Дэмакратычная Рэспубліка Конга
Дэмакратычная Рэспубліка Конга République démocratique du Congo | |||||
| |||||
Нацыянальны дэвіз: «Justice — Paix — Travail» | |||||
Дзяржаўны гімн: «Debout Congolais» | |||||
Афіцыйная мова | француская | ||||
Сталіца | Кіншаса | ||||
Найбуйнейшы горад | Кіншаса | ||||
Форма кіраваньня | Прэзыдэнцкая рэспубліка Фэлікс Чысэкеды | ||||
Плошча • агульная • адсотак вады |
12-е месца ў сьвеце 2 345 409 км² 4,3 | ||||
Насельніцтва • агульнае (2024) • шчыльнасьць |
14-е месца ў сьвеце 115 403 027[1] 34,83/км² | ||||
СУП • агульны (2021) • на душу насельніцтва |
120-е месца ў сьвеце $21,507 млрд $332 | ||||
Валюта | Кангалескі франк (CDF) | ||||
Незалежнасьць — ад Бэльгіі |
30 чэрвеня 1960 | ||||
Аўтамабільны знак | CD | ||||
Дамэн верхняга ўзроўню | .cd | ||||
Тэлефонны код | +243 | ||||
Дэмакраты́чная Рэспу́бліка Ко́нга (Дэмакраты́чная Рэспу́бліка Ко́нґа), раней Заір — краіна ў цэнтральнай Афрыцы. Мяжуе з Цэнтральна-Афрыканскай Рэспублікай, Паўднёвым Суданам, Угандай, Руандай, Бурундзі, Танзаніяй, Замбіяй, Анголай, Рэспублікай Конга. Ранейшая назва краіны Заір афіцыйна выкарыстоўвалася ў пэрыяд паміж 1971 і 1997 гадамі. Гэта другая паводле велічыні краіна ў Афрыцы пасьля Альжыру і найбуйнейшая ў краінах Афрыкі на поўдзень ад Сахары. Паводле агульнай плошчы Конга займае 11-ы радок ў сьвеце. Насельніцтва краіны складае больш за 115 мільёнаў чалавек[1]. Дэмакратычная Рэспубліка Конга зьяўляецца самай густанаселенай франкофоннай краінай сьвету і чацьвёртай найбольш населенай краінай у Афрыцы.
Дэмакратычная Рэспубліка Конга надзвычай багатая на прыродныя рэсурсы, але праз доўгую палітычную нестабільнасьць, адсутнасьць інфраструктуры, праблемы з карупцыяй і каляніяльнай эксплюатацыі зьяўляецца даволі беднай краінай. Найбуйнейшым экспартным прадуктам Конга зьяўляецца мінэральная сыравіна. У 2022 годзе 55% экспарту было скіравана ў Кітай. У 2024 годзе Конга заняло 180 радок з 193 краінаў сьвету паводле індэксу разьвіцьця чалавечага патэнцыялу[2]. Па стане на 2018 год каля 600 тысячаў кангалезцаў зьбеглі ў суседнія краіны ад канфліктаў у цэнтральнай частцы і на ўсходзе краіны[3]. Два мільёны дзяцей знаходзяцца ў зоне рызыкі галаданьня.
