Храм усіх сьвятых
храм | |
Храм усіх сьвятых
| |
2010 год
| |
Краіна | Беларусь |
Горад | Менск |
Адрас | Першамайскі раён, мікрараён Усход, вул. Каліноўскага, д. 121 |
Каардынаты | 53°56′31″ пн. ш. 27°39′13″ у. д. / 53.94194° пн. ш. 27.65361° у. д.Каардынаты: 53°56′31″ пн. ш. 27°39′13″ у. д. / 53.94194° пн. ш. 27.65361° у. д. |
Канфэсія | праваслаўе |
Эпархія | Менская |
Тып будынка | прыходзкая царква |
Архітэктурны стыль | шатровы |
Аўтар праекту | Леў Пагарэлаў |
Будаўнік | Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь[1] |
Заснавальнік | Усіхсьвяцкі прыход |
Першае згадваньне | 29 красавіка 1990 |
Дата заснаваньня | 14 кастрычніка 2018 (6 гадоў таму) |
Будаваньне | Лета 2006—2008 |
Асноўныя даты: 4 чэрвеня 1991 — асьвячэньне закладнога каменя
14 траўня 1992 — заснаваньне Ўсіхсьвяцкага прыходу 14 кастрычніка 1996 — закладка памятнай граматы 1 верасьня 2005 — ухвала архітэктурнага праекту 21 лістапада 2006 — усталяваньне галоўнага купалу 2 ліпеня 2010 — адкрыцьцё крыпты храма 19 сьнежня 2010 — адкрыцьцё прыбудовы Яна Хрысьціцеля | |
Будынкі: Храм усіх сьвятых • Траецкі храм
| |
Прыбудоўкі | 2: ніжняя — Яна Хрысьціцеля, верхняя — Багародзіцы |
Апошні плябан | Фёдар Поўны |
Стан | дзейны |
Сайт | Афіцыйны сайт |
Храм усіх сьвятых | |
Храм усіх сьвятых на Вікісховішчы |
Храм усі́х сьвяты́х — хрысьціянскі храм аднайменнага праваслаўнага прыходу, асьвечаны ў кастрычніку 2018 году ў Першамайскім раёне Менску (Беларусь).
Мае выгляд шатра вышынёй 74 мэтры разам з крыжом. Аснову шатра ўтвараюць 8 шырокіх граняў, пасярод якіх месьціцца яго вяршыня. У ніжняй алтарнай частцы храма знаходзіцца крыпта. Зьлева і справа ад шатра месьцяцца 2 бакавыя прыбудовы. Храм мае 5 купалоў[2]. Пабудаваны на грошы ўраду Беларусі[3]. Храм усіх сьвятых можа зьмясьціць да 1500 чалавек[4]. На 2019 год зьяўляўся найвышэйшым храмам Беларусі. Побач з храмам месьціцца вадаграй зь пітной крыніцай, на версе якога ўсталяваны помнік прароку Майсею[5].
Аздабленьне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Беларускія майстры мазаікі стварылі алтар, выявы Ісуса Хрыста, Багародзіцы і 12 апосталаў з больш як 10 000 дэталяў са шкла і фаянсу. З расейскага пасёлка Палех у Іванаўскай вобласьці прывезьлі абразы́, узоры якіх браліся з XIV стагодзьдзя. Нясьвіскі майстар Аляксандар Турко стварыў куфары, сьвяцільні і царкоўнае начыньне з мэталу. Над уваходам у храм разьмясьцілі выяву Багародзіцы, якая раскрыла сваё пакрывала. Самы вялікі з 8 буйных званоў важыць 5 тонаў. Крыпта храма мае нязгасную лямпаду і 504 нішы для зямлі зь месцаў бітваў[3].
Прыбудовы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Абедзьве прыбудовы знаходзяцца на поўначы Храма ўсіх сьвятых. Ніжняя прыбудова — у гонар Усекнавеньня галавы Яна Прадвесьніка, якую скончылі першай, верхняя — у гонар абраза Багародзіцы «Здаволь мае смуткі». На сьценах прыбудовы Яна Прадвесьніка месьціцца 9 сцэнаў зь яго жыцьця, пачынаючы ад іканастаса на паўднёвай сьцяне з далейшым рухам зьлева направа па коле. Бажніцы, іканастас і сьценапіс выканалі мастакі з расейскай майстэрні «Палехскі іканастас» (Іванаўская вобласьць), якія аздобілі іх плоскай разьбой[6].
