Перайсьці да зьместу

Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь

Гэта добры артыкул. Націсьніце на выяву зоркі, каб атрымаць дадатковыя зьвесткі.
Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «ДКСЭ Беларусі»)

Каардынаты: 53°54′28″ пн. ш. 27°30′28″ у. д. / 53.90778° пн. ш. 27.50778° у. д. / 53.90778; 27.50778

Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь

Эмблема
Абрэвіятура ДКСЭ РБ
Дэвіз Аб’ектыўнасьць, гонар, Айчына
Папярэднік Служба судова-мэдыцынскай экспэртызы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь
Дата ўтварэньня 19 ліпеня 1993 (31 год таму)
Тып ведамства
Юрыдычны статус дзяржаўная ўстанова
Мэта удасканаленьне судова-экспэртных дасьледаваньняў
Штаб-кватэра Менск, Фрунзэнскі раён, вул. Кальварыйская, д. 43
Афіцыйныя мовы расейская, беларуская
Старшыня Аляксей Волкаў
Намесьнікі Аляксандар Лашын, Сяргей Яўмененка, Пётар Урублеўскі
Галоўны дзяржаўны судова-мэдыцынскі экспэрт Юры Аўсіюк[1]
Кіроўны орган Калегія
Зьвязаныя кампаніі УП «Белсудэкспэртзабесьпячэньне»
Бюджэт 105,883 млн рублёў[2] (2018 г.; 0,5% рэсп. бюджэту, $52,36 млн)
Сайт sudexpert.gov.by/by
Колішняя назва Дзяржаўная судова-мэдыцынская экспэртыза (да 28 студзеня 1997 г.), Дзяржаўная служба судова-мэдыцынскай экспэртызы (да 6 лістапада 1998 г.), Беларуская дзяржаўная служба судова-мэдыцынскай экспэртызы (да 29 сьнежня 2001 г.), Дзяржаўная служба мэдыцынскіх судовых экспэртызаў (да 22 красавіка 2013 г.)

Дзяржа́ўны камітэ́т судо́вых экспэрты́заў Рэспу́блікі Белару́сь — ведамства ўраду Беларусі, заснаванае ў ліпені 1993 году ў якасьці Дзяржаўнай судова-мэдыцынскай экспэртызы.

Паводле 1-га артыкула Закону «Аб Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» 2015 году, «Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў падпарадкоўваецца прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь». Згодна з 4-м артыкулам Закону, асноўнымі задачамі ДКСЭ ёсьць:

  • ажыцьцяўленьне адзінай дзяржаўнай палітыкі ў галіне судова-экспэртнай дзейнасьці ўлучна зь яе навукова-мэтадычным забесьпячэньнем;
  • ажыцьцяўленьне судова-экспэртнай дзейнасьці;
  • вызначэньне і ажыцьцяўленьне асноўных напрамкаў удасканаленьня судова-экспэртнай дзейнасьці, укараненьне ў практыку дасягненьняў навукі і тэхнікі, станоўчага досьведу, паступальных відаў і спосабаў ладжаньня і правядзеньня экспэртных дасьледаваньняў;
  • ладжаньне падрыхтоўкі і навучаньня па адукацыйных праграмах дадатковай адукацыі дарослых асобаў, якія намерваюцца ажыцьцяўляць судова-экспэртную дзейнасьць, навуковых работнікаў;
  • ладжаньне і разьвіцьцё міжнароднай супрацы ў галіне судова-экспэртнай дзейнасьці[3].

На 2018 год Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Беларусі ўлучаў:

  • 7 галоўных кіраўніцтваў — 1) крыміналістычных экспэртызаў, 2) каардынацыі службовай дзейнасьці, 3) адмысловых экспэртызаў, 4) тэхнічных экспэртызаў, 5) судова-мэдыцынскіх экспэртызаў, 6) судова-псыхіятрычных экспэртызаў, 7) фінансаў і тылу;
  • 7 кіраўніцтваў — 1) рэжымна-сакрэтнай дзейнасьці і справаводзтва, 2) уласнай бясьпекі, 3) апэратыўна-дзяжурнай службы, 4) кадраў і ідэалягічнай працы, 5) паўторных экспэртызаў, 6) ліцэнзаваньня і сэртыфікацыі, 7) ведамаснага кантролю[4];
  • 7 кіраўніцтваў па 6 абласьцях і Менску;
  • УП «Белсудэкспэртзабесьпячэньне», Інстытут павышэньня кваліфікацыі і Навукова-практычны цэнтар.

