Турэччына
Турэччына лац. Tureččyna турэц. Türkiye Cumhuriyeti | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: Yurtta Sulh, Cihanda Sulh | |||||
Дзяржаўны гімн: «İstiklâl Marşı» | |||||
Афіцыйная мова | турэцкая | ||||
Сталіца | Анкара | ||||
Найбуйнейшы горад | Стамбул | ||||
Форма кіраваньня | Рэспубліка Рэджэп Таіп Эрдаган | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
37 месца ў сьвеце 783 562 км² 1,3 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2013) • шчыльнасьць |
18 месца ў сьвеце ▲ 76 667 864[1] 100/км² | ||||
СУП • агульны (2013) • на душу насельніцтва |
17 месца ў сьвеце $820 827 млн[2] $11 277 | ||||
Валюта | Турэцкая ліра (₺) (TRY) | ||||
Незалежнасьць | 29 кастрычніка 1923 году | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .tr | ||||
Тэлефонны код | +90 | ||||
Турэ́ччына або Ту́рцыя, афіцыйная назва Турэ́цкая Рэспу́бліка (па-турэцку: Türkiye Cumhuriyeti) — дзяржава, разьмешчаная ў Эўразіі, мае сухапутную мяжу з Грузіяй, Армэніяй і Азэрбайджанам, а таксама з Баўгарыяй, Грэцыяй, Сырыяй, Іракам і Іранам. З Расеяй і Ўкраінай мае на Чорным моры агульную мяжу эканамічнай зоны і кантынэнтальнага шэльфу, а з Грузіяй — таксама мяжу тэрытарыяльных вод. Абмываецца водамі Чорнага, Эгейскага і Міжземнага мораў. Азіяцкая і эўрапейская часткі краіны падзеленыя пратокамі (Басфор, Мармуровае мора, Дарданэлы).
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Малая Азія была калыскай мноства культураў і дзяржаваў старажытнасьці. Засяленьне гэтай тэрыторыі адбылося каля 13 тысячаў гадоў таму. Так званы «ўрадлівы паўмесяц», у якім адбыўся пераход ад зьбіральніцтва да культурнага земляробства, часткова ляжыць ў вобласьці сучаснай Турэччыне. На тэрыторыі Турэччыны паўстала адна зь першых аселых мескіх цывілізацыяў сьвету (горад Чатал-Хююк). Пазьней тэрыторыі Турэччыны займалі готы й гурыты, якія стваралі высокаразьвітыя культуры тае эпохі. Пазьней, на думку шэрагу гісторыкаў, Анатолія (усход Турэччыны) стала прарадзімай індаэўрапейцаў, адкуль яны распаўсюдзіліся па Эўропе й Азіі. У пачатку ІІ тыс. да н. э. Турэччыну займае адна зь першых індаэўрапейскіх дзяржаваў (Гецкае царства), якое, аднак, праз адносна хуткі час было зьмеценае (з гэтым зьвязваецца актыўная дзейнасьць народаў мора й заняпад Бронзавага веку на Блізкім Усходзе). У часы росквіту Старажытнай Грэцыі захад і поўнач Турэччыны актыўна калянізуецца грэкамі, пазьней тэрыторыя краіны — арэна войнаў між пэрсамі й грэкамі, пасьля чаго тэрыторыя краіны канчаткова замацоўваецца ў грэцкім культурным улоньні.
У тыя часы туркі яшчэ не жылі на гэтай тэрыторыі. Сэльджукі былі першай турэцкай дынастыяй, войска якой захапіла ў 11 стагодзьдзі частку Армянскага нагор’я і падпарадкавалі сабе ў далейшым большую частку Бізантыйскай імпэрыі і Армэніі.
Пад уплывам заваёўных паходаў Чынгісхана, з Гарасану на захад рушыла арда цюрак-агузаў колькасьцю прыкладна 50 тысячаў чалавек пад кіраўніцтвам хана Сулеймана; пры яго сыне Эртагрулу заваявальны рух працягваўся, агузы далучыліся да ваенных апэрацыяў сэльджукаў супраць Бізантыі і аселі на землях паміж Анкарой і Брусай. Сын Эртагрула Асман стаў заснавальнікам Асманскай імпэрыі — магутнай дзяржавы, якая ў пэрыяд найбольшага росквіту (17 ст.) займала тэрыторыі Анатоліі, Блізкага Ўсходу, Паўночнай Афрыкі, Балканскага паўвостраву і прылеглыя да яго з поўначы землі Эўропы. Цюркі сталі асноўным насельніцтвам краіны й пазьней леглі ў аснову турэцкага этнасу.