Прыбудова Багародзіцы месьціцца зьлева ад шатра ў паўночным цераме. Гэтую прыбудову аздобілі ў нябесна-блакітным, белым і цёмна-вішнёвым адценьнях. Бажніцы і іканастас аздобілі пазалочанай разьбой. Мастакі з расейскага Палеха размалёўвалі сьцены па сухой штукатурцы акрылавымі фарбамі. Найбольшай выявай прыбудовы Багародзіцы ёсьць выява Ўсемагутнага Збаўцы пасярод скляпеньня. На парусах-трохкутніках, што разыходзяцца ад купала, разьмясьцілі сымбалі 4 эвангелістаў: анёл (Мацьвей), леў (Марк), цяля (Лука) і арол (Ян). Над іканастасам — Троіца як сымбаль трыадзінага Бога. З процілеглага боку над бальконам знаходзіцца Расьпяцьце. Па гадзіньнікавай стрэлцы ад іканасаса ў верхняй частцы прыбудовы месьцяцца выявы падзеяў з Дабравесьця, што папярэднічалі Расьпяцьцю і наступнічалі яму[6].
Крыпта
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Дзьверы ў крыпту важаць звыш тоны і носяць назву «Сьлёзы Беларусі». На дзьвярах месьціцца 6 клеймаў: Грунвальдзкая бітва — 15.07.1410 г., Чарнобыль — 26.04.1986 г., Смаргонь — 1915—1917 гг., Хатынь — 22.03.1943 г., Трасьцянец — 1941—1944 гг. і Салаўкі — 1923—1939 гг. У аснове кампазыцыі дзьвярэй вянкі. Аб’ёмным складнікам клеймаў служаць полымя сьвечкі і сьляза, пасярод кожнай зь якіх выява падзеі. Па-над уваходам у крыпту знаходзіцца выява анёла з кветкамі і ўрывак верша з Адкрыцьцё Яна Багаслова (14:13): «ад сёньня дабрашчасьнікі — мёртвыя, якія паміраюць у Госпадзе». Унутраныя дзьверы аздобілі выявамі дрэва і голуба з пальмавай галінкай у дзюбе. Аздоба ўнутраных дзьвярэй таксама ўлучае аб’ёмныя выявы сьлязы. Асноўнае мазаічнае пано ў якасьці найбольшай выявы мае герб Менску. Ніжэй на пано месьцяцца гербы абласных гарадоў Беларусі: зьлева ўніз — гербы Берасьця і Віцебску, пасярод — Гомля, справа ўніз — Горадні і Магілёва. Пасярод гербоў — крыж Эўфрасіньні Полацкай. На шкляной 8-граннай пірамідзе пасярэдзіне памяшканьня напісаны верш з Дабравесьця паводле Яна (5:25) на царкоўнаславянскай мове: «Праўду, праўду кажу вам: настае час, і настаў ужо, калі мёртвыя пачуюць голас Сына Божага і пачуўшы, ажывуць». Спуск у крыпту, дзе пахаваныя парэшткі ваяроў, аздоблены выявамі арханёлаў Міхаіла і Гаўрыіла[7].
Крыпта складаецца зь некалькіх памяшканьняў у ніжняй падалтарнай частцы Храма ўсіх сьвятых. У пахавальні месьціцца 8 нішаў, у 3 зь якіх павахалі парэшткі 3 войнаў: зьлева — 1-й сусьветнай, пасярод — 2-й сусьветнай, справа — 1812 году. У галоўным памяшканьні сьцены паўднёвага і паўночнага бакоў маюць убудаваныя нішы для захоўваньня ў крыштальных сасудах зямлі зь месцаў бітваў, у якіх удзельнічалі беларусы. Паглыбленьні ў сьценых закрытыя пласьцінкамі з онікса, кожная зь якіх мае адрозны ўзор. Інтэр’ер крыпты ўлучае абраз Уваскрасеньня Хрыстова, напісаны расейскімі майстрамі з Палеха, і нязгасную лямпаду з бронзы і мармуру, якую вырабіў беларускі скульптар Аляксандар Тухто. Лямпаду запалілі агнём ад Гасподняй Труны ў Ерусаліме (Ізраіль). Па баках ад лямпады месьцяцца падсьвечнікі[7].
