Днястроўскі каньён

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Мэандар Днястра паміж вёскамі Губін (Тарнопальская вобласьць) і Чарнеліца (Івана-Франкоўская вобласьць).
Далей плыняю ў Днестар упадае рака Стрыпа.
«Чырвоная Гара» блізу вёскі Берамяны (Тарнопальская вобл.) — прыклад адкладаў дэвонскіх чырвоных пяшчаньнікаў.

Днястроўскі каньён — каньён, які ўтвораны ракой Днестар, і разьмешчаны на мяжы 4 вобласьцяў Украіны: Івана-Франкоўскай, Тарнопальскай, Чарнавіцкай і Хмяльніцкай.

Ягоная агульная даўжыня складае каля 250 км, што робіць каньён адным з найбуйнейшых каньёнаў ня толькі Ўкраіны, але й Эўропы.

Днястроўскі каньён, згодна з вынікам усеўкраінскага Інтэрнэт-апытаньня, абвешчанага 26 жніўня 2008 году, прызнаны адным з 7 прыродных цудаў Украіны.

Утварыўся ў выніку спэцыфічнай геалягічнай будовы мясцовасьці, а таксама тэктанічных рухаў і працэсаў воднай і ветравай эрозіі.

Геаграфія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Каньён разьмешчаны ў заходняй частцы Ўкраіны, пры гэты левы і правы бакі каньёну належаць розным вобласьцям: левы — Тарнопальскай і Хмяльніцкай, а правы — Івана-Франкоўскай і Чарнавіцкай.

Паблізу Днястроўскага каньёну праходзяць аўтадарогі А-268, А-269 і М-14.

Геалёгія[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Відслонення Дністровського каньйону.jpg

У далінах Днястра і ягоных прытокаў агаляецца магутны комплекс ападкавых тоўшчаў ад маладых — антрапагенных — і да самых старажытных — сылюрскіх — адкладаў палеазойскай эры.

Каньён пачынаецца ў раёне сяла Ніжне Івана-Франкоўскай вобласьці ўнікальным адслаеньнем юрскага пэрыяду, а закончваецца блізу вёскі Трубчын Баршчэўскага раёну Тарнопальскай вобласьці найбуйнейшым у сьвеце адслаеньнем сылюрскіх пародаў.

На правым беразе Днястра каля вёскі Букоўна, а таксама на левым, каля вёскі Дыброва Івана-Франкоўскай вобласьці, адслойваюцца розныя пароды мэзазойскай эры — адклады верхняй Юры́, што зьяўляецца адзіным падобным адслаеньнем на значнай плошчы Ўсходне-Эўрапейскай плятформы. Гэтыя адклады, прадстаўленыя пераважна жаўтавата-белымі, далямітазаванымі, аалітавымі вапнякамі, якія зьмяшчаюць адбіткі некалькіх відаў выкапняў марскіх водарасьцяў і разнастайны комплекс выкапнёвай фаўны.

На тэрыторыі Днястроўскага каньёну ўтварыліся тры тыпу рэльефу: скульптурна-эразійны, узгорыста-пагоркавы й акумуляцыйна-раўнінны (пераважна на правым беразе).

Навукоўцы адзначаюць, што на тэрыторыі каньёну прысутнічае своеасаблівы, уласьцівы толькі гэтаму раёну эндэмічны, позьнеюрскі комплекс марскіх арганізмаў.

У Днястроўскім каньёне захаваліся ўзоры адкладаў сылюру і дэвону.

Унікальнымі зьяўляюцца Днястроўскія травэртынавыя скалы з натуральнымі або штучнымі пячорамі. Здаўна некаторыя зь іх былі прыстасаваныя пад пячорныя храмы й манастыры. Адным з такіх пячорных манастыроў быў каменны грот «Скала манахаў», каля вёскі Ліцячы на левым беразе Днястра.

