Нэапаль
Нэапаль | |||||
італ. Napoli | |||||
| |||||
Дата заснаваньня: | каля 600 да н. э. | ||||
Краіна: | Італія | ||||
Кіраўнік: | Гаэтана Манфрэдзі[d] | ||||
Плошча: |
| ||||
Вышыня: | 17 м н. у. м. | ||||
Насельніцтва: |
| ||||
Тэлефонны код: | 081 | ||||
Паштовы індэкс: | 80121, 80122, 80123, 80124, 80125, 80126, 80127, 80128, 80129, 80131, 80132, 80133, 80134, 80135, 80136, 80137, 80138, 80139, 80141, 80142, 80143, 80144, 80145, 80146, 80147 | ||||
Нумарны знак: | NA | ||||
Геаграфічныя каардынаты: | 40°50′9″ пн. ш. 14°14′55″ у. д. / 40.83583° пн. ш. 14.24861° у. д.Каардынаты: 40°50′9″ пн. ш. 14°14′55″ у. д. / 40.83583° пн. ш. 14.24861° у. д. | ||||
Нэапаль | |||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы | |||||
http://www.comune.napoli.it |
Нэа́паль (ад па-старажытнагрэцку: Νέα Πόλις — новы горад; па-італьянску: Napoli) — трэці паводле велічыні горад Італіі пасьля Рыму і Міляну і самы буйны горад паўднёвай Італіі, эканамічны і культурны цэнтар. Нэапаль зьяўляецца сталіцай рэгіёну Кампанія. Насельніцтва самога Нэапалю на канец 2017 году складала 962 162 чалавекі, а разам з прыгарадамі вакол Нэапалю жывуць тры мільёны чалавек. Горад разьмешчаны ў беспасярэдняй блізкасьці ад знакамітага вулькану Вэзувіё. Нэапаль мае міжнародны аэрапорт і буйны марскі порт.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытны час
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Места, дзе цяпер месьціцца Нэапаль, было заселеныя з часоў нэаліту[3]. У 2 тысячагодзьдзі да н. э. недалёка ад сучаснага Партэнопа ўзьнікла першае мікенскае паселішча[4]. Маракі з грэцкага вострава Родас стварылі, верагодна, невялікі гандлёвы порт пад назовам Партэноп, названага ў гонар міталягічнай сырэны, на востраве Мэгарыда ў IX стагодзьдзі да н. э.[5] Да VIII стагодзьдзя да н. э. паселішча было пашыраная, як сьведчаць археалягічныя знаходкі, і ўключыла Монтэ-Эхію[6]. У VI стагодзьдзі да н. э. горад быў перазаснаваны ў Нэаполіс (па-грэцку: Νεάπολις), у канчатковым выніку стаўшы адным з найбуйнейшых гарадоў Вялікай Грэцыі[7].
Горад хутка пашыраўся дзякуючы ўплыву магутнага грэцкага гораду-дзяржавы Сыракузы[8] і стаў хаўрусьнікам Рымскай рэспублікі ў вайне супраць Картагену. Падчас самніцкіх войнаў горад, які на той час ужо быў ажыўленым цэнтрам гандлю, быў захоплены самнітамі[9]. Аднак, у хуткім часе рымляне неўзабаве захапілі горад і зрабілі яго сваёй рымскай калёніяй[10]. За часам Пунічных войнаў моцныя сьцены, якія атачалі Нэапаль, адбіваліся ад войскаў картагенскага генэрала Ганібала[10]. У рымскую эпоху жыхары Нэапаля захавалі сваю грэцкую мову і звычаі. У той жа час горад быў пашыраны элегантнымі рымскімі віламі, аквэдукамі і грамадзкімі лазнямі. Былі пабудаваныя такія славутасьці, як то храм Дыяскураў. Шматлікія рымскія імпэратары, як то Кляўдыюс і Тыбэрыюс, часта абіралі горад местам свайго адпачынку[10]. Знакаміты паэт Вэргіліюс, аўтар нацыянальнага эпасу «Энэіда», навучаўся ў горадзе, а пазьней жыў у ягоных ваколіцах.
