Мустафа Кемаль Ататурк

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мустафа Кемаль Ататурк
Müşir Gazi Mustafa Kemal Paşa, Balıkesir, 1923.png
Emblem of the Presidency of Turkey.svg 1-ы Прэзыдэнт Турэцкае рэспублікі
29 кастрычніка 1923 — 10 лістапада 1938
Папярэднік: пасада заснаваная
Наступнік: Ісмэт Інёню
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся: 19 траўня 1881
Тэсалёнікі, Асманская імпэрыя
Памёр: 10 лістапада 1938 (57 гадоў)
Стамбул, Турэччына
Партыя: Рэспубліканская народная партыя
Сужэнец: Латыфэ Ушаклагіль
Дзеці: Сабіга Гёкчэн, Юлькю Адатэпэ, Абдурахім Тунджак, Афэт Інан, Зэхра Айлін, Рукіе Эркін, Нэбіле Ірдэлп і Сыгыртмач Мустафа
Бацька: Алі Рыза-эфэндзі
Маці: Зюбэйдэ-ханым
Адукацыя: Турэцкая вайсковая акадэмія, Асманскі вайсковы каледж і Манастырская вайсковая вышэйшая школа
Signature of Mustafa Kemal Atatürk.svg

Мустафа́ Кема́ль Атату́рк (па-турэцку: Mustafa Kemal Atatürk; 19 траўня 1881, Тэсалёнікі, Асманская імпэрыя — 10 лістапада 1938, Стамбул, Турэччына) — турэцкі палітык, генэрал, заснавальнік і першы прэзыдэнт (1923—1938) Турэцкае Рэспублікі.

Ататурк стаў вядомы дзякуючы ягонай ролі ў перамозе ў Галіпальскай кампаніі падчас Першай сусьветнай вайны. Пасьля паразы Асманскай імпэрыі ў сусьветнай вайне і наступнага падзелу дзяржавы, ён ачоліў турэцкі нацыянальны рух, які супраціўляўся падзелам мацерыковай частцы Турэччыны супраць дзяржаваў Антанты. Ататурк стаў ля вытокаў стварэньня часовага ўраду ў цяперашняй сталіцы Турэччыны Анкары, ён разграміў войскі, пасланыя саюзьнікамі, і, такім чынам, выйшаў пераможцам у вайне Турэччыны за незалежнасьць. Ататурк скасаваў канчаткова разбураную ў выніку Першае сусьветнае вайны Асманскую імпэрыю, што прайснавала да таго ўжо 6 стагодзьдзяў, абвесьціў рэспубліку.

Як прэзыдэнт новастворанай Турэцкае Рэспублікі Ататурк ініцыяваў строгую праграму палітычных, эканамічных і культурных рэформаў з канчатковай мэтай стварэньня сучаснай, прагрэсіўнай і сьвецкай нацыянальнай дзяржавы. Ён зрабіў пачатковую адукацыю абавязковай і бясплатнай, адкрываючы тысячы новых школаў па ўсёй краіне. Ён дамогся пераводу турэцкае мовы з арабскай пісьменнасьці на лацінку, забараніў традыцыйную вопратку. Турэцкія жанчыны атрымалі роўныя грамадзянскія і палітычныя правы падчас прэзыдэнцтва Ататурка, чым апярэдзіў шматлікія заходнія краіны. У прыватнасьці, жанчыны атрымалі права голасу на мясцовых выбарах 3 красавіка 1930 году.

Ягоны ўрад праводзіў палітыку туркізацыі краіны, спрабуючы стварыць аднастайную і адзіную нацыю[1][2][3]. За часам Ататурк этнічныя меншасьці былі вымушаныя размаўляць па-турэцку ў публічным асяродзьдзі[4], нетурэцкія тапонімы і прозьвішчы меншасьцяў павінны былі быць зьменены турэцкімі адпаведнікамі[5][6]. Парлямэнт Турэччыны ў 1934 годзе зацьвердзіў прысваеньне Кемалю прозьвішча Ататурк, што перакладаецца з турэцкай мовы як «Бацька туркаў», у знак прызнаньня той ролі, якую ён згуляў у стварэньні сучаснай Турэцкай Рэспублікі[7].

Біяграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Раньнія гады[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Мустафа Кемаль нарадзіўся ў Тэсалёніках (цяпер у Грэцыі) у 1881 годзе (пазьней абраў сабе датай нараджэньня дзень пачатку барацьбы за незалежнасьць Турэччыны — 19 траўня). Ягоны бацька, Алі Рыза-эфэндзі, служыў афіцэрам міліцыі, а таксама займаў пасаду клерка па службовых справах і быў гандляром піламатэрыялаў. Як лічыцца, ягоны бацька меў альбанскае паходжаньне[8][9][10] і, паводле некаторых крыніц, нават габрэйскае паходжаньне[11]. Аднак, шмат дасьледчыкаў усё ж лічаць, што бацька Мустафы Кемаля быў туркам і паходзіў з Анатоліі[12][13] Маці будучага палітычнага дзеяча, Зюбэйдэ-ханым, мела турэцкае паходжаньне. Сярод братоў і сясцёр Мустафы, толькі адна сястра Макбулэ перажыла дзяцінства.

Бацькі далі імя сыну Мустафа, а мянушка Кемаль, што азначае здольнасьць ці сталасьць, дасталася Ататурку ад ягонага настаўніка матэматыкі Юскюплю Мустафы Эфэндзі. Паводле легенды настаўнік так захапіўся здольнасьцямі падлетка, што даў яму такую мянушку[14][15], аднак існуе вэрсія, што настаўнік хацеў адрозьніць для астатніх свайго вучня, які меў такое ж імя як і ён сам[16]. У раньнія гады маці заахвоціла Ататурка наведваць рэлігійную школу, што ён рабіў неахвотна і даволі непрацяглы час. Пазьней, дзякуючы ягонаму бацьку, Мустафа пачаў наведваць прыватную школу з больш сьвецкай навучальнай праграмай. Бацькі жадалі, каб хлопец навучыўся справам, каб потым той працаваў у гандлі, як ягоны бацька. Аднак, не параіўшыся з бацькамі, Ататурк здаў уступныя іспыты ў Тэсалёніскую вайсковую вучэльню ў 1893 годзе. У 1896 годзе ён паступіў у Манастырскую вайсковую сярэднюю школу, якая месьцілася ў сучаснай Бітале ў Паўночнай Македоніі. 14 сакавіка 1899 году Ататурк паступіў у Асманскую вайсковую акадэмію ў раёне Шышлі сталіцы краіны Канстантынопалі, якую скончыў у 1902 годзе. Пасьля чаго таксама навучаўся ў Асманскім вайсковым каледжы ў Канстантынопалі да 1905 году[17].

Вайсковая кар’ера[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ататурк падчас выпуску з вайсковае акадэміі ў 1905 годзе.

Неўзабаве пасьля заканчэньня адукацыі быў арыштаваны паліцыяй праз антыманархісцкую дзейнасьць. Пасьля ўтрыманьня за кратамі на працягу некалькіх месяцаў быў вызвалены толькі пры падтрымцы Рызы Пашы, свайго былога дырэктара школы[18]. Пасьля вызваленьня Ататурк быў прызначаны ў Пятую армію ў чыне капітана штабу, які базавўся ў Дамаску[17]. Вайсковец уступіў у невялікае патаемнае рэвалюцыйнае таварыства афіцэраў-рэфарматараў, якое ўзначальваў купец Мустафа Джантэкін пад назвай «Радзіма і свабода» (турэц. Vatan ve Hürriyet). 20 чэрвеня 1907 году Ататурк атрымаў годнасьць старшага капітану, а 13 кастрычніка 1907 году ён быў прызначаны ў штаб Трэцяй арміі ў Манастыры. Акрамя таго, Ататурк увайшоў у камітэт зьвязу і прагрэсу, стаўшы чальцом пад нумарам 322, але ў наступныя гады ён стаў шырока вядомы праз сваю апазыцыйнае стаўленьне да палітыкі ўладаў. 22 чэрвеня 1908 году ён быў прызначаны інспэктарам асманскай чыгункі ва Ўсходняй Румэліі. У ліпені 1908 году Ататурк згуляў пэўную ролю ў маладатурэцкай рэвалюцыі, якая часткова зьменшыла ўладу султана Абдул-Хаміда II і аднавіла канстытуцыйную манархію.