Паводле 10-га артыкула Закону «Аб Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» 2015 году, ДКСЭ Беларусі:

  • «праводзіць судовыя экспэртызы па крымінальных і цывільных справах, справах аб адміністратыўных правапарушэньнях, гаспадарчых справах, матэрыялах праверак па заявах аб злачынствах;
  • праводзіць дасьледаваньні па матэрыялах дзяржаўных органаў, якія ў тым ліку ажыцьцяўляюць дазнаньне, апэратыўна-вышуковую дзейнасьць, дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў, якія ажыцьцяўляюць наглядальную дзейнасьць»;
  • праводзіць экспэртызы па зваротах грамадзянаў, у тым ліку індывідуальных прадпрымальнікаў (ІП), і юрыдычных асобаў;
  • «праводзіць мерапрыемствы па падтрыманьні на належным узроўні якасьці і своечасовасьці правядзеньня экспэртных дасьледаваньняў;
  • вядзе крыміналістычныя ўлікі і калекцыі;
  • пацьвярджае на дамоўнай аснове адпаведнасьць службовай і цывільнай зброі і боепрыпасаў да яе патрабаваньнямі тэхнічных нарматыўных прававых актаў (НПА) у галіне тэхнічнага нармаваньня і стандартызацыі[5];
  • ажыцьцяўляе забор органаў і тканак у памерлага донара пры адсутнасьці ў яго кровазвароту і дыханьня»;
  • «ажыцьцяўляе нагляд за якасьцю аказаньня мэдыцынскай дапамогі арганізацыямі аховы здароўя незалежна ад формаў уласнасьці і ведамаснай падначаленасьці;
  • забясьпечвае ўдзел супрацоўнікаў і асобаў цывільнага пэрсаналу зь ліку судовых экспэртаў у якасьці адмыслоўцаў у сьледчых і іншых працэсуальных дзеяньнях, апэратыўна-вышукавых мерапрыемствах, … а таксама ў правядзеньні органамі ўнутраных справаў добраахвотнай і абавязковай дзяржаўнай дактыляскапічнай рэгістрацыі;
  • выкарыстоўвае на бязвыплатнай аснове … інфармацыйныя сыстэмы, базы і банкі зьвестак, у тым ліку іншых дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў;
  • ажыцьцяўляе ўлік і захоўваньне матэрыялаў і аб’ектаў, якія тычацца яго дзейнасьці»;
  • «забясьпечвае ідэалягічную працу, рэалізуе мерапрыемствы ўмацаваньня вытворча-тэхнічнай, выканаўчай, службовай і працоўнай дысцыпліны ў ДКСЭ;
  • ажыцьцяўляе захады забесьпячэньня прававой і сацыяльнай абароны супрацоўнікаў і асобаў цывільныга пэрсаналу, грамадзянаў Рэспублікі Беларусь, зволеных са службы ў ДКСЭ у запас (адстаўку), чальцоў іх сем’яў, а таксама чальцоў сем’яў памерлых супрацоўнікаў і асобаў цывільнага пэрсаналу зь ліку судовых экспэртаў;
  • распрацоўвае ў межах сваёй кампэтэнцыі прапановы па ўдасканаленьні заканадаўства, удзельнічае ў распрацоўцы праектаў заканадаўчых і іншых НПА, дзяржаўных праграмаў, у тым ліку ў галіне судова-экспэртнай дзейнасьці;
  • разглядае … звароты грамадзянаў, у тым ліку ІП, і юрыдычных асобаў, ладзіць асабісты прыём грамадзянаў, у тым ліку ІП, іх прадстаўнікоў і прадстаўнікоў юрыдычных асобаў;
  • ладзіць своечасовае давядзеньне да ведама дзяржаўных органаў і інўых арганізацыяў інфармацыі пра хібы, выяўленыя пры правядзеньні па іх матэрыялах экспэртных дасьледаваньняў, што паўплывалі на экспэртныя высновы;
  • інфармуе зацікаўленыя дзяржаўныя органы пра выяўленыя хібы ў арганізацыі і аказаньні мэдыцынскай дапамогі насельніцтву на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь;
  • праводзіць судовыя экспэртызы па цывільных і гаспадарчых справах на платнай аснове ў адпаведнасьці з патрабаваньнямі цывільнага працэсуальнага і гаспадарчага працэсуальнага заканадаўства»[3].

