Пагадненьне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасьці
ПГБПІУ | |
Пагадненьне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасьці | |
Тып дамовы | Міжнароднае пагадненьне |
---|---|
Падпісаная | 15 красавіка 1994 |
· месца | Маракеш (Марока) |
Набыла моц | 1 студзеня 1995 |
· умовы | судовая ахова інтэлектуальнае ўласнасьці |
Тэрмін дзеяньня | неабмежаваны |
Бакі | 150 дзяржаваў |
Статус | дзейнае |
Мовы | ангельская, гішпанская, француская |
Пагадненьне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасьці (ПГБПІУ; па-ангельску: Agreement on Trade-Related Aspects of Intellectual Property Rights) — шматбаковае міжнароднае пагадненьне, упершыню падпісанае 74-ма дзяржавамі ў Маракешы (Марока) 15 красавіка 1994 году на ангельскай, гішпанскай ды францускай мовах у якасьці часткі Дадатку 1 да Пагадненьня аб заснаваньні Сусьветнае гандлёвае арганізацыі (СГА). Складалася з 73 Артыкулаў і 7 Частак:
- Агульныя агаворкі і асноўныя правілы (Артыкулы 1—8),
- Нормы аб наяўнасьці, ахопе і ўжываньні правоў інтэлектуальнай уласнасьці (складалася з 8 Разьдзелаў; Артыкулы 9—40),
- Забесьпячэньне правоў інтэлектуальнай уласнасьці (складалася з 5 Разьдзелаў; Артыкулы 41—61)
- Набыцьцё і захоўваньне правоў інтэлектуальнай уласнасьці і зьвязаныя з тым міжбаковыя парадкі (Артыкул 62),
- Прадухіленьне і ўладжваньне спрэчак (Артыкулы 63—64),
- Пераходныя парадкаваньні (Артыкулы 65—67),
- Устаноўчыя парадкаваньні; Апошнія агаворкі (Артыкулы 68—73).
Паводле Артыкула 3 Пагадненьня кожная дзяржава-ўдзельніца СГА мела бараніць інтэлектуальную ўласнасьць грамадзянаў іншых дзяржаваў-удзельніцаў СГА ня ў меншае ступені, чымся інтэлектуальную ўласнасьць сваіх грамадзянаў. Паводле Артыкула 4 усялякая перавага ў ахове інтэлектуальнае ўласнасьці, надаваная ся́брам СГА грамадзянам іншых дзяржаваў, мела надавацца й грамадзянам усіх іншых сяброў СГА.
Нормы аб наяўнасьці, ахопе і ўжываньні правоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Артыкула 9 ПГБПІУ ахова аўтарскага права мела распасьцірацца на выяўленьне твораў. Паводле Артыкула 10 ахове падлягалі кампутарныя праграмы ды зборы дадзеных, што дзеля падбору або разьмеркаваньня іх зьместу, складалі разумовыя творы. Паводле Артыкула 11 сябры СГА мелі даваць творцам праграмаў ды кінэматографу, а таксама іх правапераемнікам права ўпаўнаважваць на або забараняць камэрцыйны пракат арыгіналаў або копіяў іх твораў. Паводле Артыкула 12 тэрмін аховы твора меў быць ня меншым за 50 год ад часу яго стварэньня, калі не вылічаўся на падставе працягласьці жыцьця творцы. Паводле Артыкула 14 выканаўцы мусілі мець магчымасьць прадухіляць неўпаўнаважаны запіс сваіх выступаў ды яго ўзнаўленьне, а таксама радыёвяшчаньне й публічнае перадаваньне сваіх жывых выступаў. Вытворцы гуказапісаў таксама мелі карыстацца правам упаўнаважваць на або забараняць узнаўленьне сваіх гуказапісаў.
