Перайсьці да зьместу

Асырыйцы

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Асырыйцы
Атураі
Агульная колькасьць 4,2 млн (1994)
Рэгіёны пражываньня Ірак, Сырыя, Іран, Турэччына, Лібан
Мовы Асырыйская
Рэлігіі Хрысьціянства
Блізкія этнасы Арабы, габрэі

Асыры́йцы (на арамэйскай мове — ܐܬܘܪ̈ܝܐ, саманазва — [атураі], [сураі], таксама сустракаюцца назвы айсоры, сурыяні, халдэі, сіра-халдэі, сырыйцы, па-армянску: Ասորիներ, па-грузінску: ასურელები) народ, які насяляе Блізкі Ўсход (у асноўным сёньняшні Ірак).

Паходзяць ад насельнікаў Асырыйскай дзяржавы. У сваёй большасьці вызнаюць хрысьціянства, што дазваляе іх адрозьніць ад арабскага, турэцкага і курдзкага насельніцтва. Дакладная колькасьць асырыйцаў невядомая. Агульная колькасьць вагаецца ад 350 000 чалавек да 4 000 000 чалавек. Асырыйцы расьселеныя па розных краінах сьвету. Ёсьць грамады ў Іраку, Сырыі, Іране, Расеі, Грузіі, Армэніі, Лібане, ЗША, Францыі, Швэцыі, Турэччыне. У сваім асьсяродзьдзі карыстаюцца мовай той краіны, дзе жывуць асырыйцы. Асырыйская мова належыць да сэміцкіх моваў. Ёю карыстаюцца ў асноўным у царкоўных службах. Пісьмовая мова была створаная ў 1840-х гадох на аснове гаворкі, якою карысталіся каля возера Ўрмія (паўночны-захад Ірану). Азбука на аснове сырыйскай азбукі эстрангела.

Асырыйцы дзеляцца па рэлігійнай прыкмеце. Адны належаць да Сырыйскай (Якубавай) царквы, іншыя належаць да Асырыйскай царквы Ўсходу. Існуе іншая царква — Галдэйская (каталіцкая) царква зь сядзібай у месьце Мосул. Ёсьць прыхільнікі праваслаўнай царквы.

Пасьля прыходу да ўлады мусульман на абшарах Іраку хрысьціяне маглі спакойна спавядаць свае царкоўныя трэбы. У XVI стагодзьдзі Тамэрланавы ваяры прынесьлі шмат стратаў асырыйцам, серад якіх загінула шмат прдастаўнікоў народу. Рэшта знайшла прытулак у гарах Курдыстану. Пытаньне аб стварэньні незалежнай Асырыйскай дзяржавы ўзьнікла ў канцы ХІХ стагодзьдзя з-за аслабленьня Асманскай дзяржавы. Расея і Брытанія, жадаючы знайсьці прычыну для ўмяшаньня ва ўнутранныя справы Асманскай дзяржавы, пільна сачылі за ганеньнямі асырыйцаў. У час Першай сусьветнай вайны Асманская дзяржава перашкаджала любым спробам стварэньня асырыйскай, армянскай ці якой бы то ні было дзяржавы на сваіх землях.

Расея стварыла вайсковыя аддзелы з асырыйцаў, што жылі ў Іране. Іх узначаліў Эля Ага Пэтрас. Гэтыя аддзелы распачалі вайну зь мясцовым пэрскім і курдзкім насельніцтвам. У красавіку 1918 году расейскія войскі пакінулі Іран. Мясцовае насельніцтва пачало помсьціць асырыйцам за свае крыўды. Было забіта каля 3000 асырыйцаў. Яны пачалі ўцякаць на поўдзень на абшары занятыя Брытанскімі войскамі. Брытанцы пачалі выкарыстоўваць аддзел асырыйцаў (назва — «лівы») для аховы розных установаў і заводаў. Чуткі аб стварэньні Асырыйскай дзяржавы з часткі Ірацкіх земляў (са сталіцай у месьце Мосул) прывяло да сутычак паміж курдамі, арабамі з аднаго боку і асырыйцамі з другога. Асырыйцы пачалі ўцякаць у Сырыю, а потым у Заходнюю Эўропу і ЗША. У 1941 годзе аддзелы асырыйцаў узялі чынны ўдзел у падаўленьні паўстаньня іракцаў супраць улады Брытаніі.