Знак адрозьненьня

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Знакі адрозьненьня»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Нарукаўны знак роты ганаровай варты (Менск, 2016 год)

Знак адро́зьненьня — знак на форменным адзеньні для абазначэньня асабістага вайсковага званьня, прыналежнасьці да віду ўзброеных сілаў, роду войска, адмысловага войска, службы.

Віды: кант, нагрудны і нарукаўны знак (нашыўка і шэўрон), пагон і пятліца, знак на галаўным уборы, пагоне і пятліцы (зорка, какарда і эмблема)[1].

Беларусь[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нарукаўны знак унутраных войскаў МУС Беларусі (2016 год)

Паводле Закону Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе» 1992 году, узоры «знакаў адрозьненьня паводле вайсковых званьняў вайскоўцаў зацьвярджаюцца прэзыдэнтам Рэспублікі Беларусь» (арт. 48)[2]. 21 ліпеня 2009 году А. Лукашэнка падпісаў Указ № 388 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня паводле вайсковых званьняў». 17 сакавіка 2020 году А. Лукашэнка падпісаў па-беларуску Ўказ № 100 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня па вайсковых званьнях вайскоўцаў», паводле якога пастанаўлялася заснаваць пагоны і зацьвердзіць іх Апісаньне. Паводле 3-га пункту Ўказу, пастанаўлялася «ўстанавіць, што знакамі адрозьненьня па вайсковых фармаваньнях, функцыянальным прызначэньні вайскоўцаў зьяўляюцца эмблемы, нарукаўныя знакі, галуны, нашыўкі, лямпасы, канты, вышываньне, кукарды, гузікі, апісаньне якіх зацьвярджаецца адпаведнымі дзяржаўнымі органамі, у якіх прадугледжаная вайсковая служба». «Апісаньне знакаў адрозьненьня па вайсковых знаках вайскоўцаў» зьмяшчала 7 відаў прастакутных пагонаў з прастакутным і трапэцыяпадобным верхнім краем: 1) вайскоўцаў тэрміновай службы, 2) курсантаў, 3) жаўнераў-кантрактнікаў і сяржантаў, 4) прапаршчыкаў, 5) малодшых і старэйшых афіцэраў, 6) вышэйшых афіцэраў, 7) вайскоўцаў зводнай роты ганаровай варты. Вайскоўцы тэрміновай службы мелі «на пагонах з прастакутным верхнім краем — поле ахоўнага колеру, галуны залацістага або ахоўнага колеру». У іх жа былі «на пагонах з трапэцыяпадобным верхнім краем — гузік і эмблема на пагон (або без эмблемы на пагон) у верхняй частцы, поле аліўкавага колеру, галуны залацістага колеру». Вайскоўцам-тэрміновікам у званьні «малодшы сяржант» («старшына 2-га артыкулу» ў рачным флёце) прызначаліся па 2 галуны на пагон; у званьні «сяржант» («старшына 1-га артыкулу») — па 3 галуны; у званьнях «яфрэйтар», «старэйшы сяржант» і «старшына» («старэйшы матрос», «галоўны сяржант » і «галоўны карабельны старшына») — па 1 галуне. Таксама тэрміновікі ў Дзяржаўным памежным камітэце Рэспублікі Беларусь мелі пагоны з полем зялёнага колеру[3].