Від інтэлектуальнае ўласнасьці |
Найменшы абавязковы тэрмін аховы |
---|---|
Аўтарскае права на твор | 50 год |
Таварны знак | кожныя 7 год пераўлік |
Прамысловы ўзор | 10 год |
Патэнт на вынаходзтва | 20 год |
Тапалёгія інтэгральнае схемы | 10 год |
Паводле Артыкула 15 Пагадненьня карыстаньне таварным знакам ня мела быць умоваю падачы заявы на яго ўлік. Заява ня мела не прымацца вылучна на той падставе, што намеранае карыстаньне знакам не адбывалася цягам трох год ад часу падачы заявы. Уласьцівасьці тавара або паслугі, на якія накладаўся таварны знак, ня мелі складаць перашкоду для яго ўліку. Да таго ж, сябры СГА мелі апавяшчаць аб кожным таварным знаку неадкладна пасьля яго ўліку ды дазваляць хадайніцтвы аб скасаваньні ўліку таварных знакаў. Паводле Артыкула 16 уласьнік улічанага таварнага знака меў валодаць выключным правам прадухіляць выкарыстаньне ў гандлі аднолькавых або падобных знакаў трэцімі асобамі, якія ня мелі на тое яго дазволу. Паводле Артыкула 18 першапачатковы ўлік таварнага знака й кожнае аднаўленьне яго ўліку мелі дзеяць ня менш як 7 год. Колькасьць аднаўленьняў уліку ня мела абмяжоўвацца. Паводле Артыкула 19 улік мог касавацца толькі пасьля трохгадовага перапынку ў карыстаньні таварным знакам, калі яго ўласьнік не даводзіў аб урадавай перашкодзе. Паводле Артыкула 21 сябры СГА ня мелі ўводзіць абавязковага ліцэнзаваньня таварных знакаў. Уласьнік улічанага таварнага знака меў валодаць правам перадаваць правы на яго як разам з, гэтак і без прадпрыемства, якому ён належаў.
Паводле Артыкула 22 ПГБПІУ сябры СГА мелі забясьпечваць зацікаўленыя бакі прававымі сродкамі прадухіленьня ўвядзеньня ў зман аб паходжаньні тавара. Дзяржавы-ўдзельніцы Пагадненьня таксама мелі на просьбу зацікаўленага боку адмаўляць у або пазбаўляць уліку таварныя знакі, што зьмяшчалі адзнакі непраўдзівага месца паходжаньня тавара.
Паводле Артыкула 25 сябры СГА мелі забясьпечваць ахову новых, незалежна створаных прамысловых узораў. Паводле Артыкула 26 уласьнік ахоўванага прамысловага ўзору меў валодаць правам прадухіляць камэрцыйны выраб, продаж або ўвоз трэцімі асобамі безь ягонага дазволу тавара, што меў дачыненьне да або ўвасабляў сабою копію ахоўванага ўзору. Тэрмін аховы прамысловага ўзору меў складаць прынамсі 10 год.
Паводле Артыкула 27 Пагадненьня патэнты мелі давацца на здатныя да прамысловага скарыстаньня, новыя вынаходзтвы. Паводле Артыкула 28 патэнт меў надаваць яго ўласьніку выключныя правы прадухіляць: 1) выраб, выкарыстаньне, прапанову, продаж або ўвоз адпаведнага прадукта з гэтымі намерамі трэцімі асобамі безь яго дазволу; 2) карыстаньне адпаведным спосабам, як і выкарыстаньне, прапанову, продаж або ўвоз з гэтымі намерамі трэцімі асобамі безь яго дазволу прадукта, атрыманага такім спосабам. Патэнтаўласьнік таксама меў валодаць правам перадаваць патэнт і заключаць ліцэнзійныя дамовы. Паводле Артыкула 29 сябры СГА мелі патрабаваць ад просьбіта патэнта раскрыць вынаходзтва дастаткова ясна й поўна, каб яго мог правесьці адмысловец у адпаведнай галіне. Паводле Артыкула 32 пастанова аб адкліканьні або адыманьні патэнта мела дапускацца да судовага перагляду. Паводле Артыкула 33 тэрмін аховы патэнта ня меў складаць менш як 20 год ад часу падачы заявы на яго.
