Вінцэнт Корвін-Гасеўскі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Вінцэнт Корвін Гасеўскі»)
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. Мастак Даніэль Шульц малодшы, XVII ст.
Вінцэнт Корвін-Гасеўскі. Мастак Даніэль Шульц малодшы, XVII ст.
Slepowron.svg
Герб «Сьлепаўрон»
Асабістыя зьвесткі
Нарадзіўся 1620
Воўчын Берасьцейскага павету
Памёр 29 лістапада 1662
Астрына Лідзкага павету
Пахаваны Касцёл Святога Казіміра (Вільнюс)[d]
Род Корвін-Гасеўскія
Бацькі Аляксандар Корвін-Гасеўскі
Эва з Пацаў
Жонка Магдалена з Канапацкіх
Дзеці Тэрэза, Соф’я, Багуслаў
Дзейнасьць дыплямат

Вінцэнт Аляксандар Корвін-Гасеўскі (каля 1620, Воўчын Берасьцейскага павету — 29 лістапада 1662, Астрына Лідзкага павету[1]) — дзяржаўны і вайсковы дзяяч Вялікага Княства Літоўскага. Стольнік (1646—1652) і падскарбі вялікі літоўскі (1652—1654), гетман польны літоўскі (з 1654). Генэрал артылерыі літоўскай (1651).

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Прадстаўнік шляхецкага роду Корвін-Гасеўскіх гербу «Сьлепаўрон», сын Аляксандра, ваяводы смаленскага і Эвы з Пацаў. Пераемнік бацькі на пасадах старосты маркаўскага і пунскага, брата Крыштапа на пасадзе старосты вяліскага; староста ашмянскі, лазьдзейскі, пашырвінцкі, адміністратар Алыцкай і Магілёўскай эканоміяў[2].

Навучаўся ў Віленскай езуіцкай акадэміі, потым у Рыме, Падуі і Вене[1].

Па вяртаньні на Бацькаўшчыну атрымаў ад караля і вялікага князя Ўладзіслава Вазы пасаду стольніка вялікага літоўскага (1646). У 1648 падпісваў элекцыю Яну Казімеру, якога падтрымліваў яшчэ да абраньня на сталец.

Служыў у войску пад камандай Януша Радзівіла, калі той вёў барацьбу з казакамі. Удзельнік Бітвы пад Лоевам (1649). З 1651 — генэрал артылерыі, таго ж году ў бітве пад Чарнобылем разьбіў казацкае войска палкоўнікаў Антонава і Адамовіча. У 1654 атрымаў булаву гетмана польнага літоўскага ад Януша Радзівіла, якога папярэдне прызначылі гетманам вялікім літоўскім. Гэтым прызначэньнем кароль польскі і вялікі князь літоўскі Ян Казімер хацеў абмежаваць уплыў Януша Радзівіла ў войску, прызначыўшы на пасаду яго даўняга непрыяцеля[3].

У вайну Маскоўскай дзяржавы з Рэччу Паспалітай падпісаў у Кейданах швэдзка-літоўскую унію. Аднак неўзабаве зрабіўся прыхільнікам прымірэньня Рэчы Паспалітай і Маскоўскай дзяржавы для супольнай барацьбы супраць Швэцыі. Выступіў за захаваньне уніі Вялікага Княства Літоўскага з Каралеўствам Польскім.

У выніку канфлікту зь Янушам Радзівілам В. Корвін-Гасеўскага арыштавалі ў Кейданах і як палоннага перавезьлі да Караляўца. У няволі здолеў атрымаць ад Карла Х Густава пісьмовае пацьверджаньне намеру нападу на Маскоўскую дзяржаву, якое па вызваленьні перадаў маскоўскаму цару Аляксандру Міхайлавічу.

Увесну 1656 уцёк зь няволі на Літву, дзе ўласным коштам сабраў некалькі харугваў. У змаганьні са швэдамі дайшоў да Варшавы. Удзельнік аблогі Тыкоціна ды няўдалай бітвы пад Варшаваю (1656), па якой швэды ізноў занялі сталіцу Каралеўства Польскага.

На загад Яна Казімера са сваімі харугвамі накіраваўся ва Ўсходнюю Прусію і Вялікае Княства Літоўскае. Меў канфлікт з гетманам вялікім літоўскім Паўлам Янам Сапегам. 8 кастрычніка 1656 пад Просткамі дашчэнту разьбіў брадэнбурскае і швэдзкае войска. Узяў у палон князя Багуслава Радзівіла. Тую бітву ў рамане «Патоп» апісаў Генрык Сянкевіч.

Наступная бітва пад Філіпавам (22 кастрычніка 1656) скончылася перамогай войскаў фэльдмаршала Густава Атона Стэнбака. У час хаосу бітвы Багуславу Радзівілу пашчасьціла ўцячы. У 1658 змагаўся са швэдамі на Інфлянтах і Жамойці.

Увосень 1658 у бітве з маскоўскім войскам пад Вільняй трапіў у палон — у суперніцтве з Паўлам Янам Сапегам, не чакаючы дапамогі, напаў на маскоўскае войска і быў разьбіты. Спробы П. Я. Сапегі вызваліць В. Корвін-Гасеўскага былі безвыніковымі. Больш за тры гады правёў у няволі ў Маскве, аднак умовы ягонага ўтрыманьня не былі цяжкімі: у зьняволеньні працаваў зь літаратураю, рабіў пераклады з францускае мовы, пісаў. У красавіку 1662 яго выменялі на пяць маскоўскіх ваяводаў. Атрымаў за службу Кейданы.

У лістападзе 1662 В. Корвін-Гасеўскага накіравалі да Вільні на размову з узбунтаваным літоўскім войскам. Тамака яго арыштаваў віцэ-маршалак Канстатын Катоўскі. 29 лістапада 1662 жаўнеры сканфэдэраванага войска злачынна забілі В. Корвін-Гасеўскага.

Пахавалі гетмана ў віленскім касьцёле Сьвятога Казімера, выканаўцаў забойства пакаралі сьмерцю.

Галерэя[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Нашчадкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Тэрэза Корвін-Гасеўская

У шлюбе з Магдаленай Канапацкай меў сына і 2 дачок:

  • Багуслаў — біскуп-суфраган беларускі, біскуп смаленскі (не пакінуў нашчадкаў)
  • Тэрэза — выйшла замуж за: 1. Юзэф Багуслаў Слушка, гетман польны літоўскі, кашталян віленскі, 2. Казімер Ян Сапега, ваявода віленскі і гетман вялікі літоўскі; абодва шлюбы былі бязьдзетнымі
  • Соф’я — выйшла замуж за Аляксандра Прыемскага, падстолія кароннага

Па сьмерці В. Корвін-Гасеўскага ўдава выйшла замуж за князя Януша Караля Чартарыйскага, падкаморыя кракаўскага.

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б Гасеўскі Вінцэнт Корвін // Сагановіч Г. Невядомая вайна: 1654—1667. — Менск, 1995.
  2. ^ Вячаслаў Насевіч. Гасеўскія // ВКЛ. Энцыкл. Т. 1. — Менск, 2005. С. 516.
  3. ^ Прыбытка, Г. Барацьба магнацкіх груповак у другой палове XVII — пачатку XVIII ст. // Спадчына. — Мн.: Полымя, 1995. — № 5. — С. 38—39.

Літаратура[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Вінцэнт Корвін-Гасеўскісховішча мультымэдыйных матэрыялаў