Грузінская фондавая біржа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Каардынаты: 41°43′29″ пн. ш. 44°43′51″ у. д. / 41.72472° пн. ш. 44.73083° у. д. / 41.72472; 44.73083

«Грузінская фондавая біржа»
груз. საქართველოს საფონდო ბირჟა
Тып фондавая
Разьмяшчэньне Тбілісі, Грузія
Заснаваная 12 студзеня 1999 (25 гадоў таму)
Ключавыя асобы Георгі Парэсішвілі, Тамаз Хізанішвілі[1]
Валюта грузінскі лары
Колькасьць лістынгаў 10 (2021 год)
РынКап 699 млн $ (1 красавіка 2021 году)[2]
Аб'ём 19,725 млн лары (2020 год; 6,032 млн $)
Індэксы «ГБІ»
Сайт gse.ge

«Грузі́нская фо́ндавая бі́ржа» («ГФБ») — біржа ў Тбілісі, заснаваная ў студзені 1999 году.

На 2021 год месьцілася ў Сабуртальскім раёне Тбілісі па праспэкце Важы-Пшавелы, д. 71[3]. 6 траўня 2010 году запусьцілі «Грузінскі біржавы індэкс» («ГБІ»)[4].

Брокеры[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год на «Грузінскай фондавай біржы» налічвалася 7 брокерскіх прадпрыемстваў: «Гальт і Тагарт» (належаў «Банку Грузіі» і меў 17,33 % паёў біржы), холдынг «Каўкаскі капітал» (Георгі Лаладзэ — 1-ы кіраўнік біржы), «Банк Шаўковага шляху», «Каштоўныя паперы спадчыны», «Кіраваньне сродкамі Абі», «Капітал Тбіліскага бізнэс-цэнтру» (17,33 % паёў біржы) і «Карткавы брокер» (належаў «Карткаваму банку»)[5].

Каштоўныя паперы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На 2021 год на «Грузінскай фондавай біржы» гандлявалі 37 каштоўнымі паперамі, зь іх 27 выпускамі аблігацыяў і паямі 10 прадпрыемстваў. У катэгорыі лістынгу А быў «Банк Грузіі», у катэгорыі Б — паі 3-х прадпрыемстваў: «Банк свабоды», «Зялёнае страхаваньне Грузіі» і гасьцініца «Эўфарыя» (Батумі). Таксама допуск да гандлю мелі паі яшчэ 6 прадпрыемстваў: электрасетка «Тэласі», вінакурня «Сараджышвілі», абутковая фабрыка «Ісані-Карту», «Хашурскі шклозавод» (край Унутраная Картлія), «Трамсмшэні» і «Зьнешгандальбанк Грузіі»[6]. На 2021 год «ГФБ» брала за гандаль акцыямі 0,05 % ад вартасьці зьдзелкі, за гандаль прыватнымі аблігацыямі — 0,01 %, а за гандаль дзяржаўнымі аблігацыямі і 25 лары. Першаснае разьмяшчэньне акцыяў каштавала 5000 лары[7]. У лістынг Б дапускалі прадпрыемствы рынкавая вартасьць паёў якіх у вольным абарачэньні перавышала 50 000 лары, што складалі прынамсі 10 % ад іх агульнага ліку. Таксама такія прадпрыемствы мелі трымацца Міжнародных стандартаў фінансавай справаздачнасьці (МСФС) і быць прыбытковымі папярэднія 3 гады[8].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

12 студзеня 1991 году ў Тбілісі заснавалі акцыянэрнае таварыства «Грузінская фондавая біржа» пры дапамозе Агенцтва міжнароднага разьвіцьця ЗША (Вашынгтон)[2]. У сьнежні 2016 году АТ «Гальт і Тагарт», якому належалі 49,99 % паёў «Грузінскай фондавай біржы» і якім сам належаў «Банку Грузіі», прадаў 17,33 % паёў ТАА «Капітал Тбіліскага бізнэс-цэнтру» і 15,33 % ТАА «Грузінскі суінвэстыцыйны фонд»[9].

У 2020 годзе абсяг гандлю паямі на «Грузінскай фондавай біржы» склаў 19,725 млн лары, зь якіх 99 % прыпала на абутковую фабрыку «Ісані-Карту». Гандаль аблігацыямі склаў 8,662 млн даляраў ЗША (26,596 млн лары) і 4,457 млн лары[10]. Выручка «ГФБ» вырасла да 977 059 лары, а прыбытак — да 97 993 лары[11].

Кіраўнікі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Георгі Лаладзэ (1999—2014)
  • Георгі Парэсішвілі (на 2021 год)

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіраўніцтва (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  2. ^ а б Пра біржу (груз.) // «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  3. ^ Кантакт (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  4. ^ Правілы вызначэньня індэксу біржы (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 21 лютага 2017 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  5. ^ Брокерскія прадпрыемствы (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  6. ^ Каштоўныя паперы (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  7. ^ Расцэнкі біржы (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  8. ^ Правілы лістынгу (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 24 траўня 2016 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  9. ^ Георгі Парэсішвілі, Ніна Курдыяні, Міхаіл Абаідзэ. Асобная фінансавая справаздачнасьць за 2019 год (анг.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 22 красавіка 2020 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  10. ^ Зводныя зьвесткі за 2020 год (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.
  11. ^ Георгі Парэсішвілі, Ніна Курдыяні, Міхаіл Абаідзэ. Кансалідаваная фінансавая справаздачнасьць за 2020 год (груз.) // АТ «Грузінская фондавая біржа», 31 сакавіка 2021 г. Праверана 27 красавіка 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]