Станіслаў Ішора
Станіслаў Ішора (12 красавіка 1838 — рэпрэсаваны 3 чэрвеня (ст. 22 траўня) 1863 у Вільні) — каталіцкі ксёндз, удзельнік Нацыянальна-вызвольнага паўстаньня 1863—1864 рокаў.
Жыцьцяпіс
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Станіслаў Ішора нарадзіўся 12 красавіка 1838 року ў вёсцы Цэсарка Вількамірскага раёну Віленскага павету. Сын Станіслава Ішоры й Марыі Шантыр. Скончыў гімназію ў Вільні й паступіў у Пецярбурскую духоўную акадэмію. Гэта была адзіная ў Расейскай імпэрыі ўстанова для навучаньня каталіцкіх ксяндзоў. Пасьля высьвячэньня ў 1861 року быў вікарыем у парафіі Жалудок Лідзкага павету.
Браў удзел у Нацыянальна-вызвольным паўстаньні 1863—1864 рокаў. 8 лютага 1863 году ксёндз з Жалудка Станіслаў Ішора зачытаў у касьцёле маніфэст паўстанцаў. Сам сьвятар пайшоў у паўстанцкі аддзел Людвіка Нарбута. Але потым ён добраахвотна здаўся, каб вызваліць пробашча жалудоцкага касьцёлу. Пробашча арыштавалі якраз з нагоды зачытанага вернікам маніфэста, да чаго ён ня меў дачыненьня. Станіслава Ішору напачатку пакаралі пяцьцю гадамі катаргі. Але асабіста Мураўёў-вешальнік замяніў пакараньне на расстрэл. Ксяндза пакаралі сьмерцю ў Лукіскай турме ў Вільні 3 чэрвеня 1863 року[1]. Сьведкі пакараньня сьмерцю ўспаміналі, што сьвятар зьвярнуўся да натоўпу з такімі словамі: «Трымацца й ня падаць духам. Мы паміраем, а вам перадаём далейшыя лёсы Айчыны». Ксёндз Станіслаў Ішора стаў першай ахвярай Мураўёва-вешальніка[2].
Ушанаваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 ліпеня 2003 року ў Лідзе адкрылася мэмарыяльная шыльда, прысьвечаная расстраляным у 1863 року ксяндзам. Асьвячэньне шыльды адбылося з нагоды 140-х угодкаў паўстаньня пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага. Зрабіў шыльду мясцовы самадзейны скульптар Рычард Груша. На ёй — выява паўстанцкага герба — Арол, Пагоня й анёл зь мячом.[1]
Глядзіце таксама
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б У ЛІДЗЕ АДКРЫТАЯ МЭМАРЫЯЛЬНАЯ ШЫЛЬДА, ПРЫСЬВЕЧАНАЯ РАССТРАЛЯНЫМ У 1863 ГОДЗЕ КСЯНДЗАМ радыё «Свабода» 14 ліпеня 2003 Сяргей Астраўцоў, Горадня(недаступная спасылка) Памылка цытаваньня: Няслушны тэг
<ref>
; назва «:0» вызначаная некалькі разоў з розным зьместам - ^ Лідскія ксяндзы ў студзеньскім паўстанні 1863 г.