Абраз
Абра́з (альбо іко́на, ад грэцкага εἰκών, eikon — «выява») — выява Бога, Божай Маці альбо сьвятога/сьвятых, якая выкарыстоўваецца ў рэлігіі (галоўным чынам у хрысьціянстве) у якасьці прадмету пакланеньня.
Вытокі ўшанаваньня абразоў можна вывесьці зь першабытнага фэтышызму. Культ абразоў у хрысьціянстве атрымаў шырокае распаўсюджаньне з IV стагодзьдзя. У праваслаўі ікона зьяўляецца неабходным элемэнтам рэлігійнага культу, што знайшло адлюстраваньне ў іканапісе.
Дасьледчыкі выказваюць думку, што самыя раньнія абразы на тэрыторыі Беларусі (канец X стагодзьдзя; Полацак, Тураў), мабыць, бізантыйскага паходжаньня (Эўфрасіньня Полацкая атрымала абраз Маці Божай ад імпэратара Мануіла Камніна). У XI—XV стагодзьдзях працягваўся бізантыйска-балканскі ўплыў («Маці Божа Замілаваньне» з-пад Берасьця, «Усьпеньне» зь Менску). З XVI стагодзьдзя фармуецца беларуская іканапісная школа, абразы ствараюцца ў Берасьці, Горадні, Пінску, Магілёве, Віцебску, Полацку, Менску, Вільні і іншых местах. Абразы малявалі на дошках (часьцей ліпавых), па клеямелавым грунце яечнай тэмпэрай з алейнымі фарбамі. Яскравасьць, адметнасьць беларускага іканапісу — алтарныя абразы, якія спалучаюць рысы готыкі, рэнэсансу, барока. З XVII стагодзьдзя пачалі маляваць на палатне. Уласна беларускі абраз зьнік пасьля 1839 году, калі была ліквідавана царкоўная вунія.
У эпоху барока абразы аздабляліся гэтак званымі «абкладамі» — накладнымі чаканенымі мэталічнымі рызамі.
Літаратура
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Культуралогія: Энцыкл. даведнік / Уклад. Э. Дубянецкі. — Мн.: БелЭн, 2003. ISBN 985-11-0277-6
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абраз — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў