Шапавальства
Шапава́льства — шэрстабітны і валяльны промыслы, традыцыйнае мастацтва вырабу з воўны (валеньне, качаньне) галаўных убораў, валёнак, лямцу. На Беларусі да сёньняшняга часу захавалася ў Дрыбінскім раёне Магілёўскай вобласьці. У кастрычніку 2009 году шапавальства ўключанае ў Дзяржаўны сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь.
Тэхналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Працэс вытворчасьці адноўлены ў Дрыбінскім гістарычна-этнаграфічным музэі. Воўну, атрыманую з астрыжанае авечкі, рыхляць брындай, ці «струной», перабіваюць з дапамогай байку. Пасьля валокны намотваюць на драўляныя калодкі, ці «балванкі», тае формы, якую патрэбна атрымаць у выніку, і валяюць. Для наданьня слушнай формы халявам валёнак выкарыстоўваліся «правідлы».
З авечае воўны валялі валёнкі, рукавіцы, шапкі-магеркі, брылі й нават цёплыя коўдры.
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Меркавана рамяство зьявілася на Беларусі ў XVI стагодзьдзі як адно з дапаможных майстэрстваў. Яго дасьледваньнем займаўся вядомы беларускі этнограф Еўдакім Раманаў, які ў пачатку XX стагодзьдзя выдаў працу «Дрыбінскія шапавалы», дзе былі найбольш распаўсюджаныя традыцыі шапавальства.
У 1880-я гады ў Дрыбіне і Дрыбінскай воласьці налічвалася 504 шапавалы. У Старым Дрыбіне гэтым промыслам займаліся 92 чалавекі, у Дрыбіне — 152, у Картыжах — 32, у Пакуцьці і Галалобаўцы — па 30 чалавек, Паташні — 27, Лядзешні і Бестрані — па 23, Халіпах — 21, Карэбах — 17, Ляскаўцы — 15, Палосках — 14, Каратышках — 10, Панечы і Вярбе — па 7, Пічаўцы, Шаблавах і Рабках — 6, у Крычаватцы — 5, у астатніх вёсках — па 1—2 майстры[1]. Гадавы заробак майстра складаў 15—30 руб.
Валеньне валёнак, шапак-магерак, капелюшоў пераважала тады ў форме адыходнага промыслу: майстры на працягу зімы хадзілі са сваімі вытворчымі прыладамі па вёсках і працавалі ў дамах заказчыкаў. Зусім нязначная колькасьць прыладаў працы спрыяла перамяшчэньням. Існавала пагаворка: «Дзе шапавал стаў — там і ягоны стан».
У 1930-х у Дрыбіне працаваў шапавальны завод[2]. У 1920—1930-я гады валёнкі выраблялі таксама ў арцелях прамысловай каапэрацыі. Пазьней у Менску, Віцебску, Наваполацку, Лідзе, Бабруйску, Сьмілавічах на базе такіх арцеляў і традыцыйнага народнага рамяства былі створаны валяльна-лямцавыя фабрыкі, якія выпускалі тэхнічны і шорны лямец і валёнкі.
Катрушніцкі лемезень
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У шапавалаў склаўся адмысловы таемны слэнг, якім яны карысталіся падчас вандровак па вёсках, такім чынам ахоўваючы сакрэт свайго майстэрства. Гэтая мова атрымала назву «катрушніцкі лемезень». Паводле запісаў беларускага этнографа Еўдакіма Раманава, лексычны склад мовы налічваў каля 915 словаў і ахопліваў 13 паняційных групаў[3]. Уласна «шапавальства» таксама адносіцца да ліку гэтых таемных словаў.
У цяперашні час мова шапавалаў выдадзеная Дрыбінскім гісторыка-этнаграфічным музэем у выглядзе «Слоўніку шапавалаў»[4].
Сучаснасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У цяперашні час шапавалы на Беларусі дзейнічаюць толькі ў Дрыбінскім раёне на Магілёўшчыне. У шэрагу вёсак, дзе існуе авечкагадоўля, гаспадыні займаюцца апрацоўкай воўны для ткацтва посьцілак і вязаньня прадметаў адзеньня.
Пры Дрыбінскім раённым гістарычна-этнаграфічным музэі створанае аматарскае аб’яднаньне «Шапавал», якое займаецца захаваньнем, вывучэньнем і перадачай наступным пакаленьням сакрэтаў майстэрства шапавалаў[3], а таксама дзіцячы гурток «Катрушнік»[5]. У 2009 годзе ў Дрыбіне плянавалася пабудова музэю шапавальства, аднак з-за эканамічнага крызісу справа сьціхла[6].
У кастрычніку 2009 году Беларуская навукова-мэтадычная рада ўключыла творчасьць шапавалаў у сьпіс гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Беларусі, пададзеная заява на ўключэньне шапавальства ў Сусьветны сьпіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны ЮНЭСКО[7].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Край у складзе Расейскай імпэрыі (канец 18 ст. — 1917 г.). Рамёствы і промыслы Край мой — Магілёўшчына. Магілёўская абласная бібліятэка. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ Дрыбін. Ганцавіцкі краязнаўча-інфармацыйны партал. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ а б Шапавальнае рамяство Народная творчасьць. Прыкладное мастацтва. Край Магілёўскі. Культура, мастацтва, літаратура. Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ Ілона Іванова. Дрыбінскія модныя валёнкі // «Звязда». — 1 лютага 2007. — № 21 (25886).
- ^ Алена Драздоўская. Спецабутак Дзеда Мароза // «[[Раніца (газэта)|]]». — 29 сьнежня 2010.
- ^ Традыцыі і мова шапавалаў пад пагрозай Культура. Радыё «Свабода» (22 кастрычніка 2009). Праверана 22 студзеня 2011 г.
- ^ Людміла Мінкевіч Беларускім валёнкам — сусьветная вядомасьць?! // «Народная газета». — 28 ліпеня 2010.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аб’ект Дзяржаўнага сьпісу гісторыка-культурных каштоўнасьцяў Рэспублікі Беларусь |
- Галіна Суша. Шапавальства — «цёплае» рамяство // Часопіс «Хозяин». — 2010. — № 2.
- Іна Гармель. Шапавальства на раздарожжы // «Белорусская нива». — 8 траўня 2008.
- Сяргей Расолька. Валёнкі — FОRЕVЕR! // «Звязда». — 24 лютага 2007. — № 38 (25903).
- Суша Г. А. Традыцыйнае мастацтва шапавальства: адраджэнне рамяства // Веснік Інстытута культуры Беларусі. — 2013. — № 2. — С. 44-48.