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Старажытнасьць
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Найбольш старажытным насельніцтвам Конга былі пігмэі. Засяроджаныя ў басэйне ракі Конга тэрыторыі сучаснае дзяржавы ўпершыню былі заселеныя пігмэямі каля 90 тысячаў гадоў назад. Прыкладна ў 2 тысячагодзьдзі да н. э. з поўначы пачалі міграваць народнасьць банту. Яны прынесьлі ў гэты рэгіён зародкі цывілізацыі, уключаючы мэталюргію. Банту стварылі першыя дадзяржаўныя аб’яднаньні, як то ў нізоўях ракі Конга дзяржавы Конга, Каконга, Матамба, Ндонга, а ў цэнтры сучаснае краіны дзяржавы Бакуба, Батэке, у вярхоўях рэк Касаі, Люлюа і Лямамі дзяржавы Люба, Люнда (ў цэнтры і на ўсходзе) і Куба. Апошнія тры каралеўствы існавалі па XIX стагодзьдзе. Адным з найболей значных сярод іх была дзяржава Конга, якая ўзьнікла каля XIV стагодзьдзя і ахоплівала, таксама, поўнач Анголы. Каралямі гэтае дзяржавы былі маніконгі, а сталіцай Мбанза-Конга. Асноўным прыбыткам дзяржавы быў гандаль рабамі з эўрапейскімі краінамі, асабліва з Партугаліяй. Эканамічныя адносіны ўзьніклі на тэрыторыі сучаснае Дэмакратычнае Рэспублікі Конга з даўніх часоў. У якасьці эквываленту кошту мясцовыя плямёны выкарыстоўвалі медныя адліўкі, люнканы вагай 0,5—0,7 кг. Разам з партугальцамі ў рэгіёне пачало пашырацца хрысьціянства.
У XVI стагодзьдзі ў рэгіёне адбылося паўстаньне пад кіраўніцтвам Мбула Матадзі, якое прывяло да некаторага абмежаваньня актыўнасьці партугальцаў. У 1703—1709 гадох паўстаў антыэўрапейскі рух, вядомы пад назвай антаныянскай гарэзіі. Міжусобная барацьба і партугальскі гандаль рабамі рэзка прыслабілі дзяржавы басэйна ракі Конга. Да пачатку XIX стагодзьдзя на тэрыторыі сучаснага Конга існавала мноства дробных княстваў, якім атрымалася захаваць сваю самастойнасьць да апошняй чвэрці стагодзьдзя. У 1865 годзе пачалося пранікненьне тутсі з тэрыторыі Руанды на землі Паўднёвага Ківу.
Вольная дзяржава Конга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1876 годзе бэльгійскі кароль Леапольд II арганізаваў пад сваім старшынствам Міжнародную асацыяцыю для дасьледаваньня і цывілізацыі Цэнтральнай Афрыкі. Пад ейным прычыненьнем каралеўскія эмісары, як то вандроўцы, афіцэры, місіянэры, навязвалі правадырам мясцовых плямёнаў кабальныя дамовы. Выкарыстоўваючы супярэчнасьці паміж Вялікабрытаніяй, Францыяй, Нямеччынай і ЗША, Леапольд II усталяваў кантроль над велізарнай тэрыторыяй. За часам каляніяльнага падзелу Афрыкі эўрапейскія дасьледнікі ўпершыню зьявіліся ў рэгіёне. У 1870-х гадох першую бэльгійскую экспэдыцыю ачоліў сэр Гэнры Мортан Стэнлі, які распачаў свае дасьледаваньні пад эгідай і на грошы бэльгійскага караля Леапольда II. Усходнія рэгіёны дакаляніяльнага Конга на той час моцна пакутвалі ад арабска-суахільскіх гандляроў рабамі, якія рабілі набегу з мэтай захопу новых рабоў. Сярод іх адным з самых знакамітых гандляроў быў Тыпу Тып[4], які быў добра вядомы Стэнлі.
Бэрлінская канфэрэнцыя ў 1885 годзе прызнала Леапольда II сувэрэнам захопленай тэрыторыі Конга, назваўшы яе Вольная дзяржава Конга. Калянізатары пабудавалі ў Конга чыгункі і гарады, уключаючы сучасную сталіцу, першапачаткова названую Леапольдвіль (да 1926 году сталіцай дзяржавы зьяўляўся горад Бома). Амаль усе такія інфраструктурныя праекты былі накіраваны на тое, каб палегчыць павелічэньне актываў Леапольда і бэльгійскай буржуазіі і каб атрымаць больш прыбытку з калёніі[5].
