Расейскі сьвет

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

«Расейскі сьвет» (рас. русский мир — «рускі сьвет») — геапалітычныя дактрына расейскага псыхоляга Юрыя Грамыкі, якую той выклаў у 1998 годзе ў артыкуле «Зьбіраньне расейскага сьвету». Ва ўводзінах артыкула Ю. Грамыка адмаўляў існыя дзяржаўныя межы Расеі, бо меркаваў, што «суайчыньнікі за мяжой, якія не пажадалі (або ня здолелі) вярнуцца ў Расею» «лічуць сябе расейцамі і адстойваюць па-за афіцыйнай Расеяй права на існаваньне вялізнага расейскага сьвету, які стагодзьдзямі жыў за рамкамі штучных адвольных межаў усечанай Расеі, што ўтварылася ў выніку развалу камуністычнай ідэалёгіі». У артыкуле асыміляваньне іншых народнасьцяў разглядалася ў якасьці спосабу існаваньня расейскай народнасьці (шавінізм): «Расейцы забылі формулу-замову, якую ім трэба будзе ўзгадаць, калі яны жадаюць выжыць… Гэтая формула зьвязаная з аднаўленьнем расейскага сьвету — Pax Russica — здольнага ўвабраць і ўлучыць у сябе шмат розных этнасаў і групаў». У прыклад Ю. Грамыка прыводзіў заклік расейскага мастацтвазнаўца Алега Генісарэцкага выкарыстаць расейскую дыяспару для русіфікацыі: «Паводле трапнага выразу выдатнага культуроляга і мэтадоляга Алега Генісарэцкага, для ўтварэньня і структураваньня расейскага сьвету расейская грамада-дыяспара мае быць наноў упісанай і ўлучанай ва ўсялякія грамадзкія, культуровыя і палітычныя сусьветы»[1].

5 пазыцыяў і 4 сцэнары[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У разьдзеле «Пяць пазыцыяў і чатыры сцэнары» артыкула «Зьбіраньне расейскага сьвету» Ю.Грамыка цьвердзіў, што «Толькі традыцыяналістам патрэбна зьбіраньне расейскага сьвету, бо іх галоўны патэнцыял і рэсурс — тысячагадовая расейская гісторыя». Адпаведна перавага надавалася 4-му «сцэнару ажыцьцяўленьня чыньніка расейскай дыяспары», бо «4-ы сцэнар — сцэнар і ва ўнутрыпалітычнай расейскай прасторы — гэта расейскі традыцыяналізм і народна-дзяржаўніцкая ідэя». Гэты сцэнар прадугледжваў «Выбудоўваньне сеткавай жыцьцяздольнай і моцнай дыяспары зь цеснымі сувязямі з моцнымі расейскімі асяродкамі ўнутры Расеі». Такі сцэнар грунтаваўся на 5-м стаўленьні («пазыцыі») да «расейцаў у СНД», краіны-ўдзельніцы якой прапаноўвалася русіфікаваць: «Пазыцыя за актыўнае прарастаньне расейскай суб’ектнасьці на прасторы новых дзяржаўнасьцяў рэспублік СНД»[1].

Увасабленьне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 лістапада 2006 году ў Санкт-Пецярбургу расейскі прэзыдэнт Уладзімер Пуцін (2000—2008) правёў сустрэчу з удзелам каля 20 расейскіх актораў, пісьменьнікаў і кінарэжысэраў з нагоды 100-годзьдзя з дня народзінаў расейскага мовазнаўца Дзьмітрыя Ліхачова (1906—1999)[2]. Пры канцы той 2-гадзіннай сустрэчы ў Доме Дзяржавіна прэзыдэнт У. Пуцін заявіў: «Наступны год абвешчаны годам расейскай мовы, якая зьяўляецца ўнівэрсальнай асновай расейскай дзяржавы і — шырэй — расейскага сьвету… Расейскі сьвет можа і мае аб’яднаць усіх, каму дорага расейскае слова і расейская культура, дзе б яны ні жылі, у Расеі або за яе межамі, і да якой бы этнічнай групы не належалі. Часьцей ужывайце гэтае словазлучэньне — расейскі сьвет»[3].

21 чэрвеня 2007 году прэзыдэнт У. Пуцін падпісаў Указ № 796 «Аб стварэньні фонду „Расейскі сьвет“», паводле якога «заснавальнікамі фонду ад імя Расейскай Фэдэрацыі зьяўляюцца Міністэрства замежных справаў Расейскай Фэдэрацыі і Міністэрства адукацыі і навукі Расейскай Фэдэрацыі; маёмасьць фонду ўтвараецца за кошт сродкаў фэдэральнага каштарысу». Паводле 3-га пункта Ўказу, «старшыня і сябры апякунскай рады фонда прызначаюцца прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі; …старшыня, намесьнікі старшыні і сябры кіраўніцтва фонда прызначаюцца прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі». Паводле 5-га пункту, загадвалася «Ўраду Расейскай Фэдэрацыі забясьпечыць… разьмяшчэньне фонда ў г. Маскве; накіраваньне ў 2007—2020 гадах сродкаў фэдэральнага каштарыса фонду для ажыцьцяўленьня яго дзейнасьці»[4]. Да канца 2008 г. фонд атрымаў звыш 1 млрд расейскіх рублёў (20 млн эўра) зь дзяржаўнага каштарысу. За 2008 г. фонд «Расейскі сьвет» адчыніў 15 расейскіх асяродкаў пры вучэльнях у 10 краінах сьвету: Азэрбайджан (Баку), Армэнія (Ерэван), Бэльгія (Монс), ЗША (Нью-Ёрк), Казахстан (Аскемен, Астана), Кыргыстан (Бішкек, Кант, Ош), Расея (Расейскі ўнівэрсытэт сяброўства народаў), Таджыкістан (3 у Душанбэ), Эстонія (Талін) і Японія (Хакадатэ). Адначасна фонд заключыў дамовы на адкрыцьцё яшчэ 67 расейскіх асяродкаў: 38 (57%) у краінах Садружнасьці незалежных дзяржаваў, 24 у іншых краінах Эўропы, 11 у іншых краінах Азіі, 3 у Амэрыцы і 1 у Афрыцы[5]. Да канца 2015 году фонд «Расейскі сьвет» адчыніў 106 асяродкаў у 46 краінах: 6 у Расеі, 29 у краінах СНД, 46 (43%) у іншых краінах Эўропы, 21 у іншых краінах Азіі і 4 у Амэрыцы. Сярэдняя наведвальнасьць мерапрыемстваў (сэмінараў і нарадаў) на асяродак склала каля 3000 чалавек за год[6].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