У рымскі час у места трапіла хрысьціянства. Паводле паданьняў у Нэапалі чыталі казаньні апосталы Пётар і Павал. Сьвяты Януарыюс, які стане заступнікам Нэапалю, прыняў у месьце сваю пакутніцкую сьмерць у IV стагодзьдзі[11]. Апошні імпэратар Заходняй Рымскай імпэрыі Ромул Аўгуст быў высланы ў Нэапаль германскім каралём Адаакрам у V стагодзьдзі.
Нэапальскае герцагства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля заняпаду Заходняй Рымскай імпэрыі Нэапаль быў захоплены германскім народам остготамі, якая ўлучылі яго ў склад Остготскага каралеўства[12]. У 536 годзе вайскавод Бэлізарыюс вярнуў кантроль над горад, які стаў часткай Бізантыйскай імпэрыі. У 543 годзе падчас Гатычных войнаў Татыла ненадоўга захапіў горад, але бізантыйцы аднавілі тут сваю ўладу пасьля бітвы пры Візувіё[12]. Пасьля зьнікненьня Равэнскага экзархату было створанае Неапалітанскае герцагства. Не зважаючы на тое, што грэка-рымская культура Нэапалю захавалася, у рэшце рэшт, горад зьмяніў арыентацыю з Канстантынопаля на Рым пры герцагу Стэфане II, які не пазьней за 763 год прызнаў папскі сюзэрэнітэт[13].
Але, паміж 818 і 832 гадамі меліся шчыльныя стасункі зь бізантыйскім імпэратарам, а шматлікія мясцовыя прэтэндэнты сварыліся паміж сабою праз валоданьне герцагскім тытулам[14]. Гэтак герцагам Нэапалю стаў Тэактыст, які быў прызначаны без імпэратарскай ухвалы. Пазьней на гэтую пасаду быў прызнчаны Тэадор II. Аднак, незадаволенае насельніцтва выгнала яго з гораду і абрала наўзамен Стэфана III, чалавека, які біў манэты з уласнымі ініцыяламі. Нэапаль атрымаў поўную незалежнасьць да пачатку IX стагодзьдзя[14][15]. Кіраўнікі гораду склалі хаўрус з мусульманскімі сарацынамі ў 836 годзе і зьвярнуліся да іх па падтрымку, каб адбіць аблогу лянгабардзкіх войскаў, якія рушылі на горад з суседняга герцагства Бэнэвэнта. У 850-х гадах мусульманскі вайскавод Мугамад I ібн аль-Агляб разрабаваў Мізэна[16].
Герцагства знаходзілася пад беспасярэднім кантролем лянгабардаў цягам кароткага часу пасьля захопу Пандульфам IV княства Капуя, даўняга суперніка Неапалю. Да XI стагодзьдзя Нэапалітанскае герцагства пачало наймаць нармандзкіх наймітаў дзеля барацьбы з сваімі супернікамі. Гэтак герцаг Сэргіюш IV наняў Райнульфа Дрэнгота, каб весьці вайну супраць Капуі[17]. Да 1137 году нарманы дасягнулі вялікага ўплыву ў паўднёвай Італіі, кантралюючы раней незалежныя княствы і герцагствы. Апошнай незалежнай дзяржавай з старымі дынастыямі-кіраўнікамі было герцагства Нэапалю. Апошні герцаг Сэргіюш VII быў вымушаны саступіць Ражэру II, які на той час ужо як сем гадоў быў абвешчаны антыпапам Анаклетам II каралём Сыцыліі. Такім чынам, Нэапаль быў далучына да Сыцылійскага каралеўства, чыя сталіцца была ў Палерма[18].
Як частка Сыцылійскага каралеўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля пэрыяду нармандзкага панаваньня ў 1189 годзе за Сыцылійскае каралеўства пачалася барацьба паміж бязбацькавічам Танкрэдам і нямецкім родам Гогэнштаўфэнамі[19], паколькі менавіта прадстаўнік гэтага роду прынц Гэнрых VI ажаніўся з прынцэсай Канстанцыяй, то бок апошняй законнай спадчыньніцай сыцылійскага трону. У 1191 годзе Гэнрых уварваўся на Сыцылію пасьля таго, як стаў імпэратарам Сьвятой Рымскай імпэрыі.