Ататурк прапаноўваў і рабіў дэпалітызацыю ў войску, што рэзка не спадабалася лідэрам камітэту зьвязу і прагрэсу. У выніку яго адправілі ў вілает Трыпалітанія, якая на сёньня ёсьць часткой сучаснай Лібіі, а на той момант на тэрыторыі гэтай тагачаснай асманскай правінцыі адбывалася племянное паўстаньне, якое Ататурк пасьпяхова здушыў у канцы 1908 году[18]. Пасьля выкананьня місіі ён вярнуўся ў Канстантынопаль у студзені 1909 году. А ўжо ў красавіку у сталіцы група жаўнераў распачала контрарэвалюцыю, у здушэньні якой Ататурк таксама згуляў досыць важную ролю[19]. У 1910 годзе ён быў прызначаны ў асманскае войска ў Альбаніі[20], дзе на той час Іса Балетыні кіраваў альбагскім паўстаньнем у Косава і Альбаніі[21]. У 1910 годзе Ататурк сустрэўся з Экрэмам Влёрам, альбанскім шляхцічам, палітыкам, пісьменьнікам і адным з дэлегатаў, якія падпісалі Дэклярацыю незалежнасьці Альбаніі[22]. Пазьней, увосень 1910 году Ататурк быў камандаваны ў складзе асманічных вайсковых назіральнікаў, якія прысутнічалі на пікардыйскіх вайсковых манэўрах ў Францыі, а ў 1911 годзе вайсковы дзяяч нядоўга служыў у вайсковым міністэрстве ў Канстантынопалі.

Ваенныя кампаніі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Ататурк разам зь іншымі асманскімі афіцэрамі за часам Галіпальскай кампаніі ў 1915 годзе.
Ататурк у 1918 годзе ў чыне камандуючага Ілдырымскай групы арміяў.

У 1911 годзе Кемаль узяў удзел у італьянска-турэцкай вайне[23], якая праходзілся на тэрыторыі Асманскай Трыпалітаніі[24]. Служыў у асноўным у раёнах каля Дэрны і Табрука[23]. Італьянская армія мела ў сваім складзе 150 тысяч чалавек, у той час як супрацьстаялі ім толькі 20 тысяч бедуінаў і 8 тысяч туркаў на асманскім баку[25]. Сытуацыя пагаршалася тым, што частка асманскіх войскаў была накіраваная ў правінцыю Емэн дзеля здушэньня мясцовага паўстаньня, а Вялікабрытанія, якая кантралявала асманскія правінцыі Эгіпет і Судан, не дазволіла дадатковым асманскім войскам дабрацца да Лібіі сухаземным шляхам праз Эгіпет. Асманскія жаўнеры, у тым ліку Ататурк, выправіліся ў Лібію альбо пераапранутымі ў арабаў, рызыкуючы быць арыштаванымі брытанскімі ўладамі Эгіпту, альбо на вельмі нешматлікіх паромах. Аднак, не зважаючы на ​​ўсе цяжкасьці, сілам Ататурка ў Лібіі ўдалося некалькі разоў даць адпор італьянцам, напрыклад, у бітве пры Табруку 22 сьнежня 1911 году. Падчас бітвы пры Дэрне Ататурк быў паранены, скінутай з самалёту бомбай, а 6 сакавіка 1912 году Кемаль стаў камандуючым асманскімі войскамі ў Дэрне. Ён здолеў абараніць і ўтрымаць горад і навакольны ягоны рэгіён да канца італьянска-турэцкай вайны, якая скончылася паразай Турэччыны 18 кастрычніка 1912 году.

