Бярэзіна
Бярэзіна лац. Biarezina | |
Бярэзіна каля Асіпавічаў | |
Агульныя зьвесткі | |
---|---|
Выток | каля м. Докшыцаў |
Вусьце | Дняпро |
Краіны басэйну | Беларусь |
Вобласьці | Віцебская вобласьць, Магілёўская вобласьць, Менская вобласьць і Гомельская вобласьць |
Даўжыня | 613 км |
Сярэднегадавы сьцёк | 142 м³/с |
Плошча басэйну | 24,5 тыс. км² |
Нахіл воднай паверхні | 0,11 ‰ |
Месцазнаходжаньне | |
Бярэ́зіна — рака ў Беларусі, правы прыток Дняпра. Цячэ ў Віцебскай, Менскай, Магілёўскай і Гомельскай абласьцях. Даўжыня 613 км. Плошча вадазбору 24,5 тыс. км². Выдатак вады ў вусьці 142 м³/с. Агульны спад 69 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,11 ‰.
Асноўныя прытокі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Правыя: Гулянка (даўжыня 10 км), Асовіна (даўжыня 6 км), Гайна (даўжыня 100 км), Пліса (даўжыня 64 км), Чапа (даўжыня 10 км), Вуша (даўжыня 89 км), Вуса (даўжыня 55 км), Каменка (даўжыня 19 км), Сьвіслач (даўжыня 257 км), Капчанка (даўжыня 11 км), Ваўчанка (даўжыня 37,5 км), Рудзянка (даўжыня 30 км), Жардзянка (даўжыня 25 км)
- Левыя: Астраўлянка (даўжыня 9 км), Сха (даўжыня 93 км), Бобр (даўжыня 124 км), Клява (даўжыня 80 км), Крапівенка (даўжыня 14 км), Жалінка (даўжыня 6 км), Ольса (даўжыня 92 км), Ала (даўжыня 116 км)
На рацэ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Месты: Докшыцы, Барысаў, Бярэзань Любашанская, Бабруйск, Шацілавічы
- Мястэчкі: Ялізава, Парычы
- Гістарычныя месты і мястэчкі: Бярэзань Горная, Гайна, Сьвіслач, Казімер, Горваль
- Зоны адпачынку:
- дзяржаўнага значэньня — Бярэзань і Асіпавічы
- мясцовага значэньня — Дрозьдзіна, Прырэчча і інш.
- Курорты: Бабруйск і Горваль
- Вадасховішчы: Заслаўскае вадасховішча, каскад вадасховішчаў — Крыніца, Дразды, Чыжоўскае, Асіпавіцкае вадасховішчы
Агульныя зьвесткі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пачынаецца на паўднёвым захадзе ад места Докшыцаў. Агульная даўжыня рачной сыстэмы (425 рэчак) 8490 км, шчыльнасьць рачной сеткі 0,35 км/км². Паводле будовы даліны, рэчышча і ўмоваў працяканьня падзяляецца на 3 дзялянкі: верхняя (ад вытоку да вусьця Гайны, 168 км), сярэдняя (паміж вусьцямі Гайны і Сьвіслачы, 205 км), ніжняя (ад утоку Сьвіслачы да вусьця 240 км).
Асаблівасьць воднага рэжыму — высокія паводкі позна ўвосень і іхны спад у пэрыяд ледаставу. Значная прыродная зарэгуляванасьць сьцёку. Веснавое разводзьдзе звычайна праходзіць адной, пры зацяглым сьнегараставаньні — некалькімі хвалямі. Пад′ём узроўню (працягласьць 20—30 дзён) пачынаецца зь сярэдзіны сакавіка; сярэдняя вышыня 2,3—3,4 м над межанным узроўнем, найбольшая 4,8 м (у нізоўі). Прабег хвалі разводзьдзя ад вытоку да вусьця на працягу 8 дзён. Спад узроўню ў вярхоўі 30—40 дзён, у ніжняй плыні да 2 месяцаў. Замярзае ў 1-й палове сьнежня, крыгалом пачынаецца ў канцы сакавіка. Найбольшая таўшчыня лёду 30—60 см (канец лютага — пачатак сакавіка). Веснавы ледаход 4—7 дзён. Сярэдняя тэмпэратура вады ўлетку 18—20 °С. Сярэдні сьцёк завіслых наносаў каля Барысава 7,2 тыс. т.
Верхняя плынь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У верхняй плыні цячэ празь Бярэзінскі біясфэрны запаведнік, перасякае азёры Медзазол і Пялік. Мае 12,8 км каналізаванага рэчышча ў вярхоўі. Даліна невыразная, амаль на ўсім працягу зьліваецца з прылеглай забалочанай і аблесенай мясцовасьцю. Абалона забалочаная, купістая, шырынёй 2—3 км, у асобных месцах звужаецца да 0,5 або пашыраецца да 6 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,3—1,8 м, часам да 3 м. Рэчышча моцназьвілістае, багатае пратокамі і невялікімі пясковымі выспамі. Шырыня ракі 15—20 м, найбольшая 60 м. Берагі нізкія (да 0,5 м), на асобных дзялянках стромкія (вышыня да 1,5 м), пясковыя, забалочаныя.
