Перайсьці да зьместу

Сусьветная гандлёвая арганізацыя

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сусьветная гандлёвая арганізацыя
анг. World Trade Organization

краіны паводле адносінаў з Сусьветнай гандлёвай арганізацыяй
Дзяржавы-ўдзельніцы СГА

     Дзяржавы-удзельніцы

     Дзяржавы, двойчы прадстаўленыя праз сяброўства ў Эўразьвязе

     назіральнікі

     Краіны, якія не ўваходзяць у СГА

Абрэвіятура СГА
Папярэднік Сакратарыят АПМГ
Дата ўтварэньня 1 студзеня 1995 (29 гадоў таму)
Тып міжурадавая
Юрыдычны статус міжнародная арганізацыя
Штаб-кватэра Цэнтар Ўільяма Рэпарда, Жэнэва, Швайцарыя
Сяброўства 162 дзяржаваў, 2 адмысловыя раёны Кітая, ЭЗ
Афіцыйныя мовы ангельская, гішпанская і француская[1]
Галоўны кіраўнік Нгозі Аконджо-Івэала
Кіроўны орган Выканаўчая нарада
Бюджэт 197,203 франкаў (2020 год)[2]
Колькасьць супрацоўнікаў 625 (2021 год)[3]
Сайт wto.org

Сусьве́тная гандлё́вая арганіза́цыя — міжнародная арганізацыя, заснаваная 1 студзеня 1995 году[4] 74 дзяржавамі, дзьвюма эўрапейскімі калёніямі ў Кітаі й Эўрапейскім Зьвязам (ЭЗ)[5] для забесьпячэньня выкананьня між сабою дзейных гандлёвых пагадненьняў.

Штаб-кватэра месьціцца ў Жэнэве (Швайцарыя)[4]. Замяніла сабою Сакратарыят Агульнага пагадненьня аб мытах і гандлі (АПМГ 1947 году). Узьнікла ў выніку адпаведнага маракескага Пагадненьня аб заснаваньні Сусьветнай гандлёвай арганізацыі, падпісанага 15 красавіка 1994 году. Афіцыйнымі мовамі арганізацыі зьяўляюцца ангельская, гішпанская ды француская[4].

Задачай СГА зьяўляецца не дасягненьне якіхсьці мэтаў ці вынікаў, а ўсталяваньне агульных прынцыпаў міжнароднага гандлю[6]. Работа СГА, таксама як і АПМГ да яго, абапіраецца на асноўныя прынцыпы, сярод якіх:

  • Роўныя правы. Усе чальцы СГА абавязаныя даць магчымасьць усім іншым чальцам рэжым найбольшага спрыяньня ў гандлю (НСГ). Рэжым НСГ азначае, што прэфэрэнцыі, дадзеныя аднаму з чальцоў СГА, аўтаматычна распаўсюджваюцца і на ўсіх астатніх чальцоў арганізацыі[6];
  • Узаемнасьць. Усе саступкі ў паслабленьні двухбаковых гандлёвых абмежаваньняў павінны быць узаемнымі[7];
  • Празрыстасьць. Чальцы СГА павінны цалкам публікаваць свае гандлёвыя правілы і мець органы, якія адказваюць за перадаваньне інфармацыі іншым чальцам СГА[8].

Паводле 3-га Артыкула Пагадненьня, на Арганізацыю ўскладаліся абавязкі:

  1. спрыяць і забясьпечваць парадак выкананьня, вядзеньня й дзеяньня шматбаковых гандлёвых пагадненьняў,
  2. даваць месца для гандлёвых перамоваў між дзяржавамі-ўдзельніцамі Арганізацыі,
  3. апекавацца выкананьнем Дамоўленасьці аб правілах і парадку ўладжваньня спрэчак (ДППУС; Дадатак 2 да Пагадненьня аб заснаваньні СГА),
  4. апекавацца выкананьнем Парадку агляду кіраваньня гандлем (ПАКГ; Дадатак 3 да Пагадненьня аб заснаваньні СГА)
  5. супрацоўнічаць з Міжнародным валютным фондам і Міжнародным банкам рэканструкцыі й разьвіцьця[9].

Першапачаткова ў арганізацыю ўваходзілі 74 краіны-заснавальніцы, у ліку якіх краіны ЭЗ, большасьць краінаў Паўднёвай Амэрыкі, ЗША, Канада, Аўстралія, Японія й Індыя. Колькасьць дзяржаваў-удзельніцаў устойліва павялічвалася і ад 30 лістапада 2015 году ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю ўваходзіць 162 дзяржавы, а таксама ЭЗ. Да таго ж, Кітай меў двух дадатковых прадстаўнікоў ад сваіх адмысловых адміністрацыйных раёнаў — Ганконгу й Макао[5].

