Перайсьці да зьместу

Інстытут фізыка-арганічнай хіміі

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
(Перанакіравана з «Інстытут хіміі»)

53°55′11″ пн. ш. 27°36′07″ з. д.HGЯO

Інстытут фізыка-арганічнай хіміі
рас. Институт физико-органической химии

2019 год
Абрэвіятура ІФАХ
Дата ўтварэньня 18 сьнежня 1929 (96 гадоў таму)[1]
Тып навуковая
Юрыдычны статус дзяржаўная навуковая ўстанова
Месцазнаходжаньне Менск, вул. Сурганава, д. 13[2]
Афіцыйныя мовы расейская
Кіраўнік Аляксандар Більдзюкевіч
Намесьнік па навуковай і інавацыйнай працы Тацяна Невар
Навуковая сакратарка Сьвятлана Працэнка
Матчына кампанія Нацыянальная акадэмія навук Беларусі
Сайт ifoch.by
Колішняя назва Інстытут хіміі (да 1959 году)

Інстыту́т фі́зыка-аргані́чнай хі́міі (наркам. Інстытут фізіка-арганічнай хіміі, анг. Institute of Physical Organic Chemistry) — дасьледчая ўстанова Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ), заснаваная 18 сьнежня 1929 году.

Інстытут уваходзіць у склад Аддзяленьня хіміі і навук аб Зямлі НАНБ[2]. Месьціцца ў Першамайскім раёне Менску па вуліцы Сурганава, 13[2]. Асноўнай мэтай Інстытуту зьяўляецца правядзеньне навуковых дасьледаваньняў у вобласьці хіміі і фізіка-хіміі спэцыяльных палімэраў, лекавых сродкаў, арганічнага сынтэзу, атрыманьня, дасьледаваньня і дастасаваньня новых рэчываў і матэрыялаў (мэмбран, валаконных сарбэнтаў, амінакісьляў, каталізатараў, дапаможных матэрыялаў) і распрацоўка матэрыялаў, мэтадаў для абароны навакольнага асяродзьдзя і здароўя чалавека[2]. У асьпірантуру і дактарантуру набірае па 3 спэцыяльнасьцях: 1) арганічная хімія, 2) фізычная хімія, 3) высокамалекулярныя злучэньні[3]. Інстытут аказваў паслугі арганічнага сынтэзу і сынтэзу зьмененых ДНК-зонда, сынтэтычных РНК алігануклеатыдаў[4]. У Інстытуце выпускалі: 1) ахоўныя касьцюмы «Фібан»[5], хімічна актыўныя валокны для ачысткі паветраных і водных асяроддзяў у розных тэкстыльных формах (штапель, іглапрабіўное і вязальна-прашыўное нятканыя валокны, ніці, тэхнічныя тканіны) зь іянітаў, у тым ліку тыпу сарбэнтаў і каталізатараў[6]; 2) іёнаабменныя субстраты, якія замяняюць глебы, «Біяна» для вырошчваньня расьлінаў[7]; 3) мэмбраны «Міфіл» для раздзяленьня водных асяроддзяў, у тым ліку нанафільтрацыі[8]; 4) лекавыя рэчывы на аснове вытворных амінакісьляў; 5) харчовыя дадаткі; 6) мікарэлемэнтны прэпарат «Нанаплянт» для аграпрамыслёвага комплекса[9]; 7) біялягічна актыўныя дадаткі «Ніка» для харчаваньня спартоўцаў[10].

Падразьдзяленьні

[рэдагаваць | рэдагаваць код]

На пачатак 2025 году Інстытут фізыка-арганічнай хіміі ўлучаў лябараторыю фізыка-хімічных мэтадаў дасьледаваньняў, адзін аддзел.

  • лябараторыі мэмбранных працэсаў, іённага абмену і сорбцыі, сынтэзу і дасьледаваньня ўласьцівасьцяў іёнаабменных валокнаў;
  • аддзел лекавых рэчываў — лябараторыя сынтэзу і дасьледаваньня ўласьцівасьцяў біялягічна актыўных рэчываў, а таксама 2 тэматычныя групы: 1) тэхналёгіі біялягічна актыўных рэчываў, 2) мікрабіялягічнага сынтэзу;
  • лябараторыі хіміі гэтэрацыклічных злучэньняў, хіміі біякан’югатаў.
Уваход у ІФАХ (2019 г.)

