Слуцкае княства
Слуцкае княства лац. Słuckaja kniastva | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Краіна | Вялікае Княства Літоўскае |
Статус | княства |
Адміністрацыйны цэнтар | Слуцак |
Князі | Князі слуцкія |
Час існаваньня | 1395—1793 |
Месцазнаходжаньне Слуцкага княства | |
Дадатковыя мультымэдыйныя матэрыялы |
Слуцкае княства (Слуцка-Капыльскае княства) — адміністрацыйна-тэратарыяльная адзінка ў Вялікім Княстве Літоўскім. Уваходзіла ў склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва (у 1791 годзе стала асобным паветам). Ад сярэдзіны XV ст. сталіца — места Слуцак.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Узьнікла ў 1395 годзе, калі вялікі князь Вітаўт адабраў у князя кіеўскага Ўладзімера Альгердавіча Кіеўскае княства і перадаў яму як кампэнсацыю Слуцак і Капыль з навакольнымі землямі ў якасьці ўдзельнага княства[1]. Ягоныя нашчадкі, князі Алелькавічы (Слуцкія) валодалі княствам да 1612 году.
У 1507 годзе ўвайшло ў склад Наваградзкага павету, але адначасна захоўвала ў адміністрацыйнай, судовай і вайсковай структурах свае асобныя ўстановы, якія падпарадкоўваліся князю слуцкаму.
У 1582 годзе тры сыны Юрыя Алелькавіча падзялілі паміж сабою места і княства на 3 часткі (з сваёй адміністрацыяй у кожнай). Князямі слуцкімі ў гэты час былі Юры (1578—1586), Ян Сямён (1578—1592) і Аляксандар (1578—1591); два апошнія не пакінулі нашчадкаў. Частку Юрыя атрымала ягоная дачка Соф’я (1586—1612). Па сьмерці Аляксандра ягоную частку атрымаў брат Ян Сямён, па сьмерці якога ўсё княства зноў аб’ядналася як уладаньне Соф’і.
Па сьмерці князёўны Соф’і Случчына перайшла да яе мужа Януша Радзівіла і заставалася ў родзе Радзівілаў, зь перапынкам у 1695—1744 гадох, калі знаходзілася ў жаночых нашчадкаў Радзівілаў слуцка-біржанскай лініі. У 1744 годзе княства вярнулася да Радзівілаў нясьвіскай лініі.
Захаваліся сьведчаньні азначэньня жыхароў Слуцкага княства ліцьвінамі: «показывал… тот литвин Федька [Яковлев слутчанин] проезжею память, писана по-литовски» (1621 год)[2], «старец Мелетий (литвин Слуцкого уезда)» (1624 год)[3], «…литвину слутчанину Василью Павлову <…> литвину слутчанину Илье Павлову» (1675 год)[4], «…сказался Мартинко родом литвин[a] города Слутца» (1684—1685 гады)[7]. У матрыкуле Марбурскага ўнівэрсытэту пад 1682 годам значыцца Florianus Svida Lithuanus Sluccensis[8], у матрыкуле Франкфурцкага ўнівэрсытэту пад 1695 годам — Daniel Borźimowski, Slucensis Litwanus[9], у матрыкуле Гданьскага ўнівэрсытэту пад 1700 годам — Vladislaus et Boguslaus Kopiewicz, Slucensis, Lithvani[10], у матрыкуле Гальскага ўнівэрсытэту пад 1707 годам — Petr. Wolck, Slucko-Litvanus[11], у матрыкуле Каралявецкага ўнівэрсытэту пад 1711 годам — Myslick Joh., Schluzka-Litthuan. <…> Chomontowski Mich., Schluzka-Litthuan., таксама пад 1717 годам — Joschmannus Joh., Sluzko-Lithvan.[12] А ў 1732 годзе адзін з жыхароў Капылю — Якаў Кісель — азначаецца як «стараліцьвін»[13].
Да канца XVIII стагодзьдзя заставалася ўнікальнай адміністрацыйна-тэратарыяльнай адзінкай Вялікага Княства Літоўскага[14]. У 1791 годзе на аснове княства ўтварыўся Случарэцкі павет.
Этнограф і фальклярыст Аляксандар Сержпутоўскі засьведчыў бытаваньне на Случчыне ў канцы XIX — пачатку XX стагодзьдзяў саманазвы «ліцьвіны»[b][15]. Бытаваньне ў гэты час саманазвы «ліцьвіны» таксама засьведчыў беларускі паэт Аляксандар Яцэвіч (Алесь Змагар), удзельнік Слуцкага збройнага чыну і кіраўнік эмігранцкай арганізацыі «Беларускі вызвольны рух»: «Што датычыцца майго дзеда па мацеры, то… ён быў таленавіты красамоўца — баечнік. Апавядаў ён вельмі цікавыя байкі, часта пераплятаючы з гістарычнымі слаўнымі падзеямі Вялікага Княства Літоўскага. „Ведайце, дзеткі, — казаў ён, — што мы ня рускія. Мы й не беларусы. Мы — ліцьвіны. Наша слаўнае калісь магутнае Вялікае Княства Літоўскае заваявалі маскалі, назвалі сябе рускімі, а нам далі назоў „беларусы“ дзеля падабенства з рускімі. Не забудзьце гэтага, як вырасьцеце. Любеце волю“»[16]
Сымболіка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Мескія гербы мелі Капыль і Слуцак.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На поўначы межавала зь Менскім паветам Менскага ваяводзтва, на ўсходзе — з Рэчыцкім паветам Менскага ваяводзтва, на поўдні — з Мазырскім паветам Менскага ваяводзтва, на захадзе — з Наваградзкім паветам Наваградзкага ваяводзтва. Займала тэрыторыю да Нёмана на поўначы, Лані на захадзе, Пцічы на ўсходзе і Прыпяці на поўдні.