Урады ўсіх сумежных з Беларусьсю краінаў зьяўляюцца сябрамі СГА. Польшча ўвайшла ў СГА 1 ліпеня 1995 г., Латвія — 10 лютага 1999 г., Летува — 31 траўня 2001 г., Украіна — 16 траўня 2008 г., Расея — 22 жніўня 2012 году[5].

Урад Беларусі[10] вядзе перамовы аб уступленьні ад часу заснаваньня СГА. На дадзены момант Беларусь мае статус назіральніка ў арганізацыі[5].

Перамовы аб уступленьні Беларусі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Працоўная група па ўступленьні Беларусі была ўтворана 27 кастрычніка 1993 г., а першае сваё паседжаньне яна правяла ў чэрвені 1997 г.[10] Дагэтуль адбылося 7 пасяджэньняў:

  1. 5 чэрвеня 1997 г.,
  2. 28 красавіка 1998 г.,
  3. 5 сакавіка 2001 г.,
  4. 24 студзеня 2003 г.,
  5. 30 студзеня 2004 г.,
  6. 30 верасьня 2004 г.,
  7. 24 траўня 2005 г.

У склад Працоўнай групы ўваходзяць 39 сябраў СГА. З 17 сакавіка 1998 году да 18 верасьня 2006-га перамовы праводзіліся з 28 сябрамі. 10 зь іх падпісалі Выніковыя пратаколы аб завяршэньні двухбаковых перамоваў аб доступе на рынак (пазначаны курсівам у табліцы ніжэй). У сьнежні 2004 году швэдзкага грамадзяніна Крыстэра Мангусэна на пасадзе старшыні Працоўнай групы замяніла ягоная суайчыньніца Мія Горн аф Ранцыэн[11]. Пры ёй 25 чэрвеня 2007 году ўхвалілі новае падсумаваньне акалічнасьцяў. У лютым 2010 г. пасаду старшыні заняў турэцкі грамадзянін Базкурт Аран[12], у верасьні 2012 г. — яго суайчыньнік Селім Кунэралп. На 2021 год Працоўную групу ўзначальваў турэцкі амбасадар Кемаль Мадэноглу[13].

На 23 чэрвеня 2021 году пра ўступленьне Беларусі ў СГА засталося дамовіцца зь 5 бакамі — ЗША, Канадай, Новай Зэляндыяй, Украінай і Эўразьвязам. Перамовы з ЗША і Ўкраінай не дайшлі да завяршальнай ступені. Зь іншымі засталося вырашыць па адным пытаньні. Таксама чакалася падпісаньне пратаколу з Бразыліяй па ўжо скончаных перамовах. Дагэтуль скончылі перамовы з 13 іншымі дзяржавамі — Кітаем, Паўднёвай Карэяй, Японіяй, Нарвэгіяй, Эквадорам, Гватэмалай, Сальвадорам, Ісьляндыяй, Аргентынай, Швайцарыяй, Аўстраліяй, Індыяй і Турэччынай. Амбасадарам у асаблівых даручэньнях Міністэрства замежных справаў Беларусі, які ўзначальваў перамоўную дэлегацыю па далучэньні да СГА, быў Уладзімер Серпікаў[14].

Працоўная група па ўступленьні Беларусі[15]
Удзельнікі Закончылі перамовы Удзельнікі Закончылі перамовы Удзельнікі Закончылі перамовы
Аўстралія Так Канада Не Румынія Так
Армэнія Так Кітай Так Сальвадор Так
Баўгарыя Так Коста-Рыка Так Тайвань Так
Бразылія Так Куба Так Тайлянд Так
Віетнам Так Кыргыстан Так Турцыя Так
Гаіці Так Малдова Так Украіна Не
Гандурас Так Малайзія Так Харватыя Так
Грузія Так Манголія Так Швайцарыя Так
Дамініканская Рэспубліка Так Мэксыка Так Шры-Ланка Так
Злучаныя Штаты Амэрыкі Не Нарвэґія Так Эгіпет Так
Індыя Так Панама Так Эквадор Так
Ісьляндыя Так Параґвай Так Эўрапейскі Зьвяз Не
Калюмбія Не Паўднёвая Карэя Так Японія Так
Колькасьць: 40 удзельнікаў Працоўнай групы, 35 зь іх згодныя на ўступленьне Беларусі.