Таксама паводле 10-га артыкула Закону, ДКСЭ Беларусі мае права:

  • «запытваць і атрымліваць ва ўсталяваным парадку на бязвыплатнай аснове ад дзяржаўных органаў і іншых арганізацыяў дакумэнты, патрэбныя матэрыялы і іншую інфармацыю, безь пісьмовай згоды фізычных асобаў атрымліваць зьвесткі зь інфармацыйных сыстэмаў, што зьмяшчаюць асабістыя дадзеныя, і мець доступ, у тым ліку аддалены, да інфармацыйных сыстэмаў, што зьмяшчаюць такія дадзеныя, паводле пісьмовага звароту або на падставе пагадненьня аб даваньні асабістых дадзеных між ДКСЭ і іншым дзяржаўным органам;
  • атрымліваць інфармацыю, што складае лекарскую таямніцу, бяз згоды пацыента…, калі яна патрэбная для правядзеньня судова-мэдыцынскіх і судова-псыхіятрычных экспэртызаў, забору органаў і тканак, ажыцьцяўленьня нагляду за якасьцю аказаньня мэдыцынскай дапамогі;
  • набываць і выкарыстоўваць ва ўсталяваным парадку зброю, боепрыпасы да яе, адмысловыя і транспарныя сродкі, сродкі сувязі, арганізацыйную тэхніку, сродкі і сыстэмы аховы, будынкі, збудаваньні»[3].
Сьцяг ДКСЭ

Паводле Палажэньня аб праходжаньні службы ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў (ДКСЭ) Рэспублікі Беларусь 2013 году, «супрацоўнікам ва ўсталяваным парадку выдаюцца форма адзеньня і знакі адрозьненьня па адмысловых званьнях, якія зацьвярджае прэзыдэнт Рэспублікі Беларусь, а таксама службовае пасьведчаньне і жэтон з асабістым нумарам, узоры якіх усталёўваюцца старшынёй» ДКСЭ (пункт 8). Згодна з пунктам 91 «супрацоўнікі, іх сужонка (сужэнец), а таксама паўналетныя блізкія родзічы, якія пражываюць сумесна зь імі і вядуць агульную гаспадарку, штогод падаюць дэклярацыі аб даходах і маёмасьці». Паводле 16-га пункту, «на пасады шараговага і начальніцкага (малодшага, сярэдняга і старэйшага) складу прымаюцца грамадзяне, як правіла, не сталей за 25 гадоў», каб тыя да дня дасягненьня гранічнага ўзросту знаходжаньня на службе мелі права на пэнсію за выслугу гадоў. Згодна з 18-м пунктам «у дачыненьні грамадзяніна, прыманага на службу, праводзіцца адмысловая праверка, а ў выпадках, вызначаных старшынёй (ДКСЭ), — таксама працэдура афармленьня допуску да дзяржаўных таямніцаў». Паводле 19-га пункту, «для вызначэньня прыдатнасьці грамадзяніна па стане здароўя да службы, а таксама яго асабістых душэўных і псыхафізыялягічных якасьцяў праводзяцца мэдычны агляд грамадзяніна і прафэсійны псыхафізыялягічны адбор вайскова-лекарскімі камісіямі органаў унутраных справаў». Згодна з 20-м пунктам «грамадзяне ня могуць быць прынятымі на службу ў наступных выпадках: учыненьне раней злачынства», «прызнаньне іх нядзеяздольнымі або абмежавана дзеяздольнымі рашэньнем суду, набыўшым законную моц, адмова ад праходжаньня адмысловай праверкі або працэдуры афармленьня допуску да дзяржаўных таямніцаў, непадача дэклярацыі аб даходах і маёмасьці або ўнясеньне ў яе … няпоўных і недакладных зьвестак, наяўнасьць пацьверджанага заключэньнем вайскова-лекарскай камісіі захворваньня або іншага супрацьпаказаньня, што замінае выкананьню імі службовых абавязкаў»[6].