Паводле Артыкула 36 ПГБПІУ сябры СГА мусілі лічыць незаконнымі ўвоз або продаж інтэгральнае схемы з ахоўванай тапалёгіяй або тавара, што ўлучаў такую інтэгральную схему. Паводле Артыкула 37 выканаўца або заказчык такога ўвозу або продажу, які быў апавешчаны аб незаконнасьці адпаведнага ўчынку, мог яго ажыцьцявіць датычна наяўнага або папярэдне заказанага тавара, але абавязваўся тады да выплаты праваўласьніку сумы, раўнавартаснай ганарару, які заплацілі б пры вольным продажы ліцэнзіі. Паводле Артыкула 38 тэрмін аховы тапалёгіі інтэгральнае схемы меў складаць ня менш як 10 год ад часу першага ў сьвеце яе гандлёвага выкарыстаньня.
Паводле Артыкула 39 Пагадненьня фізычныя ды юрыдычныя асобы мусілі мець магчымасьць прадухіляць раскрыцьцё, набыцьцё або выкарыстаньне іншымі безь іх дазволу праз парушэньне дамовы, злоўжываньне даверам ды падахвочваньне да таго зьвестак, што правамерна знаходзіліся ў іх распараджэньні ды складалі гандлёвую таямніцу.
Забесьпячэньне правоў
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Артыкула 41 ПГБПІУ пастановы аб вартасьці судовай справы мелі быць даступнымі прынамсі бакам судовага разбору й грунтавацца толькі на доказах, датычна якіх бакам давалася магчымасьць быць выслуханымі. Бакі судовага разбору таксама мусілі мець магчымасьць перагляду судоваю ўладаю канчальных выканаўчых пастановаў ды першапачатковых судовых пастановаў аб вартасьці судовай справы.
Паводле Артыкула 42 Пагадненьня сябры СГА мусілі забясьпечыць праваўласьнікам грамадзянскія судовыя спосабы аховы іх інтэлектуальнае ўласнасьці. Адказчыкі мусілі мець права на своечасовае пісьмовае апавяшчэньне аб падставе дамаганьняў да іх. Бакам спрэчкі мусілі дазваляць быць прадстаўленымі незалежнымі адвакатамі. Усім бакам судовае справы таксама мела давацца права даводзіць аб сваіх дамаганьнях і падаваць усе дарэчныя доказы. Паводле ПГБПІУ судовыя ўлады мусілі мець права:
- загадваць бакам справы падаваць вызначаныя супрацьлеглым бокам сьведчаньні, дарэчныя абгрунтаваньня ім сваіх дамаганьняў, калі той падаў наяўныя ў яго сьведчаньні, дастатковыя для падмацаваньня сваіх дамаганьняў (Артыкул 43);
- прадухіляць паступленьне ў падсудны гандаль ўвезенага з парушэньнем права інтэлектуальнае ўласнасьці тавара неадкладна пасьля яго размытненьня (Артыкул 44);
- загадваць правапарушальніку пакрыць панесеныя праваўласьнікам страты праз наўмыснае парушэньне яго права інтэлектуальнае ўласнасьці, а таксама яго выдаткі на аплату праўніка (Артыкула 45);
- забясьпечваць сваім загадам выманьне з гандлю сыравіны й прыладаў, якія пераважна выкарыстоўваліся ў стварэньні падробленых тавараў (Артыкула 46);
- загадаць пазоўніку, які злоўжываў праведзенымі на яго просьбу захадамі судовага прымусу, забясьпечыць несправядліва пазбаўленаму правоў або абмежаванаму ў іх адказчыку адпаведнае адшкадаваньне за зазнаныя ім праз такое злоўжываньне страты (Артыкула 48);
- ахоўваць доказы, датычныя меркаванага правапарушэньня (Артыкул 50);
- прымаць прамежкавыя захады без выслухоўваньня супрацьлеглага боку, калі затрымка магла спрычыніць непапраўную шкоду праваўласьніку або існавала відавочная рызыка зьнішчэньня доказу;
- патрабаваць ад пазоўніка доказаў няўхільнасьці або самога парушэньня наяўнага ў яго права, а таксама закладу або раўнавартаснае страхоўкі, дастатковае для абароны адказчыка ад злоўжываньня судовым прымусам.
