Бялградзкая біржа
«Бялградзкая біржа» | |
сэрб. Београдска берза | |
Тып | фондавая |
---|---|
Разьмяшчэньне | Бялград, Сэрбія |
Заснаваная | 21 лістапада 1894 (130 гадоў таму) |
Уладар | Урад Сэрбіі |
Ключавыя асобы | Сініша Крнета[1] |
Валюта | сэрбскі дынар |
Колькасьць лістынгаў | 557[2] |
РынКап | 522 099,485 млн дынараў (10 красавіка 2019 г; 4 425,378 млн эўра)[3] |
Аб'ём | ▼63 187,582 млн дынараў (2018 г.; 534,125 млн эўра)[4] |
Індэксы | БялБір15 |
Сайт | belex.rs |
«Бялгра́дзкая бі́ржа» — фондавая біржа Сэрбіі, заснаваная ў лістападзе 1894 году ў Бялградзе.
Месьціцца ў гарадзкой абшчыне Новы Бялград па вуліцы Моладзевай брыгады, д. 1[5]. На 2019 год гандаль ладзіўся з панядзелка па пятніцу ад 9-й да 14-й гадзіны[6]. АТ «Бялградзкая біржа» ладзіла гандаль каштоўнымі паперамі праз 3 віды лістынгу — першарадны, звычайны і маларынкавы, а таксама праз адкрыты рынак і шматбаковую гандлёвую плятформу[7].
Кіраваньне
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Скупшчына (Сход). Складаецца з пайшчыкаў біржы. Выбірае Кіраўнічую раду ў складзе 5 сябраў на 4 гады.
- Кіраўнічая рада. Складаецца з 5 сябраў ад найбольшых і меншых пайшчыкаў біржы, а таксама прадстаўніка ўдзельнікаў біржы. Прызначае склад Камісіі лістынгу з 5 сябраў. Штогод прызначае склад Дысцыплінарнай камісіі.
- Камісія лістынгу. Складаецца з 5 сябраў ад пайшчыкаў і ўдзельнікаў біржы, якія маюць прынамсі 3-гадовы досьвед гандлю каштоўнымі паперамі. Дапускае каштоўныя паперы да біржавога гандлю і прыпыняе гандаль імі.
- Дысцыплінарная камісія. Складаецца са старшыні, яго намесьніка, 2 сябраў і 2 намесьнікаў сябраў зь ліку супрацоўнікаў біржы. Накладае спагнаньне на ўдзельнікаў і брокераў біржы за парушэньне правілаў гандлю[8].
Будова
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год удзельнікамі АТ «Бялградзкая біржа» былі 28 прадпрыемстваў:
- 1 рынкаўтваральнік — АТ «Укладаньні МіВ» (Новы Бялград, бульв. Міхаіла Пупіна, д. 115 Е);
- 21 дылера — «Агульнае таварыства» (Парыж, Францыя), Банк «Інтэза» (Турын, Італія), АТ «Бялградзкі незалежны брокер», АТ «Ваяводзінскі банк», АТ «Дыл-брокер», АТ «Дунайскі фондавы брокер», АТ «Ёргіч брокер», АТ «Камэрцыйны банк», АТ «Капітал Адзін» (Маклейн, штат Вірджынія, ЗША), АТ «Міжгародні брокер», АТ «Мэдыяланум-інвэст», АТ «Паштовы ашчадны банк», АТ «Прадбачлівы капітал», АТ «Райфайзэн-банк» (Вена, Аўстрыя), АТ «Субаціцкі брокер-дылер» (Субаціца, край Ваяводзіна), АТ «Тэзоро брокер», АТ «Тэсла-капітал», «Унікрэдыт Банк» (Мілян, Італія), АТ «Эрст-банк» (Вена), АТ «Эўрабанк» (Атэны, Грэцыя) і АТ «Юбмес-банк»;
- 6 брокераў — АТ «АБЦ брокер», АТ «Ілірыка» (Любляна, Славенія), АТ «Канвест» (Нові Сад, край Ваяводзіна), АТ «Мамэнтум», АТ «Тандэм» (Нові Сад) і АТ «Эўра фінэкс-брокер»[9].
Да Маларынкавага лістынгу на АТ «Бялградзкая біржа» дапускалі прадпрыемствы, якія: 1) мелі прынамсі 1 млн эўра капіталу, 2) прайшлі аўдыт, 3) вялі вэб-сайт па-сэрбску і па-ангельску, 4) разьмясьцілі ў вольным абарачэньні на біржы прынамсі 25 % паёў, 5) мелі паі вартасьцю прынамсі 150 000 эўра. У Звычайны лістынг улучалі прадпрыемствы, якія ў дадатак: 1) існавалі прынамсі 3 гады, 2) валодалі 2 млн эўра капіталу, 3) мелі за папярэднія 6 месяцаў прынамсі паўмільёна дынараў (4200 эўра) сярэднедзённага абарачэньня паёў на біржы ў рамках прынамсі 5 штодзённых дамоваў. Пры выпуску аблігацыяў прадпрыемства мусіла: 1) быць бясстратным за мінулы год, 2) мець вартасьць паёў на прынамсі 1 млн эўра, 3) валодаць дзейным (незаблякаваным) рахункам папярэднія 60 дзён. У Першарадным лістынгу знаходзіліся прыбытковыя прадпрыемствы, якія дадаткова мелі прынамсі 3 млн эўра капіталу. Пры выпуску аблігацыяў вартасьць іх паёў мела складаць прынамсі 3 млн эўра, а рахунак мусіў быць дзейным папярэднія 180 дзён[10].
