Камбоджа

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Камбоджа
ព្រះរាជាណាចក្រកម្ពុជា
Preăh Réachéa Nachâk Kâmpŭchea
Сьцяг Камбоджы Герб Камбоджы
(Сьцяг) (Герб)
Нацыянальны дэвіз: Нацыя, Рэлігія, Кароль
Дзяржаўны гімн
«Nokoreach»
Месцазнаходжаньне Камбоджы
Афіцыйная мова кгмэрская
Сталіца Пнампэнь
Найбуйнейшы горад Пнампэнь
Форма кіраваньня канстытуцыйная манархія
Нарадом Сіхамоні
Хун Сэн
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
88-е месца ў сьвеце
181 035 км²
2,5%
Насельніцтва
 • агульнае (2014)
 • шчыльнасьць
65-е месца ў сьвеце
15 548 000 (ацэнка)[1]
85,9/км²
СУП
 • агульны (2012)
 • на душу насельніцтва
89 месца ў сьвеце
$36.010 млрд[2]
$2361
Валюта Рыель (KHR)
Незалежнасьць
— ад Францыі

9 лістапада 1953
Аўтамабільны знак К
Дамэн верхняга ўзроўню .kh
Тэлефонны код +855
Cb-map.png

Камбо́джа, Карале́ўства Камбоджа (па-кгмэрску: កម្ពុជា, вымаўл. [kɑmˈpuˈciə]) — краіна, разьмешчаная ў паўднёва-ўсходняй Азіі, на паўвостраве Індакітай на ўзьбярэжжы Тайляндзкай затокі. Мяжуе з Тайляндам, Лаосам і Віетнамам.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

З 1867 да 1953 году Камбоджа была калёніяй Францыі.

Падчас Другой сусьветнай вайны (ад 1941 да 1945 году) Камбоджа была акупаваная Японіяй і знаходзілася ў складзе Японскай імпэрыі.

9 лістапада 1953 году Камбоджа атрымала незалежнасьць ад Францыі і стала канстытуцыйнай манархіяй на чале з каралём Нарадомам Сіянукам.

Падчас вайны ў Віетнаме камбаджыйскія ўлады прытрымліваліся палітыкі нэўтралітэту. Падчас замежнай паездкі караля ў 1970 годзе ў краіне адбыўся ваенны пераварот, да ўлады прыйшоў праамэрыканскі генэрал Лон Нол.

З 1967 да 1975 году Камбоджа ахопленая грамадзянскай вайною.

У 1975 годзе да ўлады ў краіне прыйшлі камуністычна арыентаваныя чырвоныя кгмэры на чале з Полам Потам. Ацэнкі трагедыі панаваньня гэтага рэжыму для краіны розныя. Лічыцца, што падчас тэрору гэтых уладаў у краіне загінула як найменш 1 700 000 людзей[3], існуюць меркаваньні і пра 3 000 000 ахвяраў[4].

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Палітычнае жыцьцё Камбоджы рэгулюецца ў адпаведнасьці з канстытуцыяй, прынятай у 1993 годзе, існуе парлямэнт, улада караля абмежаваная. Прэм’ер-міністар Камбоджы — кіраўнік ураду, а кароль зьяўляецца кіраўніком краіны, увасабляе сымбаль краіны і ня мае значнай улады. Прэм’ер-міністар прызначаецца каралём пры ўхваленьні Нацыянальнай асамблеі, прэм’ер-міністар і яго міністры прадстаўляюць выканаўчую ўладу. Заканадаўчая ўлада прадстаўлена дзьвюхпалатным парлямэнтам: Нацыянальнай асамблеяй Камбоджы і Сэнатам.

У кастрычніку 2004 году Нарадом Сыгамоні быў абраны каралём спэцыяльным тронным кансыліюмам. Абраньне было зацьверджана прэм’ер-міністрам Гун Сэнам, сьпікерам Нацыянальнай асамблеі прынцам Нарадомам Ранарыдхам і двума ўдзельнікамі троннага кансыліюму. Ён каранаваўся ў Пнампэні 29 кастрычніка.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбоджа падзеленая на 24 правінцыі (khett) і сталіцу Пнампэнь.

Мапа правінцый Камбоджы

Правінцыі:

  1. Бантэаймэант'ей
  2. Батамбанг
  3. Кампангчам (у т. л. раён Тбангкгум)
  4. Кампангчгнанг
  5. Кампангспы
  6. Кампангтгом
  7. Кампот
  8. Кандаль
  9. Кагконг
  10. Кэп
  11. Крацьэг
  12. Мандалькіры
  13. Одармэант'ей
  14. Пайлін
  15. Пнампэнь
  16. Сіянуквіль
  17. Прэагвігеа
  18. Пурсат
  19. Прэйвэнг
  20. Ратанакіры
  21. Сіемрэап
  22. Стынгтраенг
  23. Свайрыенг
  24. Такеа

Пнампэнь — самы вялікі горад краіны, яго насельніцтва складае 1 млн чалавек з 15 млн агульнага насельніцтва Камбоджы. Мандалькіры, правінцыя на мяжы зь Віетнамам, самая вялікая па плошчы (14 288 км²)[5], але мае самую малую колькасьць насельніцтва 44,7 тыс. чал. у 2008 годзе[5].