У Вольнае дзяржаве Конга каляністы прымушалі мясцовае насельніцтва да вытворчасьці каўчуку для вырабу гумы, дзякуючы разьвіцьцю аўтамабільнай прамысловасьці і, такім чынам, павелічэньню попыту на гумовыя шыны. Дзякуючы продажу гумы бэльгійскі манарх значна павялічыў свае багацьці. У свой гонар Леапольд II пабудаваў некалькі будынкаў у Брусэлі і Остэндэ. Для таго, каб забясьпечыць выкананьне гумовых квот, каляніяльнае войска (франц. Force Publique), праводзілі практыку адсячэньня канцавінаў пры не выкананьні нормаў[6]. Таксама, за невыкананьне паставак слановай косткі, харчаў, за адмову выконваць працоўную павіннасьць улады нішчылі мясцовых жыхароў, спальвалі паселішчы, спусташалі цэлыя раёны.
Аднак эксплюатацыя рэгіёну прывяла да частковага выміраньня мясцовых жыхароў. У пэрыяд з 1885 па 1908 гады мільёны кангалезцаў памерлі ў выніку хваробы і жорсткай эксплюатацыі. Гэтыя тэндэнцыі правакавалі ўзброеныя выступы мясцовых жыхароў супраць бэльгійскіх уладаў. Самымі буйнымі зь іх былі паўстаньні батэтэла ў 1890—1892 і 1895—1896 гадоў, здушаныя ў выніку буйных ваенных экспэдыцыяў бэльгійскіх уладаў, паўстаньне 1897—1900 гадоў, якое прывяло да працяглага адколу ад Вольнае дзяржавы Конга велізарнай тэрыторыі ў міжазер’і Ківу—Танганьіка. Паўстаньне батэтэла, якое ўспыхнула ў 1901 годзе, ускалыхнула ўсю паўднёвую частку краіны і было канчаткова здушана толькі праз 7 гадоў. Карныя экспэдыцыі дзейнічалі таксама супраць азандэ, балюба, басонга, люнда і іншых плямёнаў.
Бэльгійскае Конга
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У 1908 годзе бэльгійскі парлямэнт, нягледзячы на першапачатковае нежаданьне, усё ж быў вымушаны пад ціскам міжнароднай супольнасьці і галоўным чынам Вялікабрытаніі, ператварыць Конга з асабістага ўладаньня Леапольда да бэльгійскае калёніі[7]. 18 кастрычніка 1908 году парлямэнт Бэльгіі прагаласаваў за анэксію Конга ў якасьці калёніі Бэльгійскае Конга. Выканаўчая каляніяльная ўлада пачала падпарадкоўвацца бэльгійскаму ўраду. У 1926 годзе каляніяльная сталіца пераехала з Бома ў Леапольдвіль.
Аднак пераход статусу ня значна паўплываў на калёнію, бо апошні генэрал-губэрнатар Вольнае дзяржавы Конга, барон Тэафіль Ваі, застаўся на сваёй пасадзе, але быў ужо падначалены бэльгійскаму парлямэнту. Таксама большасьць каляніяльнай адміністрацыі захавалі свае пасады[8]. Выкарыстаньне прыродных багацьцяў Конга дзеля ўзбагачэньня бэльгійскае эканомікі заставалася галоўным матывам каляніяльнай экспансіі, аднак, зь цягам часу да прыярытэтаў, таксама, дадаліся разьвіцьцё сыстэмы аховы здароўя і ўсталяваньня базавае адукацыі для мясцовых жыхароў.
У калёніі паўстала падвойная прававая сыстэма, як то сыстэма эўрапейскіх судоў і сыстэма судоў для карэнных абарыгенаў. Карэнныя суды значна абмяжоўваліся ў паўнамоцтвы і заставаліся пад жорсткім кантролем каляніяльнай адміністрацыі. Бэльгійскія ўлады, таксама, не дапускалі аніякай палітычнай дзейнасьці ў Конга[9], і каляніяльнае войска, якое набіралася зь мясцовых жыхароў і было ачоленае бэльгійскімі афіцэрамі, жорстка скарала за любыя спробы паўстаньня. Бэльгійскае насельніцтва калёніі павялічылася з 1928 чалавек ў 1910 годзе да амаль 89 тысячаў у 1959 годзе.
