Сурынам

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сурынам
Republiek van Suriname
Сьцяг Сурынаму Герб Сурынаму
Сьцяг Герб
Нацыянальны дэвіз: 'Justitia — Pietas — Fides («Справядлівасьць — абавязак — адданасьць»)
Дзяржаўны гімн: «God zij met ons Suriname»
Месцазнаходжаньне Сурынаму
Афіцыйная мова нідэрляндзкая
Сталіца Парамарыба
Найбуйнейшы горад Парамарыба
Форма кіраваньня унітарная рэспубліка
Чан Сантохі
Плошча
 • агульная
 • адсотак вады
90-е месца ў сьвеце
163 821 км²
1,1
Насельніцтва
 • агульнае (2012)
 • шчыльнасьць
171-е месца ў сьвеце
541 638
2,9/км²
Этнічны склад
Канфэсійны склад
СУП
 • агульны (2019)
 • на душу насельніцтва
Сьпіс краінаў паводле СУП
$4,110 млрд
$6881
Валюта Сурынамскі даляр (SRD)
Часавы пас
 • улетку
UTC-3 (UTC-3)
-3 (UTC-3)
Незалежнасьць
ад Нідэрляндаў
25 лістапада 1975
Аўтамабільны знак SME
Дамэн верхняга ўзроўню .sr
Тэлефонны код +597
Мапа Сурынаму

Сурына́м (па-нідэрляндзку: Suriname), афіцыйна Рэспу́бліка Сурына́му (нід. Republiek Suriname) — краіна ў паўднёва-ўсходняй частцы Паўднёвай Амэрыкі. На поўначы мае выхад да Атлянтычнага акіяну, на ўсходзе мяжуе з Францускай Гвіянай, на захадзе з Гаянай, на поўдні — з Бразыліяй. Найменшая сувэрэнная дзяржава Паўднёвай Амэрыкі плошчай меней за 165 тыс. км²[a]. Насельніцтва — 576 тыс. чал. (2018). Найбуйнейшы горад — сталіца Парамарыба.

Тэрыторыя Сурынаму была населеная ўжо ў IV тысячагодзьдзі да Н. Хр. У XVI стагодзьдзі сюды прыбылі эўрапейцы, большасьць тэрыторыі краіны да канца XVII стагодзьдзя перайшла пад кантроль Галяндыі. Да 15 сьнежня 1954 року была нідэрляндзкай калёніяй з назвай Галяндзкая Гвіяна, пасьля чаго стала адной з краінаў каралеўства. 25 лістапада 1975 году атрымала незалежнасьць, але працягвае захоўваць шчыльныя эканамічныя, дыпляматычныя і культурніцкія сувязі. Сурынам — адзіная неэўрапейская дзяржава, дзе дзяржаўнай мовай зьяўляецца нідэрляндзкая.

Гісторыя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Асноўны артыкул: Гісторыя Сурынаму

Абарыгенныя паселішчы на тэрыторыі Сурынаму вядомыя з IV тысячагодзьдзя да Н. Хр. Найбуйнейшымі плянёмамі зьяўляліся аравакі ды карыбы.

Тэрыторыя сучаснага Сурынаму была заселеная галяндцамі ўжо ў канцы XVI стагодзьдзя, што прывяло да некалькіх узброеных канфліктаў з ангельскімі і францускімі калянізатарамі. У 1667 годзе пасьля мірнай дамовы Сурынам быў канчаткова прызнаны галяндзкай калёніяй. На плянтацыях па вырошчваньні кавы, какавы, цукровага трысьнягу і бавоўны шырока выкарыстоўвалася рабская праца. Рабства было скасаванае ў 1863 року. Замест вызваленых рабоў(d) плянтатары набіралі пазыкавых работнікаў(d) з Ост-Індыі (сучасныя Інданэзія ды Індыя). Акрамя таго, у XIX—XX стагодзьдзях частка работнікаў прыбыла з Кітаю і Сярэдняга Ўсходу. Гэтым тлумачыцца цяперашняя нацыянальная разнастайнасьць жыхароў Сурынаму.

У 1954 годзе гэтая тэрыторыя атрымала статус паўнапраўнай часткі Нідэрляндаў на правах аўтаноміі з уласнай адміністрацыяй. Незалежнасьць Сурынам атрымаў у 1975 годзе, але ўсе грамадзяне новай краіны захавалі нідэрляндзкае грамадзянства, і ў наступныя гады трэць насельніцтва выехала ў Эўропу. У 1980 годзе да ўлады прыйшла вайсковая дыктатура пад кіраўніцтвам Дэсі Баўтэрсэ. У 1986 року пачалася крывавая грамадзянская вайна. Урэшце ў 1991 року Баўтэрсэ адышоў ад улады. Ён ня быў асуджаны і ў 2010 року зноў абраны на прэзыдэнта, а ў 2015 пераабраны на другі тэрмін. За ягоным кіраваньнем стасункі зь Нідэрляндамі пагоршыліся. У 2019 Дэсі Баўтэрсэ атрымаў 20 гадоў зьняволеньня за ўдзел у забойствах у 1982 року.