Паводле 21-га пункту Палажэньня, «у выпадку ўсталяваньня абставінаў, што замінаюць прыёму грамадзяніна на службу, ён апавяшчаецца аб прычынах адмовы ў прыняцьці яго на службу». Згодна з 22-м пунктам «парадак адбору кандыдатаў на службу, у тым ліку правядзеньне ў дачыненьні іх адмысловай праверкі і выкарыстаньня тэхнічных сродкаў (паліграфа), усталёўваецца ДКСЭ». Паводле 24-га пункту, «пасады шараговага і малодшага начальніцкага складу камплектуюцца на кантрактнай падставе асобамі: з агульнай сярэдняй адукацыяй або прафэсійна-тэхнічнай адукацыяй…, зь сярэдняй спэцыяльнай адукацыяй або вышэйшай адукацыяй, якія ня маюць вайсковых званьняў афіцэраў запасу». Згодна з 24-м пунктам «пасады сярэдняга і старэйшага начальніцкага складу камплектуюцца — асобамі, якія маюць сярэднюю спэцыяльную або вышэйшую адукацыю. Пасады вышэйшага начальніцкага складу — асобамі, якія маюць вышэйшую адукацыю». Пагатоў «грамадзяне, прынятыя на службу, залічваюцца ў кадры ДКСЭ і здымаюцца з вайсковага ўліку» (пункт 26). Паводле 27-га пункту, «пры паступленьні на службу грамадзяне, якія маюць дакумэнты замежных дзяржаваў, што даюць правы на льготы і перавагі ў сувязі з палітычнымі, рэлігійнымі поглядамі або нацыянальнай прыналежнасьцю, абавязаныя цягам 5 дзён з даты набыцьця моцы кантрактам аб службе перадаць іх на час праходжаньня службы ў кадравую службу адпаведнага органу ДКСЭ». Згодна з 37-м пунктам «кантракт аб службе заключаецца на тэрмін ад 1-го году да 5 гадоў». Пагатоў «кантракты з асобамі, якія атрымалі вышэйшую адукацыю ў дзённай форме … па спэцыяльнасьцях для ДКСЭ і прыманымі на службу, заключаецца на 5 гадоў». Паводле 79-га пункту, «грамадзянам, якія маюць вайсковыя званьні, адмысловыя званьні шараговага і начальніцкага складу органаў унутраных справаў, Сьледчага камітэту, органаў фінансавых расьсьледаваньняў, органаў і падразьдзяленьняў па надзвычайных сытуацыяў, пры прыёме на службу … прысвойваюцца першыя адмысловыя званьні … ДКСЭ, роўныя наяўным у іх вайсковым, адмысловым званьням»[7].

