Перайсьці да зьместу

Тбілісі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Тыфліс»)
Тбілісі
груз. თბილისი
Тбілісі
Герб Тбілісі Сьцяг Тбілісі
Першыя згадкі: 450
Краіна: Грузія
Кіраўнік: Каха Каладзэ[d]
Плошча: 726 км²
Вышыня: 575 м н. у. м.
Насельніцтва (2018)
колькасьць: 1 158 700 чал.
шчыльнасьць: 1596,01 чал./км²
Часавы пас: UTC+4
Тэлефонны код: 32
Паштовы індэкс: 0100–0199
Геаграфічныя каардынаты: 41°43′21″ пн. ш. 44°47′33″ у. д. / 41.7225° пн. ш. 44.7925° у. д. / 41.7225; 44.7925Каардынаты: 41°43′21″ пн. ш. 44°47′33″ у. д. / 41.7225° пн. ш. 44.7925° у. д. / 41.7225; 44.7925
Тбілісі на мапе Грузіі
Тбілісі
Тбілісі
Тбілісі
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы
http://www.tbilisi.gov.ge/

Тбілі́сі (па-грузінску: თბილისი) — сталіца Грузіі.

12 студзеня 1999 году ў Тбілісі заснавалі «Грузінскую фондавую біржу». У сталіцы сваю галаўну сядзібу мела «Грузінская пошта».

Да 1936 году горад меў назву Тыфліс, а па-грузінску — Тфілісі (па-грузінску: ტფილისი) — старагрузінская назва. Сваю назву ён атрымаў з-за цёплых серных крыніцаў (у перакладзе з грузінскай «тбілі», г. зн. састарэлае «тфілі», азначае «цёплы»).

Паводле старой легенды сучасная тэрыторыя Тбілісі была пакрытая лясамі не пазьней за 458 год. Найбольш шырока вядома варыянт легенды распавядае, што грузінскі цар Вахтанг I Гаргасалі адправіўся сюды на паляваньне ў лясістую вобласьць разам з сокаламі. Сокал караля нібыта быў злоўлены або паранены фазанам падчас паляваньня, пасьля чаго абедзьве птушкі ўпалі ў бліжэйшую гарачую крыніцу і памёрлі ад апёкаў. Цар Вахтанг быў настолькі ўражаны гарачымі крыніцамі, што вырашыў сьсекчы лес і пабудаваць горад на ягоным месцы.

Выгляд Тбілісі з малюнку францускага падарожніка Жана Шардэна, 1671 год

Археалягічныя дасьледаваньні рэгіёну паказалі, што паселішча людзей на тэрыторыі Тбілісі было ўжо ў пачатку 4 тысячагодзьдзя да нашай эры. Пераемнік і сын Вахтанга, цар Дачы I Уярмэлі, перанёс сталіцу з Мцхета ў Тбілісі ў адпаведнасьці з воляй памерлага бацькі. Тбілісі на той час ня быў сталіцай адзінай грузінскай дзяржавы, бо на той час яна не ўключала ў сябе тэрыторыю Калхіды. Падчас панаваньня Дачы была пабудаваная гарадзкая сьцяна, якая стала новай межай гораду. З VI стагодзьдзя Тбілісі хутка пашыраўся, дзякуючы спрыяльнаму стратэгічнаму разьмяшчэньню рэгіёну, які разьмешчаны ўздоўж важных гандлёвых маршрутаў паміж Эўропай і Азіяй.

Аднак дзякуючы такому спрыяльнаму разьмяшчэньню Тбілісі стаў аб’ектам суперніцтва паміж рознымі дзяржавамі рэгіёну ў розныя часы, як то Рымскай імпэрыі, Пэрсіі, арабскімі краінамі, Бізантыйскай імпэрыі і туркамі-сэльджукамі. Культурнае разьвіцьцё гораду ў некаторай ступені залежыла ад таго, хто кіраваў горадам у розны час, хоць горад і рэгіён у цэлым здолеў захаваць значную аўтаномію ад сваіх заваёўнікаў.

У 1122 годзе пасьля цяжкіх баёў з сэльджукамі войскі грузінскага караля Давіда Будаўніка ўступілі ў Тбілісі. Пасьля бітвы Давід перанёс сваю рэзыдэнцыю з Кутаісі ў Тбілісі, і зрабіў яго, такім чынам, сталіцай адзінай грузінскай дзяржавы, распачаўшы Залаты век Грузіі. З XII—XIII стагодзьдзяў Тбілісі стаў дамінуючым рэгіянальным цэнтрам з разьвітой эканомікай і сацыяльнай сыстэмай. Да канца XII стагодзьдзя, насельніцтва Тбілісі дасягнула 100 тысячаў чалавек. Горад таксама стаў важным літаратурным і культурным цэнтрам ня толькі Грузіі, але і для ўсходняга праваслаўнага сьвету таго часу. За часам царыцы Тамары выбітны паэт Шата Руставэлі працаваў у Тбілісі падчас напісаньня сваёй легендарнай эпічнай паэмы «Віцязь у тыгравай шкуры».