У 19 стагодзьдзі адставаньне Асманскай імпэрыі ў навуковым, тэхнічным і эканамічным разьвіцьці ад эўрапейскіх краінаў стала катастрафічным. На ўскраінах імпэрыі ўзмацніліся сэпаратысцкія памкненьні. Асманская дзяржава пачала паступова страчваць свае тэрыторыі, саступаючы тэхналягічнай перавазе Захаду. Лавіруючы паміж Нямеччынай і Вялікабрытаніяй імпэрыя ўцягнулася ў Першую сусьветную вайну (на баку Нямеччыны), якая скончылася паражэньнем пранямецкай кааліцыі.
Паводле мірнага пагадненьня Асманская імпэрыя павінна была быць падзеленая, прычым адзін з буйнейшых гарадоў Малай Азіі Ізьмір быў абяцаны Грэцыі. Захоп Ізьміру грэцкай арміяй у 1919 паклаў пачатак Вайне за незалежнасьць.
Турэцкія нацыяналісты на чале з Мустафой Кемалем адмовіліся прызнаць мірную дамову і сілай выгналі грэкаў з краіны. Да 18 верасьня 1922 Турэччына была вызваленая ад захопнікаў. Лязанскай мірнай дамовай 24 ліпеня 1923 былі прызнаныя новыя граніцы Турэччыны. 29 кастрычніка 1923 была абвешчана Турэцкая рэспубліка.
Пэрыяд з 1923 па 1946 адзначыўся вялікімі ўнутранымі пераўтварэньнямі ў жыцьці турэцкага грамадзтва. Пад кіраўніцтвам кемалісцкай Рэспубліканскай народнай партыі былі праведзеныя мадэрнізацыя, вэстэрнізацыя і сэкулярызацыя. Гэты пэрыяд характарызуецца аднапартыйнай палітычнай сыстэмай у краіне.
Падчас Другой сусьветнай вайны Турэччына падпісала мірную дамову зь Нямеччынай і заставалася нэўтральнай амаль да канца вайны. У лютым 1945 Турэччына абвясьціла вайну Нямеччыне і Японіі, але гэта было ў значнай ступені сымбалічным актам. Тым ня менш, за гэты крок Турэччына была дапушчана да падпісаньня Статуту Арганізацыі Аб’яднаных Нацый і стала сябрам ААН у якасьці яе заснавальніка.
З 1946 пачаўся сучасны пэрыяд гісторыі Турэччыны. У краіне сфармавалася дэмакратычная шматпартыйная палітычная сыстэма. Асобнымі эксцэсамі былі ваенныя перавароты ў 1960 (сыстэма вярнулася пад цывільны палітычны кантроль у 1961), 1971 (улада ваенных да 1973) і 1980 (фармальна дэмакратычныя выбары адбыліся ў 1983, але кіраўнік путчу генэрал Эўрэн заставаўся прэзыдэнтам да 1989). 1980-я азнаменаваліся хуткім эканамічным ростам у краіне. У 1987 Турэччына падала заяўку на ўступленьне ў Эўрапейскі зьвяз.
У 1997 ваенныя, заклапочаныя ісламскімі сымпатыямі ўраду Н.Эрбакана, накіравалі яму мэмарандум з патрабаваньнем адстаўкі, якую той і зьдзейсьніў. Гэта сытуацыя атрымала назву постмадэрнісцкага путчу. Разам з тым, становішча з павышэньнем уплыву ісламістаў у палітычным жыцьці Турэччыны захоўваецца. Дзяржаўныя органы і ўзброеныя сілы, закліканыя захоўваць традыцыі сьвецкай дзяржавы, што закладзеныя Ататуркам, зь відавочнай цяжкасьцю стрымліваюць працэс узмацненьня «мусульманскай вуліцы», аб чым сьведчаць выбраньне праісламісцкіх палітыкаў на вышэйшыя пасады ў дзяржаве (Р. Т. Эрдаган і А. Гюль — прэзыдэнтамі ў 2014 і адпаведна 2007 годзе).