Помнікі прыроды[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Найстаражытныя помнікі прыроды Днястроўскага каньёну — скалы дэвонскага геалягічнага пэрыяду (узрост — 350—400 млн гадоў), шматлікія вадаспады, ліставыя, зьмяшаныя і хваёвыя лясы.

Вядомыя сваёй прыгажосьцю мясцовыя запаведнікі: Урочышча Крывое, Чырвоная гара, Хмялеўская сьценка. На левым беразе Днястра з Хмелева Падольскай глыбокім ярам цячэ ручай, утвараючы каскад маляўнічых вадаспадаў (вышыня некаторых дасягае 6-8 м). Побач зт вёскай Ныркаў Тарнопальскае вобласьці з 16-мэтровай вышыні скідае свае воды Джурынскі вадаспад.

Клімат[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У Днястроўскім каньёне існуе своеасаблівы мікраклімат. Зіма ў ім мяккая і маласьнежная. На ўцёсах і берагах сьнег доўга не затрымліваецца, бо ў далінах тэмпэратура на некалькі градусаў вышэй за раўнінную. Вясна ў каньёне прыходзіць на 1-2 тыдні раней, чым на тэрыторыі астатніх Пакуцьця й Падольля. Лета — умерана-сьпякотнае, а навальнічныя дажджы доўжацца нядоўга.

Прытокі Днястра на адрэзку каньёну[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Правыя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

На адрэзку каньёну правыя прытокі кароткія, маюць даўжыню ад 6 да 16 кілямэтраў, за выключэньнем толькі ракі Тлумач. Яны малаводныя й цякуць пераважна ў вузкіх далінах-ярах.

Левыя прытокі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Левабярэжныя прытокі адрозьніваюцца сваёй велічынёй і воднасьцю. Свой пачатак бяруць з крыніцаў і невялікіх забалочаных азёраў, працякаюць па Падольскім ўзвышшы, з поўначы на ​​поўдзень, глыбока ўразаюцца ў плято, утвараючы ў паўднёвай частцы Тарнопальскай вобласьці высокія каньёнападобныя даліны. Дзякуючы рэкам Залатая Ліпа, Стрыпа, Карапец, Нічлава і Збруч воднасьць Днястра на адрэзку каньёна прыкметна павялічваецца.

Флёра[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Высокія левыя берагі ракі пакрытыя рэдкай расьліннасьцю, і па сваёй разнастайнасьці пераўзыходзяць Крамянецкія горы і Падольскія Тоўтры.

Багатымі на расьліннасьць ёсьць схілы каньёну, прыбярэжныя лугі і палі (прыгожнік, сон вялікі, кавыль, першацьвет, Ясенец белы, мігдаль стэпавы , рамонак, скочка руская й г.д.). Значная колькасьць рэліктавых, эндэмічных і рэдкіх расьлінаў каньёну занесеная ў Чырвоную кнігу Ўкраіны.

Фаўна[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Разнастайным ёсьць жывёльны сьвет каньёну. У лясах водзяцца казулі, зайцы, барсукі, лісы, дзікі, вавёркі і іншыя жывёлы. На каменных схілах і ў зарасьніках жывуць яшчаркі, мядзянкі, гадзюкі, вужы.

Дзясяткі відаў птушак жывуць ў лясох, лугах, рачных поймах і на схілах стромкіх пагоркаў (зязюлі, салаўі, дзятлы, ластаўкі, дзікія качкі і гусі, чайкі, шэрыя і белыя чаплі, чорныя буслы, вароны, ястрабы, каршуны і інш.)

У рацэ Днестар налічваецца 40 відаў рыб: карп, падуст, акунь, сом, марэна, лешч, судак, шчупак, верхаводка і многія іншыя. Вялікая колькасьць жаб і ракаў сьведчаць аб дапушчальнай экалягічнай чысьціні Днястроўскай вады.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Днястроўскі каньёнсховішча мультымэдыйных матэрыялаў