Установы СГА ўтварылі паводле 4-га Артыкула Пагадненьня. Сярод іх:

  • Выканаўчая нарада. Складаецца з прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніцаў. Склікаецца сама меней аднойчы на два гады. Зьяўляецца паўнамоцным прадстаўніком СГА й выконвае яе абавязкі. Вызначае склад камітэтаў: 1) па гандлі й разьвіцьці, 2) па абмежаваньнях плацёжнага балянсу, 3) па каштарысе, даходах і кіраваньні. Паседжаньні адбываліся:
Трэці галоўны кіраўнік СГА Майкл Мур
  1. 9—13 сьнежня 1996 году ў Сынгапуры,
  2. 18—20 сакавіка 1998 году ў Жэнэве,
  3. 30 лістапада — 2 сьнежня 1999 году ў Сіэтле (ЗША),
  4. 9—13 лістапада 2001 году ў Досе (Катар),
  5. 10—14 верасьня 2003 году ў Канкуне (Мэксыка),
  6. 13—18 сьнежня 2005 году ў Ганконґу (Кітай),
  7. 30 лістапада — 2 сьнежня 2009 году ў Жэнэве,
  8. 15—17 сьнежня 2011 году ў Жэнэве,
  9. 3—6 сьнежня 2013 году на востраве Балі (Інданэзія).
  • Агульная рада. Складаецца з прадстаўнікоў усіх дзяржаваў-удзельніцаў. Выконвае абавязкі Выканаўчае нарады ў адцінках між яе пасяджэньнямі. Вызначае правілы й парадак дзейнасьці камітэтаў. Пры неабходнасьці склікае Орган уладжваньня спрэчак (ОУС) ды Орган агляду кіраваньня гандлем (ОАКГ).
  • Рада па гандлі таварамі. Наглядае за выкананьнем абавязкаў паводле шматбаковых пагадненьняў аб гандлі таварамі, згаданых у Дадатку 1А да Пагадненьня аб заснаваньні СГА. Сярод іх:
Пяты галоўны кіраўнік СГА Паскаль Ламі
  1. Агульнае пагадненьне аб мытах і гандлі 1994 году (АПМГ 1994 году);
  2. Пагадненьне аб земляробстве;
  3. Пагадненьне аб ужываньні санітарных і фітасанітарных захадаў;
  4. Пагадненьне аб тканінах і адзеньні (дзеяньне скончылася 1 студзеня 2005 году);
  5. Пагадненьне аб тэхнічных перашкодах гандлю;
  6. Пагадненьне аб захадах датычна ўкладаньняў, зьвязаных з гандлем;
  7. Пагадненьне аб выкананьні 6-га Артыкула АПМГ (супраць дэмпінгу);
  8. Пагадненьне аб выкананьні 7-га Артыкула АПМГ (аб ацэнцы мытаў);
  9. Пагадненьне аб перададгрузачных праверках;
  10. Пагадненьне аб правілах вызначэньня паходжаньня;
  11. Пагадненьне аб парадку ліцэнзаваньня імпарту;
  12. Пагадненьне аб субсыдыях і адваджвальных захадах;
  13. Пагадненьне аб засьцярогах.
6-ы галоўны кіраўнік СГА Рабэрту Азэвэду
Галоўныя кіраўнікі
Імя й прозьвішча Час займаньня пасады Месца народзінаў Дата народзінаў Папярэдняя пасада
1 Пітэр Сазэрлэнд 1 студзеня — 1 траўня 1995 Дублін, Ірляндыя 25 красавіка 1946 старшыня ірляндзкага банка «Элайд Айрыш Бэнкс»
2 Рэнат Руг'ера 1 траўня 1995 — 1 верасьня 1999 Нэапаль, вобласьць Кампанія, Італія 9 красавіка 1930 намесьнік старшыні Міжнароднае назіральнае рады італьянскага аўтапрадпрыемства «Fiat»
3 Майкл Мур 1 верасьня 1999 — 1 верасьня 2002 Факатане, вобл. Бэй-оф-Пленці, Новая Зэляндыя 28 студзеня 1949 старшыня Камісіі па замежных справах і гандлі Парлямэнта Новай Зэляндыі
4 Супачай Панічпакдзі 1 верасьня 2002 — 1 верасьня 2005 Бангкок, Тайлянд 30 траўня 1946 міністар гандлю Тайлянда
5 Паскаль Ламі 1 верасьня 2005 — 1 верасьня 2013 Лёвалюа-Пэрэ, дэпартамэнт О-дэ-Сэн, рэгіён Іль-дэ-Франс, Францыя 8 красавіка 1947 Эўрапейскі камісар па гандлі
6 Рабэрту Азэвэду 1 верасьня 2013 — 31 жніўня 2020 Салвадор, штат Баія, Бразылія 3 кастрычніка 1957 намесьнік міністра замежных справаў Бразыліі
6 Нгозі Аконджо-Івэала 1 сакавіка 2021 — дагэтуль Огвашы Ўку, правінцыя Вары, калёнія і пратэктарат Нігерыя, Брытанская імпэрыя 13 чэрвеня 1954 адмысловая пасланьніца Афрыканскага зьвязу па дапамозе ад пандэміі каронавірусу