3 сьнежня 2014 г. 1-ы расейскі асяродак у Беларусі адчынілі ў Берасьцейскім дзяржаўным унівэрсытэце пры ўдзеле катэдры тэорыі і гісторыі расейскай літаратуры філялягічнага факультэта. На 2017 год фонд «Расейскі сьвет» таксама зьмяшчаў у сваім адмысловым каталёгу ўстановаў-пашыральніцаў расейскай мовы:

Крытыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

29 студзеня 2015 году ў менскім Палацы Незалежнасьці прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка правёў сустрэчу з прадстаўнікамі СМІ Беларусі і замежжа[8]. У адказ на пытаньне намесьніцы гал.рэдактара газэты «Камсамольская праўда ў Беларусі» Ульяны Бабаед пра «асьцярогу перад расейскімі настроямі, вось гэтым расейскім "крыманашызмам" на тэрыторыі Беларусі» А.Лукашэнка заявіў: «Асобныя ці тое, якія прыехалі, ці тое, якія доўга жывуць тут, каторыя лічаць, што беларуская зямля — гэта частка, як яны кажуць зараз, расейскага сьвету і ледзь не Расеі, — забудзьце. Беларусь — гэта сувэрэнная і незалежная дзяржава. ... Мы заўсёды былі гасьціннымі да ўсялякага чалавека. Але прымусім усялякага паважаць наш сувэрэнітэт і незалежнасьць, хто падумвае пра тое, што няма такой краіны — Беларусь, не было і гэтак далей. Не было — а цяпер ёсьць. І з гэтым трэба лічыцца. І мы сваю зямлю нікому не аддамо. Гэта мая задача. Якая б яна ні была цяжкая, я яе вырашу. Я выканаю сваю місію, чаго б мне гэта ні каштавала. І за маёй сьпінай стаяць сотні, тысячы такіх людзей узброеных»[9].

28 сакавіка 2016 году ў Краматорску (Данецкая вобласьць) прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка выступіў на цэнтральнай плошчы з заявай пра страты з 2014 году ў выніку расейскага вайсковага ўварваньня ва Ўкраіну: «Амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх герояў аддалі сваё жыцьцё для таго, каб вызваліць Данбас, абараніць яго ад так званага "расейскага сьвету", амаль 6,5 тысячаў украінскіх цывільных было забіта ў гэтай вайне ў выніку экспэрымэнту, які "расейскі свет" жадаў правесьці над Украінай. Але Ўкраіна аб’ядналася і прадэманстравала сваю сілу»[10].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Юры Грамыка. Зьбіраньне расейскага сьвету (рас.) = Собирание русского мира // Расейскі аналітычны агляд : часопіс. — 1998. — № 8-9.
  2. ^ У комплексе «Дом Дзяржавіна» прайшла сустрэча Ўладзімер Пуціна з прадстаўнікамі расейскай інтэлігенцыі(рас.) // Прэзыдэнт Расеі, 29 лістапада 2006 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  3. ^ Аляксандар Баброў. Год расейскай мовы (рас.) = Год русского языка // Расейскі дом : часопіс. — Люты 2007. — № 2. — С. 50. — ISSN 1990-9802.
  4. ^ Уладзімер Пуцін. Указ прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ад 21 чэрвеня 2007 г. № 796 «Аб стварэньні фонду „Расейскі сьвет“»(рас.) // Афіцыйны інтэрнэт-партал прававой інфармацыі Расеі, 28 сьнежня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  5. ^ Справаздача аб асноўных накірунках дзейнасьці за 2008 год(рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2009 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  6. ^ Справаздача аб дзейнасьці фонда «Расейскі сьвет» у 2015 годзе(рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2016 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  7. ^ Сьпіс арганізацыяў каталёга «Увесь расейскі сьвет» у Беларусі(рас.) // Фонд «Расейскі сьвет», 2017 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  8. ^ БелТА. Адкрыты дыялёг прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі з журналістамі // Газэта «Петрыкаўскія навіны», 30 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 30 студзеня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  9. ^ Лукашэнка не дапускае думак аб магчымасьці вайны паміж Беларусьсю і Расеяй // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 29 студзеня 2015 г. Архіўная копія ад 29 студзеня 2015 г. Праверана 2 траўня 2017 г.
  10. ^ Парашэнка: Амаль 2,5 тысячы ўкраінскіх герояў аддалі сваё жыцьцё, каб вызваліць Данбас ад «расейскага сьвету»(укр.) // 5 канал, 28 сакавіка 2016 г. Архіўная копія ад 28 сакавіка 2016 г. Праверана 2 траўня 2017 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]