Бэльгійскае Конга прымала непасрэдны ўдзел у двух сусьветных войнах. Падчас Першай сусьветнай вайны пачатковае супрацьстаяньне паміж кангалескім каляніяльным войскам і нямецкай каляніяльным войскам у Нямецкай Усходняй Афрыцы ператварылася ў адкрытую вайну з сумесным ангельска-бэльгійскім уварваньнем у нямецкія каляніяльныя ўладальні ў 1916 і 1917 гадох падчас усходнеафрыканскай кампаніі. Бэльгійскія сілы атрымалі адчувальную перамогу і пасьля цяжкіх баёў дайшлі да гораду Табора ў верасьні 1916 году пад камандаваньнем генэрала Шарля Тамбёра. Пасьля 1918 году Бэльгія была ўзнагароджана за ўдзел у вайне і атрымала мандат ад Лігі народаў над часткай былое нямецкае калёніі Руанда—Ўрундзі. Падчас Другой сусьветнай вайны Бэльгійскае Конга заставался важнай крыніцай даходу бэльгійскага ўраду ў выгнаньні, а каляніяльнае войска зноўку ўдзельнічала ў сумесных кампаніях у Афрыцы. Бэльгійскія кангалескія сілы пад камандаваньнем бэльгійскіх афіцэраў змагаліся супраць італьянскага каляніяльнага войска ў Этыёпіі.
Бэльгійскае Конга атрымала незалежнасьць 30 чэрвеня 1960 году пад назвай Рэспубліка Конга. Кангалескі нацыяналіст Патрыс Люмюмба быў абраны першым прэм’ер-міністрам краіны, а Жазэф Каса-Вубу стаў першым прэзыдэнтам створанае краіны. Аднак амаль ад самага пачатку краіна была ўцягнута ва ўнутраны канфлікт, які атрымаў назву Кангалескі крызіс. Правінцыі Катанга і Паўднёвы Касаі паспрабавалі аддзяліцца і атрымаць незалежнасьць. Пасьля таго, як Люмюмба зьвярнулася да СССР па дапамогу ва ўмовах крызісу, ЗША і Бэльгія праз Каса-Вубу паспрабавалі адхіліць яго ад ўлады, што і было пасьпяхова зроблена. 25 лістапада 1965 году начальнік штабу войска Жазэф-Дэзырэ Мабюцю афіцыйна прыйшоў да ўлады празь дзяржаўны пераварот. У 1971 годзе ён пераназваў краіну ў Заір, якая сталася дыктатарскай аднапартыйнай дзяржавай. Урад Мабюцю атрымаў значную падтрымку з боку Злучаных Штатаў, у сувязі зь ягонай антыкамуністычнай пазыцыяй падчас халоднай вайны. Да пачатку 1990-х гадох урад Мабюцю пачаў слабець. Дэстабілізацыя на ўсходзе ў выніку руандыйскага генацыду ў 1994 годзе і рост бяспраўя сярод кангалескіх тутсі прывяло ў 1996 годзе да ўварваньня ў краіну войскаў Руанды, якое прывяло да пачатку першая вайна ў Конга. З 17 траўня 1997 году Ляран-Дэзырэ Кабіля, лідэр сілаў тутсі з правінцыі Паўднёвае Ківу, стаў прэзыдэнтам краіны пасьля таго, як Мабюцю зьбег у Марока. Краіна зьмяніла сваю афіцыйную назву на сучасную. Напружанасьць у адносінах паміж прэзыдэнтам Кабіляй і тутсі прывяло да Другой вайны ў Конга, якая цягнулася з 1998 па 2003 гады. У ваенным канфлікце ўзялі ўдзел дзевяць афрыканскіх краінаў і каля дваццаці ўзброеных групаў[10], у выніку было забіта і загінула каля 5,4 мільёнаў людзей[11][12][13]. Кабіля быў забіты адным са сваіх целаахоўнікаў 16 студзеня 2001 году, але праз восем дзён прэзыдэнцкую пасаду заняў ягоны сын Жазэф Кабіля.