Не зважаючы на тое, што многія гарады каралеўства капітуляваля перад імпэратарам, Нэапаль учыніў адпор, трымаючыся з траўня па жнівень, а пасьля немцы былі вымушаныя адступіць ад места. Падчас аблогі з боку нападнікаў ад хваробы памерлі князь Чэхіі Конрад II і арцыбіскуп Кёльну Філіп I. Падчас контаратакі Танкрэд захапіў у палон Канстанцыю. Жонка імпэратара была кінутая ў турму ў Кастэль-дэль-Ова ў Нэапалі, але была вызваленая ў траўні 1192 году пад ціскам папы Цэлестына III. У 1194 годзе Гэнрых пачаў сваю другую кампанію супраць Сыцыліі па сьмерці Танкрэда, і на гэты раз даў рады сваёй справе, заваяваўшы паўвостраў і падпарадкаваўшы каралеўства пад уладаў Гогэнштаўфэнаў.
Імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Фрыдрых II зафундаваў Нэапалітанскі ўнівэрсытэт, які стаўся першым унівэрсытэт Эўропы, які займаўся падрыхтоўкай сьвецкіх кадраў[20]. Такім чынам, Нэапаль стаў інтэлектуальным цэнтрам каралеўства. Канфлікт паміж Гогэнштаўфэнамі і папамі прывёў у 1266 годзе да таго, што папа Інакенцыюс IV каранаваў анжуйскага герцага Карла I каралём Сыцыліі[21]. Карл афіцыйна перанёс сталіцу з Палерма ў Нэапаль, дзе ўладкаваў пад сваё жыльлё Кастэль-Нуова[22]. Маючы вялікую цікавасьць да архітэктуры, Карл I запрасіў у горад францускіх архітэктараў і рабочых, а таксама асабіста браў удзел у некалькіх будаўнічых праектах места[23]. Былі ўзьведзеныя шмат узораў гатычнай архітэктуры, у тым ліку Нэапалітанская катэдра, якая і дасюль застаецца галоўнай царквой гораду[24].
Нэапалітанскае каралеўства
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1282 годзе пасьля Сыцылійскага нешпару каралеўства Сыцылія фактычна падзялілася на дзьве часткі. Нэапалітанскае каралеўства, кіраванае родам Анжу ўключыла ў сваім складзе паўднёвую частку італьянскага паўвострава, у той час як востраў Сыцылія стаў арагонскім каралеўствам Сыцыліяй[21].
Войны паміж дынастыямі, якія прэтэндавалі на абедзьве часткі былога каралеўства, скончыліся складаньнем Кальтабэлёцкага міру ў 1302 годзе. Паводле ўгоды Фрыдрых III быў прызнаны каралём Сыцыліі, а Карл II, у сваю чаргу, быў прызнаны каралём Нэапалю папам Баніфацыюсам VIII[21]. Пасьля гэтага значнасьць Нэапалю толькі ўзрасла. Сюды пацягнуліся пізанскія і генуэскія купцы[25], тасканскія банкіры і некаторыя дзеячы эпохі Адраджэньня, як то Джаваньні Бакача, Франчэска Пэтрарка і Джота[26]. Цягам XIV стагодзьдзя вугорскі і польскі кароль Людвік I Вялікі некалькі разоў захопліваў горад. У 1442 годзе кароль Альфонса V заваяваў Нэапаль, зрынуўшы апошняга анжуйскага ўладара Нэапалю Рэнэ. Нэапаль пасьля гэтага на кароткі час зноў быў аб’яднаны з Сыцыліяй[27].
Каралеўствы Сыцыліі і Нэапалю былі падзеленыя з 1282 году, але заставаліся залежнымі ад Арагону пры Фэрдынандзе I. Новая дынастыя ўмацавала гандлёвыя пазыцыі Нэапалю, усталяваўшы стасункі зь Пірэнэйскім паўвостравам. Нэапаль таксама стаў цэнтрам эпохі Адраджэньня, у горад прыбылі такія вядомыя мастакі, як то Франчэска Ляўрана, Антанэльлё да Мэсына, Якапа Санадзара і Анджэлё Паліцыяна[28]. У 1501 годзе Нэапаль трапіў пад беспасярэдняе кіраваньне Францыі пры Людовіку XII, калі нэапалітанскі кароль Фрыдрых IV трапіў у палон і ўтрымліваўся ў Францыі. Аднак, Гішпанія хутка адваявала горад у французаў у бітве пры Гарыльяна ў 1503 годзе[29].