Паводле Артыкула 51 Пагадненьня сябры СГА мусілі прыняць парадкі падачы ва ўстановы выканаўчае або судовае ўлады праваўласьнікам пісьмовых заяваў дзеля прыпыненьня дазволу мытняю абарота тавараў, якія той падазрае ў вырабленасьці з падробкаю таварнага знака або парушэньнем аўтарскага права. Паводле Артыкула 52 праваўласьнік абавязваўся ў сваёй заяве даць неабвержны доказ парушэньня права інтэлектуальнае ўласнасьці й апісаць тавар дастаткова падрабязна для яго апазнаваньня мытняю. Урад мусіў паведаміць праваўласьніку аб прыёме яго заявы. Паводле Артыкула 56 адпаведныя ўправы ўрадаў мусілі мець права загадваць заяўнікам выплаціць увозчыкам, атрымальнікам ды ўласьнікам тавараў адшкадаваньне за спрычыненую неправамерным іх затрыманьнем шкоду. Паводле Артыкула 57 урады-ўдзельнікі Пагадненьня мусілі даць сваім адпаведным управам права дазваляць праваўласьнікам аглядаць затрыманыя мытняю тавары дзеля абгрунтаваньня іх патрабаваньняў. Паводле Артыкула 59 адпаведныя ўправы ўрадаў мусілі валодаць правам загадваць зьнішчаць або збываць падробленыя тавары.
Паводле Артыкула 61 сябры СГА мусілі забясьпечваць ужываньне крымінальнага разбору й пакараньня ў выпадку наўмыснае падробкі таварнага знака або парушэньня аўтарскага права ў камэрцыйным маштабе.
Прадухіленьне і ўладжваньне спрэчак
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Артыкула 63 Пагадненьня сябры СГА мусілі публікаваць свае дзейныя пагадненьні, што мелі дачыненьне да інтэлектуальнае ўласнасьці, а таксама адпаведныя законы, канчальныя судовыя й выканаўчыя пастановы агульнага ўжытку. Дзяржавы-ўдзельніцы таксама мусілі паведамляць аб сваіх адпаведных законах у Раду па гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасьці (РГБПІУ) СГА.
Пераходныя ды ўстаноўчыя парадкаваньні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Паводле Артыкула 66 ПГБПІУ ўрады разьвітых краінаў мусілі пабуджаць айчынныя прадпрыемствы ды ўстановы да пераводу прамысловай дзейнасьці ў найменш разьвітыя краіны. Паводле Артыкула 67 ўрады разьвітых кранаў таксама абавязваліся на просьбу ўрадаў найменш разьвітых краінаў ды на ўзаемна ўзгодненых умовах дапамагаць ім у падрыхтоўцы законаў аб ахове, забесьпячэньні ды прадухіленьні злоўжываньня правам інтэлектуальнае ўласнасьці, а таксама ў адпаведным навучаньні чыноўнікаў.
Паводле Артыкула 68, РГБПІУ мусіла правяраць выкананьне сябрамі СГА сваіх абавязкаў у рамках Пагадненьня ды забясьпечваць правядзеньне між імі адпаведных нарадаў. Паводле Артыкула 69 сябры СГА мусілі ўтварыць даведачныя пункты для абмену між мытнямі зьвесткамі аб падробленых таварах[1].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ (анг.)Пагадненьне аб гандлёвых баках правоў інтэлектуальнай уласнасьці // Сайт Сусьветнае гандлёвае арганізацыі. Дата доступу: 19 ліпеня 2010.