Партыя Эрдагана (Партыя справядлівасьці і разьвіцьця) атрымлівала перамогі на парлямэнцкіх і муніцыпальных выбарах пачынаючы з 2002 году. 2013 год азнаменаваўся шырокімі акцыямі пратэсту насельніцтва, якія распачаліся як акцыі супраць ліквідацыі мясцовага парку ў Стамбуле. У жніўні 2014 году прайшлі першыя прамыя выбары прэзыдэнта краіны (раней абраны парлямэнтам), на якіх перамогу атрымаў прэм’ер-міністар Рэджэп Таіп Эрдаган, які ўжо пасьпеў заявіць аб сваім жаданьні пашырыць паўнамоцтвы прэзыдэнта (на цяперашні час Турэччына ўяўляе сабою парлямэнцкую рэспубліку).
Кароткая храналёгія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- 1326 — на адваяваных у бізантыйцаў землях быў заснаваны турэцкі султанат са сталіцай у горадзе Бурса.
- 1362 — туркі, заваяваўшы землі ў Эўропе, перанесьлі сталіцу ў горад Адрыянопаль (Эдзірнэ). Эўрапейскія ўладаньні Турцыі атрымалі назоў Румэлія.
- 1375 — туркі заваявалі Кілікію.
- 1453 — туркі ўзялі Канстантынопаль і зрабілі яго сталіцай новай Асманскай імпэрыі.
- Пры Сэліме Грозным Турэччына заваявала Сырыю, Арабію і Эгіпет. Турэцкі султан зрынуў апошняга халіфа ў Каіры і сам стаў халіфам.
- 1526 — адбылася Махацкая бітва, падчас якой туркі разьбілі чэска-вугорскае войска і акупавалі Вугоршчыну і ў 1529 падступілі да сьценаў Вены. На вяршыні сваёй магутнасьці, у кіраваньне Сулеймана Цудоўнага (1520—1555), імпэрыя распрасьціралася ад Вены да Пэрсыдзкай затокі, ад Крыму да Марока.
- 1678 — туркі захапілі ўкраінскія тэрыторыі на захад ад Дняпра.
- 19 стагодзьдзі — на ўскраінах імпэрыі ўзмацніліся сэпаратысцкія настроі. Турэччына пачала паступова губляць свае тэрыторыі, саступаючы тэхналягічнай перавазе Захаду. Слабеючы, Турэччына паспрабавала абаперціся на дапамогу Нямеччыны, але гэта толькі ўцягнула яе ў Першую сусьветную вайну, якая скончылася паразай Траістага Хаўрусу.
- 30 кастрычніка 1918 — складзена Мандроскае замірэньне, а пасьля Сэўрская мірная дамова (10 жніўня 1920). Фактычна Турэччына была падзеленая, прычым адзін з найбуйнейшых гарадоў Малой Азіі Ізьмір (Сьмірна) быў абяцаны Грэцыі. Грэцкае войска ўзяла яго 15 траўня 1919, пасьля чаго пачалася Вайна за незалежнасьць Турцыі. Турэцкія нацыяналісты на чале з Мустафой Кэмалем адмовіліся прызнаць мірную дамову і ўзброенай сілай выгналі грэкаў з Турцыі. Да 18 верасьня 1922 году краіна была вызваленая ад заваёўнікаў, што было зафіксавана ў Лазанскай дамове 1923 году, якой былі прызнаныя новыя межы Турцыі.
- 29 кастрычніка 1923 — абвешчаная Турэцкая Рэспубліка, і Мустафа Кэмаль, які прыняў імя Атацюрк (бацька турак), стаў яе першым прэзыдэнтам.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Унутраная палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адпаведнасьці з Канстытуцыяй (1982 году) Турэччына — сьвецкая дзяржава.
У Турцыі спалучаюцца элемэнты прэзыдэнцкага і парлямэнцкага кіраваньня. Галава дзяржавы — прэзыдэнт, абіраемы парлямэнтам на сямігадовы тэрмін.
