Аральскае мора
Возера
Аральскае мора
Аральскае мора | |||||||||||||||||||
Галерэя здымкаў у Вікісховішчы |
Ара́льскае мо́ра — вялікае невыточнае салёнае возера ў Казахстане і Ўзбэкістане.
З 1960-х гадоў бесьперапынна зьмяншаецца праз адвод вады для ірыгацыі з рэк Амудар’і і Сырдар’і. Ужо з 1918 году ўлада ўзьніклага СССР, пастанавіла, што на сухіх раўнінах Казаскай ССР, Узбэцкай ССР і Туркмэнскай ССР, уздоўж Амудар’і і Сырдар’і будуць вырошчваць бавоўну, якая павінна была стаць «белым золатам», асновай эканомікі гэтых рэспублік. У выніку гэтых дзеяньняў Узбэкістан і ў наш час зьяўляецца асноўным экспартэрам бавоўны ў сьвеце.
Будоўля каналаў, якія перасякаюць пустэльню Каракум, была ў асноўным праведзеная ў 1930-х гадах з парушэньнем правілаў гідралёгіі. У выніку ад 30% да 70% вады, якая выбіралася з Амудар’і і Сырдар’і, незваваротна зьнікала ў глебе ці выпарвалася, не дасягаючы ні плянтацыяў бавоўны, ні мора. Лічыцца што да 1960 году ад 20 да 50 км³ вады трапляла ня ў мора, а ў глебу. Нават цяпер толькі 12% даўжыні ірыгацыйных каналаў забясьпечана ад страт вады. Частка вады Амудар’і трапляе ў Сарыкамскую нізіну і ва ўзьніклае ў ХХ стагодзьдзі Сарыкамскае возера. У 1960-х гадоў узровень вады падаў з хуткасьцю 20 см у год, у наступных дзесяцігодзьдзях ўжо 50—60 см у год, а цяпер складае 80—90 см. На месцы былога дна Аральскага мора паўстае новая пустэльня Аралкум, плошча якой расьце са зьмяншэньнем колькасьці вады ў возеры.
Паказчыкі | 1960 г. | 1990 г. | 2003 г. |
---|---|---|---|
Узровень вады, м | 53,40 | 38,24 | 31,0 |
Аб’ём, км³ | 1083 | 323 | 112,8 |
Плошча паверхні, тыс.км² | 68,90 | 36,8 | 18,24 |
Мінералізацыя, ‰ | 9,90 | 29 | 78,0 |
Сток, км³/год | 63 | 12,5 | 3,2 |
На сёньняшні дзень плошча паверхні мора зьменшылася напалову, у будучыні яно паводле пэсымістычных прагнозаў павінна зьнікнуць. Памяншэньне плошчы Аральскага мора прывяло да адной з найвялікшых экалягічных катастроф плянэты.
У 2003 годзе пачаў працу амбіцыйны праект Сусьветнага банка па ўзнаўленьні ўзроўню вады ў Аральскім моры.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]Аральскае мора — сховішча мультымэдыйных матэрыялаў