Узбуйненьне БССР
Узбуйне́ньне БССР — павелічэньне плошчы Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікі ў 1924 (першае ўзбуйненьне) і 1926 (другое ўзбуйненьне БССР) роках.
Тэрыторыя і насельніцтва БССР |
---|
1921: 52,4 тыс. км² — 1,5 млн ч. 1924: 110,6 тыс. км² — 4,2 млн ч. 1926: 126,3 тыс. км² — 4,9 млн ч. 1939: 223 тыс. км² — 10,2 млн ч. 1991: 207,6 тыс. км² — 10,3 млн ч. |
Пасьля Рыскай дамовы этнічна беларускія землі былі падзеленыя на тры часткі — заходнюю ў складзе Польшчы, усходнюю ў складзе Савецкай Расеі (перададзеныя ў склад РСФСР яшчэ ў сьнежні 1919), і частку былой Менскай губэрні ў складзе ўласна БССР (6 паветаў — Бабруйскі, Барысаўскі, Ігуменскі, Мазырскі, часткова Менскі і Слуцкі).
У 1920-я рокі тэрыторыя БССР два разы ўзбуйнялася за кошт усходніх этнічна беларускіх земляў.
Першае ўзбуйненьне БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]У сьнежні 1923 року Палітбюро ЦК РКП(б) пагадзілася з прапановай ЦК КП(б)Б аб далучэньні да БССР «роднасных ёй у побытавых, этнаграфічных і гаспадарча-эканамічных адносінах» тэрыторыі, а менавіта Горацкі і Амсьціслаўскі паветы Смаленскай губэрні, Віцебскую губэрню цалкам і Гомельскую губэрню цалкам за выключэньнем чатырох паветаў былой Чарнігаўскай губэрні. Аднак хутка спэцыяльная камісія ЦВК СССР перагледзела рашэньне Палітбюро. У выніку па-за межамі БССР пакідаліся Веліскі, Невельскі, Себескі паветы Віцебскай губэрні, Гомельскі і Рэчыцкі паветы Гомельскай губэрні і большая частка Амсьціслаўскага павету Смаленскай губэрні. Такім чынам, рашэньне пра ўзбуйненьне было прынята ў Маскве, і ў сакавіку 1924 яно было прынята ЦВК СССР. Рашэньне фармальна зацьвердзіў VI надзвычайны Зьезд Саветаў БССР. Тэрыторыя БССР у выніку першага ўзбуйненьня павялічылася да 110 584 км², а насельніцтва — да 4,2 млн чалавек. 70,4 % насельніцтва БССР складалі беларусы. Аднак Гомельскі і Рэчыцкі паветы заставаліся па-за межамі БССР.
Другое ўзбуйненьне БССР
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Пасьля дзяржаўнага перавароту ў Польшчы ў 1926 і пагаршэньня стасункаў з СССР саюзнае кіраўніцтва вырашыла другім узбуйненьнем БССР актывізаваць беларускі нацыянальны рух у Заходняй Беларусі і паменшыць падтрымку польскіх уладаў насельніцтвам. Менавіта таму ініцыятарам другога ўзбуйненьня БССР быў НКЗС СССР, які 8 верасьня 1926 року прыняў пастанову пра неабходнасьць настойваць у Палітбюро ЦК УКП(б), каб Гомельскі і Рэчыцкі паветы былі далучаныя да БССР. Створаная камісія на чале зь Якавам Пэтэрсам знайшла на Гомельшчыне ў значнай ступені русіфікаванае насельніцтва. Аднак ЦК КП(б)Б здолеў пераканаць ЦК УКП(б) ў неабходнасьці далучэньня Гомельшчыны да БССР. 4 сьнежня 1926 на аб’яднаным пленуме Гомельскага губэрнскага і гарадзкога камітэтаў КП(б)Б выступіў сакратар ЦК УКП(б) Мікалай Швернік, які праінфармаваў аб пастанове Палітбюро далучыць Гомельскі і Рэчыцкі паветы да БССР. Такім чынам, адбылося другое ўзбуйненьне БССР. У выніку тэрыторыя БССР павялічылася на 15 727 км², а насельніцтва — на 649 тыс. чалавек.