Горад усьцяж быў часткай Гішпанскай імпэрыі, застаючыся ў складзе пірэнэйскай краіны цягам усяго часу панаваньня гішпанскіх Габсбургаў[29]. Гішпанцы накіравалі ў места віцэ-каралёў дзеля разьвязаньня мясцовых праблемаў і кіраваньня. Самым важным зь іх быў Пэдра Альварэс дэ Таледа, дзякуючы якому ў месьце былі зладжаныя значныя сацыяльныя, эканамічныя і гарадзкія рэформы. У 1544 годзе барбарскія карсары выкралі каля 7 тысяч жыхароў, запрыгоніўшы іх у рабства[30].
Да XVII стагодзьдзя Нэапаль стаў другім паводле велічыні горадам Эўропы, саступаючы толькі Парыжу. Горад быў найбуйнейшым эўрапейскім міжземнаморскім горадам з каля 250 тысячамі жыхароў[31]. У месьце квітнела і культура, бо тут на той час працавалі мастакі Караваджа, Сальватор Роза і Джан-Лярэнца Бэрніні, філёзафы Бэрнардына Тэлезіё, Джардана Бруна, Тамаза Кампанэльля, Джамбатыста Віка і пісьменьнікі, як то Джамбатыста Марына. У 1647 году ў Нэапалі выбухнула рэвалюцыя, ачоленая простым рыбаком Мазаньельлё. У выніку ўсяго на некалькі месяцаў паўстала незалежная Нэапалітанская рэспубліка. Аднак гішпанскае панаваньня было хутка адноўленае[29]. У 1656 годзе пошасьць чумы забіла каля паловы жыхароў Нэапалю[32]. У 1714 годзе ў выніку вайны за гішпанскую спадчыну гішпанскае панаваньне над Нэапалем спынілася. Кіраваць рэгіёнам пачаў імпэратар Сьвятой Рымскай імпэрыі Карл VI, які накіраваў у места сваіх намесьнікаў[33]. Аднак вайна за польскую спадчыну прывяла да таго, што гішпанцы вярнулі сабе Сыцылію і Нэапаль у рамках асабістай уніі, паводле Венскай дамовы 1738 году абедзьве дзяржавы набылі незалежнасьць, а кіраваць імі пачалі прадстаўнікі гішпанскіх Бурбонаў[34].
У канцы XIX стагодзьдзя Нэапалітанскае каралеўства было ўцягнутае ў Напалеонаўскія войны. Пасьля таго, як была складзеная Другая кааліцыя супраць Напалеона, кароль Фэрдынанд IV зьдзейсьніў напад на наваствораную Рымскую рэспубліку, якая была дзяржавай-сатэлітам Францыі. Тым ня менш, нэапалітанцы не далі рады, а Фэрдынанд быў вымушаны бегчы на караблі Гарацыё Нэльсана з Нэапалю ў Сыцылію, дзе абараняўся брытанскім флётам[35]. У рэшце рэшт, з уцёкамі караля ўладу захапілі прыхільныя да Францыі рэспубліканцы. Яны абвесьцілі аб стварэньні Партэнапэйскай рэспублікі, якую мусілі абараняць у тым ліку францускія войскі[35]. Аднак, у горадзе была створаная контаррэвалюцыйная рэлігійная армія ляцаронаў, ачоленая кардыналам Фабрыцыё Руфам. Паўстанцы атрымалі вялікі посьпех, у выніку чаго, французы былі вымушаныя здаць замкі і адплысьці ў францускі Тулён[35]. Фэрдынанд быў адноўлены на троне, аднак ужо празь сем гадоў каралеўства было захопленае Напалеонам, які пасадзіў на пасад свайго брата Жазэфа[36]. Пры дапамозе Аўстрыйскай імпэрыі і ейных хаўрусьнікаў банапартысты зьведалі паразу ў Нэапалітанскай вайне. Пасьля гэтага Фэрдынанд зноў вярнуў сабе трон і каралеўства[36].
На Венскім кангрэсе 1815 году каралеўствы Нэапалю і Сыцыліі былі аб’яднаныя ў агульнае каралеўства Абедзьвюх Сыцыліяў[36] з сталіцай у Нэапалі. У 1839 годзе Нэапаль стаў першым горадам на італьянскім паўвостраве, які займеў чыгунку, дзякуючы злучэньню паміж сабой Нэапалю і Портычы, дзе месьціўся каралеўскі палац[37].
