Перайсьці да зьместу

Эдуард Пальчыс

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Эдуард Пальчыс
Імя пры нараджэньні Эдуард Аляксандравіч Пальчыс
Род дзейнасьці блогер
Дата нараджэньня 28 кастрычніка 1990 (33 гады)
Месца нараджэньня Ліда, Гарадзенская вобласьць, Беларуская ССР, СССР
Грамадзянства Беларусь
Адукацыя вышэйшая
Месца вучобы Гістарычны факультэт БДУ (2013)
Занятак блогер, актывіст
Бацька Аляксандар Пальчыс
Маці Антаніна Аляксандраўна Пальчыс
Жонка Вікторыя Пальчыс
Дзеці дачка Эмілія (нар. 2020)
Узнагароды
Мэдаль Ордэна Пагоні
Сайт 1863x.com

Эдуа́рд Алякса́ндравіч Па́льчыс (нар. 1990, Ліда, Гарадзенская вобласьць, цяпер Беларусь) — беларускі блогер і публіцыст.

Заснавальнік парталу «1863x.com» пад псэўданімам «Джон Сільвер», палітвязень Беларусі.

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2006 годзе двойчы ўдзельнічаў у расчыстцы сядзібы Ігната Дамейкі ў вёсцы Запольле Лідзкага раёну. У старэйшых клясах выступаў за лідзкую гарадзкую каманду па «Што? Дзе? Калі?». У 2008 годзе заняў 2-е месца на рэспубліканскай прадметнай алімпіядзе па гісторыі сярод 11-клясьнікаў. Атрымаў за гэта дыплём 2-й ступені ад Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і грашовую прэмію са Спэцыяльнага фонду прэзыдэнта Беларусі. Паступіў на гістарычны факультэт БДУ, які скончыў у 2013 годзе, але не схацеў атрымліваць дыплём[1], каб не адпрацоўваць па разьмеркаваньні. Працаваў рэпэтытарам гісторыі і адмыслоўцам у сацыяльных сетках. У сьнежні 2014 году стварыў расейскамоўны партал «1863x.com» пра гісторыю і навіны Беларусі ў сувязі з расейскай вайсковай інтэрвэнцыяй ва Ўкраіну. Пісаў артыкулы пад псэўданімам «Джон Сільвер» і лёзунгам «Крэмль павінен быць разбураны». У траўні 2015 году трапіў пад арышт па крымінальнай справе за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. У лістападзе 2015 году зьехаў з жонкай ва Ўкраіну. У студзені 2016 году пры перасячэньні расейска-ўкраінскай мяжы яго затрымалі супрацоўнікі Фэдэральнай службы бясьпекі Расеі па Бранскай вобласьці. Пазьней яго экстрадавалі ў Беларусь, дзе зьмясьцілі ў Жодзінскі ізалятар (Менская вобласьць)[2]. 28 кастрычніка 2016 году Менскі гарадзкі суд вырак Эдуарда Пальчыса да году і 9 месяцаў абмежаваньня волі за 10 артыкулаў пад псэўданімам Сільвер на партале 1863x.com[3]. Улетку 2017 году быў сустваральнікам парталу «500год» (500god.by) у гонар юбілею Біблііі Скарыны[4]. 21 сьнежня 2017 году склаў праграму сьвяткаваньня 100-годзьдзя Беларускай Народнай Рэспублікі[5]. 11 чэрвеня 2018 году старшыня Кансэрватыўна-хрысьціянскай партыі БНФ Зянон Пазьняк адзначыў дапамогу Эдуарда Пальчыса ў правядзеньні «Дня памяці пра генацыд» у сувязі з 30-годзьдзем адкрыцьця Курапатаў[6]. 25 сакавіка 2019 году быў суарганізатарам сьвяткаваньня 101-х угодкаў БНР у Горадні[2].

17 сьнежня 2021 году судзьдзя Менскага гарадзкога суду Пятро Арлоў вырак Эдуарда Пальчыса да 13 гадоў зьняволеньня ў калёніі паводле 4-х артыкулаў Крымінальнага кодэксу Беларусі за: 1) узбуджэньне сацыяльнай варожасьці (130-ы артыкул), 2) ладжаньне масавых беспарадкаў (арт. 293), 3) ладжаньне парушэньня грамадзкага парадку (арт. 342), 4) заклік да прычыненьня шкоды нацыянальнай бясьпецы Беларусі (арт. 361)[7].

Ацэнкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

30 верасьня 2020 году журналіст «Нашай нівы» Зьміцер Панкавец адзначыў: «Пальчыс на сваім прыкладзе паказаў, што беларускі нацыяналізм можа быць папулярным. Блогер заахвочваў тысячы людзей спазнаваць гісторыю Беларусі, пераасэнсоўваць нашу спадчыну і сучаснасьць. У гэтым была і застаецца каштоўнасьць Пальчыса»[2].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Антон Трафімовіч. Эдуард Пальчыс атрымаў асабістую ўзнагароду ад Аляксандра Лукашэнкі // Радыё «Свабода», 17 кастрычніка 2016 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
  2. ^ а б в Зьміцер Панкавец. Ён паказаў, што беларуская нацыянальная ідэя можа быць папулярнай // Партал «Наша ніва», 30 верасьня 2020 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
  3. ^ Андрэй Крывашэеў, тэлеканал «Беларусь 1». Сёння стала вядома аб затрыманьні «аўтара-блогера» Сяргея Шыпценкі // Белтэлерадыёкампанія, 9 сьнежня 2016 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
  4. ^ Іна Ганчаровіч. У пошуках Скарыны // Голас Радзімы : газэта. — 24 жніўня 2017. — № 32 (3536). — С. 1, 2.
  5. ^ Усевалад Сьцебурака. Пальчыс – палітыкам: Хопіць хайпіць на БНР і 25 сакавіка // Тэлеканал «Белсат», 21 сьнежня 2017 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
  6. ^ Зянон Пазьняк. Забаўляльны рэстаран ля Курапатаў мусіць быць ліквідаваны // Партал «Беларуская Салідарнасьць», 11 чэрвеня 2018 г. Праверана 27 кастрычніка 2020 г.
  7. ^ Блогеру Эдуарду Пальчысу прысудзілі 13 гадоў калёніі // Беларуская служба Радыё «Свабода», 17 сьнежня 2021 г. Праверана 20 сьнежня 2021 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]