Перайсьці да зьместу

Крашын

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Крошын»)
Крашын
лац. Krašyn
Касьцёл Божага Цела
Касьцёл Божага Цела
Краіна: Беларусь
Вобласьць: Берасьцейская
Раён: Баранавіцкі
Сельсавет: Крашынскі
Насельніцтва: 730 чал. (2010)
Часавы пас: UTC+3
Тэлефонны код: +375 163
Паштовы індэкс: 225362
Нумарны знак: 1
Геаграфічныя каардынаты: 53°11′56″ пн. ш. 26°9′22″ у. д. / 53.19889° пн. ш. 26.15611° у. д. / 53.19889; 26.15611Каардынаты: 53°11′56″ пн. ш. 26°9′22″ у. д. / 53.19889° пн. ш. 26.15611° у. д. / 53.19889; 26.15611
Крашын на мапе Беларусі ±
Крашын
Крашын
Крашын
Крашын
Крашын
Крашын
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы

Крашы́н (афіцыйная назва — Кро́шын[1]) — вёска ў Беларусі, на правым беразе ракі Шчары. Цэнтар сельсавету Баранавіцкага раёну Берасьцейскай вобласьці. Насельніцтва на 2010 год — 730 чалавек. Знаходзіцца за 15 км на паўночны ўсход ад Баранавічаў, за 2 км ад аўтамабільнай дарогі Баранавічы — Менск. Чыгуначная станцыя на лініі Баранавічы — Менск.

Крашын — даўняе мястэчка гістарычнай Наваградчыны, старажытны замак Вялікага Княства Літоўскага. Тут нарадзіўся паэт Паўлюк Багрым, у касьцёле Божага Цела захоўваецца вырабленая ім жырандоля.

Традыцыйная форма назвы паселішча — Крашы́н[2], афіцыйная — Кро́шын[1]. Існуе меркаваньне, што апошняя ўзьнікла пад польскім уплывам (ад польск. Kroszyn)[2].

Вялікае Княства Літоўскае

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Першы пісьмовы ўпамін пра Крашын як маёнтак у валоданьні князёў Крашынскіх датуецца 1442 годам. У гэты час тут збудавалі касьцёл. З 1499 году Крашын знаходзіўся ў валоданьні Пуцяціных, з 1570 году — Валовічаў, з канца XVI ст. — Радзівілаў. Паселішча ўваходзіла ў склад Наваградзкага павету Наваградзкага ваяводзтва.

Пад 1512 годам Крашын упамінаецца як мястэчка. 27 сьнежня 1566 году вялікі князь Жыгімонт Аўгуст выдаў ліст з дазволам падканцлеру і маршалку дворнаму, старосьце берасьцейскаму і кобрынскаму пану Астафею Валовічу набыць Крашын, а таксама маёнтак Засуле. У лісьце зазначалася, што за даўнейшым часам "имене на имя Крошын фольварок замку Новгородского" быў нададзены татарыну Малік-башы Ардынцу, але яго нашчадкі прывялі маёнтак у заняпад[3]. На 1580 год у Крашыне было 39 двароў, у цэнтры мястэчка знаходзіўся Рынак, на якім раз у тыдзень адбываўся таржок; працавалі млын і карчма, былі 4 рамесьнікі, якія апрацоўвалі розную сыравіну.

Пад уладай Расейскай імпэрыі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Праект касьцёла, 1930 г.

У выніку другога падзелу Рэчы Паспалітай (1793 год) Крашын апынуўся ў складзе Расейскай імпэрыі, у Стваловіцкай воласьці Наваградзкага павету[4]. У 1818 годзе ў мястэчку намаганьнямі сьвятара еха Магнушэўскага, які служыў тут з 1810 году, збудавалі новы драўляны касьцёл. Ксёндз займаўся асьветай, утрымліваў школку для вясковых дзяцей, дапамагаў бедным.

З 1822 году Крашын знаходзіўся ў валоданьні Юрагаў, з 1843 году — Завадзкіх. У 1828 годзе адбыўся сялянскі бунт, які завяршыўся жорсткім пакараньнем. Гэты зацяжны бунт, узначалены ўніятам Казімерам Камінскім, распачаўся яшчэ ў 1826 годзе. Прычынай стала тое, што новы гаспадар Крашыну Станіслаў Гедройць Юрага разам з сваёй жонкай Антанінай пры дапамозе яе брата Канстантына Радзівіла (паланечкаўскае адгалінаваньне знакамітага роду) надумаў адабраць зямлю і запрыгоніць вольных панцырных баяраў-крашынян[2]. У час бунту сялянаў падтрымліваў кс. Магнушэўскі, якога падазравалі ў арганізацыі гэтага супраціву, аднак доказаў не знайшлі і справа скончылася для ксяндза хатнім арыштам[5]. У першай палове 1880-х гадоў у Крашыне было 77 двароў, дзеялі касьцёл і юдэйскі малітоўны дом. У пачатку XX ст. — 160 двароў, касьцёл, расейская народная вучэльня. Побач зь мястэчкам існаваў аднайменны маёнтак (2 двары).