Палітыка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]ДРК — рэспубліка. Кіруючы дзяржавай — прэзыдэнт, які абіраецца на 5 гадоў ня больш чым на 2 тэрміны.
Прэзыдэнт прызначае прэм’ер-міністра па прапанове партыі, якая набрала большасьць у парлямэнце.
Цяпер у парлямэнце самы вялікі лік месцаў (111 з 500) у партыі прэзыдэнта Жазэфа Кабілі (Народная партыя за перабудову і дэмакратыю). Усяго ў парлямэнце краіны прадстаўлены 69 палітычных партыяў, а таксама некалькі дзясяткаў незалежных дэпутатаў.
Геаграфія
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмакратычная Рэспубліка Конга — краіна заходняй экватарыяльнай Афрыкі. Тэрыторыя краіны займае басэйн ракі Конга. Часткова тэрыторыя ДР Конга адносіцца да экватарыяльнага кліматычнага паса, часткова да субэкватарыяльнага ці да саванаў. З усходу тэрыторыя краіны абмежаваная Афрыканскім рыфтам.
Карысныя выкапні
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Недры краіны ўтрымліваюць запасы медзі, кобальта, кадмія, баксытаў, жалезнай руды, алмазаў, золата, срэбра, нафты, цынка, марганца, волава, урана. На тэрыторыі рэспублікі знаходзіцца больш за палову сусьветных разьведаных запасаў урану. Вялікія адкладаньні калюмбіт-танталіта. На тэрыторыі краіны знаходзіцца частка меднага паса Афрыкі.
Насельніцтва
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Колькасьць насельніцтва — 115 мільёнаў чалавек (ацэнка на 2024)[1].
Гадавы прырост — 3,11 % (2024)[1].
Нараджальнасьць — 39,2 на 1000. Сьмяротнасьць — 7,6 на 1000. Дзіцячая сьмяротнасьць — 51,9 на 1000[1].
Сярэдняя працягласьць жыцьця — 60,7 гады ў мужчын, 64,6 гадоў у жанчын[1].
Заражанасьць вірусам імунадэфіцыту (ВІЧ) — 4,2 % (ацэнка 2003 год).
Пісьменнасьць — 89,5 % мужчын, 70,8 % жанчын[1].
Этнічны склад: больш за 200 плямёнаў, галоўным чынам банту; чатыры найбуйных племя — манго, лубу, конга і мангбету-азандэ разам складаюць 45 % насельніцтва.
Мовы: француская (афіцыйная), лінгала (мова міжэтнічных зносінаў), кінгвана (дыялект суахілі), кіконга, чылуба.
Транспарт
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]З наземным транспартам у Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга заўсёды былі цяжкасьці. Мясцовасьць і клімат у басэйне ракі Конга робяць сур’ёзныя перашкоды на шляху будаўніцтва аўтамабільных дарог і чыгункі. Да таго ж цяжкасьці выклікаюцца з прычыны велізарных адлегласьцяў унутры краіны. У Конга выкарыстоўваюцца суднаходныя рэкі і рухаецца больш пасажыраў і грузаў на лодках і пароме, чым у любой іншай краіне ў Афрыцы, але паветраны транспарт застаецца адзіным эфэктыўным сродкам перамяшчэньня тавараў і людзей унутры краіны. Хранічная безгаспадарчасьць, карупцыя і ўнутраныя канфлікты прывялі да доўгатэрміновага браку інвэстыцыяў ва інфраструктурныя праекты.
