Гарадзенская унія

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Гарадзенская унія
Polska 1386 - 1434.png
ВКЛ і Польшча ў 1386—1434 гг.
Падпісаная
• месца
1432
Горадня (ВКЛ)
Бакі Вялікае Княства Літоўскае
Польскае Каралеўства

Гарадзе́нская у́нія (1432) — саюз паміж Каралеўствам Польскім і Вялікім Княствам Літоўскім, заключаны 15 кастрычніка 1432 году ў Горадні. Высокімі бакамі дамовы выступілі кароль польскі Ўладзіслаў II Ягайла й вялікі князь літоўскі Жыгімонт Кейстутавіч. Унія была складзеная ва ўмовах грамадзянскай вайны, пасьля таго як Жыгімонту з дапамогай палякаў атрымалася зрынуць Сьвідрыгайлу Альгердавіча й самому заняць вялікакняскі стол. Дзейнічала да забойства ў 1440 годзе Жыгімонта й абраньня вялікім князем сына Ягайлы Казімера.

Да заключэньня новай уніі адносіны паміж дзяржавамі разьвіваліся ва ўмовах Віленска-Радамскай уніі 1401 году, асноўныя палажэньні ляглі ў аснову Гарадзенскай уніі. Вялікае Княства Літоўскае прызнавалася спадчыннай уласнасьцю Ягайлы й яго нашчадкаў, а такім чынам, і польскай Кароны. У адносінах да караля польскага вялікі князь літоўскі захоўваў той жа статус, які быў замацаваны раней: ён, як і яго васалы, даваў прысягу на вернасьць польскай Кароне. Вялікі князь літоўскі мог быць абраны баярамі Вялікага княства толькі са згоды польскае шляхты. Упершыню за каралём польскім замацоўваўся тытул «вярхоўны князь літоўскі»[1]. Было пацьверджана права паноў на валоданьне радавымі маёнткамі й вялікакняскімі дараваньнямі паводле польскага ўзору, ніякіх абмежаваньняў на праваслаўных накладзена не было[1].

Жыгімонт прызнаваўся вялікім князем. Тэрыторыя дзяржавы адносна кіраваньня Вітаўта заставалася нязьменнай, але пасьля сьмерці Жыгімонта Вялікае княства павінна было перайсьці пад непасрэднае кіраваньне Ягайлы ці яго нашчадкаў. Гэтая ўмова не распаўсюджвалася на вотчынныя землі Жыгімонта — Троцкае княства, якія захоўваліся за ім і яго нашчадкамі[1]. У выпадку спыненьня роду Кейстутавічаў, гэтыя землі павінны былі б быць таксама перададзеныя Кароне. Такім чынам, паводле ўмоваў уніі, адзіны сын Жыгімонта Міхал пазбаўляўся правоў на ўспадкоўваньне бацькаўскага тытулу й мог прэтэндаваць толькі на валоданьне сваёй вотчынай у якасьці васала караля польскага.

Падольле цалкам вярталася ў склад Польшчы, а Валынь прызнавалася пажыцьцёвым валоданьнем Жыгімонта (на такіх жа ўмовах Валыньню валодаў і Вітаўт). Спрэчныя валынскія землі з замкамі Ратна, Ветлы, Лапацін і Гарадло адыходзілі Польшчы[1]. Усе саюзы й дамовы, раней заключыныя Сьвідрыгайлам «у шкоду каралеўству», разрываліся. Так, напрыклад, Жыгімонт абавязаўся дапамагаць Польшчы ў барацьбе з крыжакамі, што разрывала Крыстмемельскую саюзную дамову, заключаную Сьвідрыгайлам з Тэўтонскім ордэнам[1].

Сьведкамі й гарантамі выкананьня Жыгімонтам умоваў уніі выступілі 22 прадстаўнікі літоўскай шляхты[1], у тым ліку віленскі біскуп Мацей, луцкі біскуп Андрэй, князі Аляксандар і Іван Уладзімеравічы[2], Сямён Іванавіч, Фёдар Карыбутавіч, кастэлян віленскі Крысьцін Осьцік, стараста жамойцкі Міхал Кезгайла, Ян Еўнут, Румбальд і іншыя ўплывовыя асобы. З боку Польшчы сьведкамі выступілі 7 паноў на чале зь біскупам кракаўскім Зьбігневам Алясьніцкім[1].

20 студзеня 1433 году ў Троках Жыгімонт выдаў дакумэнт, які пацьвярджае ўмовы уніі, у якім згадваецца ўжо 41 сьведка[1]. Сярод згаданых асобаў няма прадстаўнікоў рускай шляхты, што тлумачыцца тым, што баяры й князі ўсходніх земляў Вялікага княства ў большасьці сваім не падтрымлівалі Жыгімонта, працягваючы прызнаваць вялікім князем Сьвідрыгайлу[1]. 18 кастрычніка 1432 году сын Жыгімонта Міхал выдаў акт, у якім адмаўляўся ад барацьбы за вялікакняскі стол і прызнаваў сябе васалам Польшчы.

Нягледзячы на вызначаныя саступкі літоўскім баярам, напрыклад, дапушчэньні іх да выбараў вялікага князя, унія стала перамогай польскай вонкавай палітыкі, бо Вялікае княства Літоўскае станавілася фактычна лонам польскай кароны[3]. Унія дзейнічала да забойства ў 1440 годзе Жыгімонта й абраньня вялікім князем сына Ягайлы Казімера[1].

Крыніцы й заўвагі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г д е ё ж з Пазднякоў В. Гарадзенска-Троцкая унія 1432-33 // Вялікае Княства Літоўскае. Энцыклапедыя у 3 т. — Мн.: Беларуская Энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2005. — Т. 1: Абаленскі — Кадэнцыя. — С. 496—497. — 684 с — ISBN 985-11-0314-4
  2. ^ Раней, у праватнасьці ў Анатоля Лявіцкага, гэтае месца ў дакумэнце прачытвалася як Аляксандар Іван Уладзіміравіч.
  3. ^ Гісторыя Беларусі. У 6 т. / Пад рэд. М. Касцюка. — Т. 2. — С. 159.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  • Halecki O. Dzieje unii jagiellońskiej. — T. 1-2. — Kraków, 1919—1920.
  • Lewicki A. Powstanie Świdrygiełły. Ustęp z dziejów Unii Litwy z Koroną. — Kraków: Drukarnia Uniwersytetu Jagiellońskiego, 1892.
  • Kutrzeba S., Semkowicz W. Akta Unji Polski z Litwa, 1385—1791. — Kraków, 1932. — S. 74-105.