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбоджа займае плошчу 181 035 км², мае межы з Тайляндам працягласьцю 800 кілямэтраў на поўначы і захадзе, з Лаосам працягласьцю 541 кілямэтар на паўночным усходзе і зь Віетнамам на ўсходзе і паўночным усходзе. Марскі бераг Камбоджы (Тайляндзкая затока) складае 443 кілямэтры.

Найбольш значнай геаграфічнай асаблівасьцю Камбоджы зьяўляецца так званая азёрная раўніна, сфармаваная ў выніку затапленьняў Вялікага Возера, якое ў Камбоджы завецца Тонл Сап. Гэтае возера займае плошчу каля 2590 квадратных кілямэтраў падчас сухога сэзону і плошчу каля 24 605 квадратных кілямэтраў падчас сэзону дажджоў. Гэтая раўніна шчыльна заселеная і шырока выкарыстоўваецца для вырошчваньня рысу. Такім чынам яна зьяўляецца сэрцам краіны.

Большая частка краіны (каля 75%) ляжыць на ўзвышшах большых за 100 мэтраў над узроўнем мора, у астатнім тэрыторыя занятая Кардамомскімі горамі (найвышэйшы пункт якіх знаходзіцца на вышыні 1813 мэтраў) і іхнім працягам — г. зв. Слановымі горамі (вышыня ад 500 да 1000 мэтраў), а таксама Дангрэскім узвышшам (сярэдняя вышыня 500 мэтраў), якое знаходзіцца на мяжы з Тайляндзкім рэгіёнам Ісан. Самы высокі пункт Камбоджы — Фном Аорал — знаходзіцца каля гораду Пурсат (сталіцы аднайменнай правінцыі) у цэнтры краіны.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 2011 годзе СУП Камбоджы складаў $2470 на аднаго жыхара краіны пры разьліку на парытэт пакупніцкай здольнасьці, намінальны — $1040. Гадавы даход на аднаго жыхара Камбожды хутка павялічваецца, але застаецца нізкім у параўнаньні з астатнімі краінамі рэгіёну. Большасьць дамашніх гаспадарак грунтуюцца на сельскай гаспадарцы і зьвязаных галінаў. Рыс, рыба, дрэва, вопратка ды гума — асноўныя пункты экспарту Камбоджы.

Паводле зьвестак Міжнароднага валютнага фонду, сярэдні рост СУП Камбоджы ад 2001 да 2010 быў 7,7%, сярод 10 краінаў з самым высокім паказчыкам у сьвеце. Найбольш хутка ў Камбоджы разьвіваецца турызм (колькасьць турыстаў павялічылася ад 219000 у 1997 годзе да 2 млн у 2007 годзе). У 2004 годзе інфляцыя складала 1,7%, экспарт — $1,6 млрд.

Галоўнай крыніцай прамых замежных інвэстыцый зьяўляецца Кітай, які плянаваў укласьці $8 млрд у 360 праектаў цягам першых 7 месяцаў 2011 году. Ад яго ж паступае самая вялікая грашовая дапамога, якая склала $600 млн у 2007 годзе і $260 млн у 2008.

Нацыянальны Банк Камбоджы — цэнтральны банк каралеўства, які рэгулюе банкаўскую сыстэму краіны і часткова адказны за прыцягненьне інвэстыцыяў.

Турызм[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Камбоджа пасьля заканчэньня грамадзянскай вайны пачала прыцягваць вялікую колькасьць замежных турыстаў. Галоўная славутасьць краіны — храмавы комплекс Ангкор-Ват, прысьвечаны індуісцкаму богу Вішну, непадалёк ад гораду Сіемрэап, у цэнтры краіны.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Cambodia(анг.) britannica.com
  2. ^ Зьвесткі пра Камбоджу на старонцы Міжнароднага валютнага фонду(анг.)
  3. ^ David Chandler Галасы з S21: Тэрор і гісторыя ў сакрэтнай турме Пола Пота = Voices From S21: Terror and History in Pol Pot’s Secret Prison. — Berkeley and Los Angeles: University of California Press, 1999.
  4. ^ Крэйг Этчэсан «The Number» — Quantifying Crimes Against Humanity in Cambodia(анг.). Дакумэнтацыйны цэнтр Камбоджы.
  5. ^ а б Мосяков Д. В., Алексеева Н. Н. и др. КАМБОДЖА // Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2016); https://bigenc.ru/geography/text/2037904 Дата обращения: 04.08.2020

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Камбоджасховішча мультымэдыйных матэрыялаў