1 сьнежня 1912 году Ататурк прыбыў у свой новы штаб на Галіпальскім паўвостраве і падчас Першай балканскай вайны прыняў удзел у высадцы дэсанту ў Булаіры на ўзьбярэжжы Тракіі пад кіраўніцтвам Фэтхі-бэя, але падчас бітвы гэты турэцкі наступ быў адбіты 7-й пяхотнай дывізіяй Георгія Тодарава[26] пад камандаваньнем баўгарскай чацьвёртай арміі Стыліяна Ковачава[27]. У чэрвені 1913 году падчас той жа вайны Ататурк брыў удзел у апэрацыі асманскіх войскаў[28], ачоленымі Ісмаілам Энвэрам-бэям, якія аднавілі кантраль над гарадамі Дыдымотыха і Эдырнэ разам з большай часткай усходняй Тракіі, адбіўшы тэрыторыю ў баўгараў.

У 1914 годзе Асманская імпэрыя ўвайшла ў на эўрапейскі і блізкаўсходні тэатры Першай сусьветнай вайны ў хаўрусе з Цэнтральнымі дзяржавамі. Ататурку было даручана арганізаваць і камандаваць 19-й дывізіяй, далучанай да пятай арміі падчас бітвы пры Галіпалі. Ён стаў камандуючым фронтам, правільна прадбачыўшы, куды нападуць краіны Антанты, і ўтрымліваў сваю пазыцыю, пакуль ворагі не адступілі. Пасьля бітвы пры Галіпалі Ататурк служыў у Эдырнэ да 14 студзеня 1916 году. Пасьля гэтага ён быў прызначаны камандуючым XVI корпуса другой арміі і адпраўлены на Каўкаскую кампанію пасьля таго, як масавы наступ Расеі дасягнуў ключавых гарадоў Анатоліі. 7 жніўня ён аб’яднаў свае войскі і распачаў контранаступ[29]. Дзьве ягоныя дывізіі захапілі Бітліс і Муш, што парушыла разьлікі расейскага камандаваньня[30].

У ліпені 1917 году ён быў прызначаны камандуючым сёмай арміі, замяніўшы 7 жніўня 1917 году Фэўзі-пашу, які падпарадкоўваўся камандаваньню групы арміяў Ілдырым нямецкага генэрала Эрыха фон Фалькенгайна[31]. Ататюрк дрэнна ладзіў зь нямецкім генэралам і разам з Ісмэтам Інэню пісаў справаздачы вялікаму візіру Талаат-пашы пра змрочную сытуацыю і адсутнасьць належных рэсурсаў на палестынскім фронце. Аднак Талаат-паша ігнараваў іхныя назіраньні і адмовіўся ад іхняй прапановы сфарміраваць больш моцную абарончую лінію на поўначы ў Асманскай Сырыі, на чале якой стануць туркі замест немцаў[31]. Пасьля гэтага Ататурк звольніўся зь сёмай арміі і вярнуўся ў Канстантынопаль[31]. Там яму было даручана суправаджаць насьледнага прынца Мэхмэда падчас ягонай паездкі на цягніку ў Аўстра-Вугоршчыну і Нямеччыну[31]. Знаходзячыся ў Нямеччыне, Ататурк наведаў нямецкія абарончыя лініі на Заходнім фронце і прыйшоў да высновы, што Цэнтральныя дзяржавы хутка атрымаюць паразу ў вайне[31]. Ён не саромеўся адкрыта выказаць гэта меркаваньне кайзэру Вільгэльму II і ягоным генэралам асабіста[31]. Падчас зваротнай паездкі ён ненадоўга знаходзіўся на лячэньні ў Карльсбадзе і Вене[31].

Вайна Турэччыны за незалежнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Вайна за незалежнасьць Турэччыны
Ататурк у атачэньні удзельнікаў Сываскага кангрэсу.