Вынясеньне рашэньняў

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Галоўны кіраўнік СГА штогод падае ў Камітэт па каштарысе, даходах і кіраваньні (ККДК) разьлік каштарысу на наступны год і справаздачу аб выкананьні папярэдняга. ККДК робіць іх агляд і падае далей у Агульную раду свае парады наконт разьмеркаваньня складак між сябрамі Арганізацыі й захадаў да сяброў, што маюць запазычанасьці па іх аплаце. Ухваленьне правілаў аб складках і гадавога каштарысу ажыцьцяўляюць 2/3 галасоў Агульнае рады ў складзе больш як паловы сяброў.

Паводле Артыкула 9 Пагадненьня аб заснаваньні СГА агульным правілам вынясеньня рашэньня ёсьць дасягненьне агульнае згоды. Яна выяўляецца ў адсутнасьці пярэчаньняў вынесенай на абмеркаваньне пастанове сярод сяброў, прысутных на паседжаньні. Пры наяўнасьці нязгоды для ўхваленьня пастановы Выканаўчаю нарадаю ды Агульнаю радаю патрабуецца яе падтрымка большасьцю пададзеных галасоў. Ухваленьне тлумачэньня пагадненьня з Дадатку 1 ажыцьцяўляецца на падставе парады адпаведнае Рады па гандлі (таварамі, паслугамі або інтэлектуальнаю ўласнасьцю) пры падтрымцы большасьцю ў 3/4 сяброў Выканаўчае нарады або Агульнае рады.

Выканаўчая нарада таксама можа агульнаю згодаю або пры яе адсутнасьці цягам 90 дзён 3/4 галасоў сваіх сяброў вызваляць урады на год ад выкананьня шматбаковых гандлёвых пагадненьняў. Яна таксама мае права вызваліць на год ад выкананьня пагадненьняў у Дадатку 1 пасьля 90 дзён разгляду просьбы адпаведнаю Радаю па гандлі. Пагадненьні аб умовах уступленьня Выканаўчая нарада ўхваляе 2/3 галасоў сваіх сяброў.

Усе дзяржавы, акрамя Кітая, маюць па адным голасе. Кітай валодае трыма галасамі, бо два ягоныя адмысловыя адміністрацыйныя раёны, Ганконг ды Макао, увайшлі ў СГА асобна яшчэ за часам быцьця ангельскаю й партугальскаю калёніямі адпаведна. Эўрапейскі Зьвяз наадварот не валодае ўласным голасам, аднак можа ўпаўнаважвацца сваімі сябрамі галасаваць ад іх імя.

Уладжваньне спрэчак

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле Артыкула 2 Дамоўленасьці аб правілах і парадку ўладжваньня спрэчак (ДППУС; Дадатак 2 да Пагадненьня аб заснаваньні СГА) Орган уладжваньня спрэчак (ОУС) утвараецца зь сяброў Агульнае рады, якія зьяўляюцца бакамі разгляданага ў спрэчцы пагадненьня. ОУС выносіць пастановы пры агульнай згодзе. Калі сябра СГА не адказвае на просьбу аб абмеркаваньні спрэчкі цягам 10 дзён з часу яе атрыманьня або цягам 30 дзён з часу атрыманьня просьбы не бярэ ўдзелу ў абмеркаваньні, просьбіт набывае права прасіць ОУС аб заснаваньні групы абмеркаваньня. Просьбіт таксама мае права зьвярнуцца з запытам аб заснаваньні групы, калі абмеркаваньне сам-насам або з удзелам пасярэдніка цягам 60 дзён з часу атрыманьня просьбы не прыводзіць да ўладжваньня спрэчкі. Запыт аб стварэньні групы абмеркаваньня раней за 60-дзённы тэрмін могуць падаць абодва бакі спрэчкі толькі разам. Сябра СГА, які ад пачатку ня браў удзелу ў абмеркаваньні, можа цягам 10 дзён ад часу распаўсюду просьбы аб абмеркаваньні зьвярнуцца з запытам аб дазволе да яго далучыцца. ОУС дае адказ на просьбу аб заснаваньні групы абмеркаваньня на першым жа сваім пасяджэньні ад часу яе атрыманьня.

