Электраэнэргетыка Сэрбіі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Перайсьці да навігацыі Перайсьці да пошуку

Каардынаты: 44°48′43″ пн. ш. 20°27′38″ у. д. / 44.81194° пн. ш. 20.46056° у. д. / 44.81194; 20.46056

«Электраэнэргетыка Сэрбіі»
сэрб. Електропривреда Србије
Logo of Elektroprivreda Srbije.svg
Тып дзяржаўнае прадпрыемства
Заснаваная 6 кастрычніка 1893 (127 гадоў таму)
Уласьнікі Урад Сэрбіі
Краіна Сэрбія
Разьмяшчэньне Бялград
Адрас абшчына Стары Град, квартал Тэразія, Балканская вул., д. 13
Ключавыя фігуры Міларад Грчыч[1], Бранко Кавачэвіч[2]
Галіна электраэнэргетыка
Прадукцыя цеплавая энэргія, электраэнэргія
Абарачэньне Green Arrow Up Darker.svg231,6 млрд дынараў ($2,24 млрд; 2018 год)[3]
Апэрацыйны прыбытак Red Arrow Down.svg5,655 млрд дынараў ($54,7 млн; 2018 год)
Чысты прыбытак Red Arrow Down.svg-1,323 млрд дынараў (-$12,8 млн; 2018 год)
Лік супрацоўнікаў 29 736 (2019 год)
Даччыныя кампаніі «ЭЭС Забесьпячэньне», «ЭЭС Разьмеркаваньне»
Аўдытар «Прайсўотэрхаўс-Купэры» (Ангельшчына)

«Электраэнэрге́тыка Сэ́рбіі» («ЭЭС») — дзяржаўнае прадпрыемства Сэрбіі, заснаванае ў кастрычніку 1893 году ў якасьці цеплаэлектрастанцыі ў Бялградзе.

На 2020 год «Электраэнэргетыка Сэрбіі» мела 2 даччыныя прадпрыемствы ў Сэрбіі «ЭЭС Забесьпячэньне» і «ЭЭС Разьмеркаваньне», а таксама ТАА «ЭЭС Гандляваньне» ў Славеніі (Любляна). Таксама «ЭЭС» мела 51% паёў у ТАА «Ібарская ГЭС» і ТАА «Мараўская ГЭС». Урад Сэрбіі прызначаў кіраўніка і Назіральную раду прадпрыемства, якая вызначала склад Выканаўчай рады[4]. У 2019 годзе «ЭЭС Забесьпячэньне» паставіла звыш 3,5 млн пакупнікоў 36 461 гігават-гадзіна электраэнэргіі, што склала 97% электраспажываньня Сэрбіі. На 2020 год усталяваная магутнасьць электрастанцыяў «ЭЭС» складала 7,326 гігават[5]. Каля 70% электраэнэргіі вырабілі на 9 ЦЭС і ЦЭЦ з бурага вугалю, 75% якога здабылі ў Калубарскім басэйне, а рэшту — Кастолацкім[6]. Астатнія 30% электраэнэргіі вырабілі на 16 гідраэлектрастанцыях[7]. Каля 47% вытворчасьці электраэнэргіі прыпадала на цеплаэлектрастанцыі «Нікола Тэсла А і Б» у Бялградзе. Яшчэ 19% выраблялі ГЭС «Джэрдап 1 і 2» у Жалезнай браме Дунаю на мяжы з Румыніяй[8].

Падразьдзяленьні[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ГЭС «Джэрдап 1» (2018 год)

На 2020 год «Электраэнэргетыка Сэрбіі» налічвала 6 асноўных падразьдзяленьняў.