Мінуўшчына
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]29 красавіка 1990 году Сынод Беларускай праваслаўнай царквы ўхваліў Рашэньне пра будаўніцтва Храма ўсіх сьвятых у Менску. Для храма выбралі дзялянку на вуліцы Каліноўскага, што на ўсходзе прымыкала да Ўсходніх могілак. 4 чэрвеня 1991 году маскоўскі патрыярх Аляксій II асьвяціў закладны камень Храма-помніка падчас 1-га прыезду ў сталіцу Беларусі[8]. На пачатку 1990-х гадоў беларускі экзарх Філарэт прапанаваў дойліду Льву Пагарэлаву спраектаваць храм. Пагарэлаў прыехаў у Ляйпцыг (Нямеччына), дзе на прапанову сьвятара Фёдара Поўнага ўзяў за ўзор Аляксіеўскі храм-помнік(ru) расейскай славы, у якім той нёс служэньне[9]. 14 траўня 1992 году заснавалі менскі прыход у гонар усіх сьвятых, настаяцелем якога стаў пратаярэй Фёдар Поўны[2].
14 кастрычніка 1996 году экзарх Філарэт і прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклалі ў падмурак храма памятную грамату-капсулу з пасланьнем нашчадкам[1]. 1 верасьня 2005 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 970 «Аб зацьвярджэньні архітэктурнага праекту «Храм-помнік у гонар усіх сьвятых і ў памяць бязьвінна забітых у нашай Айчыне. Па вул. Каліноўскага ў г. Менску». Праект меў каштарысны кошт будаўніцтва «26 169,99 тыс. рублёў у цэнах 1991 году» і плошчу забудовы 3319,2 кв.мэтру»[10]. Улетку 2006 году пачалося будаўніцтва храма. 26 верасьня 2006 году на дзялянцы Ўсіхсьвяцкага храма асьвяцілі драўляны Траецкі храм. Адначасна на званьніцу Храма-помніка ўзьнялі 3 званы, якія папярэдне асьвяцілі. 21 лістапада 2006 году на Храме ўсіх Сьвятых усталявалі галоўны купал. У сьнежні 2007 году вуліцу перад храмам назвалі Ўсіхсьвяцкай[8]. У 2008 годзе скончылі будаўніцтва Храма ўсіх сьвятых[11].
2 ліпеня 2010 году ў крыпце Храма-помніка пахавалі парэшткі 3 невядомых жаўнераў вайны 1812 году, 1-й і 2-й сусьветных войнаў. Надалей крыпта стала адчыненай для малітвы ў суботу і нядзелю ад 12:00 да 18:00[12]. 19 сьнежня 2010 году беларускі экзарх Філарэт асьвяціў ніжнюю прыбудову ў гонар Яна Хрысьціцеля, дзе двойчы на тыдзень сталі праводзіць набажэнства. Экзарх узнагародзіў мэдалямі Кірылы Тураўскага і Эўфрасіньні Полацкай кіраўніка і галоўную мастачку майстэрні «Палехскі іканастас» — Анатоля і Тацяну Ўлязько, пад верхаводзтвам якіх 4 месяцы аздаблялі інтэр’ер храма[6]. 30 сакавіка 2012 году Сынод БПЦ зьмяніў назву храма паводле прапановы патрыярха Аляксія ІІ ад 25 кастрычніка 2008 году на Храм-помнік у гонар усіх сьвятых і ў памяць пра ахвяраў, якія паслужылі ратаваньню нашай Айчыны. 11 красавіка 2012 году ў крыпце Ўсіхсьвяцкай царквы адчынілі Дошку памяці пра загінулых ад выбуху на Кастрычніцкай станцыі Менскага мэтрапалітэну. 14 кастрычніка 2012 году маскоўскі патрыярх Кірыла адкрыў помнік патрыярху Аляксію ІІ перад Усіхсьвяцкім храмам-помнікам[8]. 2 кастрычніка 2015 году ў Храме ўсіх сьвятых правялі міжканфэсійную малітву за Беларусь[13], якую прасьпявала звыш 2000 чалавек[3]. У крыпту храма тады заклалі капсулы зь зямлёй, прывезенай з пахаваньняў беларускіх ваяроў 2-й сусьветнай вайны зь 7 краінаў Эўропы[14].
23 ліпеня 2016 году ў бакавой прыбудове храма ў гонар Яна Хрысьціцеля прайшло разьвітаньне з журналістам Паўлам Шараметам, у якім удзельнічала каля 1500 чалавек. Сярод іншых на разьвітаньне прынесьлі вянок ад украінскага прэзыдэнта Пятра Парашэнкі[15]. 9 сьнежня 2016 году ў Храме ўсіх сьвятых пахавалі капсулу зямлі з магілы паэта Максіма Багдановіча. Памінальнае набажэнства аб паэце ўзначаліў беларускі экзарх Павал[16]. 16 жніўня 2018 году ў крыпце храма адбылося міжканфэсійнае набажэнства з закладкай капсулы зь зямлёй зь мясьцінаў Курскай бітвы[17]. 14 кастрычніка 2018 году асьвяцілі галоўны прастол Храма ўсіх сьвятых, пасьля чаго храм адчылі цалкам[3].