Важную ролю ў кіраўніцтве краінай грае канстытуцыйны орган — Рада нацыянальнай бясьпекі (РНБ) Турцыі, у якую ўваходзяць прэзыдэнт, прэм’ер-міністар, міністры абароны, унутраных і замежных справаў, а таксама вышэйшае ваеннае кіраўніцтва. У адпаведнасьці з папраўкай у Канстытуцыю, на пост генэральнага сакратара РНБ з 2004 году прызначаецца цывільная асоба (раней — высокапастаўленыя прадстаўнікі Генштабу).
Заканадаўчая ўлада належыць абіраемаму на пяць гадоў, шляхам прамых выбараў на прапарцыйнай аснове (пры 10-адсоткавым парозе прадстаўніцтва), аднапалатнаму Вялікаму нацыянальнаму сходу Турэччыны (ВНС) у складзе якога 550 дэпутатаў.
Выканаўчая ўлада, галавой якой зьяўляецца прэзыдэнт, зьдзяйсьняецца Радай міністраў. 3 лістапада 2002 году ў Турцыі адбыліся датэрміновыя выбары ў парлямэнт, па выніках якіх сфармаваны аднапартыйны ўрад Партыі справядлівасьці і разьвіцьця (ПСР). З 14 сакавіка 2003 году генэральны старшыня гэтае партыі Р. Т. Эрдаган зьяўляецца прэм’ер-міністрам Турцыі.
Па стане на 1 студзеня 2005 году ў краіне зарэгістравана 51 палітычная партыя, дзейнасьць якіх рэглямэнтуецца Канстытуцыяй і законам аб партыях. Забараняецца ствараць партыі па этнічнай прыкмеце, а таксама адкрыта клерыкальныя і фашысцкія. Па выніках апошніх парлямэнцкіх выбараў у ВНС прайшлі толькі дзьве палітычныя партыі: кіруючая зараз ПСР і Народна-рэспубліканская партыя (НРП). У сувязі з часта практыкаванымі ў ВНС адстаўкамі і пераходамі дэпутатаў з адной палітычнай партыі ў іншую, у тым ліку, у не прайшоўшыя ў выніку выбараў у заканадаўчы орган, у парлямэнце (на 1 красавіка 2005 году) прадстаўленыя пяць партыяў: ПСР — 360 дэпутатаў, НРП — 163, Партыя дакладнага шляху (ПДШ) — 6, Партыя Айчыны (ПА) — 5, Партыя народнага ўздыму (ПНУ) — 1, незалежныя — 14, адно месца — вакантнае.
Вонкавая палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Турэччына мае дыпляматычныя адносіны больш са ста дзяржавамі.
Адным з прыярытэтных у вонкавай палітыцы зьяўляецца эўрапейскі кірунак. Адносіны з заходнеэўрапейскімі дзяржавамі ў палітычнай, эканамічнай і ваеннай галінах атрымалі дынамічнае разьвіцьцё і разглядаюцца першым чынам у гледзішчы далейшай інтэграцыі Турцыі ў Эўрапейскі Зьвяз. Адносіны Турцыі з ЗША усталяваныя ў 1927 годзе і актыўна падтрымліваюцца ў рэжыме «шырокамаштабнага прасунутага стратэгічнага партнэрства».
Важнае месца ў вонкавапалітычных прыярытэтах краіны адводзіцца разьвіцьцю шматплянавага партнэрства з Расеяй, супрацоўніцтву зь дзяржавамі СНД, першым чынам цюркамоўнымі. Турэччына вылучыла сярэднеазіяцкім і закаўкаскім рэспублікам у 1990-я гады таварныя і інвэстыцыйныя крэдыты на суму больш 1,2 млрд даляраў ЗША. Каля 10 тысячаў навучэнцаў з названых дзяржаваў навучаюцца ў турэцкіх вышэйшых і сярэдніх навучальных установах.
У апошнія гады інтэнсіўна разьвіваецца супрацоўніцтва Турцыі з Ізраілем, першым чынам у ваенна-тэхнічнай галіне. Турэччына падтрымлівае актыўныя адносіны з Пакістанам, некаторымі арабскімі краінамі (Эгіпет, Ярданія, дзяржавы Пэрсыдзкай затокі).