Індэксы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]На 2019 год АТ «Бялградзкая біржа» вяла 2 біржавыя індэксы:
- БялБір15 (анг. BelEx15). Вядзецца з 1 кастрычніка 2005 году ад велічыні ў 1000 пунктаў. Улучае 15 найбольшых прадпрыемстваў на біржы паводле рынкавай вартасьці. Найбольшая вага аднаго прадпрыемства абмяжоўвалі 20 % вартасьці індэкса, склад паёў якога абнаўлялі кожныя паўгады. На 10 красавіка 2019 году яго вартасьць складала 739,29 пункту[11].
- БялБірлінія (BelExline). Агульны біржавы індэкс, створаны 30 верасьня 2004 году з вартасьцю 1000 пунктаў. Склад паёў абнаўляецца кожныя паўгады. Паі аднаго прадпрыемства мелі складаць да 10 % вартасьці індэкса. На 10 красавіка 2019 году яго вартасьць складала 1586,75 пункту[12].
Гісторыя
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]21 лістапада 1894 году адбыўся ўстаноўчы сход Бялградзкая біржы, які абраў управу і прызначыў біржавых пасярэднікаў. Першапачаткова гандаль праводзілі ў бялградзкай гасьцініцы «Босьнія» на беразе рацэ Саве. У адным памяшканьні гандлявалі валютамі і тамсама складалі дамовы на экспарт чарнасьліваў і іншага харчаваньня. Пры канцы 1890-х гадоў у складзе Бялградзкай біржы вылучылі валюную біржу, што ладзіла гандаль у гасьцініцы «Сэрбская карона» на іншым беразе ракі. Большасьць гандлю складалі ўрадавыя аблігацыі. У 1914—1918 гадах Бялградзкая біржа прыпыняла дзейнасьць на час Першай сусьветнай вайны. Пасьля вайны на біржы гандлявалі паямі звыш 140 прадпрыемстваў. У 1934 годзе біржу перанесьлі на Каралеўскую плошчу. Штодня на біржы гандлявала звыш 100 чалавек, а расцэнкі друкавалі на 1000 асобніках на трох мовах. У 1939 годзе старшынём біржы стаў былы старшыня ўраду Мілан Стаядзінавіч(sr). 28 сакавіка 1941 году адбылося апошняе паседжаньне Ўправы біржы. У 1953 годзе ўрад Народнай Рэспублікі Сэрбія зацьвердзіў Пастанову аб скасаваньні Бялградзкай біржы[13].
У сьнежні 1989 годзе 34 найбольшыя банкі Югаславіі правялі ўстаноўчы сход Югаслаўскага рынку капіталу. У 1991 годзе ўпершыню правялі гандаль паямі сэрбскіх прадпрыемстваў «Сінтэлон» (Бачка-Паланка, край Ваяводзіна) і «Аўтадом Кікінды» (Ваяводзіна). У 1992 годзе рынак перайменавалі ў Бялградзкую біржу. У 1990-я гады большасьць гандлю складалі дзяржаўныя і прыватныя аблігацыі. У 1996 годзе пачалі гандляваць дамовамі на пастаўку кукурузы, цукру і алею. У 2000 годзе сталі прадаваць аблігацыі мясцовага самакіраваньня і Народнага банку Югаславіі, а таксама разьмясьцілі акцыі прыватызаваных прадпрыемстваў. У 2003 годзе сталі магчымымі безупынны і аддалены гандаль. Пры канцы 2004 году пачалі выдаваць першы біржавы індэкс. У 2005 годзе ўвялі імгненную рассылку расцэнак. У 1-й палове 2008 годзе запусьцілі ўласнае апраграмаваньне, у выніку чаго пры канцы году адзін з удзельнікаў біржы стаў першым рынкаўтваральнікам[13]. У 2017 годзе выручка АТ «Бялградзкая біржа» дасягнула 83,1 млн сэрбскіх дынараў пры чыстым прыбытку 21,6 млн дынараў[14] (рэнтабэльнасьць 26 %).
Крыніцы
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- ^ Арганізацыя (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Паі ўсіх прадпрыемстваў (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Рынкавая капіталізацыя (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 10 красавіка 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Гадавая статыстыка (за 2018 год) (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Кантакт (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Ступені гандлю (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Прыём на рынак (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Органы біржы (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Сьпіс удзельнікаў Бялградзкай біржы (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Умовы лістынгу на Рэгуляваным рынку (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Агляд БялБір15 (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Агляд БялБірлінія (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ а б Гісторыя (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- ^ Справаздача за 2017 год (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 9 сакавіка 2018 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
Вонкавыя спасылкі
[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]- Цана ладжаньня і далучэньня да гандлю на рэгуляваным рынку і ШГП Бялбіржы (сэрб.) // АТ «Бялградзкая біржа», 2019 г. Праверана 10 красавіка 2019 г.
- Аблігацыі (сэрб.)
- Рынкавая капіталізацыя па галінах (сэрб.)