18 сьнежня 1929 году Беларуская акадэмія навук зацьвердзіла Пастанову аб стварэньні Інстытуту хіміі[2] на базе катэдры хіміі Беларускай акадэміі навук[11]. 3 1936 году Інстытут увайшоў у склад Аддзяленьня матэматычных і прыродазнаўчых навук Акадэміі навук БССР. З 1940 году — у Аддзяленьні тэхнічных навук АН БССР. З 1947 году — у Аддзяленьні фізыка-матэматычных і тэхнічных навук. У 1956 годзе ў Інстытуце правялі дасьледаваньне хімізму і кінэтыкі вадкафазнага аўтаакісьленьня прыродных і сынтэтычных вуглевадародаў і іншых арганічных рэчываў. У выніку дасьледаваньня Савет міністраў БССР пастанавіў стварыць Наваполацкі нафтаперапрацоўчы завод (Віцебская вобласьць), які адчынілі ў 1963 годзе. У 1958 годзе ажыцьцявілі фізыка-хімічнае дасьледаваньне прыродных соляў і іх выкарыстаньня ў народнай гаспадарцы. У выніку ў 1963 годзе стварылі Салігорскі калійны камбінат (Менская вобласьць). 21 лістапада 1958 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР пастанавіў з 1 студзеня 1959 году вылучыць Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі са складу Інстытуту хіміі, які ў сваю чаргу зьмяніў назву на Інстытут фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ)[12]. Улетку 1959 году абодва інстытуты ўвайшлі ў склад Аддзяленьня фізыка-матэматычных, хімічных і геалягічных навук АН БССР. 10 студзеня 1974 году Прэзыдыюм Акадэміі навук БССР зацьвердзіў Пастанову № 8 аб стварэньні Інстытуту біяарганічнай хіміі на аснове Аддзелу біяарганічнай хіміі ІФАХ, які ўтварылі ў 1972 годзе. У інстытуце працавалі акадэмікі Апанас Ахрэм, Барыс Ерафееў, Мікалай Казлоў, Канстанцін Караткоў, Сяргей Ліпатаў, Мікалай Міцкевіч, Яраслаў Павушкін, Міхаіл Паўлючэнка, Мікалай Прыляжаеў, Уладзімер Шкатэлаў і Мікалай Ярмоленка. Таксама працавалі сябры-карэспандэнты Юры Альдэкоп, Іван Бардышаў і Пётар Бялькевіч[13].

Таблічка ІФАХ (2019 г.)

У 1993 годзе стварылі Хіміка-тэхналягічны цэнтар Акадэміі навук Беларусі на аснове аддзелу мадэльных установак ІФАХ. У 1998 годзе Нацыянальная акадэмія навук Беларусі ўтварыла Інстытут хіміі новых матэрыялаў на аснове Аддзелу кінэтыкі і рэакцыйнай здольнасьці ІФАХ і Хіміка-тэхналягічнага цэнтру НАНБ. На 1998 год у ІФАХ было 4 аддзелы і 1 лябараторыя. У інстытуце распрацавалі: антыблёчную кампазыцыю для вырабу цэляфану; антыстатык «Тэтрамікс»; штучныя глебы для расьлінаў; радыёхімічныя спосабы вырабу заменьнікаў крыві (Рандэкс і Нэарандэкс); спосабы атрыманьня лесахімічных вырабаў (політэрпен, лыжная мазь, садовы вар, клей, бактэрыцыдныя сродкі і рэгулятары росту расьлінаў) і дапаможных матэрыялаў для электроннай і радыёпрамысловасьці (фотарэзыстар, паляроідная стужка, кантрастузмацняльнікі і электравізуалізатар); каталізатары вырабу капраляктаму, элемэнтарнай серы і працэсу рыфромінгу; спосаб вырабу з бульбы рэагенту дэпрэсарту і вылучэньня біялягічна актыўных рэчываў з воднага асяродзьдзя і прадуктаў мікробнага сынтэзу; спосабы сынтэзу бэнзахіналінаў, амінаў, пірыдзінаў, іртутнаарганічных злучэньняў, аліфатычных і гетэрацыклічных полігалягенарганічных злучэньняў, арганічных пэраксыдаў; электрахімічныя спосабы атрыманьня пі-комплексаў пераходных мэталаў. На аснове распрацовак наладзілі выраб мікрафільтрацыйных мэмбранаў і мэмбраннага абсталяваньня, хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў і фільтрацыйнага абсталяваньня для ачысткі паветра прадпрыемстваў ад атрутных дамешкаў. Асвоілі выпуск лекаў на аснове чыстых амінакісьляў. Ад 1963 да 1999 году ў ІФАХ працаваў Уладзімер Агабекаў (ад 1996 сябар-карэспандэнт НАН Беларусі)[14]. Ад 1956 да 2003 году ў ІФАХ працаваў Мікалай Маер (ад 1991 сябар-карэспандэнт НАН Беларусі)[15]. У 1981 годзе дырэктарам інстытута стаў чалец-карэспандэнт Акадэміі навук БССР Уладзімер Салдатаў[16], пад ягоным кіраўніцтвам ў інстытуце распачаліся дасьледаваньні тэрмадынамікі іённага абмену[17].