Па аб’яднаньні Італіі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля Экспэдыцыі Тысячы, якую ачоліў Джузэпэ Гарыбальдзі, Нэапаль увайшоў у склад Італьянскага каралеўства ў 1861 годзе, што скончыла эпоху панаваньня Бурбонаў. Эканоміка рэгіёну моцна залежыла ад сельскай гаспадаркі, а з улікам зьніжэньняў цэнаў на пшаніцу і коштаў марскіх перавозах, вельмі моцна пацярпела. У дадатак у рэгіёне назіраліся вялікія хвалі эміграцыі[38]. Гэтак, паводле некаторых ацэнак, у пэрыяд з 1876 па 1913 гады э рэгіёну Нэапалю зьехала блізу 4 мільёнаў чалавек[39]. За сорак гадоў пасьля аб’яднаньня краіны насельніцтва Нэапалю ўзрасло толькі на 26%, у той час як колькасьць жыхароў Турыну павялічылася на 63% чалавек, а Міляну — на 103%. Тым ня менш, да 1884 году места па-ранейшаму заставалася найвялікшым паводле колькасьці насельніцтва ў Італіі. Шчыльнасьць насельніцтва ўдвая перавышала такі ж паказьнік Парыжу[40].
Умовы аховы здароўя ў некаторых раёнах гораду былі дрэннымі. Узровень сьмяротнасьці быў высокі нават для таго часу[40]. Гэтак у 1884 годзе Нэапаль моцна пакутваў ад пошасьці халеры, выкліканай дрэннай каналізацыйнай інфраструктурай гораду. Выправіць гаротны стан шмат у чым замінала карупцыя і бюракратыя. У выніку праекты рэканструцыі былі затрыманыя.
Нэапаль быў самым бамбаваным італьянскім горадам за час Другой сусьветнай вайны[41]. Нэапалітанцы першыя ў Італіі паўсталі супраць нямецкай акупацыі. Горад быў цалкам вызвалены да 1 кастрычніка 1943 году, калі брытанскія і амэрыканскія войскі ўвайшлі ў горад[42]. Сымбалем адраджэньня Нэапалю стала адноўленая царква Санта-К’яра, якая была разбураная ў скіду бомбы вайскова-паветранымі сіламі арміі ЗША[41]. З 1950 па 1984 гады італьянскі ўрад сфармаваў адмысловы Паўднёвы фонд, што дапамагло нэапалітанскай эканоміцы некалькі палепшыцца[43]. Аднак высокі ўзровень беспрацоўя дасюль ёсьць адной з галоўных праблемаў места.
Асаблівасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Знаходзіцца захадзе Апэнінскага паўвострава, на беразе Тырэнскага мора, каля Нэапалітанскай затокі[44]. Зьмяшчаецца на адлегласьці 190 км на паўднёвы ўсход ад Рыма[15].
Славутасьці
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Сярэднявечныя замкі, касьцёлы, унівэрсытэт (заснаваны ў 1224 годзе).
Гарады-сябры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Нэапалітанская мова
- Напалі Нэапаль — футбольны клюб.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Superficie di Comuni Province e Regioni italiane al 9 ottobre 2011 — ISTAT.
- ^ https://demo.istat.it/?l=it
- ^ «Neapolis Station — Archaeological Yards». VirtualTourist.
- ^ Blackman, David J.; Lentini, Maria Costanza (2010). «Ricoveri per navi militari nei porti del Mediterraneo antico e medievale: atti del Workshop, Ravello, 4—5 novembre 2005». Edipuglia srl. — С. 99. — ISBN 978-88-7228-565-7.
- ^ «Port of Naples». World Port Source.
- ^ «Le Notizie del 2011». Archemail.it.
- ^ «Historic Centre of Naples». Ministero della Cultura.
- ^ «Greek Naples». naplesldm.com.
- ^ «Touring Club of Italy, Naples: The City and Its Famous Bay, Capri, Sorrento, Ischia, and the Amalfi, Milano». Touring Club of Italy. 2003. — С. 11. — ISBN 88-365-2836-8.
- ^ а б в «Antic Naples». Naples.Rome-in-Italy.com.
- ^ Herbermann, Charles, ed. (1913). «Naples». Catholic Encyclopedia. New York: Robert Appleton Company.