30 красавіка 1919 году Ататурк быў прызначаны інспэктарам у інспэкцыю 9 арміі дзеля рэарганізацыі таго, што засталося ад асманскіх вайсковых частак дзеля паляпшэньня ўнутранай бясьпекі краіны[32]. 19 траўня 1919 году Ататурк часова пераехаў у Самсун. Першая ягонай мэтай было стварэньне арганізаванага нацыянальнага руху супраць акупацыйных сілаў. У чэрвені 1919 году ён выдаў цыркуляр Амасья, абвесьціўшы, што незалежнасьць краіны знаходзіцца ў небясьпецы. 8 ліпеня ён звольніўся з войска, і ўрад Асманскай імпэрыі выдаў ордэр на ягоны арышт. Але Кязым Карабэкір ды іншыя вайсковыя камандзіры, якія дзейнічалі ва Ўсходняй Анатолі, падтрымалі Ататурка і прызналі яго сваім кіраўніком[33]. 4 верасьня 1919 году Ататурк сабраў зьезд у Сывасе. Тыя, хто выступаў супраць акупацыі дзяржавы краінамі Антанты выступілі за Нацыянальны турэцкі пакт. Ататурк быў прызначаны кіраўніком выканаўчага камітэту Сываскага кангрэсу. Гэта дало яму легітымнасьці і неабходную падтрымку будучай палітыкі.

У апошніх выбарах у асманскі парлямэнт, якія адбыліся ў сьнежні 1919 году, пераканаўчую перамогу атрымала Асацыяцыя абароны правоў Анатоліі і Румэліі, ачоленую Ататуркам, які сам застаўся на той час у Анкары. Паседжаньні парлямэнту адкрыліся ў Канстантынопалі 12 студзеня 1920 году, аднак, у хуткім часе ён быў распушчаны брытанскімі сіламі неўзабаве пасьля прыняцьця Нацыянальнага турэцкага пакту. Ататурк заклікаў правесьці нацыянальныя выбары дзеля стварэньня новага турэцкага парлямэнту ў Анкары названы Вялікім нацыянальным сходам[34]. 23 красавіка 1920 году сэсія сходу адкрылася выступам Ататуркам, што фактычна стварыла сытуацыю двоеўладзьдзя ў краіне[35]. У траўні 1920 году барацьба за ўладу паміж двума ўрадамі прывяла да завочнага сьмяротнага прысуду Мустафе Кемалю вайскова-палявым судом Турэччыны[36].

Ататурк інспэктуе турэцкія войскі 18 чэрвеня 1922 году.

10 жніўня 1920 году вялікі візыр Асманскай імпэрыі Дамат Фэрыд-паша падпісаў Сэўрскую дамову, паводле якой меліся пляны падзелу Асманскай імпэрыі, уключаючы рэгіёны, якія этнічныя туркі лічылі гістарычна сваімі. Ататурк настойваў на поўнай незалежнасьці краіны і абароне інтарэсаў турэцкай большасьці на турэцкай зямлі. Ён пераканаў Вялікі нацыянальны сход зарганізаваць нацыянальнае войска. Новае войска сутыкнулася ў супрацьстаяньні з войскам халіфату, якое падтрымлівалі акупацыйныя сілы краінаў Антанты, а непасрэднай задачай была барацьба супраць армянскіх сілаў на Ўсходнім фронце і грэцкімі войскамі, якія прасоўваліся на ўсход ад Сьмірны, якую яны занялі ў траўні 1919 году, на Заходнім фронце. Ваенныя посьпехі сілаў Вялікага нацыянальнага сходу супраць войскаў Армэніі ўвосень 1920 году, а потым і супраць грэкаў, сталі магчымымі дзякуючы сталым наладжанным пастаўкам золата і ўзбраеньня ад расейскага ўрада бальшавікоў з восені 1920 году. Пасьля шэрагу бітваў падчас грэцка-турэцкай вайны грэцкае войска дайшло ажно да ракі Сакар’і на пазыцыі ўсяго ў 80 км на захад ад Анкары. 5 жніўня 1921 году Ататурк быў прызначаны галоўнакамандуючым войскамі Вялікага нацыянальнага сходу[37]. Наступная бітва пры Сакар’і, якая мела месца з 23 жніўня па 13 верасьня 1921 году, скончылася паразай грэкаў. Ататурк атрымаў з нагоды перамогі годнасьць маршала, і ў наступным туркі мелі перавагу, выгнаўшы грэкаў з Анатоліі і аднавіўшы кантроль над Ізьмірам 9 верасьня 1922 году.