Згодна з 93-м пунктам Палажэньня, усталёўваюцца наступныя тэрміны выслугі ў адмысловых званьнях (юстыцыі або мэдыцынскай службы): малодшы сяржант — 1 год, сяржант — 2 гады, старэйшы сяржант і старшына — па 3 гады, прапаршчык — 5 гадоў, малодшы лейтэнант — 1 год, лейтэнант — 2 гады, старэйшы лейтэнант і капітан — па 3 гады, маёр — 4 гады, падпалкоўнік — 5 гадоў. Паводле 120-га пункту, «супрацоўнік можа прыцягвацца да выкананьня службовых абавязкаў у звышвызначаны час, выхадныя дні, дзяржаўныя сьвяты і сьвяточныя дні», за што яму даюцца дні адпачынку. Таксама «супрацоўнік можа прыцягвацца да нясеньня службы ў зьменным рэжыме працягласьцю да 24 гадзінаў». Згодна са 126-м пунктам «агульная працягласьць асноўнага адпачынку ня можа быць меншай за 21 каляндарны дзень». Паводле 157-га пункту, «супрацоўнікі і чальцы іх сем’яў маюць права на бясплатнае мэдыцынскае абслугоўваньне ў арганізацыях аховы здароўя органаў унутраных справаў». Згодна са 186-м пунктам супрацоўнікі могуць заставацца на службе да дасягненьня гранічнага ўзросту ў залежнасьці ад прысвоеных ім наступных адмысловых званьняў: 1) да падпалкоўніка ўлучна — 45 гадоў, 2) палкоўнік — 50 гадоў, 3) генэрал-маёр і генэрал-лейтэнант — 55 гадоў. Паводле Палажэньня аб парадку матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ДКСЭ РБ 2013 году, «забесьпячэньне супрацоўнікаў баявой зброяй і боепрыпасамі да яе ажыцьцяўляецца Міністэрствам унутраных справаў за кошт сродкаў рэспубліканскага каштарысу, прадугледжаных на ўтрыманьне ДКСЭ»[7].

20 чэрвеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 285 «Аб захадах забесьпячэньня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь», якім зацьвердзіў «нормы забесьпячэньня супрацоўнікаў ДКСЭ РБ, якія маюць адмысловыя званьні, прадметамі формы адзеньня, знакамі адрозьненьня па адмысловых званьнях і іншай рэчавай маёмасьцю». У забесьпячэньне супрацоўнікаў ДКСЭ за дзяржаўны кошт увайшлі 17 прадметаў адзеньня: 2 чорныя шапкі са штучнай скуры (тэрмін нашэньня — 4 і 6 гадоў), 2 цёмна-сінія фуражкі з ваўнянай тканіны (5 і 8 гадоў), цёмна-сіняя куртка з баваўнянай тканіны (5 гадоў), цёмна-сіні мундзір з ваўнянай тканіны (8 гадоў), цёмна-сіні кіцель з воўны (5 гадоў), 2 пары цёмна-сініх нагавіцаў з ваўнянай тканіны (3 і 8 гадоў), белая кашуля (5 гадоў), 3 шэра-блакітныя кашулі (5 гадоў), 2 чорныя гальштукі і 2 пары чорных хромавых чаравікаў (1 і 5 гадоў)[8].

19 ліпеня 1993 году Савет міністраў Рэспублікі Беларусь ухваліў Пастанову № 474 «Аб Дзяржаўнай судова-мэдыцынскай экспэртызе Рэспублікі Беларусь» (ДСМЭ Беларусі), якую ўтварыў на аснове Службы судова-мэдыцынскай экспэртызы Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь. Паводле 2-га артыкула Пастановы, у 1993 годзе Рэспубліканскаму бюро ДСМЭ Беларусі вылучылі 70 млн рублёў. Паводле 3-га пункту Палажэньня аб ДСМЭ РБ, «Дзейнасьцю Службы кіруе галоўны дзяржаўны судова-мэдыцынскі экспэрт Рэспублікі Беларусь, які адначасна зьяўляецца начальнікам Рэспубліканскага бюро ДСМЭ РБ і прызначаецца на пасаду … міністрам аховы здароўя». Згодна з 6-м пунктам Палажэньня да кампэтэнцыі судова-мэдыцынскай экспэртызы адносілася экспэртыза: 1) трупаў, 2) пацярпелых і абвінавачаных, 3) рэчыўных доказаў, 4) матэрыялаў крымінальных і цывільных справаў[9]. 28 студзеня 1997 году прэзыдэнт А. Лукашэнка падпісаў Указ № 112 «Аб Дзяржаўнай службе судова-мэдыцынскай экспэртызы (ДССМЭ) пры Міністэрстве аховы здароўя», што ўтваралася на аснове ДСМЭ Беларусі. Паводле 1-га артыкула Ўказу, начальнік ДССМЭ прызначаўся на пасаду «прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь па прадстаўленьні міністра аховы здароўя»[10]. 6 лістапада 1998 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 532 «Аб Беларускай дзяржаўнай службе судова-мэдыцынскай экспэртызы» (БДССМЭ), што ўтварылі на аснове ДССМЭ. Згодна з 2-м артыкулам Указу БДССМЭ стала «дзяржаўнай установай, якая падначальваецца Ўраду Рэспублікі Беларусь». Галоўны дзяржаўны судова-мэдыцынскі экспэрт стаў прызначацца адзінаасобна прэзыдэнтам Беларусі і атрымаў у падпарадкаваньне цэнтральную судова-мэдыцынскую лябараторыю Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь[11].

