Хор

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі

Хор (па-старажытнагрэцку: χορός — натоўп) — пеўчы гурт, прынамсі два сьпевакі якога выконваюць адну й тую ж партыю; сугучча чалавечых галасоў. Працаю сьвецкага хору кіруе дырыжор або хормайстар, а царкоўнага — рэгент. Паводле відаў галасоў харавыя партыі выконваюць сапрана, альты, тэнары ды басы. Сьпеў без інструмэнтальнага суправаджэньня называецца каплічным («як у капліцы»; па-італьянску: a cappella). Пры развучваньні харавых твораў у якасьці дапаможнага інструмэнту выкарыстоўваюць фартэпіяна.

Віды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Паводле роду ды ўзросту:

  • Дзіцячы. Складаецца з двух партыяў: сапрана (дыскантаў) і альтоў. Прычым сапрана можа падзяляцца на два галасы.
  • Жаночы. Складаецца з сапрана і альтоў, з падзелам кожнай партыі на два галасы: першыя і другія.
  • Мужчынскі. Складаецца з тэнараў і басоў, з падзелам кожнай партыі на два галасы: першыя (высокія) і другія (нізкія). У партыю першых тэнараў дапускаюцца контратэнары, якія сьпяваюць фальцэтам, што вышэй за мужчынскі галасавы дыяпазон.
  • Мяшаны. Складаецца з жаночых і мужчынскіх галасоў. Жаночыя галасы складаюць партыі сапрана ды альтоў, а мужчынскія — партыі тэнароў і басоў. Унутры кожнай партыі больш высокія ды больш нізкія галасы падзяляюцца на першыя ды другія адпаведна.
  • Хлапеча-юнацкі. Партыю сапрана выконваюць хлопчыкі — дысканты, партыю альтоў — контратэнары — юнакі, якія спяваюць фальцэтам. Партыі тэнараў і басоў ў такім хоры выконваюцца мужчынамі.

Паводле манэры сьпеву:

  • Акадэмічны. Выкананьне грунтуецца на эўрапейскім опэрна-канцэртным сьпеўным тоне.
  • Народны. Сьпеў у народнай манеры.

Паводле колькаснага складу:

  • Камэрны. 12-50 сьпевакоў.
  • Вялікі. 50-120 удзельнікаў.
  • Зводны. Налічвае да 1000 удзельнікаў з некалькіх калектываў, што часова зьбіраюцца для выкананьня ў адзін хор.

Паводле статусу:

  • Аматарскі. Зьяўляецца спосабам супольнага правядзеньня вольнага часу, хобі.
  • Навучальны. Існуюць пры музычных навучальных установах.
  • Прафэсійны. Складаецца з прафэсійных сьпевакоў, якія рэгулярна выступаюць з канцэртамі.
  • Царкоўны. Бяруць удзел у царкоўных службах.