Паводле Апісаньня знакаў адрозьненьня па вайсковых званьнях вайскоўцаў 2020 году, у курсантаў «у ніжняй частцы пагона на падоўжнай восевай лініі разьмяшчаецца літара «К» залацістага або ахоўнага колеру». У іх жа на пагонах з трапэцыяпадобным верхнім краем дадаткова месьцяцца падоўжныя палоскі залацістага колеру. На такіх самых пагонах курсанты ўнутраных войскаў Міністэрства ўнутраных справаў Рэспублікі Беларусь мелі поле аліўкавага або белага колеру, курсанты-памежнікі — поле зялёнага або белага колеру. Жаўнеры-кантрактнікі і сяржанты (матросы і старшыны на рачным флёце) маглі дадаткова мець на такіх пагонах чырвоны кант. Іх пагон меў поле аліўкавага, белага або залацістага колеру. Кантрактнікі і сяржанты памежнай службы маглі мець зялёны кант; Сілаў спэцыяльных апэрацыяў (ССА), Вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароныблакітны кант; Камітэту дзяржаўнай бясьпекі Рэспублікі Беларусь, Службы бясьпекі прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь і Апэратыўна-аналітычнага цэнтру пры прэзыдэнце Рэспублікі Беларусь — валошкавы кант. Прапаршчыкі (мічманы) замест галуноў мелі на пагонах з прастакутным верхнім краем па 2 зоркі ахоўнага або залацістага колеру, з трапэцыяпадобным верхнім краем — па 2 залацістыя зоркі. Старэйшы прапаршчык (старэйшы мічман) меў па 3 зоркі на пагоне. Малодшым афіцэрам прызначаўся пагон з трапэцыяпадобным верхнім краем, што дадаткова меў 1 прасьвет у колер канта (чырвоны або іншы адпаведна роду войска). Для старэйшых афіцэраў прызначаўся такі пагон з 2-ма прасьветамі. Пагон у званьнях «малодшы лейтэнант» і «маёр» («капітан 3-га рангу») зьмяшчаў 1 зорку; «лейтэнант» і «падпалкоўнік» («капітан 2-га рангу») — 2 зоркі; «старэйшы лейтэнант» і «палкоўнік» («капітан 1-га рангу») — 3 зоркі; «капітан» («капітан-лейтэнант») — 4 зоркі. Вышэйшым афіцэрам прызначаўся пагон з прастакутным верхнім краем, што мела поле аліўкавага або ахоўнага колеру і вышытыя зоркі адпаведна залацістага або ахоўнага колеру. Іх пагон з трапэцыяпадобным верхнім краем зьмяшчаў гузік у верхняй частцы і поле аліўкавага, ахоўнага, белага або залацістага колеру. Такі пагон мог зьмяшчаць і чырвоны кант, або для ССА, ВПС і войскаў СПА — блакітны кант. Таксама на пагоне з залацістым полем разьмяшчаліся вышытыя зоркі з кантам адпаведнага адценьня. У званьні «генэрал-маёр» на пагоне месьцілася 1 вышытая зорка, «генэрал-лейтэнант» — 2 зоркі, «генэрал-палкоўнік» — 3 зоркі[3].

Вайскоўцы зводнай роты ганаровай варты мелі насіць пагоны толькі з трапэцыяпадобным верхнім краем. Яны зьмяшчалі гузік і эмблему (або без эмблемы) ў верхняй частцы, залацістыя літары «РГВ» у ніжняй частцы, залацісты кант і белае або чырвонае поле. Замест чырвонага поля пагона памежнікі мелі зялёнае, вайскоўцы ўнутраных войскаў МУС Беларусі — крапавае, вайскоўцы ВПС і войскаў СПА — блакітнае[3].

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Віктар Восіпаў, Ігар Дзенісенка, Рыгор Лянькевіч. Знакі адрозьненьня // Ваенная энцыкляпэдыя Беларусі / гал.рэд. Ларыса Языковіч, маст. Віктар Ляхар. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2010. — С. 439. — 1136 с. — 2100 ас. — ISBN 978-985-11-0542-3
  2. ^ Закон Рэспублікі Беларусь «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе». Артыкул 48(рас.) // Кодэксы Беларусі, 2020 г. Праверана 31 сакавіка 2020 г.
  3. ^ а б в А. Лукашэнка. Указ прэзыдэнта Рэспублікі Беларусь ад 17 сакавіка 2020 г. № 100 «Аб вайсковай форме адзеньня і знаках адрозьненьня па вайсковых званьнях вайскоўцаў» // Нацыянальны прававы інтэрнэт-партал Рэспублікі Беларусь, 21 сакавіка 2020 г. Праверана 31 сакавіка 2020 г.