Катрушніцкі лемезень

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Катру́шніцкі ле́мезень — умоўная мова шапавалаў мястэчка Дрыбін Магілёўскай вобласьці.

Назва[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Катру́ха — назва магеркі на гэтай мове, лемезень — тайная мова[1][2].

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Дакладны час зьяўленьня мовы невядомы[3]. Мова была прыдуманая шапаваламі мястэчка Дрыбін дзеля сакрэтнасьці падчас адыходніцтва ў іншыя мястэчкі, бо шапавалы працавалі ў дамох заказчыка[4]. Першыя дасьледаваньні мовы былі зробленыя Еўдакімам Раманавым у 1889 годзе, і апублікаваныя ў 1890 годзе ў першым нумары часопіса Імпэратарскага геаграфічнага таварыства «Живая старина(ru)»[5]. Мова знаходзілася ва ўжываньні і пасьля заняпаду шапавальскага рамяства, шырока ўжывалася прынамсі да сярэдзіны XX стагодзьдзя. Да цяперашняга часу ў мове жыхароў Дрыбіна захоўваюцца асобныя словы катрушніцкага лемезьня[6]. У 2012 годзе Беларусь рыхтавала заяўку на ўключэньне шапавальства й катрушніцкага лемезьня (як яго спэцыялізаванай тэрміналёгіі) ў сьпіс нематэрыяльных каштоўнасьцяў ЮНЭСКО[7][8].

Лінгвістычная характарыстыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Еўдакіма Раманава, лексычны склад мовы налічваў блізу 915 словаў, і ахопліваў 13 паняційных групаў[4]. Словаўтварэньне часьцей за ўсё адбывалася шляхам зьмяненьня звычайных беларускіх словаў. Дадаваліся прыстаўкі ку ці шу са зьменай, паводле агульных законаў фанэтыкі, пачатковых галосных, са скарачэньнем альбо прыбіраньнем галосных, напрыклад: кухерэдні — сярэдні, шухлець — клець, шусень — восень, шуйма — яма. У некаторых словах перастаўляліся склады, напрыклад: ласома — салома; у некаторых зьмяняецца канчатак з устаўкай новага суфікса: сівымны — сівы, любжаць — любіць, чыторыць — чытаць. У слове трыполем дадаецца прыстаўка тры (поле)[3].

Уласных скланеньняў і спражэньняў лемезень ня мае, выкарыстоўваюцца агульныя беларускія формы, таксама выкарыстоўваюцца беларускія злучнікі й прыназоўнікі[3][9]. Уласных ступеняў параўнаньня прыметнікаў і прыслоўяў няма, яны ўтвараюцца паводле агульных законаў.

Сярод аднакарэнных словаў сустракаюцца нямецкія й габрэйскія (махер — нож, шыхта — дзяўчына), татарскія (басаць — рэзаць), грэцкія (пітрус — камень, амелюс — мёд)[10].

Ужываньне[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Раманава, лемезень выкарыстоўваўся шапаваламі толькі ў працоўных адлучках, і ніколі на радзіме. Рабілася гэта праз асьцярогу, каб мову ня вывучылі мясцовыя. Часта лемезень ня ведалі нават чальцы сям’і, якія не займаліся шапавальствам[3]. Ёсьць сьведчаньні, што ў сярэдзіне XX ст. лемезьнем валодалі і карысталіся звычайныя жыхары. Да сёньня ў маўленьні асобных жыхароў Дрыбіна й вёскі Пакуцьце захаваліся асобныя словы лемезьня[6]. Фальклёру на лемезьні не існуе, але часам на лемезень перакладаліся вядомыя прыказкі.

Моўны прыклад[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мясцовы краязнавец Уладзімер Кажамяка напісаў на катрушніцкім лемезьні адзіны верш[6].

катрушніцкі лемезень:
Любжаць ярухі шымскія шкорні
Сьняк і кумухі саладзімны буклей,
Сьняк драпелухі, шыхты і жбахі
Любжаць тартасы і купрэсны манцей.
па-беларуску:
Любяць бабы добрыя валёнкі
Як і мухі салодкі квас.
Як нявесты, дзеўкі і жонкі
Любяць кілбасы і прэсны алей.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Катруха Этнічны слоўнік. Родны Вобразы. Праверана 22 лютага 2015 г.
  2. ^ Лемезень(рас.) Этимологический словарь русского языка Макса Фасмера. dic.academic.ru. Праверана 22 лютага 2015 г.
  3. ^ а б в г Раманаў 1890. С. 11 (отдѣлъ 2).
  4. ^ а б Катрушніцкі лемезень. Ганцавіцкі краязнаўчы-інфармацыйны партал. Праверана 21 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 21 лютага 2015 г.
  5. ^ Раманаў 1890. С. 9 (отдѣлъ 2).
  6. ^ а б в Зьміцер Бартосік (19 лютага 2015) Ці паўторыць беларуская мова лёс катрушніцкага лемезьня? Падарожжы Свабоды. Радыё СвабодаПраверана 21 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 21 лютага 2015 г.
  7. ^ Беларусь хоча ўключыць традыцыю валення шапак і валёнак ў спіс спадчыны ЮНЕСКА. Наша Ніва (7 чэрвеня 2012). Праверана 22 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 22 лютага 2015 г.
  8. ^ Беларускае "Шапавальства" і "Катрушніцкі лемезень" могуць увайсці ў спісы ЮНЭСКА. mod-no.by (7 чэрвеня 2012). Праверана 22 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 22 лютага 2015 г.
  9. ^ Раманаў 1890. С. 12 (отдѣлъ 2).
  10. ^ Дрыбінскі раён. Мовы, дыялекты народаў, якія насяляюць раён. Магілёўская абласная бібліятэка імя У. І. Леніна. Праверана 22 лютага 2015 г. Архіўная копія ад 22 лютага 2015 г.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Романов Е. Катрушницкій лемезень. // Живая старина. Выпуск I / подъ редакціею В. И. Ламанскаго. — Санкт-Петербург: Типографія Е. Евдокимова. Б. Итальянская, 11, 1890.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]