У 2005 годзе ў Інстытуце стварылі досьледную вытворчасьць такіх харчовых дадаткаў, як цытрат калю, цытрат натру і ляктат вапну, якімі забясьпечылі малаказаводы. Асноўным спажыўцом стала ААТ «Беллакт» (Ваўкавыск, Гарадзенская вобласьць). На прадпрыемстве «Унітэхпрам БДУ» наладзілі выпуск селенамэтыёна для даданьня ў хлеб. У 2007 годзе ІФАХ стаў пераможцам па выніковасьці дзейнасьці сярод навуковых установаў Беларусі. У 2007 годзе Інстытут улучылі ў склад дзяржаўнага навукова-вытворчага аб’яднаньня «Хімічныя прадукты і тэхналёгіі»[11]. У 2011 годзе ў якасьці пераемніка групы малекулярнай біятэхнаёгіі была створаная лябараторыя хіміі біякан’югатаў[18].

  1. Пра Інстытут (рас.) // Інстытут фізыка-арганічнай хіміі, 2018 г. Праверана 11 сьнежня 2018 г.
  2. 1 2 3 4 5 Статут дзяржаўнай навуковай установы «Інстытут фізіка-арганічнай хіміі Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі» (новая рэдакцыя) (рас.)
  3. Докторантура, аспирантура (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 16 лютага 2025 г.
  4. Лаборатория химии биоконъюгатов (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 22 лютага 2025 г.
  5. Разработки (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 22 лютага 2025 г.
  6. химически активные волокна для очистки воздушных и водных сред ФИБАН (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 22 лютага 2025 г.
  7. Ионитные субстраты для выращивания растений БИОНА (рас.) Праверана 22 лютага 2025 г.
  8. полимерные мембраны для разделения водных сред МИФИЛ (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 22 лютага 2025 г.
  9. Вещества и композиции для применения в сельском хозяйстве (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 24 лютага 2025 г.
  10. Биологически активные добавки к пище «Ника» (рас.) // Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси» Праверана 24 лютага 2025 г.
  11. 1 2 История (рас.). Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси». Праверана 22 лютага 2025 г.
  12. Государственное научное учреждение «Институт физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси»
  13. Людміла Гладкіх. Інстытут фізыка-арганічнай хіміі // БЭ. — Мн.: 1998 Т. 7. С. 273.
  14. Биография Агабекова Владимира Еноковича (рас.). РНТБ. Праверана 22 лютана 2025 г.
  15. Майер Николай Артемьевич (рас.). Национальная академия наук Беларуси. Праверана 22 лютага 2025 г.
  16. Имя в белорусской науке: Солдатов Владимир Сергеевич. ЦНБ НАН Беларуси
  17. Бильдюкевич А. В. , Мартинович В. И., Праценко С. А. Институту физико-органической химии Национальной академии наук Беларуси – 85 лет // Весці Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Серыя хімічных навук. — 2014. — № 4. — С. 5. — ISSN 2524-2342.
  18. О лаборатории (рас.). Лаборатория химии биоконъюгатов (3 лютага 2014).
  19. Акадэмік Більдзюкевіч Аляксандар Віктаравіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 12 ліпеня 2015 г. Праверана 11 сьнежня 2018 г.

Вонкавыя спасылкі

[рэдагаваць | рэдагаваць код]