Найбольшая працягласьць уладжваньня спрэчкі
Спрыяльныя абставіны: парушэньне пагадненьня пры адсутнасьці згоды між бакамі спрэчкі
цягам усяго разгляду справы, што прыводзіць да прыпыненьня дзеяньня пагадненьня.
60 дзён Абмеркаваньне сам-насам або з удзелам пасярэдніка
9 месяцаў Група абмеркаваньня (ад заснаваньня да справаздачы)
1 год Перапынак у працы групы абмеркаваньня (на запыт пазоўніка)
60 дзён Орган уладжваньня спрэчак (разгляд справаздачы й пастанова)
90 дзён Апэляцыйны орган
90 дзён Трацейскі суд (па адтэрміноўцы)
? Адтэрміноўка на выкананьне пастановы
60 дзён Канчатковы трацейскі суд (за невыкананьне пастановы прыпыненьне пагадненьня)
Усяго = 2 гады й 9 месяцаў

Паводле Артыкула 8 ДППУС групы абмеркаваньня складаюцца зь міністраў гандлю або іншых падрыхтаваных прадстаўнікоў дзяржаваў, супрацоўнікаў Сакратарыяту, адпаведных Радаў па гандлі й Камітэтаў СГА, а таксама адмыслоўцаў у міжнародным гандлёвым праве. Грамадзяне дзяржаваў, што зьяўляюцца бакамі спрэчкі, дапускаюцца да службы ў адпаведнай групе толькі са згоды абодвух бакоў спрэчкі. Група абмеркаваньня мае складацца з трох асобаў, калі бакі спрэчкі не дамаўляюцца цягам 10 дзён з часу яе заснаваньня аб павелічэньня колькасьці сяброў групы да пяці. Калі бакі спрэчкі цягам 20 дзён не пагаджаюцца са складам групы абмеркаваньня, утворанага паводле прапановы Сакратарыята, галоўны кіраўнік СГА мае вызначыць яе склад на просьбу прынамсі аднаго з бакоў спрэчкі й з улікам парадаў старшыняў ОУС ды адпаведных Рады па гандлі або Камітэта. Пры разглядзе спрэчкі між разьвітаю й «разьвіцьцёваю» краінамі на просьбу ўрада апошняй група мусіць улучаць прынамсі аднаго сябра з «разьвіцьцёвай» краіны. Выдаткі на падарожжы ды ўтрыманьне сяброў групы абмеркаваньня пакрываюцца з каштарысу СГА.

Паводле Артыкула 12 ДППУС група абмеркаваньня можа не трымацца вядзеньня пасяджэньняў паводле Парадку працы (Дадатак 3 да ДППУС) толькі пасьля нарады з бакамі спрэчкі. Калі група абмеркаваньня не абавяжа бакі адначасна падаць свае першыя прапановы, пазоўнік мае даслаць яе перад адказчыкам. Наступныя прапановы падаюцца адначасна. Калі цягам працы групы бакам не ўдаецца выпрацаваць узаемапрымальнае разьвязаньне, яна падае ў ОУС справаздачу з абгрунтаваньнем сваіх высноваў аб спрэчцы й парадамі. Калі спрэчка ўладжваецца, справаздача мае абмяжоўвацца апісаньнем справы й паведамленьнем аб яе разьвязаньні. Працягласьць працы групы абмеркаваньня абмяжоўваецца 9 месяцамі. На патрабаваньне пазоўніка яе праца можа прыпыняцца ня больш як на год.

ОУС ня мае прыступаць да разгляду справаздачы да 20 дня з часу яе распаўсюда сярод сваіх сяброў. Калі ніводны з бакоў спрэчкі не падае апэляцыі, ОУС мае цягам 60 дзён ад часу распаўсюда справаздачы вырашыць, ці варта яе ўхваляць. ОУС ня мае права разглядаць справаздачу да заканчэньня апэляцыі.