Сярэдняя плынь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сярэдняй плыні даліна выразная, трапэцападобная, шырыня яе 2—3 км, месцамі — да 1 км. Схілы спадзістыя і ўмерана стромкія, месцамі абрывістыя (вышыня 10—35 м), парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў, пад лесам і хмызьняком. Каля падэшвы схілаў багата выйсьцяў грунтавых водаў. Абалона да вусьця Бабра левабярэжная, ніжэй двухбаковая, шырынёй 1,5—2 км, хмызьнякова-лугавая. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,5—3 м, тэрмінам ад 10—20 дзён да 1,5—2 месяцаў. Рэчышча зьвілістае, разгалінаванае. Шырыня ракі 60—80 м, найбольшая 100—300 м. Берагі стромкія, вышынёй 1—2 м.
Ніжняя плынь
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У ніжняй плыні да вусьця даліна пераважна трапэцападобная, шырынёй 2—8 км, месцамі звужаецца да 0,3—0,5 км. Схілы стромкія, вышынёй 6—15 м, месцамі 20—25 м, парэзаныя ярамі і далінамі прытокаў. Абалона вельмі забалочаная, купістая, пераважна левабярэжная, радзей двухбаковая; шырыня яе 1,5—5 км. У разводзьдзе затапляецца на глыбіню 0,2—3,5 м тэрмінам да 1,5 месяца. Рэчышча зьвілістае, шмат плаўных лукавінаў, адмелінаў, затокаў, рукавоў, старыцаў і абалонавых азёраў. Шырыня ракі 80—130 м. Берагі ад спадзістых да абрывістых, вышынёй ад 1—2 м да 15 м[1].
Рэльеф
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Вадазбор на паўднёва-ўсходнім схіле Беларускай грады, якая зьяўляецца водападзелам паміж Балтыйскім і Чорным морамі. На поўначы мяжуе з басэйнам ракі Дзьвіны, на захадзе, усходзе і поўдні — адпаведна з басэйнамі рэчак Пцічы, Друці і Прыпяці. Найбольшая даўжыня басэйну 320 км, сярэдняя шырыня — 77 км. У верхняй плыні перасякае Верхнебярэзінскую нізіну з марэннымі і дзюнавымі пагоркамі, што ўзвышаюцца на 10—15 м. Значную частку басэйну займае плоскахвалістая Цэнтральнабярэзінская раўніна (сярэдняя вышыня 150—180 м), дзе сустракаюцца дзялянкі марэнавых градаў вышынёй 20—30 м. У ніжняй плыні Цэнтральнабярэзінская раўніна плыўна пераходзіць у забалочаную нізіну Гомельскага Палесься (сярэдняя вышыня 140—160 м) зь невялікімі пясковымі падвышэньнямі і неглыбокімі праточнымі лагчынамі. Тут знаходзіцца найніжэйшае (118 м над узроўнем мора) месца вадазбору. Найбольш прыпаднятая паўночна-заходняя частка вадазбору знаходзіцца на ўсходніх схілах моцна падзеленага Менскага ўзвышша з адноснымі вышынямі асобных узгоркаў да 80—100 м.
Расьліннасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Значную частку басэйну (каля 35%) займаюць лясныя масівы. Вялікія масівы засяроджваюцца ў верхняй частцы вадазбору (Бярэзінскі біясфэрны запаведнік), у басэйнах прытокаў рэчак Гайны, Ольсы, Алы і ў нізоўях ракі Сьвіслачы. Пераважаюць хвоя, елка, у далінах нярэдка сустракаюцца абалонавыя дубровы і асінава-бярозавыя гаі.
Жывёльны сьвет
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Гаспадарчая дзейнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Суднаходзтва ад вёскі Бродаў Барысаўскага раёну (494 км ад вусьця). Лесасплаў. Выкарыстоўваецца як водапрыёмнік мэліярацыйных каналаў.
На вадазборы праводзіліся мэліярацыйныя працы. На 1 студзеня 2006 году мэліяраваныя каля 16% плошчы басэйну, здадзеныя ў эксплюатацыю каля 15 700 км адкрытай асушальнай сеткі каналаў. Найбольш схільнымі да мэліярацыйных пераўтварэньняў зьяўляюцца вадазборы наступных прытокаў: Поня (29%), Пліса (27%), Ала (18%), Сьведзь (30%), Ведрыч (25%)[2].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 82—83.
- ^ Гідрамэтцэнтар Беларусі (рас.)
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1
- Энцыклапедыя прыроды Беларусі: у 5 т. Т. 1: Ааліты ― Гасцінец / Рэдкал.: І. П. Шамякін (галоўны рэдактар) і інш. — Мн.: БелСЭ, 1983. — 574 с.: іл.
- Государственный водный кадастр: Водные ресурсы, их использование и качество вод (за 2004 год) / М-во природных ресурсов и охраны окружающей среды. — Мн., 2005. — 135 с.
- Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл. ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
- Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Масьлюкоў Т. Падарожжа па самай беларускай рацэ, Радыё Свабода, 5 жніўня 2009 г.