Аднак Залаты век доўжыўся ня больш за стагодзьдзе. У 1226 годзе Тбілісі быў захоплены харэзмшаскай імпэрыяй шагу Джалалам ад-Дзін Манкбурны. Падчас абароны горад быў моцна спустошаны мангольскім войскам. У 1236 годзе пасьля зруйнаваньня, Грузія патрапіла пад мангольскае панаваньне. Сам народ падтрымліваў форму паўнезалежнасьці, аднак Тбілісі знаходзіўся пад моцным уплывам манголаў на працягу наступнага стагодзьдзя і палітычна, і культурна. У 1320 годзе манголы былі гвалтоўна выгнаныя з Грузіі, і Тбілісі зноўку стаў сталіцай незалежнай грузінскай дзяржавы. У 1366 годзе горад зьведаў пошасьць чумы.

З канца XIV да канца XVIII стагодзьдзя Тбілісі быў пад уладай розных замежных захопнікаў у чарговы раз і некалькі разоў быў цалкам спалены. У 1386 годзе Тбілісі быў захоплены войскамі Тамэрлана. У 1444 годзе горад быў захоплены і разбураны Джаганшагам, шагам гораду Тэбрыз. З 1477 па 1478 гады Тбілісі быў захоплены плямёнамі Ак-Каюнлу Ўзун-Гасану. У 1522 годзе Тбілісі трапіў пад уладу Пэрсіі, але пазьней быў вызвалены ў 1524 годзе царом Давідам X. На працягу гэтага пэрыяду многія часткі Тбілісі былі рэканструяваны і адноўлены. З 1555 году і далей з 1614 па 1747 гады, зь невялікімі перапынкамі, у Тбілісі разьмяшчаўся гарнізон пэрсыдзкіх войскаў і мелася рэзыдэнцыя васальных да Пэрсіі цароў Картлі. У далейшым пэрсыдзкія кіраўнікі пачалі страчваць кантроль над рэгіёнам, таму, адчуваючы, што Грузія не была здольная аказваць супраціў Пэрсіі ў аднаго, цар Іраклі II зьвярнуўся па дапамогу да Расейскай імпэрыі.

У 1801 годзе пасьля таго, як грузінскае царства Картлі-Кахэці, з сталіцай у Тбілісі, было далучана да Расейскай імпэрыі, горад стаў цэнтрам Тбіліскай губэрні. У XIX стагодзьдзі самай вялікай паводле колькасьці была армянская дыяспара, якая, у нейкі момант, складала да 74,3% насельніцтва[1].

Тбілісі разьмешчаны ў Тбіліскай катлавіне, працягнуўшыся вузкай паласой амаль на 30 км у даліне ракі Куры і па прылеглых схілах гор. Клімат субтрапічны, з працяглым мяккім летам і цёплай зімой.

Фаўна ваколіцаў гораду вельмі разнастайная, сустракаюцца такія жывёлы як лісіцы, паласатыя гіены, шакалы, ваўкі. Шмат гадаў і птушак. У рэгіёне з мэтай аховы прыродных комплексаў і захаваньня біяразнастайнасьці створаны Тбіліскі нацыянальны парк.

На 2012 год у горадзе пражывала больш за 1,1 млн чалавек і гэты паказчык стала расьце. Тбілісі зьяўляецца шматнацыянальным горадам, дзе пражываюць больш за 100 этнічных груп. Каля 89% насельніцтва складаюць этнічныя грузіны, а сярод этнічных меншасьцяў большасьць складаюць армяне, расейцы і азэрбайджанцы. Акрамя таго на вуліцах гораду можна пабачыць асэтынаў, абхазаў, украінцаў, грэкаў, немцаў, габрэяў, эстонцаў, курдаў, асырыйцаў і іншых. Афіцыйнай мовай зьяўляецца грузінская, акрамя яе распаўсюджаныя расейская, армянская і азэрбайджанская.

Фатаздымак мячэта ў Тбілісі пачатку XX стагодзьдзя

Больш за 95% жыхароў Тбілісі практыкуюць хрысьціянства ў розных ягоных формах, аднак найбольш пераважным зь іх зьяўляецца Грузінская праваслаўная царква. Таксама ў горадзе прадстаўлена Расейская праваслаўная царква і Армянская апостальская царква. Значна меншая дзель насельніцтва вызначе іслам (каля 4%), большасьць зь іх належыць да шыізму. Каля 2% насельніцтва Тбілісі практыкуе юдаізм. Тбілісі гістарычна вядомы рэлігійнай памяркоўнасьцю. Гэта асабліва відавочна ў Старым горадзе, дзе мячэт, сынагога, а таксама розныя праваслаўныя цэрквы могуць быць разьмешчаны менш чым у 500 мэтраў адзін ад аднаго.

  1. ^ Ronald Grigor Suny (1994). The making of the Georgian nation. Indiana University Press. pp. 116-. ISBN 978-0-253-20915-3.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]