Чыгунка
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Чыгуначныя перавозкі забясьпечваюцца Кангалескай чыгуначнай кампаніяй і Нацыянальнай управай траспарту. Як і вялікая частка інфраструктуры ў Конга, чыгунка знаходзяцца ў дрэнным стане, а перавозкі суправаджаюцца перапоўненнасьцю і небясьпечнасьцю.
Аўтамабільныя дарогі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дэмакратычная Рэспубліка Конга мае менш асфальтаваных шашаў, чым любая іншая краіна ў Афрыцы з улікам колькасьці насельніцтва і памеру краіны. У агульнай складанасьці ў краіне маецца толькі 2250 км астфальтаваных дарог, якія можна выкарыстоўваць увесь год, зь іх толькі 1226 км знаходзяцца ў добрым стане. Па тэрыторыі краіны праходзяць тры трансафрыканскія аўтамабільныя дарогі:
- Трыпалі—Кейптаўн. Гэты маршрут перасякае ўскрайні захад краіны паміж Кіншасай і Матадзі. Адлегласьць на тэрыторыі краіны складае 285 км і гэты вучастак зьяўляецца адным з самых добрых паводле якасьці ў краіне.
- Лагас—Мамбаса. Частка гэтае шашы бракуе толькі на тэрыторыі Дэмакратычнае Рэспублікі Конга, то бок патрабуецца будаўніцтва гэтага вучастку, каб яе можна было эфэктыўна выкарыстоўваць.
- Бэйра—Лабіту. Гэтая дарога перасякае Катангу і патрабуе паўторнага будаўніцтва на працягу большай часткі сваёй даўжыні празь вельмі дрэнны стан дарожнага пакрыцьця. Асфальтаваны вучастак паміж Калвэзі і Любюмбашы таксама патрабуе рамонту. Задавальняючы стан пакрыцьця знаходзіцца толькі на кароткім вучастку ля мяжы з Замбіяй.
Авіяперавозкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Па стане на чэрвень 2016 году ў Дэмакратычнай Рэспубліцы Конга мелася толькі адна буйная нацыянальная авіякампанія Congo Airways, якая прапаноўвае палёты ўнутры краіны. Congo Airways базуецца ў міжнародным аэрапорце Кіншасы. Усім мясцовым авіяперавозчыкам, якія сэртыфікаваныя ў Конга, было забаронена зьдзясьняць палёты па Эўропе празь незадавальняючыя стандарты бясьпекі[14]. Некалькі міжнародных авіякампаніяў абслугоўваць міжнародны аэрапорт Кіншасы, а некалькі таксама прапануюць міжнародныя рэйсы ў міжнародны аэрапорт Любюмбашы.
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б в г д е ё Democratic Republic of the Congo (анг.) The world factbook. CIA.
- ^ Country Insights (анг.) Human Development Reports. United Nations Development Programme.
- ^ Samir Tounsi (6 чэрвеня 2018) DR Congo crisis stirs concerns in central Africa (анг.). AFP.
- ^ «The East African slave trade». BBC World Service: The Story of Africa.
- ^ Hochschild, Adam. «King Leopold's Ghost», Houghton Mifflin Harcourt, 1999. — ISBN 0-547-52573-7.
- ^ Fage, John D. (1982). «The Cambridge history of Africa: From the earliest times to c. 500 BC», Cambridge University Press. — С. 748. — ISBN 0-521-22803-4.
- ^ «Belgium's Heart of Darkness». History Today.
- ^ Stengers, Jean (2005), «Congo: Mythes et réalités». Brussels: Editions Racine.
- ^ Meredith, Martin (2005). «The Fate of Africa». New York: Public Affairs. — С. 6.
- ^ «World War Three». My Direct Democracy.
- ^ «The deadliest war in the world». Time.
- ^ Joe Bavier (22 студзеня 2008) Congo War driven crisis kills 45,000 a month (анг.). Reuters.
- ^ «Measuring Mortality in the Democratic Republic of Congo». International Rescue Committee.
- ^ List of airlines banned within the EU (анг.) Official EC list