Палітыка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сурынам — прадстаўнічая дэмакратычная рэспубліка. Парлямэнт аднапалатны, складаецца з 51 дэпутата, выбіраных на 5-гадовы тэрмін.

Прэзыдэнт Сурынаму абіраецца на 5-гадовы тэрмін двума трэцямі дэпутатаў парлямэнту. Калі большасьці ў парлямэнце дасягнуць не атрымалася, склікаецца Народны сход з усіх дэпутатаў Нацыянальнага сходу і мясцовых прадстаўнікоў, абраных на ўсеагульных выбарах. Прэзыдэнт прызначае шаснаццаць міністраў.

Вяршыня судовай улады — Вярхоўны суд юстыцыі. Ягоныя судзьдзі прызначаюцца на пажыцьцёвы тэрмін прэзыдэнтам у кансультацыях з Нацыянальным сходам, Дзяржаўнай кансультацыйнай радай і Нацыянальным ордэнам прыватных юрыстаў.

Адміністрацыйны падзел[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Адміністрацыйны падзел Сурынаму
Асноўны артыкул: Адміністрацыйна-тэрытарыяльны падзел Сурынаму

Сурынам дзеліцца на 10 акругаў (distrikt):

  1. Бракапонда
  2. Камэвійнэ
  3. Кароніе
  4. Маровійнэ
  5. Нікерые
  6. Пара
  7. Парамарыба
  8. Сарамака
  9. Сыпалівіні
  10. Ваніка

Камісараў акругаў прызначае і здымае прэзыдэнт. Акругі падзяляюцца на 63 грамады (нід. ressorten).

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сурынам — найменшая сувэрэнная дзяржава Паўднёвай Амэрыкі. Большая частка насельніцтва жыве ў паўночнай, нізіннай частцы краіны. Паўднёвая частка тэрыторыі краіны (каля 80%) пакрытая трапічнымі лясамі і рэдканаселенымі саваннамі. Паказьнік лясістасьці — 90,2% — найвышэйшы ў сьвеце.

Даўжыня мяжы краіны складае 1707 км, зь якой з Бразыліяй — 597 км, з Францускай Гвіянай — 510 км, з Гаянай — 600 км, марская мяжа — 386 км. Найвышэйшы пункт краіны — гара Юліяна Топ вышынёй 1286 м. Асноўнымі рэкамі зьяўляюцца: Карантынэ, Мароні, Сурынам, Сарамака, Літані і Тапанахоні.

Клімат вельмі гарачы і вільготны трапічны, тэмпэратура мала мяняецца ў залежнасьці ад пораў году. Сярэдняя адносная вільготнасьць — паміж 80% and 90%, сярэдняя тэмпэратура — паміж 29 і 34 °C. У красавіку — жніўні і лістападзе — лютым цягнуцца сэзоны дажджоў, у жніўні — лістападзе і лютым — красавіку — засушлівыя сэзоны.

Эканоміка[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Сурынам зьяўляецца самым значным у сьвеце вытворцам баксытаў. Адначасова здабываецца невялікая колькасьць золата, нафты, нікелю, медзі, плятыны і жалезнай руды. Прамысловасьць канцэнтруецца вакол пераапрацоўкі здабываючай галіны. Баксыты, алюміній і каалін складаюць 70% экспартнага прыбытку краіны.

Сельская гаспадарка прадстаўленая вытворчасьцю цукру, тытуню, цытрусаў, бананаў, рыбнай лоўляй.

Дэмаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Этнічны склад насельніцтва выглядае наступным чынам: індусы — 37%, крэолы — 31%, яванцы — 15%, мурыны — 10%, індзейцы — 2%, кітайцы — 2%, астатнія — 3%.

Асноўнай рэлігіяй краіны зьяўляецца індуізм (27,4%), пратэстанты складаюць 25,2%, каталікі — 22,8%, мусульмане — 19,6%, мясцовыя веравызнаньні — 5%.

Афіцыйнай мовай зьяўляецца нідэрляндзкая, але часта ўжываецца і ангельская. Значная колькасьць навучальных установаў карыстаецца крэольскай мовай. Часта ўжываецца і сурынамі гіндустані (дыялект гіндзі) і яванская.

Заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Француская Гвіяна і Фолклэндзкія астравы ня ўлічваюцца, паколькі не зьяўляюцца сувэрэннымі.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]