21 лістапада 1922 году ў Лязане пачалася канфэрэнцыя паводле ўрэгуляваньня турэцкага пытаньня, Турэччыну прадстаўляў Ісмэт Інэню зь Вялікага нацыянальнага сходу. Турэцкі бок на канфэрэнцыі адмовіўся ад выкананьня любой прапановы, якая б парушала сувэрэнітэт краіны. Гэтак, напрыклад, не былі зацьверджаны пытаньні па кантролі над турэцкімі фінансамі, пралівамі ды іншых пытаньняў. Не зважаючы на тое, што канфэрэнцыя была прыпыненая 4 лютага, яна аднак працягвалася і пасьля 23 красавіка, у асноўным засяроджваючыся на эканамічных пытаньнях [66]. 24 ліпеня 1923 году паводле вынікаў сустрэчаў была падпісаная Лязанская мірная дамова, што ў выніку прызнала Вялікі нацыянальны сход дзейным урадам Турэччыны. 29 кастрычніка 1923 году была абвешчаная Турэцкая рэспубліка[38]. З тых часоў Дзень Рэспублікі ў гэтую дату адзначаецца як нацыянальнае сьвята[39].

Палітычнае жыцьцё[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1923 пасьля вываду войскаў Антанты ён заснаваў Турэцкую Рэспубліку і быў абраны яе першым прэзыдэнтам (пераабіраўся ў 1927, 1931 і 1935). Памёр 10 лістапада 1938 году ад цырозу печані, спрычыненага застарэлым алькагалізмам. У Турэччыне склаўся культ асобы Ататурка, які збольшага нагадвае культ асобы Леніна ў СССР.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Sofos, Umut Özkırımlı & Spyros A. (2008). «Tormented by history: nationalism in Greece and Turkey». New York: Columbia University Press. — С. 167. — ISBN 9780231700528
  2. ^ Toktas, Sule (2005). «Citizenship and Minorities: A Historical Overview of Turkey's Jewish Minority». Journal of Historical Sociology. 18 (4).
  3. ^ Jongerden, edited by Joost; Verheij, Jelle. «Social relations in Ottoman Diyarbekir, 1870–1915». Leiden: Brill. — С. 300. — ISBN 978-90-04-22518-3.
  4. ^ Kieser, Hans-Lukas, ed. (2006). «Turkey beyond nationalism: towards post-nationalist identities». London: Tauris. — С. 45. — ISBN 9781845111410.
  5. ^ Öktem, Kerem (2008). «The Nation's Imprint: Demographic Engineering and the Change of Toponymes in Republican Turkey». European Journal of Turkish Studies.
  6. ^ Aslan, Senem. «Incoherent State: The Controversy over Kurdish Naming in Turkey». European Journal of Turkish Studies.
  7. ^ «Mustafa Kemal Atatürk'ün Nüfus Hüviyet Cüzdanı. (24.11.1934)». Isteataturk.com
  8. ^ Andrew Mango (2002). «Atatürk: The Biography of the Founder of Modern Turkey». Overlook Press. — С. 25—27. — ISBN 978-1-58567-334-6.
  9. ^ Jackh, Ernest (2007). «The Rising Crescent». — С. 31. — ISBN 978-1-40674-978-6.
  10. ^ Marcosson, Isaac Frederick (1969). «Turbulent Years». Ayer Publishing — С. 144. — ISBN 978-0-83691-305-7.
  11. ^ Scholem, Gershom (2007). «Doenmeh». Encyclopaedia Judaica, 2nd ed.; Volume 5: Coh-Doz. Macmillan Reference USA. Thomson Gale. — С. 732. — ISBN 0-02-865933-3.
  12. ^ Atay, Falih Rıfkı (1984). «Çankaya: Atatürk'ün doğumundan ölümüne kadar». Betaş. İstanbul. — С. 17.
  13. ^ Dinamo, Hasan İzzettin (1986). «Kutsal İsyan: Millî Kurtuluş Savaşı'nın Gerçek Hikâyesi, 2. cilt». Tekin Yayınevi.