31 сьнежня 1998 году Савет міністраў Беларусі ўхваліў Пастанову № 2035 «Пытаньні БДССМЭ». Згодна з 2-м артыкулам Пастановы ўстанавілі, што «органы і ўстановы аховы здароўя незалежна ад ведамаснай падначаленасьці абавязаныя: 1) даваць на запыт дзяржаўных судова-мэдыцынскіх экспэртаў (ДСМЭ) патрэбную мэдыцынскую дакумэнтацыю; 2) ажыцьцяўляць па накіраваньні ДСМЭ бязвыплатна ўсе віды абсьледаваньня агляданых; 3) даваць памяшканьні і ствараць патрэбныя ўмовы для выкананьня ДСМЭ сваіх прафэсійных абавязкаў; 4) накіроўваць на запыт ДСМЭ высокакваліфікаваных лекараў-адмыслоўцаў і асобаў прафэсарска-выкладніцкага складу для ўдзелу ў працы камісіяў». Паводле 1-га артыкула Пастановы, зацьвердзілі Палажэньне аб БДССМЭ і Інструкцыю аб выкананьні судова-мэдыцынскай экспэртызы ў Рэспубліцы Беларусь. Згодна з 14-м пунктам Інструкцыі «дзяржаўны судова-мэдыцынскі экспэрт абавязаны зьявіцца на выклік асобы, якая выконвае дазнаньне, сьледчага, пракурора і суду для выкананьня экспэртызы, даць аб’ектыўнае заключэньне па пастаўленых перад ім пытаньнях, удзельнічаць у аглядзе трупа на месцы здарэньня і іншых сьледчых і судовых дзеяньнях»[12]. 29 сьнежня 2001 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 808 «Аб Дзяржаўнай службе мэдыцынскіх судовых экспэртызаў» (ДСМСЭ), утвораную на аснове БДССМЭ. Паводле 2-га артыкула Ўказу, ДСМСЭ стала «дзяржаўнай установай, што падпарадкоўваецца непасрэдна генэральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь». Начальнік ДСМСЭ стаў прызначацца прэзыдэнтам Беларусі на прапанову генэральнага пракурора[13]. За 2012 год экспэрты Дзяржаўнай службы мэдыцынскіх судовых экспэртызаў Беларусі вынесьлі каля 350 000 заключэньняў. Зь іх дактыляскапія дазволіла раскрыць звыш 12 000 злачынстваў[14].