Турэччына зьяўляецца першапачатковым сябрам ААН, уваходзіць у розныя камітэты, камісіі і спэцыялізаваныя ўстановы ААН. Краіна прымала ўдзел у працы Асамблеі па бяспэцы і супрацоўніцтве ў Эўропе (АБСЭ) ў Хэльсынкі і падпісала ў 1975 годзе Заключны акт. Турэччына зьяўляецца ўдзельніцай Дамовы аб звычайных узброеных сілах у Эўропе, Менскай групы АБСЭ па Нагорным Карабаху.
Турэччына — чалец НАТО з 1952 году, мае ў арганізацыі другія па колькасьці і магутнасьці ўзброеныя сілы. У краіне разьмешчаныя штаб аб’яднаных ВПС НАТО «Поўдзень» (Ізьмір), апэратыўная база самалётаў АВАКС (Конья), шматлікія аб’екты інфраструктуры альянсу.
Турэччына зьяўляецца асацыяваным сябрам ЭЗ з 1963 году. У 1987 г. урад Турцыі падаў заяўку на ўваходжаньне ў Эўрапейскі Зьвяз[3]. У сьнежні 1999 году Турэччына атрымала статут краіны-кандыдата на чалецтва ў ЭЗ. З 1996 году дзейнічае дамова аб мытным хаўрусе Турцыі з ЭЗ, а на саміце Эўразьвяза 16—17 сьнежня 2004 году ў Брусэлі было прынята рашэньне аб пачатку перадуступных перамоў з Турэччынай у кастрычніку 2005 году.
Турэччына ўваходзіць таксама ў Заходнеэўрапейскі Хаўрус, Арганізацыю Ісламская Канфэрэнцыя (АІК), Арганізацыю Эканамічнага Супрацоўніцтва (АЭС), арганізацыю Чарнаморскага Эканамічнага Супрацоўніцтва (ЧЭС).
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Турэччына месьціцца ва ўсходнім паўшар’і. Яе плошча (уключаючы ўнутраныя вадаёмы) 779,452 км². Асноўная частка тэрыторыі Турцыі — 97% — разьмешчаная ў Азіі і толькі 3% — у Эўропе (23,7 тыс. км²). Максымальная працягласьць турэцкай тэрыторыі з захаду на ўсход 1600 км, з поўначы на поўдзень 600 км.
Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У адміністрацыйным дачыненьні краіна падзеленая на 81 правінцыю (віляеты).
Эканоміка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Турэччына зьяўляецца індустрыяльна-аграрнай краінай. Яна ўваходзіць у лік першых 25 краінаў сьвету па вытворчасьці СУП, парадку 295 млрд даляраў ЗША ў 2004 годзе, мае найбольш разьвітую ў рэгіёне інфраструктуру паслуг, практычна цалкам забясьпечвае сябе харчаваньнем, вопраткай і абуткам, мэдыкамэнтамі, электрабытавой тэхнікай, электронікай, будматэрыяламі і электраэнэргіяй.
Тэмпы эканамічнага росту ў 2004 годе склалі каля 10% (у 2003 на ўзроўні 6%), прыбыткі на душу насельніцтва — на ўзроўні 4100 даляраў ЗША супраць 3383 у 2003 годзе. Інфляцыя (спажывецкія кошты) ў 2004 годзе склала парадку 9,5% (2003 — 18,4%), а па коштах вытворцаў — 15,35% (13,9%). Экспарт (з улікам чаўновага гандлю) дасягнуў 66,5 млрд, імпарт — 97,2 млрд даляраў ЗША, прыбыткі ад турызму — 12,1 млрд (у 2004 годзе Турэччыну наведалі 17,2 млн замежных грамадзян). Золатавалютны запас складаў (зьвесткі на канец 2004 году) 37,2 млрд даляраў ЗША. Разам з тым, захоўваюцца такія нэгатыўныя фактары, як вялікая вонкавая і ўнутраная запазычанасьць. На пачатак 2005 году дзяржаўная запазычаннасьць — 235 млрд даляраў ЗША, асноўная частка якой прыходзіцца на ўнутраную запазычанасьць — 167,3 млрд вонкавая запазычанасьць — звыш 148 млрд. За 2004 год дэфіцыт аплатнага балянсу склаў 15,6 млрд даляраў (2003 — 8 млрд.). Узровень беспрацоўя, па афіцыйных зьвестках каля 10% актыўнага насельніцтва краіны.