На тэрыторыі княства знаходзіліся месты і мястэчкі: Вызна, Глуск Дубровіцкі, Глуск Пагарэлы, Грозаў, Грэск, Дарогі, Капыль, Ленін, Любань, Пагост, Пясочнае, Раманаў, Старобін, Семежаў, Урэчча, Цімкавічы, у XVI стагодзьдзі — Петрыкаў. Магдэбурскае права атрымалі Капыль (27.08.1652) і Слуцак (1441).
Ураднікі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Да XVI ст. знаходзілася ў васальнай залежнасьці ад улады вялікіх князёў. Кіраваньне ажыцьцяўляў удзельны князь з дапамогай баярскай рады. У князя слуцкага былі свае васалы — князі, баяры і путныя слугі, якія атрымлівалі за службу (вайсковую і адміністрацыйную) невялікія маёнткі. У валасьцях кіравалі намесьнікі князя.
У XVI ст. паступова пераўтварылася ў вялікую фэадальную вотчыну, але захавала рысы ўдзельнага княства[17].
Архітэктура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Драўляная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На Случчыне сфармавалася самабытная лякальная школа дойлідзтва. Яе адметасьцю было выкарыстаньне складаных ярусных аб’ёмаў[18].
-
Траецкая царква, Ануфравічы
-
Царква Сьвятых Пятра і Паўла, Бубнаўка
-
Юраўская царква, Залужжа
-
Царква Раства Багародзіцы, Ленін
-
Царква, Ляўкі
-
Юраўская царква, Раманаў
-
Траецкая царква, Савічы
-
Царква Наражэньня Хрыстова, Слуцак
-
Царква Сьвятой Барбары, Слуцак
-
Траецкая царква, Таль
-
Царква, Шчыткавічы
Мураваная
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У XVII ст. у мураваную архітэктуру Случчыны прыйшла стылістыка барока.
-
Трайчанскі манастыр, Слуцак
-
Касьцёл бэрнардынаў, Слуцак
-
Бібліятэка езуіцкага калегіюму, Слуцак
Заўвагі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Ранейшыя сьведчаньні ўжываньня канструкцыі «родам ліцьвін (літоўка)»: «сіи Андрѣи бяше родомъ Литвинъ, сынъ Ерденевъ, Литовскаго князя»[5] (Траецкі летапіс пад 1289 годам); «литвин родом» (жывот Даўмонта Пскоўскага першай трэці XIV стагодзьдзя[6]); «родом литовка, а прозвище ей бысть литовское Августа» пра дачку вялікага князя літоўскага Гедзіміна (Ніканаўскі летапіс 1526—1530 гадоў, адкуль перайшло ў Ліцавы летапісны звод 1568—1576 гадоў)
- ^ рас. «Мало известные нам племена, жившие по берегам Припяти и ее левых притоков составили в исторические времена большой народ, который теперь принято называть белорусами. Сами себе они дают другие названия: живующих в малолесных полевых местах называют палевиками или лицьвинами, а занимающих полесскую часть Беларуси — палешуками»
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // БЭ. — Мн.: 2002 Т. 15. С. 27.
- ^ Русско-белорусские связи: сборник документов : 1570—1667 гг. — Минск, 1963. С. 78.
- ^ Малороссийское влияние на великорусскую церковную жизнь. Т. 1. — Казань, 1914. С. 31.
- ^ Русско-белорусские связи во второй половине XVII в. (1667—1686 гг.). Сборник документов. — Мн., 1972. С. 158—160.
- ^ Троицкая летопись. Реконструкция текста. Изд. М. Д. Присёлков. — М. — Л., 1950. С. 344—345.
- ^ Лосева О. В. Жития русских святых в составе древнерусских Прологов XII — первой трети XV веков. — М., 2009. С. 199—201.
- ^ Труды… Тульской Губернской Учетной Архивной Комиссии. Кн. 1. — Тула, 1915. С. 515.
- ^ Reklaitis P. Lietuvos studentai Marburge XVII ir XVIII amžiuje // Aidai. Nr. 3, 1978.
- ^ Aeltere Universitäts-Matrikeln: I. Universität Frankfurt. Bd. 2. — Leipzig, 1888. S. 235.
- ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 274.
- ^ Oliančyn D. Aus dem Kultur- und Geistesleben der Ukraine // Kyrios. Vierteljahresschrift für Kirchen- und Geistesgeschichte Osteuropas. Bd. 2, 1937. S. 276.
- ^ Die Matrikel der Albertus-Universität zu Königsberg i. Pr. 1544—1829. Bd. 2: Die Immatrikulationen von 1657—1829. — Leipzig, 1911/1912. S. 271, 297.
- ^ Архив Юго-Западной России. Ч. 1, т. 4. — Киев, 1871. С. 441.
- ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 347.
- ^ Сержпутовский А. Земледельческие орудия белорусского Полесья // Материалы по этнографии России. Т. 1. — СПб., 1910. С. 45.
- ^ Алесь Змагар. Мой жыцьцяпіс // Беларуская мэмуарыстыка на эміграцыі. — Нью-Ёрк, 1999. С. 201—213.
- ^ Грыцкевіч А. Слуцкае княства // ВКЛ. Энцыкл. — Мн.: 2005 Т. 2. С. 591.
- ^ Лакотка А. Драўлянае сакральна-манументальнае дойлідства Беларусі. — Менск: Беларусь, 2003.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. — Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — 788 с. — ISBN 985-11-0378-0
- Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (гал. рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2001. — Т. 6. Кн. 1: Пузыны — Усая. — 591 с. — ISBN 985-11-0214-8
|
|