22 красавіка 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 202 «Аб стварэньні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў (ДКСЭ) Рэспублікі Беларусь» на аснове: ДСМСЭ, «экспэртна-крыміналістычных падразьдзяленьняў органаў унутраных справаў», дзяржаўнай установы «80-я цэнтральная вайсковая судова-мэдыцынская лябараторыя» (Менск, прасп. Машэрава, д. 26) Міністэрства абароны і ўстановаў дасьледаваньняў і экспэртызы Міністэрства па надзвычайных сытуацыях Рэспублікі Беларусь. Таксама ДКСЭ перападпарадкавалі «Цэнтар судовых экспэртызаў і крыміналістыкі» (Менск, вул. Філімонава, д. 25) Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь пад назвай «Навукова-практычны цэнтар». Паводле 3-га артыкула Ўказу, «старшыня ДКСЭ непасрэдна падначальваецца прэзыдэнту Рэспублікі Беларусь … мае 4-х намесьнікаў». Пагатоў намесьнік, які вядзе справы судовых мэдычных і псыхіятрычных экспэртызаў, стаў галоўным дзяржаўным судова-мэдыцынскім экспэртам Беларусі[15]. 1 ліпеня 2013 году Ўказ № 202 набыў моц цалкам[16]. 1 ліпеня 2013 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 292 «Пытаньні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь», паводле якога зацьвердзіў: 1) Палажэньне аб цэнтральным апараце ДКСЭ Беларусі, 2) Палажэньне аб парадку праходжаньня службы ў ДКСЭ Беларусі, 3) Палажэньне аб парадку матэрыяльна-тэхнічнага забесьпячэньня ДКСЭ Беларусі, 4) Дысцыплінарны статут ДКСЭ Беларусі, 5) тэкст Прысягі супрацоўніка ДКСЭ Беларусі, 6) пералік адпаведнасьці адмысловых званьняў ДКСЭ Беларусі, 7) пералік пасадаў у ДКСЭ Беларусі, што могуць замяшчацца дзяржаўнымі службоўцамі[7]. У верасьні 2013 году ДКСЭ Беларусі стварыў афіцыйную электронную паштовую скрыню sudexpertiza@sudmеd.bу для зваротаў фізычных і юрыдычных асобаў[5].

20 чэрвеня 2014 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 285 «Аб захадах забесьпячэньня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь». Паводле Ўказу, зацьвярджаліся Палажэньні: «Аб эмблеме ДКСЭ РБ», «Аб сьцягу ДКСЭ РБ» і "Аб нагрудным знаку адрозьненьня ДКСЭ РБ «За заслугі». Таксама прыкладаліся: 1) пералік прадметаў формы адзеньня супрацоўнікаў ДКСЭ РБ, якія маюць адмысловыя званьні; 2) апісаньне знакаў адрозьненьня па адмысловых званьнях супрацоўнікаў ДКСЭ РБ; 3) нормы забесьпячэньня супрацоўнікаў ДКСЭ РБ, якія маюць адмысловыя званьні, прадметамі формы адзеньня, знакамі адрозьненьня па адмысловых званьнях і іншай рэчавай маёмасьцю[8]. 15 ліпеня 2015 году А. Лукашэнка падпісаў Закон «Аб Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь». Паводле 22-га артыкула Закону, «супрацоўнікі пры ажыцьцяўленьні паўнамоцтваў ДКСЭ маюць права прымяняць фізычную сілу, адмысловыя сродкі, прымяняць і выкарыстоўваць зброю, калі іншымі спосабамі ажыцьцяўленьне такіх паўнамоцтваў не ўяўляецца магчымым». Згодна з 29-м артыкулам Закону, «у выпадку сьмерці супрацоўніка, што настала з прычыны злачыннага замаху на яго жыцьцё ці здароўе ў сувязі з ажыцьцяўленьнем ім службовай дзейнасьці або з прычыны прыняцьця ім захадаў прадухіленьня злачынства, адміністратыўнага правапарушэньня, сям’і памерлага супрацоўніка выконваецца адразовая страхавая выплата ў памеры 10-гадовай сумы акладу грашовага ўтрыманьня і надбаўкі за выслугу гадоў памерлага». Таксама «пры ўсталяваньні супрацоўніку, у тым ліку цягам 1-го году пасьля спыненьня ім службы ў ДКСЭ, інваліднасьці, што настала» з такой самай прычыны, «пацьверджанай мэдыцынскім заключэньнем, выконваецца аднаразовая страхавая выплата ў памеры: 5-гадовай сумы акладу грашовага ўтрыманьня і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду 1-й групы; 4-гадовай сумы акладу грашовага ўтрыманьня і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду 2-й групы; 3-гадовай сумы акладу грашовага ўтрыманьня і надбаўкі за выслугу гадоў — інваліду 3-й групы»[3]. На красавік 2018 году ў Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў Беларусі праводзілі 160 відаў дасьледаваньняў[17].