Паводле Артыкула 17 ДППУС, ОУС прызначае ўсіх 7 сяброў Апэляцыйнага органа на чатырохгадовы тэрмін зь ліку адмыслоўцаў у міжнародным гандлёвым праве, якія ня маюць службовых абавязкаў перад урадам. Сябар Апэляцыйнага органа, якога прызначылі да заканчэньня тэрміна папярэдніка, мае займаць пасаду рэшту яго тэрміна. Працягласьць разбору справы Апэляцыйным органам абмяжоўваецца 90 днямі. Яго праца адбываецца без удзелу бакоў спрэчкі. Справаздача Апэляцыйнага органа лічыцца ўхваленаю ОУС і падлягае безумоўнаму прызнаньню бакамі спрэчкі, калі ОУС не касуе справаздачу агульнаю згодаю. Цягам 30 дзён пасьля ўхваленьня справаздачы адказчык мае паведаміць ОУС аб намеры, што датычыць ажыцьцяўленьня прапанаваных ў пастанове ОУС захадаў. Калі неадкладнае падпарадкаваньне пастанове ОУС зьяўляецца незьдзяйсьняльным, адказчык мае атрымаць ад ОУС адтэрміноўку на ажыцьцяўленьне пастановы. Калі ОУС не ўхваляе прапанаваную адказчыкам адтэрміноўку на выкананьне пастановы, бакі спрэчкі цягам 45 дзён з часу ўхваленьня парадаў і пастановы маюць самі дамовіцца аб працягласьці адтэрміноўкі. Пры адсутнасьці згоды між бакамі спрэчкі, працягласьць адтэрміноўкі на выкананьне вызначаецца забавязвальным трацейскім судом не пазьней, як празь 90 дзён пасьля ўхваленьня пастановы.

Калі ўрад-адказчык не выконвае пастановы ОУС да заканчэньня дадзенай яму адтэрміноўкі, ён мае пачаць на запыт іншага боку спрэчкі перамовы аб узаемапрымальным кампэнсаваньні. Калі цягам 20 дзён з часу заканчэньня адтэрміноўкі бакі не прыходзяць да пагадненьня, ОУС мае не пазьней, як на 30 дзень ад заканчэньня адтэрміноўкі прыпыніць атрыманьне адказчыкам з боку пазоўніка саступак паводле парушанага гандлёвага пагадненьня адпаведна нанесеным стратам. Адваротнае рашэньне ОУС мажліва толькі пры наяўнасьці агульнай згоды адмовіць пазоўніку. Паўторны й апошні трацейскі суд зь сяброў былой групы абмеркаваньня (або прызначаны галоўным кіраўніком СГА) можа толькі адцягнуць вынясеньне рашэньня ОУС да 60 дня з часу заканчэньня адтэрміноўкі, каб прывесьці прыпыненьне гандлёвых саступак у большую адпаведнасьць нанесеным з боку адказчыка стратам[16].

Прадстаўнікі Ўсеяпонскага зьвязу земляробаў з расьцяжкаю «Супраць абмежаваньня мытаў». Ганконг, 2005 г.

19 сьнежня 1994 году Галоўны сход Арганізацыі аб’яднаных народаў (ААН) ухваліў пастанову, у якой падкрэсьліў важнасьць набыцьця Пагадненьнем аб заснаваньні СГА моцы для зьменшаньня ды адхіленьня мытаў ды ўскосных перашкодаў гандлю між краінамі[17]. У сваёй пастанове ад 20 сьнежня 1995 году Галоўны сход ААН заклікаў дзяржавы-ўдзельніцы СГА дапамагчы ўступіць у СГА шырэйшаму колу дзяржаваў[18]. У сваёй пастанове ад 16 сьнежня 1996 году Галоўны сход ААН прызнаваў, што СГА стварае ўмовы для адчыненага, прававога, справядлівага, бясьпечнага, нявыбарачнага, празрыстага й прадказальнага шматбаковага гандлю[19]. 18 сьнежня 1997 году Галоўны сход ААН ухваліў пастанову, у якой падкрэсьліў значнасьць стварэньня міжкраёвых гаспадарчых аб’яднаньняў паводле адпаведных правілаў СГА[20]. У пастанове ад 20 сьнежня 2002 году Галоўны сход ААН прасіў дзяржавы ахвяраваць Дахійскаму сусьветнаму мэтаваму фонду разьвіцьця пры СГА[21]. У пастанове ад 23 сьнежня 2003 году адзначалася занепакоенасьць Галоўнага сходу ААН няўдалым правядзеньнем пятае Выканаўчае нарады СГА[22]. У пастанове ад 20 сьнежня 2006 году Галоўны сход ААН выказаў устурбаванасьць з нагоды спыненьня ў СГА на нявызначаны час гандлёвых перамоваў аб пашырэньні доступу на рынкі[23].

