Перайсьці да зьместу

Сьвята

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Сьвяточная ялінка.

Сьвя́тадзень альбо дні, калі ўрачыста адзначаюць выбітныя падзеі, вядомыя даты; некалькі непрацоўных дней запар з нагоды ўрачыстасьцяў; адзначальны звычаем альбо царквой дзень у гонар якой-небудзь падзеі ці сьвятога. Сьвяты могуць быць тэматычнымі, прысьвечанымі або прысьвяткаванымі пэўным групам, падзеям або ідэям.

Дзяржаўныя сьвяты ўсталёўваюцца дзяржаўнымі ўладамі, а часам могуць сьвяткавацца толькі ў пэўным рэгіёне краіны. У Беларусі на існуюць дзяржаўных рэгіянальных сьвятаў, а ўсе такія дні маюць агульнарэспубліканскі характар. Рэлігійныя сьвяты ўсталёўваюцца рэлігійнымі арганізацыямі для ўласных вернікаў і часта таксама адзначаюцца як дзяржаўныя ў краінах з рэлігійнай большасьцю. З улікам вялікай колькасьці як праваслаўных, гэтак і каталікоў у Беларусі, хрысьціянскія сьвяты адзначаюцца двойчы. Напрыклад, выходнымі сьвяточнымі днямі ў Беларусі ёсьць 25 сьнежня і 7 студзеня, калі адзначаецца Божае Нараджэньне ў першым выпадку каталікамі ды пратэстантамі, а ў другім выпадку праваслаўнымі.

Амаль усе сьвяты павязаныя зь зьявамі каляндарнага цыклю, гэта значыць з цыклічнай тэмай паміраньня і абнаўленьня прыроды. Адсюль, ад непарыўнага ўспрыняцьця нараджэньня і сьмерці, пайшлі і гэтак званыя асабістыя сьвяты, як то дні народзінаў, дні заснаваньня чагосьці, юбілеі ды іншыя. Праз свой абрадавы і рытуальны характар сьвяты паводле вызначэньня маюць калектыўны або масавы характар. Другім, вельмі сур’ёзным аспэкт сьвятаў, ёсьць ідэалёгія. Уладныя структуры шырока выкарыстоўваюць сьвяты як мэтад фармаваньня сыстэмы палітычных, прававых, рэлігійных і іншых поглядаў на грамадзтва. Масавы характар ​​сьвятаў і прынцыпы іхняй тэатралізацыі вызначаюць высокую ступень эмацыйнай уцягнутасьці атачэньня.