9 красавіка 2019 году беларускі экзарх Павал асьвяціў 13 званоў, адлітых у расейскім горадзе Варонежы. На званіцу храма ўсталявалі 2 найбольшыя званы, у тым ліку найбольшы вагой больш за 840 кг. Альтавая і малая групы налічвалі па 6 званоў. Сярод малых вага складала ад 7 да 25 кг[18].
У культуры
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]14 кастрычніка 2018 году Міністэрства сувязі і інфарматызацыі Рэспублікі Беларусь выпусьціла паштовую марку «Крыпта храма-помніка ў гонар Усіх сьвятых». На марцы адлюстраваная нязгасная лямпада з мармуру і бронзы, якую запалілі агнём ад Гасподняй Труны ў Ерусаліме (Ізраіль). На купоне маркі адлюстраваны абраз Уваскрасеньня Хрыстова. На канвэрце «Першы дзень» на першым пляне — дзьверы «Сьлёзы Беларусі», якія вядуць у крыпту. На 2-м пляне — Храм усіх сьвятых. Дызайн — А. Мядзьведзь[19].
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ а б Валяр'ян Шкленьнік. Жанчына — азначае жыцьцё // Сямейная газэта. — 17 кастрычніка 2013. — № 2 (2). — С. 1.
- ^ а б Аб прыходзе (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в г Алеся Высоцкая, тэлеканал «Беларусь 1». Храм-помнік у гонар Усіх Сьвятых цалкам адкрыўся для вернікаў // Белтэлерадыёкампанія, 14 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Свяцейшы Патрыярх Кірыл узначаліў літургію ў Храме-помніку Усіх Сьвятых // Радыё «Спажарожнік», 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Усіхсьвяцкая царква // Партал «Ветліва», 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в Прыбудовы (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ а б Крыпта (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ а б в Гісторыя ўзьнікненьня (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Архітэктура (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Сяргей Сідорскі. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 1 верасьня 2005 г. № 970 «Аб зацьвярджэньні архітэктурнага праекту «Храм-помнік у гонар усіх сьвятых і ў памяць бязьвінна забітых у нашай Айчыне. Па вул. Каліноўскага ў г. Менску» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 8 верасьня 2005 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Рэлігійны турызм у Беларусі // Belarus.by, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Вехі стварэньня (рас.) // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ З падзей 2015 году // Наша слова : газэта. — 27 студзеня 2016. — № 4 (1259). — ISSN 2073-7033.
- ^ Патрыярх Кірыл адслужыў чын Вялікага асьвячэньня Храма-помніка ў гонар Усіх Сьвятых // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ У Менску разьвіталіся з Паўлам Шараметам // БелаПАН, 23 ліпеня 2016 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Міністар культуры: Пахаваньне зямлі з магілы Багдановіча ў храме Ўсіх Сьвятых — воля паэта // Партал «Крыніца.інфо», 10 сьнежня 2016 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Прадстаўнік Касьцёла ўзяў удзел у памятным мерапрыемстве ў храме-помніку ў гонар Усіх Сьвятых // Каталіцкі касьцёл у Беларусі, 20 жніўня 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Новыя званы ўсталявалі на Храме ў гонар Усіх Сьвятых // Радыё «Спадарожнік», 9 красавіка 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- ^ Крыпта храма-помніка ў гонар Усіх сьвятых // УП «Белпошта», 8 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Храм усіх сьвятых // Газэта «Зьвязда», 14 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- Гісторыя Ўсіхсьвяцкага храма ў фатаграфіях // Беларускае тэлеграфнае агенцтва, 14 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- Сяргей Балай. Патрыярх Кірыл асьвяціў менскі храм-помнік Усіх Сьвятых // БелаПАН, 15 кастрычніка 2018 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
- Кацярына Матусевіч. Дзень памяці Максіма Багдановіча ў крыпце Храма-помніка ўсіх сьвятых // Прыход у гонар усіх сьвятых у Менску, 8 чэрвеня 2019 г. Праверана 28 ліпеня 2019 г.
Гэта — накід артыкула пра Беларусь. Вы можаце дапамагчы Вікіпэдыі, пашырыўшы яго. |