся масавы сыход усходніх немцаў. Пасьля шэрагу пратэстаў у НДР 18 сакавіка 1990 року адбыліся першыя вольныя выбары, пасьля якіх адбылося падпісаньне аб’яднаўчага пагадненьня[1].

Атрыманая ў выніку ўзьяднаньня Нямеччына зьяўляецца не дзяржавай-пераемніцай, але фактычна ўзбуйненай Заходняй Нямеччынай. Яна захавала сваё становішча ў такіх міжнародных арганізацыях, як Эўрапейская эканамічная супольнасьць (пазьней — Эўрапейскі зьвяз), НАТО і ААН. З зьнікненьнем з палітычнай мапы сьвету Ўсходняй Нямеччыны спыніўся і ейны ўдзел у Варшаўскім пакце ды іншых міжнародных арганізацыях.

Перадгісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўныя артыкулы: Гісторыя Нямеччыны (1945—1990), Жалезная заслона, Рэвалюцыі 1989 году, Развал СССР і Эўрапейская інтэграцыя
Помнік «Мы — народ» у Нацыянальным парку скульптураў «Нямецкае адзінства»

Пасьля Патсдамскага пагадненьня 1 жніўня 1945 року Нямеччына была падзеленая на чатыры зоны акупацыі між Вялікабрытаніяй, ЗША, СССР і Францыяй. Сталіца — Бэрлін — таксама была падзеленая адпаведна. У 1947—1949 роках тры зоны заходніх дзяржаваў былі аб’яднаныя ў Фэдэральную рэспубліку Нямеччыну і Заходні Бэрлін, а на савецкай частцы была створаная Нямецкая дэмакратычная рэспубліка з сталіцай ва Ўсходнім Бэрліне. ФРН увайшла ў Паўночнаатлянтычны вайсковы альянс, НДР — у Варшаўскі пакт. Такі стан захоўваўся на працягу ўсёй Халоднай вайны.

З 1980-х у СССР пачаўся пэрыяд эканамічнага і палітычнага застою; адпаведна ўмяшальніцтва ў міжнародную палітыку зьменшылася. У 1987 року прэзыдэнт ЗША Рональд Рэйган у сваёй прамове ля Брандэнбурскай брамы заклікаў генэральнага сакратара Міхаіла Гарбачова «зьнесьці гэты мур», які разьдзяляў Бэрлін. Мур зьяўляўся ўвасабленьнем палітычнага і эканамічнага падзелу на Захад і Ўсход, ахарактарызаванага Ўінстанам Чэрчылем як «Жалезная заслона». У 1988 року Гарбачоў абвясьціў, што Савецкі Саюз адмовіцца ад дактрыны Брэжнева і дасьць магчымасьць дзяржавам Усходняга блёку самастойна вызначаць сваю замежную палітыку[2]. У 1989 року ў СССР была абвешчаная палітыка галоснасьці і перабудовы, а ва Ўсходняй Эўропе прайшла хваля рэвалюцыяў.

У траўні 1989 року Вугоршчына зьняла агароджу на сваёй граніцы, аднак гэта пакуль не азначала зьняцьця Жалезнай заслоны. Толькі 19 жніўня 1989 року адбыўся Панэўрапейскі пікнік, падчас якога адбылося адкрыцьцё пераходу на мяжы Аўстрыі і Вугоршчыны. Інфармацыя пра маючы адбыцца пікнік шырока распаўсюджвалася сярод усходніх немцаў, і сыход дзясяткаў тысячаў жыхароў НДР праз аўстрыйскую мяжу стаў самым масавым з часу ўзьвядзеньня Бэрлінскага муру ў 1961 року. Эрых Гонэкер быў разгублены, Савецкі Саюз не адрэагаваў, і да канца верасьня ў Заходнюю Нямеччыну зьехалі больш за 30 000 усходніх немцаў.

Першы Дзень дзяржаўнага адзінства. Бэрлін, 3 кастрычніка 1990

Пасьля гэтага ўлады НДР урэшце забаранілі выезд у Вугоршчыну, і адзіным спосабам уцёкаў для ўсходніх немцаў застаўся выезд у Чэхаславаччыну[3][4].

Тады вялікая колькасьць немцаў па-ранейшаму ня верыла ў хуткае ўзьяднаньне[5]. «Паваротным пунктам» (ням. Die Wende) стала мірная рэвалюцыя, якая прывяла да падзеньня Бэрлінскага муру і пачатку перамоваў між двума часткамі Нямеччыны.

Працэс узьяднаньня[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Надпіс на Бэрлінскім муры: «Дзякуй табе, Горбі»

28 лістапада 1989 року — праз два тыдні пасьля падзеньня Бэрлінскага муру — канцлер Заходняй Нямеччыны Гельмут Коль абвясьціў праграму зь 10 пунктаў па пашырэньні ўзаемнага супрацоўніцтва з канчатковай мэтай аб’яднаньня[6]. Часавыя рамкі не прадугледжваліся, але падзеі сталі разьвівацца хутка.