За часамі Першай сусьветнай вайны ў лютым 1918 году Крашы занялі войскі Нямецкай імпэрыі.

25 сакавіка 1918 году згодна з Трэцяй Устаўной граматай Крашын абвяшчаўся часткай Беларускай Народнай Рэспублікі. 1 студзеня 1919 году ў адпаведнасьці з пастановай І зьезду КП(б) Беларусі ён увайшоў у склад Беларускай ССР[6]. Згодна з Рыскай мірнай дамовай 1921 году Крашын апынуўся ў складзе міжваеннай Польскай Рэспублікі, у Сталовіцкай гміне Баранавіцкага павету. На 1921 год тут было 79 дамоў, побач зь мястэчкам знаходзіўся аднайменны фальварак (1 дом).

У 1939 годзе Крашын увайшоў у склад БССР, дзе 12 кастрычніка 1940 году стаў цэнтрам сельсавету. Статус паселішча панізілі да вёскі. На 1972 год тут было 156 двароў, на 1 студзеня 1998 году — 192. У 2000-я гады Крашын атрымаў афіцыйны статус «аграгарадку».

  • XIX стагодзьдзе: 1830 год — 296 муж., зь іх шляхты — 4, духоўнага стану — 2, мяшчанаў-юдэяў — 80, мяшчанаў-хрысьціянаў і сялянаў — 210[7]; 1886 год — 636 чал.; 1897 год — 1030 чал.
  • XX стагодзьдзе: 1901 год — 1380 чал.; 1921 год — 411 чал.[8]; 1959 год — 314 чал.; 1970 год — 450 чал.; 1972 год — 456 чал.[9]; 1997 год — 706 чал.[10]; 1 студзеня 1998 год — 697 чал.[11]; 1999 год — 724 чал.
  • XXI стагодзьдзе: 2010 год — 730 чал.

У Крашыне працуюць сярэдняя школа, дашкольная ўстанова, фэльчарска-акушэрскі пункт, вэтэрынарны ўчастак, дом культуры, бібліятэка, пошта.

Турыстычная інфармацыя

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
Жырандоля, зробленая Паўлюком Багрымам
  • Касьцёл Божага Цела (1920-я; захоўваецца жырандоля, зробленая П. Багрымам)
  • Прысядзібны парк пры былой сядзібе Сьвятаполк-Завадзкіх (XIX ст.)

Помнік на магіле П. Багрыма, мэмарыяльнай дошка ў гонар паэта-каваля на месцы былой сядзібы, памятны знак на месцы, дзе разьмяшчалася ягоная кузьня.

Страчаная спадчына

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]
  • Касьцёл Божага Цела (XIX ст.)
  • Палац Сьвятаполк-Завадзкіх (XIX ст.)
  1. ^ а б Назвы населеных пунктаў Рэспублікі Беларусь: Брэсцкая вобласць: нарматыўны даведнік / І. А. Гапоненка і інш.; пад рэд. В. П. Лемцюговай. — Менск: Тэхналогія, 2010. — 319 с. ISBN 978-985-458-198-9. (pdf, djvu, online) С. 67.
  2. ^ а б в Угрынскі М. А дзе гістарычныя беларускія назвы Крашын, Альсевічы? // Наша слова. № 41 (1192), 2014 г.
  3. ^ Акты, издаваемые Виленскою археографическою комиссиею. — Т. 31. Акты о литовских татарах. — Вильна, 1906. С. 11—41. [1]
  4. ^ Słownik geograficzny... T. IV. — Warszawa, 1893. S. 710.
  5. ^ Яцкоўскі І. Аповесць з майго часу, альбо Літоўскія прыгоды. (Укладаньне, пераклад, пасьляслоўе і каментар Міколы Хаўстовіча). — Warszawa, 2010.
  6. ^ 150 пытанняў і адказаў з гісторыі Беларусі / Уклад. Іван Саверчанка, Зьміцер Санько. — Вільня: Наша Будучыня, 2002. — 238 с. ISBN 9986-9229-6-1.
  7. ^ Соркіна І. Мястэчкі Беларусі... — Вільня, 2010. С. 413.
  8. ^ Skorowidz miejscowości Rzeczypospolitej Polskiej. Tom VII. Część I: Województwo Nowogródzkie. — Warszawa: Główny Urząd Statystyczny Rzeczypospolitej Polskiej, 1923.
  9. ^ БЭ. — Мн.: 1999 Т. 8. С. 479.
  10. ^ Вяроўкін-Шэлюта У. Крошын // ЭГБ. — Мн.: 1994 Т. 2. С. 262.
  11. ^ Памяць: Гіст.-дакум. хроніка г. Баранавічы і Баранавіцкага р-на. — Мн.: БЕЛТА, 2000.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]