Уладзімер Салдатаў

Зьвесткі зь Вікіпэдыі — вольнай энцыкляпэдыі
Уладзімер Салдатаў
Дата нараджэньня 19 траўня 1937 (86 гадоў)
Месца нараджэньня Смаленск, Заходняя вобласьць, Расейская СФСР, Савецкі Саюз
Месца вучобы Хімічны факультэт БДУ (1959)
Занятак фізікахімік
Навуковая сфэра фізычная хімія
Месца працы Інстытут фізыка-арганічнай хіміі НАНБ
Вядомы як распрацоўнік спосабу атрыманьня іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў
Навуковая ступень доктар навук (1970)
Узнагароды
Ордэн «Знак Пашаны»
Ордэн «Знак Пашаны»
прэміі Ленінскага камсамолу (1971) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1993)

Уладзі́мер Сярге́евіч Салда́таў (нар. 1937, Смаленск, цяпер Расея) — беларускі хімік-вынаходнік.

Распрацаваў спосаб атрыманьня штучнай іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў. Стварыў мікрафільтры ачысткі асяродзьдзя для вытворчасьці інтэгральных мікрасхемаў. Доктар хімічных навук (1970) і прафэсар (1972). Акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (1984) і заслужаны дзяяч навукі Беларусі (2002). Ляўрэат ордэна «Знак Пашаны» (1979), прэміяў Ленінскага камсамолу (1971) і Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі (НАНБ, 1993). 5-ы кіраўнік Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі НАНБ (1981—2004)[1].

Жыцьцяпіс[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

У 1959 годзе скончыў хімічны факультэт БДУ і працаўладкаваўся лябарантам у Інстытут агульнай і неарганічнай хіміі (ІАНХ) Акадэміі навук Беларускай ССР[2]. У 1959—1962 гадох навучаўся ў асьпірантуры БДУ. У 1962-м заняў пасаду старэйшага навуковага супрацоўніка ІАНХ[1]. У 1966-м заняў пасаду загадніка лябараторыі ІАНХ[2]. У 1969 годзе абараніў кандыдацкую дысэртацыю на тэму «Дасьледаваньне ў галіне тэорыі іёнаабменных раўнавагаў»[1]. У 1971 годзе атрымаў прэмію Ленінскага камсамолу[2] за цыкль працаў па тэрмадынаміцы іённага абмену[3]. У 1972-м выдаў манаграфію «Простыя іёнаабменныя раўнавагі» ў менскім выдавецтве «Навука і тэхніка». У 1977 годзе быў абраны сябрам-карэспандэнтам Акадэміі навук БССР. У 1978 годзе выпусьціў разам з Натальляй Пёрышкінай і Рэгінай Харошкай манаграфію «Іянітныя глебы»[2]. У 1979-м быў узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны». У 1980 годзе атрымаў Дзяржаўную прэмію Беларусі за распрацоўку спосабу атрыманьня штучнай іянітнай глебы для карнявога жыўленьня расьлінаў[3]. У 1981 годзе стаў кіраўніком Інстытуту фізыка-арганічнай хіміі (ІФАХ) Акадэміі навук БССР, дзе адначасна ўзначаліў лябараторыю. У 1988-м выдаў разам з Валянцінай Аляксееўнай Бычковай манаграфію «Іёнаабменныя раўнавагі ў шматкампанэнтных сыстэмах». У 1988—1992 гадох спадарожна быў намесьнікам старшыні Акадэміі навук Беларусі. Распрацаваў тэорыю атрыманьня палімэрнай мэмбраны для ачысткі газу і вадкасьці ад бактэрыяў. Стварыў мікрафільтры тонкай ачысткі тэхнічнага асяродзьдзя для вытворчасьці інтэгральных мікрасхемаў[2].

У 1993 годзе быў узнагароджаны прэміяй Акадэміі навук Беларусі за цыкль працаў «Матэматычнае мадэляваньне іёнаабменных раўнавагаў». У 2002 годзе атрымаў ганаровую годнасьць заслужанага дзеяча навукі Беларусі. У 2004-м заняў пасаду загадніка аддзелу ІФАХ Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі і стаў суаўтарам кнігі «Новыя матэрыялы і тэхналёгіі ў інжынэрыі навакольля», выдадзеную па-ангельску ў Лодзі (Польшча)[3]. На 2012 год быў сябрам Эўрапейскай акадэміі навук і мастацтваў (Аўстрыя) і ганаровым акадэмікам Хэнаньскай акадэміі навук (Кітай). Падрыхтаваў 2 дактароў і 32 кандыдаты хімічных навук. Быў сябрам рэдакцыйных калегіяў замежных часопісаў «Рэактыўныя і функцыянальныя палімэры», «Хімічная тэхналёгія» і «Хімія і тэхналёгія вады», а таксама часопіса «Весьці НАН Беларусі. Сэрыя хімічных навук»[1].

Навуковая дзейнасьць[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

Напісаў звыш 630 навуковых працаў, у тым ліку 4 манаграфіі. Атрымаў 56 патэнтаў і аўтарскіх пасьведчаньняў на вынаходзтвы. Стварыў навуковыя працы ў галіне сынтэзу палімэрных сарбэнтаў і іёнаабменных экстрагентаў, а таксама пра ўзаемадзеяньне поліэлектралітаў са складанымі арганічнымі рэчывамі. Дасьледаваў іённы абмен ў шматіённай сыстэме, на аснове якога распрацаваў спосаб атрыманьня і ўзнаўленьня іянітнай глебы. Распрацаваў тэорыю раўнавагаў, якія наступаюць пры кантакце слабых сетчатых электралітаў, а таксама тэорыю атрыманьня і выкарыстаньня палімэрнай мэмбраны для ачысткі газу і вадкасьці ад бактэрыяў. Стварыў мікрафільтры для ачысткі вытворчага памяшканьня, што дазволіла атрымаць высокадакладныя мікрасхемы. Распрацаваў спосаб атрыманьня хімічна актыўных тэкстыльных матэрыялаў (іянітаў, камплексонаў і каталізатараў) для ачысткі вады і паветра ад атруты ў індывідуальных сродках аховы чалавека. Дасьледаваў узаеміны іянізаваных арганічных і неарганічных рэчываў зь іёнаабменнымі экстрагентамі, на аснове якіх на Гарадзенскім заводзе мэдычных прэпаратаў распрацавалі спосаб атрыманьня высокаачышчаных амінакісьляў[3].

Крыніцы[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]

  1. ^ а б в г Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Анлайн-энцыкляпэдыя «Беларусь у асобах і падзеях», 16 сакавіка 2020 г. Праверана 10 лютага 2022 г.
  2. ^ а б в г д Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Беларуская энцыкляпэдыя ў 18 тамах / гал.рэд. Генадзь Пашкоў. — Менск: Беларуская энцыкляпэдыя імя Петруся Броўкі, 2002. — Т. 14: Рэле — Слаявіна. — С. 106. — 512 с. — 10 000 ас. — ISBN 985-11-0238-5
  3. ^ а б в г Салдатаў Уладзімер Сяргеевіч // Нацыянальная акадэмія навук Беларусі, 2022 г. Праверана 10 лютага 2022 г.

Вонкавыя спасылкі[рэдагаваць | рэдагаваць крыніцу]