  • Гідраэлектрастанцыі «Джэрдап» (Кладова, Борская акруга). Агульная магутнасьць электрастанцыяў налічвала 1,578 гігават. Вытворчасьць электраэнэргіі ў 2019 годзе склала 7298 гігават-гадзіна. Працягласьць ахоўных насыпаў перавышала 370 км. За год перавялі звыш 3000 рачных суднаў[9]. Падразьдзяленьне ўлучала 7 ГЭС — «Джэрдап 1»(sr) (1083 мэгават), «Джэрдап 2» (270 Мват), 4 «Ўласінскія ГЭС» (128,45 Мват) і «Пірот» (80 Мват)[10].
  • «Дрынска-Лімскія ГЭС» (Баіна Башта, Злацібоская акруга). Усталяваная магутнасьць налічвала 1,387 гігават. У 2019 годзе вытворчасьць склала 2350 гігават-гадзіна. Усталяваны паток электрастанцыяў налічваў 1867,4 кубамэтар/сэк[11]. Падразьдзяленьне ўлучала сонечную электрастанцыю «Плаціна Лазічы» (330 кіляват) і 11 ГЭС: 2 ГЭС «Баіна Башта» (1034 Мват), 4 «Лімскія ГЭС» (211 Мват), «Зворнік» (110 Мват), 2 ГЭС «Электрамарава» (17 Мват), «Радальская Баня» (250 кіляват) і «Урэло» (90 Кват)[12].
  • Цеплаэлектрастанцыі «Нікола Тэсла» (абшчына Абрэнавац у Бялградзе) мела ўсталяваную магутнасьць 3,433 гігаваты. У 2019 годзе вырабілі 20 206 гігават-гадзіна электраэнэргіі і 250 гігават-гадзіна цеплавой энэргіі з 28 млн тонаў вугалю[13]. Налічвала 4 ЦЭС: «Нікола Тэсла А» (1745 Мват), «Нікола Тэсла Б» (Ушче, 1270 Мват), «Калубара» (Вялікія Црлені, 271 Мват) і «Марава» (Сьвілайнац, 125 Мват)[14].
  • ЦЭС і капальні «Кастолац». У 2019 годзе на 2 ЦЭС вырабілі 6000 гігават-гадзіна электраэнэргіі з 9 млн тонаў вугалю, здабытых у капальні Дрмно[15].
  • «Панонскія цеплаэлектрацэнтралі» (Нові Сад) мелі ўсталяваную магутнасьць у 505 мэгават цеплавой энэргіі і 424 мэгаваты электраэнэргіі[16]. Усе 3 ЦЭЦ месьціліся ў аўтаномным краі Ваяводзіна. ЦЭЦ «Нові Сад» мела гадавую электрамагутнасьць 1500 гігават-гадзіна (355 мэгават цяпла і 250 мэгават электраэнэргіі), «Зрэнянін» — 750 гігават-гадзіна (140 Мват цяпла і 110 Мват электраэнэргіі). ЦЭЦ «Срэмска-Мітравіца» мела цеплавую магутнасьць 33 Мват і электрычную — 32 Мват[17].
  • «Вугальны басэйн Калубара» (Лазарэвац). У 2019 годзе ў 4 капальнях здабылі 30 млн тонаў вугалю, зь якога вырабілі 53% электраэнэргіі ў Сэрбіі[18].

Мінуўшчына[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

ГЭС «Баіна Башта» зьверху (2009 год)