Паводле Высноваў Эўрапейскае рады ад 25 чэрвеня 1994 году ЭЗ разглядаў СГА ў якасьці сродку пераадоленьня несправядлівых умоваў гандлю[24]. У сваіх Высновах ад 27 чэрвеня 1995 году Эўрапейская рада разглядала трацейскі суд СГА ў якасьці прылады, прыдатнай для празрыстага й нявыбарачнага забесьпячэньня выкананьня шматбаковых гандлёвых пагадненьняў[25]. 14 сьнежня 1996 году ЭЗ выказаў задаволенасьць вынікам Выканаўчае нарады СГА ў Сынгапуры[26], на якой адбылося падпісаньне Заявы аб гандлі зьвесткавымі таварамі, што прадугледжвала паступовае касаваньне да 2000 году адпаведных мытаў[27]. У Высновах ад 12 сьнежня 1997 году[28] Эўрапейская рада вітала падпісаньне 3 сьнежня 5-га Пратаколу[29] да Агульнага пагадненьня аб гандлі паслугамі (АПГП), што зрабіла яго ўмовы, датычныя грашовых паслугаў, сталымі. 16 чэрвеня 1998 году ЭЗ таксама вітаў вынік Выканаўчае нарады СГА ў Жэнэве[30], аднак 11 сьнежня 1999 Эўрапейская рада адзначыла правал Выканаўчае нарады СГА ў Сіэтле[31], як і 25 лістапада 2003 году адзначыла няўдаласьць Выканаўчае нарады СГА ў Канкуне[32]. 2 траўня 2007 году Эўрапейская рада падкрэсьліла першарадную значнасьць СГА для будучых гаспадарчага росту й занятасьці ў ЭЗ[33].

З нагоды прызнаньня ў верасьні 1997 году Органам уладжваньня спрэчак СГА мытаў ЭЗ на бананы з Лацінскае Амэрыкі вышэйшымі за мыты на бананы з краінаў Афрыкі, Карыбскага мора ды Ціхага акіяну[34] Нарада Групы афрыканскіх, карыбскіх і ціхаакіянскіх дзяржаваў (ГАКЦД) ухваліла 7 лістапада 1997 году Лібрэвільскую заяву, у якой выказвалася занепакоенасьць пагрозаю парушэньня іх гаспадарак ужываньнем правілаў СГА[35]. У сваёй Хартумскай заяве 8 сьнежня 2006 году Нарада ГАКЦД выказала ўстурбаванасьць прыпыненьнем у СГА перамоваў аб зьмяншэньні перашкодаў гандлю[36].

ІТ-праект DOMOS па замене невялікага ІТ-файлавага прыкладаньня для кіраваньня файламі, які доўжыўся больш за 10 гадоў бяз вынікаў, каштаваў больш за 1 мільён франкаў і выклікаў аўтсорсінг супрацоўнікаў з-за недахопу бюджэту празь безгаспадарчасьць і недастатковую празрыстасьць, якія могуць прывесьці да карупцыі і адкатаў[37].

У 2013 годзе каштарыс СГА склаў 197,2 млн швайцарскіх франкаў[38] (2013; 212,7 млн $[39]). У Сакратарыяце СГА працавала 639 чалавек[40].