У сакавіку Партыя дэмакратычнага сацыялізму (колішняя Сацыялістычная адзіная партыя Нямеччыны) разгромна прайграла першыя вольныя выбары ў НДР. Была сфармаваная шырокая кааліцыя за аб’яднаньне на чале з усходненямецкім крылом Хрысьціянска-дэмакратычнага зьвязу Лётара дэ Мэзьера. Па-другое, у НДР увасьлед за развалам Усходняга блёку пачаўся эканамічны ды інфраструктурны заняпад. Гэта прысьпешыла рух да эканамічнага аб’яднаньня.

18 траўня 1990 року абедзьве нямецкія дзяржавы падпісалі ўгоду пра валютную, эканамічную і грамадзкую унію(de)[7]; яна набыла моц 1 ліпеня 1990, калі заходненямецкая марка замяніла абясцэненую ўсходнюю марку ў якасьці валюты Ўсходняй Нямеччыны. Адначасна на ўсходнюю частку сталі распаўсюджвацца законы Заходняй Нямеччыны, што дазволіла зьнівэляваць перашкоды да палітычнага аб’яднаньня[8].

Мэмарыял на месцы колішняга падзелу Нямеччыны між Вэлічам (Баварыя) і Гайнэрсдорфам (Турынгія)

23 жніўня Парлямэнт НДР прыняў рэзалюцыю пра далучэньне (Beitritt) Нямецкай дэмакратычнай рэспублікі да Фэдэратыўнай рэспублікі Нямеччыны і распаўсюд дзеяньня ўсяго фэдэральнага заканадаўства на ўсходнюю тэрыторыю[9][10][11]. 31 жніўня «Дамова пра ўзьяднаньне Нямеччыны»[12][13][14] была падпісаная прадстаўнікамі абодвух урадаў. 20 верасьня дамова была ратыфікаваная парлямэнтамі абодвух дзяржаваў[15].

Унія афіцыйна набыла моц а 00:00 ЦЭЛЧ 3 кастрычніка 1990 року. Усходняя Нямеччына ўвайшла ў склад Заходняй пяцьцю землямі: Брандэнбургам, Мэкленбургам — Пярэдняй Памяраній, Саксоніяй, Саксоніяй-Ангальтам і Турынгіяй — адноўленымі 23 жніўня адмыслова дзеля аб’яднаньня. Адначасна аб’ядналіся Заходні і Ўсходні Бэрлін, і над Брандэнбурскай брамай быў узьняты чорна-чырвона-залаты сьцяг Заходняй Нямеччыны.

Паштовая марка да 10-рочча ўзьяднаньня Нямеччыны

Юрыдычна 3 кастрычніка 1990 року Нямецкая дэмакратычная рэспубліка скончыла сваё існаваньне, увайшоўшы ў склад Фэдэратыўнай рэспублікі Нямеччыны. Адпаведна Нямеччына захавала свае месцы ў ААН, НАТО, ЭЭС ды іншых міжнародных арганізацыях.

З тае пары 3 кастрычніка ў Нямеччыне зьяўляецца дзяржаўным сьвятам — Днём нямецкага адзінства (Tag der deutschen Einheit).

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Уніфікацыйная дамова, падпісаная між Фэдэратыўнай рэспублікай Нямеччыны і Нямецкай дэмакратычнай рэспублікай у Бэрліне 31 жніўня 1990 року  (ням.)
  2. ^ Dusko Doder, Louise Branson. Gorbachev: Heretic in the Kremlin. — London: Futura, 1990. — С. 212. — ISBN 978-0708849408
  3. ^ Ludwig Greven «Und dann ging das Tor auf», in Die Zeit, 19 August 2014.
  4. ^ Andreas Rödder, Deutschland einig Vaterland — Die Geschichte der Wiedervereinigung (2009).
  5. ^ THE WORLD; Despite New Stirrings, Dream of 'One Germany' Fades by Serge Schmemann, The New York Times, 14 May 1989
  6. ^ GHDI — Document
  7. ^ Vertrag über die Schaffung einer Währungs-, Wirtschafts- und Sozialunion zwischen der Deutschen Demokratischen Republik und der Bundesrepublik Deutschland. Die Verfassungen in Deutschland. Праверана 22 сакавіка 2013 г.
  8. ^ Embassy of the Federal Republic of Germany London — A short history of German reunification. London.diplo.de.
  9. ^ Damals im Osten. MDR.DE. Праверана 9 кастрычніка 2016 г.
  10. ^ Bundeszentrale für politische Bildung Volkskammer der DDR stimmt für Beitritt. BPD.de.
  11. ^ Bundesarchiv - Digitalisierung und Onlinestellung des Bestandes DA 1 Volkskammer der DDR, Teil 10. Wahlperiode www.bundesarchiv.de Архіўная копія ад 20 October 2015 г.
  12. ^ United States and Soviet Union Sign German Reunification Treaty. NBC Learn. Праверана 22 сакавіка 2013 г.
  13. ^ Merkel to mark 20th anniversary of German reunification treaty. Deutschland.de. Праверана 22 сакавіка 2013 г. Архіўная копія ад 16 May 2013 г.
  14. ^ Soviet Legislature Ratifies German Reunification Treaty. AP News Archive. Праверана 22 сакавіка 2013 г.
  15. ^ Opening of the Berlin Wall and Unification: German History. Germanculture.com.ua