  1. ^ Інфармацыя // Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь Праверана 20 лістапада 2020 г.
  2. ^ А.Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 2017 г. № № 86-З «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2018 год» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 5 студзеня 2018 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  3. ^ а б в г А. Лукашэнка. Закон Рэспублікі Беларусь «Аб Дзяржаўным камітэце судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» ад 15 ліпеня 2015 г. № 293-З (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 22 ліпеня 2016 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  4. ^ Структурныя падразьдзяленьні // Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, 27 лістапада 2018 г. Праверана 28 лістапада 2018 г.
  5. ^ а б Надзея Паўлава. Дзяржкамітэт судовых экспэртыз прымае электронныя звароты // Зьвязда : газэта. — 17 верасьня 2013. — № 174 (27539). — С. 2. — ISSN 1990-763x.
  6. ^ Пасады радавога і начальніцкага складу // Дзяржаўны камітэт судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь, 27 лістапада 2018 г. Праверана 28 лістапада 2018 г.
  7. ^ а б в А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 1 ліпеня 2013 г. № 292 «Пытаньні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 28 лютага 2018 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  8. ^ а б А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 20 чэрвеня 2014 г. № 285 «Аб захадах забесьпячэньня дзейнасьці Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 12 лютага 2016 г. Праверана 28 лютага 2018 г.
  9. ^ Вячаслаў Кебіч. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 19 ліпеня 1993 г. № 474 «Аб Дзяржаўнай судова-мэдыцынскай экспэртызе Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Валер Леванеўскі, 5 сьнежня 2007 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  10. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 28 студзеня 1997 г. № 112 «Аб Дзяржаўнай службе судова-мэдыцынскай экспэртызы пры Міністэрстве аховы здароўя» (рас.) // Валер Леванеўскі, 30 сакавіка 2007 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  11. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 6 лістапада 1998 г. № 532 «Аб Беларускай дзяржаўнай службе судова-мэдыцынскай экспэртызы» (рас.) // Валер Леванеўскі, 30 сакавіка 2007 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  12. ^ Сяргей Лінг. Пастанова Савета міністраў Рэспублікі Беларусь ад 31 сьнежня 1998 г. № 2035 «Пытаньні Беларускай дзяржаўнай службы судова-мэдыцынскай экспэртызы» (рас.) // Валер Леванеўскі, 2013 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  13. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 12 сьнежня 2001 г. № 808 «Аб Дзяржаўнай службе мэдыцынскіх судовых экспэртызаў» (рас.) // Валер Леванеўскі, 2013 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  14. ^ Зьміцер Лукша. Сёньняшні дзень — пачатак працы для Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз // Белтэлерадыёкампанія, 1 ліпеня 2013 г. Праверана 28 лістапада 2018 г.
  15. ^ А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 22 красавіка 2013 г. № 202 «Аб стварэньні Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртызаў Рэспублікі Беларусь» (рас.) // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 31 сьнежня 2017 г. Праверана 23 лістапада 2018 г.
  16. ^ Ніна Мартынава. Дзяржкамітэт судовых экспэртызаў прыступіў да працы // Герой працы : газэта. — Шуміліна: 27 жніўня 2013. — № 67.
  17. ^ Дзяржаўны камітэт судовых экспэртыз Рэспублікі Беларусь // УП «Белпошта», 5 красавіка 2018 г. Праверана 28 лістапада 2018 г.
  18. ^ Швед Андрэй Іванавіч // Партал «Профіль Беларусі» (Цэнтар Астрагорскага), 18 красавіка 2016 г. Праверана 28 лістапада 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]