  14. ^ İnan, Afet (1959). «Atatürk hakkında hâtıralar ve belgeler». Türk Tarih Kurumu Basımevi. — С. 8.
  15. ^ «Mustafa Kemal Atatürk». Turkish Embassy.
  16. ^ Cebesoy, Ali Fuat (1967). «Sınıf arkadaşım Atatürk: okul ve genç subaylık hâtıraları». İnkılâp ve Aka Kitabevleri. — С. 6.
  17. ^ а б Harp Tarihi Başkanlığı (1972). «Türk İstiklâl Harbine katılan tümen ve daha üst kademelerdeki komutanların biyografileri». Ankara: Genelkurmay basımevi. — С. 1.
  18. ^ а б Atay, Falih Rıfkı (2004). «Çankaya». İstanbul: Pozitif Yayınları. — ISBN 975-6461-05-5.
  19. ^ Kinross, Patrick (1972). «Rebirth of a Nation». İstanbul. Sander yayınları. — С. 68.
  20. ^ «Mustafa Atatürk had assisted in the military operation in Albania in 1910». Zeriyt.
  21. ^ «Aubrey Herbert: A Meeting with Isa Boletini». Albanianhistory.
  22. ^ «I remember well the meeting very interesting, I had casually with Mustafa Qemali in 1910, at the time, still a mere lieutenant». Albislam.
  23. ^ а б Landau 1984. С. 17.
  24. ^ Landau 1984. С. 48.
  25. ^ William Henry Beehler (1913). «The History of the Italian-Turkish War». Advertiser-Republican. — С. 14.
  26. ^ Richard C. Hall (2002). «The Balkan Wars 1912–1913: Prelude to the First World War». Routledge. — С. 81. — ISBN 9780415229470.
  27. ^ Edward J. Erickson (2003). «Defeat in Detail: The Ottoman Army in the Balkans, 1912–1913». Praeger. — С. 255. — ISBN 0-275-97888-5.
  28. ^ «Kemal Atatürk». Encyclopedia Britannica.
  29. ^ Lengyel, Emil (1962). «They Called Him Atatürk». New York: The John Day Co. — С. 68. — OCLC 1337444.
  30. ^ Kinross 2003. С. 100.
  31. ^ а б в г д е ё Ana Britannica (1987) Vol. 2 (Ami — Avr): Atatürk, Mustafa Kemal. — С. 490.
  32. ^ Andrew Mango (1999). «Atatürk». John Murray. — С. 214. — ISBN 978-0-7195-6592-2.
  33. ^ Findley, Carter V. (21 September 2010). «Turkey, Islam, Nationalism, and Modernity: A History, 1789-2007». Yale University Press. — С. 222. — ISBN 978-0-300-15260-9.
  34. ^ Ahmad, Feroz (1993). «The Making of Modern Turkey». London, New York: Routledge. — С. 50. — ISBN 978-0-415-07835-1.
  35. ^ Heper, Metin; Sayari, Sabri (7 May 2013). «The Routledge Handbook of Modern Turkey». Routledge. — С. 41. — ISBN 978-1-136-30964-9.
  36. ^ Dadrian, Vahakn N.; Akçam, Taner (2011). «Judgment at Istanbul: The Armenian Genocide Trials». Berghahn Books. — С. 196—199. — ISBN 978-0-85745-251-1.
  37. ^ «A short history of AA». Anadolu Ajansı Genel Müdürlüğü.
  38. ^ «Turkey — Declaration of the Turkish republic». Encyclopedia Britannica.
  39. ^ «Republic Day in Turkey». Time And Date.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Landau, Jacob M. Atatürk and the Modernization of Turkey. — Boulder: Westview Press, 1984. — ISBN 0865319863
  • Kinross, Patrick Atatürk: The Rebirth of a Nation. — London: Phoenix Press, 2003. — ISBN 978-1-84212-599-1

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Мустафа Кемаль Ататурксховішча мультымэдыйных матэрыялаў