Колькасьць рэгулярнага турэцкага войска складае каля 800 тыс. чалавек. Вярхоўнае камандаваньне ўваходзіць у кампэтэнцыю прэзыдэнта. Практычным камандуючым узброенымі сіламі зьяўляецца начальнік Генэральнага штабу. Прамыя асігнаваньні на ваенныя патрэбы знаходзяцца на ўзроўні адной пятай расходнай часткі бюджэту краіны.
Геаграфічная асаблівасьць Турцыі — разьмяшчэньне на раздарожжы важных шляхоў, якія з старажытнасьці злучаюць Эўропу з Азіяй, чарнаморскія краіны і народы зь міжземнаморскімі. Зараз праз тэрыторыю Турцыі пралягаюць шашэйныя і чыгуначныя магістралі, якія злучаюць Эўропу са шматлікімі краінамі Азіі.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На тэрыторыі Турцыі налічваецца больш 100 відаў карысных выкапняў. Краіна валодае шматлікімі відамі руднай, горана-хімічнай, паліўна-энэргетычнай сыравіны. У першую чаргу варта назваць хромавыя, вальфрамавыя, медныя руды, бараты, мармур, вугаль і інш. На долю Турцыі прыпадае 25% агульнасусьветнага запасу ртуці. Турэччына мае вялізныя паліўна-энэргетычныя рэсурсы — нафта, уран, буры вугаль, каменны вугаль.
Дэмаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Нацыянальны склад: туркі, курды, лазы, чэркесы, арабы, грэкі, армяне, габрэі і іншыя нацыянальнасьці.
У момант утварэньня Турэцкай Рэспублікі колькасьць яе насельніцтва складала прыкладна 12,5 млн чалавек. Усяго ў краіне праведзена 12 перапісаў. З 1927 году насельніцтва Турцыі ўзрасло ў 4,4 разы, прычым толькі з 1950 па 1985 год — у 2,5 разы. Хуткі рост насельніцтва, якое дасягнулага ў 2005 годзе 73,2 млн жыхароў, застаецца важнай праблемай краіны.
Разьмеркаваньне жыхароў па тэрыторыі Турцыі адбываецца вельмі нераўнамерна. Найболей густа заселеныя ўзьбярэжжы Мармуровага і Чорнага мораў, затым раёны, прылеглыя да Эгейскага мора. Самы густа населены горад — Стамбул, і самы маланаселены — Ханяры.
Найбуйнейшыя гарады: Стамбул, з прыгарадамі — звыш 10 млн чал., Анкара — 5 млн чал., Ізьмір — 3 млн чал.
Рэлігія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пануючая рэлігія — іслам суніцкага толку (99% насельніцтва — мусульмане).
Культура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзяржаўная мова — турэцкая; распаўсюджаныя замежныя мовы — ангельская, нямецкая.
У Турцыі дзейнічае больш 50 тэатраў і тэатральных пляцовак, палова зь якіх — прыватныя, звыш 100 кінатэатраў, парадку 250 музэяў, большасьць — проста пад небам: славутасьці розных гістарычных эпох і культур, ад антычнасьці да асманскага пэрыяду. У краіне рэгулярна праводзяцца розныя нацыянальныя і міжнародныя фэсты культуры і мастацтва, самы вядомы — Стамбульскі міжнародны фэст (раз у два гады — з траўня па чэрвень). Дзейнічае каля 1200 публічных бібліятэк (11,5 млн кніг), імі карыстаюцца парадку 23 — 24 млн чалавек, зь іх 80% — моладзь, якая вучыцца.
Адукацыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сыстэма асьветы Турцыі ўключае пачатковыя клясы (дзеці ва ўзросьце 5 — 11 гадоў), сярэднія школы і ліцэі (11 — 18 гадоў), прафэсійныя інстытуты, унівэрсытэты (іх у краіне каля 70, у тым ліку 18 — прыватныя). Узровень пісьменнасьці сярод сталага насельніцтва — 82 — 83%, пісьменных сярод мужчын — 90%, жанчын — 70%.