- ^ а б Wolfram, Herwig (1997). «The Roman Empire and Its Germanic Peoples». University of California Press. — ISBN 978-0-520-08511-4.
- ^ Kleinhenz, Christopher (2004). «Medieval Italy: An Encyclopedia». Routledge. — ISBN 978-0-415-22126-9.
- ^ а б McKitterick, Rosamond (2004). «The New Cambridge Medieval History». Cambridge University Press. — ISBN 978-0-521-85360-6.
- ^ а б Hazzard, Shirley Naples Encyclopedia Britannica Праверана 5 мая 2023 г.
- ^ Hilmar C. Krueger. «The Italian Cities and the Arabs before 1095» in A History of the Crusades: The First Hundred Years, Vol.I. Kenneth Meyer Setton, Marshall W. Baldwin (eds., 1955). University of Pennsylvania Press. — С. 48.
- ^ Bradbury, Jim (8.04.2004). «The Routledge Companion to Medieval Warfare». Routledge. — ISBN 978-0-415-22126-9.
- ^ «Kingdom of Sicily, or Trinacria». Encyclopædia Britannica.
- ^ «Swabian Naples». naplesldm.com.
- ^ Astarita, Tommaso (2013). «Introduction: „Naples is the whole world“». A Companion to Early Modern Naples. Brill. — С. 2.
- ^ а б в «Sicilian History». Dieli.net.
- ^ «Naples — Castel Nuovo». Cheap Holiday Hacks.
- ^ Warr, Cordelia; Elliott, Janis (2010). «Art and Architecture in Naples, 12661713: New Approaches». John Wiley & Sons. — С. 154—155. — ISBN 9781405198615.
- ^ Bruzelius, Caroline (1991). «„Ad modum franciae»: Charles of Anjou and Gothic Architecture in the Kingdom of Sicily». Journal of the Society of Architectural Historians. 50 (4). University of California Press: 402—420. — doi:10.2307/990664.
- ^ Constable, Olivia Remie (1.08.2002). «Housing the Stranger in the Mediterranean World: Lodging, Trade, and Travel». Humana Press. — ISBN 978-1-58829-171-4.
- ^ «Angioino Castle, Naples». Naples-City.info.
- ^ «Aragonese Overseas Expansion, 1282—1479». Zum.de.
- ^ «Naples Middle-Ages». Naples.Rome-in-Italy.com.
- ^ а б в «Spanish acquisition of Naples». Encyclopædia Britannica.
- ^ Niaz, Ilhan (2014). «Old World Empires: Cultures of Power and Governance in Eurasia». Routledge. — С. 399. — ISBN 978-1317913795.
- ^ McEvedy, Colin (2010). «The Penguin Atlas of Modern History (to 1815)». Penguin. — С. 39.
- ^ Byrne, Joseph P. (2012). «Encyclopedia of the Black Death». ABC-CLIO. — С. 249. — ISBN 978-1598842548.
- ^ «Charles VI, Holy Roman emperor». Bartleby.com.
- ^ «Charles of Bourbon — the restorer of the Kingdom of Naples». RealCasaDiBorbone.it.
- ^ а б в «The Parthenopean Republic». University of Maryland.
- ^ а б в «Austria Naples — Neapolitan War 1815». Onwar.com.
- ^ Webb, Diana (6.06.1996). «La dolce vita? Italy by rail, 1839—1914». History Today.
- ^ «Italians around the World: Teaching Italian Migration from a Transnational Perspective». OAH.org.
- ^ Moretti, Enrico (1999). «Social Networks and Migrations: Italy 1876—1913». International Migration Review. 33 (3): 640—657. — doi:10.2307/2547529.
- ^ а б Snowden, Frank M. (2002). «Naples in the Time of Cholera, 1884—1911». — С. 18. — Cambridge University Press.
- ^ а б «Bombing of Naples». naplesldm.com.
- ^ Hughes, David (1999). «British Armoured and Cavalry Divisions». Nafziger. — С. 39—40.
- ^ «North and South: The Tragedy of Equalization in Italy». Frontier Center for Public Policy.
- ^ Галкина Т. А. Неаполь Большая российская энциклопедия. Электронная версия (2017) Праверана 05.05.2023 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Афіцыйная старонка (італ.)