  1. ^  (анг.)Службовыя мовы (Агульныя зьвесткі аб наборы ў Сусьветную гандлёвую арганізацыю) // Сайт СГА. Дата доступу: 10 ліпеня 2010.
  2. ^ Каштарыс на 2020 год (анг.) // Сусьветная гандлёвая арганізацыя, 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  3. ^ Агляд Сакратарыяту СГА (анг.) // Сусьветная гандлёвая арганізацыя, 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  4. ^ а б в Заява аб СГА яе галоўнага кіраўніка (анг.)// Сайт СГА. Дата праверкі: 10 ліпеня 2010
  5. ^ а б в г Удзельнікі й назіральнікі (анг.) // СГА Архіўная копія ад 9 сакавіка 2016 г.
  6. ^ а б B. Hoekman, The WTO: Functions and Basic Principles, 42
  7. ^ B. Hoekman, The WTO: Functions and Basic Principles, 43
  8. ^ B. Hoekman, The WTO: Functions and Basic Principles, 44
  9. ^  (анг.)Пагадненьне аб заснаваньні Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Маракеш, 15 красавіка 1994 г. // Сайт Сусьветнай гандлёвай арганізацыі. Дата доступу: 4 чэрвеня 2010.
  10. ^ а б  (анг.)Працоўная група па ўступленьні Беларусі // Сайт СГА. Дата доступу: 10 ліпеня 2010
  11. ^ Personal biography for Mia Horn af Rantzien, PhD
  12. ^ Далучэньне Беларусі да СГА. Міністэрства замежных справаў Рэспублікі БеларусьПраверана 18 лютага 2011 г.
  13. ^ Хада ўступленьня Беларусі (анг.) // Сусьветная гандлёвая арганізацыя, 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  14. ^ Серпікаў: перамовы аб уступленьні ў СГА засталося завяршыць зь пяцю бакамі // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 23 чэрвеня 2021 г. Праверана 24 чэрвеня 2021 г.
  15. ^  (рас.)Хада перамоваў Беларусі з СГА // Сайт Міністэрства замежных справаў Рэспублікі Беларусь. Дата доступу: 9 чэрвеня 2010.
  16. ^  (анг.)Дамоўленасьць аб правілах і парадку ўладжваньня спрэчак // Сайт СГА. Дата доступу: 7 чэрвеня 2010.
  17. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу Арганізацыі аб’яднаных народаў аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 19 сьнежня 1994 году // Сайт Арганізацыі Аб’яднаных Народаў. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  18. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 20 сьнежня 1995 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  19. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 16 сьнежня 1996 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  20. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 18 сьнежня 1997 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  21. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 20 сьнежня 2002 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  22. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 23 сьнежня 2003 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  23. ^  (анг.)Пастанова Галоўнага сходу ААН аб міжнародным гандлі й разьвіцьці ад 20 сьнежня 2006 году // Сайт ААН. Дата доступу: 21 чэрвеня 2010.
  24. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 25 чэрвеня 1994 году. Корфу // Сайт Рады Эўрапейская Зьвязу. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  25. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 27 чэрвеня 1995 году. Каны // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  26. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 14 сьнежня 1996 году. Дублін // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  27. ^  (анг.)Заява аб гандлі зьвесткавымі таварамі. Сынгапур, 13 сьнежня 1996 г. // Сайт СГА. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  28. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 12 сьнежня 1997 году. Люксэмбург // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  29. ^  (анг.)Пяты Пратакол да Агульнага пагадненьня аб гандлі паслугамі. Жэнэва, 3 сьнежня 1997 г. // Сайт СГА. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  30. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 16 сьнежня 1998 году. Кардыф // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  31. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 11 сьнежня 1999 году. Хэльсынкі // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  32. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 25 лістапада 2003 году. Брусэль // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  33. ^  (анг.)Высновы Эўрапейскае рады ад 2 траўня 2007 году. Брусэль // Сайт Рады ЭЗ. Дата доступу: 23 чэрвеня 2010.
  34. ^  (анг.)Ламі вітае пагадненьне, што закончыла працяглую бананавую спрэчку. 15 сьнежня 2009 г. // Сайт СГА. Дата доступу: 24 чэрвеня 2010.
  35. ^  (анг.)Лібрэвільская заява. 7 лістапада 1997 г. // Сайт Сакратарыяту Групы афрыканскіх, карыбскіх і ціхаакіянскіх дзяржаваў. Дата доступу: 24 чэрвеня 2010.
  36. ^  (анг.)Хартумская заява. 8 сьнежня 2006 г. // Сайт Сакратарыяту ГАКЦД. Дата доступу: 24 чэрвеня 2010.
  37. ^ https://docs.wto.org/dol2fe/Pages/SS/directdoc.aspx?filename=r:/WT/BFA/W450.pdf
  38. ^ Каштарыс Сакратарыяту СГА на 2013 г. (анг.) // СГА Праверана 10 верасьня 2014 г.
  39. ^ Штомесячны статыстычны бюлетэнь. Жнівень 2014. с. 81; паводле сярэдняй за 2013 год цаны (0,927) набыцьця даляра за франкі на міжбанкаўскім рынку (анг.) // Швайцарскі нацыянальны банк Праверана 10 верасьня 2014 г.
  40. ^ Агляд Сакратарыяту СГА (анг.) // СГА Праверана 10 верасьня 2014 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]