СМІ
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У краіне выдаецца парадку 2000 газэт (пэрыядычнасьць — ад аднаго дня да месяца) агульным тыражом звыш 4 млн асобнікаў, каля 2500 часопісаў (пэрыядычнасьць ад тыдня да шасьці месяцаў) агульным тыражом да 2 млн асобнікаў і да 250 інфармацыйных бюлетэняў (штотыднёвыя — штогадовыя). Цэнтральныя штодзённыя газэты (парадку 30 назоваў) грамадзка-палітычнай скіраванасьці выдаюцца ў Стамбуле і Анкары, найбуйнейшыя зь іх — «Сабах», «Цюркіе», «Міліет», «Хюрыет», «Заман», «Джумхурыет», «Тэркіш Дэйлі Ньюс» (на ангельскай) і іншыя.
Дачыненьні зь Беларусьсю
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Турэччына прызнала незалежнасьць Рэспублікі Беларусь 16 сьнежня 1991. Дыпляматычныя дачыненьні ўрады ўстанавілі 25 сакавіка 1992[4].
Пасольства Турэччыны ў Беларусі (Менск) адкрытае ў 1992. Пасольства Беларусі ў Турэччыны (Анкара) адкрыта ў 1997. У гарадах Адана, Анталья, Бурса, Ізьмір і Стамбул працуюць ганаровыя консулы Рэспублікі Беларусь.
У ліпені 1996 адбыўся афіцыйны візыт у Турэччыну прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь А. Р. Лукашэнкі, падчас якога быў падпісаная Дамова аб дружбе і супрацоўніцтве паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай (уступіў у сілу ў красавіку 2000). У лістападзе 1999 Прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь прымаў удзел у саміце АБСЕ ў Стамбуле.
Ажыцьцяўляецца міжпарлямэнцкае супрацоўніцтва, праходзяць рэгулярныя беларуска-турэцкія палітычныя кансультацыі на ўзроўні намесьнікаў міністраў замежных справаў. Створаны двухбаковыя камісіі:
- савет дзелавога супрацоўніцтва;
- эканамічная міжурадавая камісія;
- па турызму;
- па навукова-тэхнічнаму супрацоўніцтву;
- па міжнародных аўтамабільных зносінах;
- па лініі МУС;
- па консульскіх пытаньнях;
- па супрацоўніцтве ў галіне абароннай прамысловасьці.
Турэччына ўваходзіць у лік краінаў — значных гандлёва-эканамічных партнёраў Беларусі. Па аб’ёме таваразвароту яна займае 15-е месца ў агульным сьпісе краінаў, зь якімі Беларусь ажыцьцяўляе зьнешнегандлёвыя апэрацыі, і 11-е месца сярод краінаў, якія не ўваходзяць у СНД. Доля Турэччыны ў агульным аб’ёме зьнешняга гандлю Беларусі склала 3,7 % (2008).
Аснову беларускага экспарту ў Турэччыну ў складаюць стальныя загатоўкі, калійныя і азотныя ўгнаеньні, ільняныя тканіны, сынтэтычныя і штучныя ніткі, сынтэтычныя валокны, паўпрычэпы. З Турэччыны ў Беларусь паступалі дубленая скура, легкавыя і грузавыя аўтамабілі, трыкатажнае палатно, станкі і абсталяваньне, тканіны, літыя вырабы з чорных мэталяў, цытрусавыя плады, таматы.
З пачатку 1990-х гадоў агульны аб’ём турэцкіх інвэстыцыяў у эканоміку Беларусі перавысіў $720 млн. У нашай краіне дзейнічае звыш 30 прадпрыемстваў з удзелам турэцкага капіталу.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Türkiye İstatistik Kurumu, Adrese Dayalı Nüfus Kayıt Sistemi Sonuçları, 2013 - Турэцкі інстытут статыстыкі
- ^ [1]
- ^ Сяргей Кізіма. Геапалітычны тыдзень вачыма палітоляга // Зьвязда : газэта. — 14 красавіка 2012. — № 73 (27188). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
- ^ Аб 10-годдзі ўстанаўлення дыпламатычных адносін паміж Рэспублікай Беларусь і Турэцкай Рэспублікай. Сайт Міністэрства замежных справаў Беларусі. Праверана 6 верасьня 2014 г.