6 кастрычніка 1893 годзе ў Бялградзе (Каралеўства Сэрбія) запусьцілі 1-ю цеплавую электрастанцыю, якую разьмясьцілі ў мясцовасьці Дорчол. У выніку ў горадзе зьявілася асьвятленьне на вуліцах у выглядзе 65 ліхтароў. У будынках усталявалі 422 лямпачкі. 2 жніўня 1900 году запусьцілі 1-ю гідраэлектрастанцыю пад горадам Ужыцэ на рацэ Джэціня, якую асабіста заклаў сэрбскі кароль Аляксандар Абрэнавіч. У 1903 годзе правялі 1-ю лінію электраперадачы ад ГЭС «Вучча» да Лескаўца, даўжыня якой склала 17 км. У 1908 годзе на рацэ Нішаве адчынілі найбольшую па тым часе ГЭС «Сьвятая Параскева»(sr), якую назвалі паводле найменьня мясцовага манастыра. У 1909 годзе запусьцілі ГЭС «Гамзіград»(sr) на рацэ Чорны Цімок. 19 сьнежня 1911 году ў Іваніцы адчынілі ГЭС «Моравіца»(sr). У 1945 годзе для кіраваньня электрастанцыямі заснавалі «Электрычнае прадпрыемства Сэрбіі». У 1965 годзе яго пераўтварылі ў «Аб'яднанае Электраэнэргетычнае прадпрыемства Сэрбіі». У 1970 годзе запусьцілі цеплаэлектрастанцыю «Нікола Тэсла А»(sr), што стала найбольшай на Балканах. У 1972 годзе ў Жалезнай браме Дунаю адчынілі памежную румынска-сэрбскую ГЭС «Джэрдап 1»(sr), што стала наймагутнейшай ГЭС на Балканах. У 1978 годзе між Лінінскім і Ўласінскім азёрамі ўзьвялі пункт перамапоўкі «Лісіна», што павялічыла магутнасьць «Ўласінскіх ГЭС»(sr). У 1979 годзе пачала дзейнічаць ГЭС «Увац». У 1982 годзе на рацэ Дрыне пусьцілі зварачальную ГЭС «Баіна Башта»(sr). У 1983 годзе адчынілі ГЭС «Нікола Тэсла Б» з 2-ма найбольшымі энэргаблёкамі ў Сэрбіі. У 1985 годзе запрацавала румынска-сэрбская ГЭС «Джэрдап 2»(sr). У 1987 годзе ЦЭС «Кастолац Б»(sr) пачала працу адначасна з адкрыцьцём паверхневага вугальнага рудніка Дрмно ў Кастолацы. У 1990 годзе пабудавалі ГЭС «Пірот»(sr). У 1991 годзе ўрад Сэрбіі заснаваў перайменаваў прадпрыемства ў дзяржаўнае прадпрыемства «Электраэнэргетыка Сэрбіі». Таксама ў 1991 годзе здалі блёк Б2 на ЦЭС «Кастолац». У 2004 годзе «Электраэнэргетыка Сэрбіі» аднавіла повязь зь 1-й сынхроннай прасторай «Зьвязу ўзгадненьня электраперадачы» (Брусэль, Бэльгія) пасьля 13-гадовага перапынку. У 2005 годзе «Электраэнэргетыка Сэрбіі» вылучала са свайго складу дзяржаўнае прадпрыемства «Электрасетка Сэрбіі» («ЭЭС»), што стала займацца перадачай электраэнэргіі. У 2014 годзе ТАА «Кітайская карпарацыя машынабудаваньня» (Пэкін) аднавіла абодва блёкі ЦЭС «Кастолац Б». 1 ліпеня 2014 году ў Славеніі заснавалі даччынае ТАА «ЭЭС Гандляваньне» (Любляна). У 2016 годзе ў Нові Садзе запрацаваў краёвы асяродак «ЭЭС Разьмеркаваньне»[19].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ Кіраўніцтва(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  2. ^ Назіральная рада(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  3. ^ Мілівое Нешовіч. Зводная фінансавая справаздача за 2018 год і справаздача незалежнага аўдытара(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  4. ^ Пра нас(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  5. ^ Забясьпячэньне(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  6. ^ Вытворчасьць вугалю(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  7. ^ Вытворчасьць электраэнэргіі(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  8. ^ Вытворчая магутнасьць у электраэнэргіі(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  9. ^ Гідраэлектрастанцыя «Джэрдап»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  10. ^ Адрасы падразьдзяленьня «Джэрдап»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  11. ^ «Дрынска-Лімская ГЭС»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  12. ^ Вытворчая магутнасьць «Дрынска-Лімскіх ГЭС»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  13. ^ Цеплаэлектрастанцыя «Нікола Тэсла»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  14. ^ Вытворчая магутнасьць ЦЭС «Нікола Тэсла»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  15. ^ ЦЭС і капальні «Кастолац»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  16. ^ Вытворчая магутнасьць «Панонскіх ЦЭЦ»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  17. ^ Тэхнічныя ўласьцівасьці «Панонскіх ЦЭЦ»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  18. ^ «Вугальны басэйн Калубара»(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.
  19. ^ Учора, сёньня і заўтра(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Commons-logo.svg Электраэнэргетыка Сэрбіісховішча мультымэдыйных матэрыялаў

  • Навіны(сэрб.) // ДП «Электраэнэргетыка Сэрбіі», 2020 г. Праверана 29 красавіка 2020 г.