Перайсьці да зьместу

Стыр

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Рака
Стыр
лац. Styr
Стыр у Луцку
Стыр у Луцку
Агульныя зьвесткі
Выток каля в. Галубіца
Вусьце Прыпяць
Краіны басэйну Беларусь, Украіна
Вобласьці Берасьцейская вобласьць, Львоўская вобласьць, Валынская вобласьць і Ровенская вобласьць
Даўжыня 494 км
Сярэднегадавы сьцёк 49,5 м³/с
Плошча басэйну 12,9 тыс. км²
Нахіл воднай паверхні 0,25 ‰
Месцазнаходжаньне
Стыр на мапе

Стыр (укр. Стир) — рака на поўдні Беларусі і паўночным захадзе Ўкраіны, правы прыток Прыпяці (басэйн Дняпра). Даўжыня 494 км, у межах Беларусі 70 км. Плошча вадазбору 12,9 тыс. км². Выдатак вады ў ніжняй плыні 49,5 м³/с. Агульны спад ракі 122,5 м. Сярэдні нахіл воднай паверхні 0,25 .

Агульныя зьвесткі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Пачынаецца на вышыні 259 м над узроўнем мора на схілах узгорыстага масіву Варанякаў ў межах Падольскага ўзвышша, за 3 км на паўночны ўсход ад вёскі Галубіцы Бродаўскага раёну Львоўскай вобласьці, цячэ Палескай нізінай (Ровенская і Валынская вобласьці, у межах Беларусі Пінскі і Столінскі раёны). Упадае ў Прыпяць двума рукавамі: левы, больш шматводны, Прастыр, даўжыня 21 км, вусьце за 1,5 км на поўдзень ад вёскі Вялікіх Дзіковічаў Пінскага раёну; правы рукаў даўжынёй 70 км, упадае за 64 км ад вусьця Прастыры ніжэй плыньню Прыпяці, за 1 км на паўднёвы захад ад вёскі Баразцоў Столінскага раёну.

Даліна трапэцападобная, у верхняй плыні вузкая, глыбокаўрэзаная, шырыня 0,2—0,3 км, у ніжняй плыні зьліваецца з далінай Прыпяці. Абалона суцэльная, двухбаковая, у ніжняй плыні шырыня да 2 км. Рэчышча мерна зьвілістае, у сярэдняй плыні ў асобных месцах каналізаванае, шырыня ў верхняй плыні 2—10 м, у ніжняй 30—50 м.

Найвышэйшы ўзровень разводзьдзя ў ніжняй плыні ў пачатку сакавіка, сярэдняя вышыня над межанным узроўнем 1,3—1,5 м. Замярзае ў канцы сьнежня — пачатку студзеня, крыгалом у 1—2 дэкадзе сакавіка. Веснавы ледаход у сярэднім 1—2 дні. Суднаходная ад места Луцак (312 км ад вусьця)[1].

  1. ^ Блакітная кніга Беларусі. Энцыкл. — Мн.: 1994. С. 354.
  • Блакітная кніга Беларусі: энцыкл / Рэдкал.: Н. А. Дзісько, М. М. Курловіч, Я. В. Малашэвіч і інш.; Маст. В. Г. Загародні. — Мн.: БелЭн, 1994. — 415 с. — ISBN 5-85700-133-1 С. 354.
  • Природа Белоруссии: Попул. энцикл. / БелСЭ; Редкол.: И. П. Шамякин (гл.ред.) и др. — Мн.: БелСЭ, 1986. — 599 с., 40 л. ил.
  • Ресурсы поверхностных вод СССР. Описание рек и озёр и расчёты основных характеристик их режима. Т. 5. Белоруссия и Верхнее Поднепровье. Ч. 1—2. — Л., 1971.